прыро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прыроды (у 1 знач.); створаны прыродай. Прыродныя з’явы. Прыродны газ. Прыродныя ўмовы. □ Андрыян Цітавіч падумаў, што гэты грудок і вярба як бы прыродны помнік Юлі. Марціновіч.

2. Такі, якім чалавек валодае ад самага нараджэння; прыроджаны. Прыродныя здольнасці. Прыродны розум. □ Гэта быў мужчына гадоў за трыццаць, адукаваны, вопытны арганізатар з прыродным дарам красамоўства. Машара. Алік злаваўся на самога сябе — прыродная тактоўнасць, сарамлівасць стрымлівала яго, хоць і хацелася проста ў вочы сказаць Леўкіну тое, што думаў пра яго. Дадзіёмаў.

3. Які па нараджэнню належыць да якой‑н. мясцовасці, краіны і пад.; карэнны. Прыродны мінчанін. Прыродны сібірак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.

Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець. Жычка. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Колас. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў. В. Вольскі.

•••

Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.

Выйсці з узросту гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урадзі́цца, ураджуся, уродзішся, уродзіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вырасці, паспець (пра плады, злакавыя расліны і пад.). — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Колас.

2. Разм. Нарадзіцца, з’явіцца на свет (пра чалавека). [Жонка:] Я ведаю, што гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Чорны. // Аказацца з якімі‑н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння. [Адам] прывык да сваёй адзіноты. Апраўдваўся: такі ён ужо ўрадзіўся. Замкнуты, нелюдзімы. Вышынскі. // у каго. Нарадзіцца падобным на каго‑н. Урадзіцца ў бацьку. □ — Дзіва што, — казала [Кліменту] Анісева маці. — Месца табе трэба шмат... І ў каго ты ўрадзіўся такі гмах? Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Радзі́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.; сен., Гіл.), ’хвароба’ (Касп.), ’невядомы злы чалавек, чорт’ (Мат. Гом.), радзі́мец (ради́мец) ’нейкая хвароба, прыпадак у немаўлят’ (Раст.), радзі́мчык ’дзіцячая хвароба’ (Інстр. 2), ’мяккае месца на цемені ў нованароджанага дзіцяці’ (Арх. ГУ), рус. роди́мчик, роди́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’, дыял. роди́мец, роди́мое, родиманец, укр. роди́мец, роди́мчик ’хвароба’. Ад радзі́мы ’прыродны, ад нараджэння’, да радзі́ць1 (гл.), паколькі гэта пасляродавая хвароба. Відаць, табуізаваная назва, параўн. радзі́мец ’тутэйшы чалавек’, родзімы чолове́к ’свой, блізкі чалавек’ (ТС). Версія аб паходжанні ад назвы племені радзімічы (на карысць яе прыводзіцца паданне: радзімічы — ета месныя дреўнія людзі, якія дзелылі убействы, калі хто атказуваўся ат сваіх; параўн. таксама праклён каб цябе радзіміц забіў!, гл. Яшкін, Лекс. ландш., 204–205) падаецца малаверагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ражаство́, ражджаство́ ’каляды’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.), рожество́, роздво́ ’тс’ (Талстая, Полес.), ражство́ ’тс’ (Гарэц.), рождво́ ’тс’ (ПСл), роздво́ ’тс’ (ТС), параўн. укр. різдво́, рус. рождество́, польск. Boże Narodzenie, чэш. Narození Páně, серб. рождѐство, харв. roždastvo, roždestvo, балг. рождество́, ст.-слав. рождьство, розьство. Утворана ад радзі́ць1 (гл.). Ва ўсходніх славян у XI–XII стст. свята мела назву рожьство, пазней — рожество (Сразн.), ст.-бел. роство, розтво (1387 г.), апошняе з рожьство (> росство, гл. Карскі, 1, 284), што адпавядала зыходнай стараславянскай форме гэтага слова са значэннем ’нараджэнне’, ’дзень нараджэння’. Параўн. ст.-бел. роженье: день роженья его (Альтбаўэр) як сінанімічнае ўтварэнне ад таго ж кораня, але з іншым суфіксам, сучаснае ражджэ́нне ’нараджэнне’ (Сл. ПЗБ), рожэ́нье ’тс’ (ТС) (Фасмер, 3, 493; Чарных, 2, 119–120; БЕР, 6, 304).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арыгіна́л ’твор ці дакумент у першапачатковай форме’, ’своеасаблівы чалавек’. Першае значэнне зафіксавана яшчэ ў 1599 г. Жураўскі, Працы IM, 7, 215 (у форме оріиналъ), Гіст. лекс., 110: оригиналъ, Гіст. мовы, 1, 258; орииналъ (іншыя формы — Булыка, Запазыч.); Гарб. фіксуе originarii, originales у значэнні ’асобы, што паводле нараджэння належаць да пэўнага стану’, што ў пэўным сэнсе можа лічыцца папярэднім да сучаснага другога значэння. У станаўленні сучаснай семантычнай структуры слова, у прыватнасці ва ўзнікненні друкарскага значэння слова ’крыніца (машынапіс), па якой набіраецца тэкст’, адыграла ролю руская мова (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. мовы, 2, 146; Гіст. лекс., 252), для якой адпаведную ролю, верагодна, адыгралі нямецкая і французская мовы. Крыніца беларускага і рускага слоў — лац. originalis ’арыгінальны, першапачатковы’. Для старабеларускага слова, магчыма, не трэба абавязкова знаходзіць мову-перадатчык; для рускай такой лічаць польскую ці нямецкую (Фасмер, 3, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзе́я,

1. Дзейнасць; справа. Там добрая дзея, дзе два арэ, а трэці сее. Прыказка. // толькі мн. (дзе́і, дзей). Учынкі, паводзіны, дзеянні. У дзень яго [Леніна] зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухайся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго! Звонак.

2. Падзея, аб якой ідзе гутарка. Дзея адбываецца ў часы белапольскай акупацыі ў БССР. Крапіва. Зменены фінал драмы. Апошняя карціна — новая. Дзея адбываецца ў полі, на дарозе. Тут сустрэлася Ірынка з чырвонаармейцам. Кудраўцаў. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Так забаўляла ўсіх ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.

3. Закончаная частка драматычнага твора або тэатральнай пастаноўкі; акт. Камедыя ў трох дзеях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трады́цыя, ‑і, ж.

Гістарычна выпрацаваныя звычаі, погляды, нормы паводзін, густу і пад., якія пераходзяць ад папярэдняга да наступнага пакалення. Крытычныя традыцыі Бялінскага. Рэвалюцыйныя традыцыі пралетарыяту. Класічныя традыцыі тэатра. □ [Пятро Тадаровіч] чапляўся за зямлю, за традыцыі працавітага простага чалавека, за жыццё. Чорны. Ламаць устаноўленыя традыцыі нельга было без рызыкі здабыць славу нейкага адшчапенца і чалавека падазронага, асабліва ў такі час, калі настаўнікі зарэкамендавалі сябе як людзі з крамольніцкім складам мыслей. Колас. // Парадак, няпісаны закон, што ўстанавіўся ў паводзінах, быце. Стаць традыцыяй. Увайсці ў традыцыю. □ Начальнік порта ў захапленні ад адвагі капітана, які застаўся адзін .. і не пакідаў судн[а] паводле лепшых мараходных традыцый. Самуйлёнак. У брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння. Лось. // Норма чаго‑н. Традыцыя сцэнічнага вымаўлення.

[Ад лац. traditio — перадача.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зяць ’муж дачкі’. Рус., укр. зять ’муж дачкі, сястры, залоўкі’, польск. zięć, палаб. ząt, чэш. zeť, славац. zať, славен. zèt ’муж дачкі’, серб.-харв. зе̏т, балг., макед. зет ’муж. дачкі ці сястры’. Ст.-слав. зѧть. Ст.-рус. зять. Прасл. zętь. Літ. žéntas ’зяць’, лат. znuôts ’зяць, сваяк’, грэч. γνωτός ’сваяк, брат’, ст.-інд. jñātíṣ ’сваяк’. Да і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’, адкуль *gʼenǝt‑. Трубачоў, История терм., 128–131; Фасмер, 2, 112; Шанскі, 2, З, 116; Махэк₂, 715; Скок, 3, 651–652; БЕР, 1, 636–637. Шаўр (Etymologie, 56–59) звяртае ўвагу на верагоднасць сувязі *zęt‑ з пастуляваным Іллічам–Світычам (Проблемы индоевр. языкозн., 1964, 7) і.-е. *gʼam‑ ’жаніцца’, не выключаючы разам з тым сувязі з і.-е. *gʼen(ǝ) ’нарадзіць — ведаць ад нараджэння’, на якую указваў Ісачанка, Зб. Гаўранку, 125–127 Трэба ўлічваць гіпатэтычнасць пабудовы Ілліча–Світыча, які лічыў, магчыма, што і.-е. корань < сяміцк. *d̯‑m, які этымалагізуецца праз ’запрагаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́лаг1 ’пасцель парадзіхі’, ’палок’ (Бяльк.), ’роды’ (Сл. ПЗБ), półah ’хвароба жанчыны ў час нараджэння дзіцяці’ (Варл.). Укр. поло́ги, по́лаг, зло́ги ’роды’, польск. połóg ’роды; час пасля родаў’. Прасл. *pologъ ад *po‑lěgati, гл. лягаць, ляжаць з чаргаваннем у корані, параўн. выраз логма ляжаць ’ляжаць, не маючы сіл падняцца’ (Нар. сл.), по́лог ’палатно над ложкам або калыскай’ (ТС), гл.

По́лаг2 ’завеса над ложкам, шырма’, (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’вялікая посцілка, якой апіналі дзіця ў калысцы’ (светлаг., SOr, 39, 356), ’посцілка насіць траву’ (Жд. 3), ’рэдкае палатно’ (Ян.). Укр., рус. по́лог ’полаг’. Прасл. *po‑logъ < *logъ (гл. лог, логава). Відаць, першапачаткова ’месца ляжання, пасцель’, потым ’посцілка’ > ’кавалак тканіны’ > ’заслона’. Значэнне ’рэдкае палатно’, відаць, пад уплывам пологі́ ’слаба спрадзены’ (Уладз.), параўн. антанімічную пару кру́та і полога́ пре́жа (тамсама) і рус. дан. по́лог ’грубая мешкавіна’, што суадносяць з рус. пологий ’плоскі, пакаты’ (Фасмер, 3, 313); гл. палогі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)