уго́лас, прысл.

1. Вымаўляючы гучна, так, каб было чутно для другіх. [Колас:] — Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе. Лужанін. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны,.. [чалавек] яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра: — Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! Кулакоўскі. // Так, што можна пачуць. Марыць уголас. □ Стары [ляснік] прывык да адзіноты, цішыні і таму думае ўголас. Хомчанка. // Гучна, моцна, голасна. Часамі [Самабыль] заліваецца смехам уголас, а часам проста смяецца моўчкі. Колас. Адна толькі Ганька сядзіць у мыцельніку, і адну яе толькі ніхто не заўважае. Гэта няўвага так крыўдзіць Ганьку, што яна не можа больш стрымацца. Яна плача горка, плача ўголас... Васілевіч. Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас. Мележ.

2. перан. Адкрыта, на людзях. [Лёнік] не забываў пра .. [рагатку], але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штука́рства, ‑а, н.

1. Паводзіны, учынкі штукара (у 3 знач.); дзіўныя, незвычайныя дзеянні, штукі (у 4 знач.). Вечарамі, калі камеры замыкаліся на ўсю ноч, зняволеныя прараблялі розныя цікавыя штукарствы, напрыклад, падыманне чалавека кончыкамі пальцаў, або падыманне самога сябе на нары. Колас. Калапскі вёў сваю пракурорскую справу больш сумленна, пазбягаў грубых падманаў, штукарства і ашуканства, трымаўся салідна і спакойна. Машара. [Віця] марыць вырасці мужным і смелым, а што ні зробіць — усё называюць штукарствам, дураслівасцю. Шыловіч.

2. Стварэнне танных знешніх эфектаў, разлічаных на тое, каб сваёй незвычайнасцю ўразіць каго‑н. Маладнякоўскія кіраўнікі не маглі дараваць Я. Коласу яго іранічнага стаўлення да .. паэтычнага штукарства. «Полымя». Талент чалавека заўсёды мае патрэбу ў адкрыцці, бо не адкрыты і не ўспешчаны людскою ўвагаю, ён можа астацца толькі штукарствам, з якога людзі будуць добразычліва сабе пасміхацца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э 1, нескл., н.

1. Трыццатая літара беларускага алфавіта. Малое э. Вялікае Э.

2. Галосны нелабіялізаваны гук пярэдняга рада сярэдняга пад’ёму.

э 2, выкл. (працяжнае вымаўленне выклічніка звычайна перадаецца на пісьме некалькімі э: э-э, э-э-э).

1. Выражае з дапамогай інтанацыі розныя пачуцці, перажыванні: здзіўленне, прыкрасць, адчай і пад. «Э, глупства!» — сказаў я сам сабе. Колас. [Загурскі:] — Э-э-э, браце ты мой, той не салдат, хто не марыць быць генералам. Асіпенка.

2. Выражае нязгоду, пярэчанне субяседніку. — Э, дарагі, — жалкуючы, адказаў адзін з мужчын, — не па дарозе нам. Краўчанка. [Бацька:] — Э, не! Пакуль не збяруцца ўсе, не пакажу. Кандрусевіч.

3. Выражае затрымку ў гутарцы ад нечаканасці, здзіўлення і пад. Выбіраецца на сходзе брыгадзір ці жывёлавод — чалавек міжволі ў мінулае кідае: — Э, а з якога ён роду? Як яго бацька ці дзед некалі дбаў? Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сніць, сню, сніш, сніць; незак., каго-што, аб кім-чым, з дадан. сказам.

1. Бачыць сон (сны), бачыць у сне. — Я цябе сніла, мама. Не адзін раз, а многа! Брыль. Людзі былі ў тым стане зморанасці, калі чалавек можа заснуць ідучы ці зусім паваліцца ў гразь і праз хвіліну сніць, што ляжыць у мяккім ложку. Шамякін. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Купала. / у перан. ужыв. Прасторы бязмежныя спяць аб вясне... Куляшоў. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка.

2. перан. Марыць аб чым‑н., спадзявацца на што‑н. Мільгаюць мошкі і стракозы, А ты [Сымон] сядзі ды мары сні. Колас.

•••

І не сніў (сніла) — і не думаў (думала) пра што‑н. Дзень у дзень Я ў полі Працаваў сяўбою. І не сніў ніколі Стрэцца тут з табою. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нура́1 ’маркота; знясіленне’ (Нас., Касп.), ну́ра ’знясіленне’ (Яруш., Гарэц.), нуря́ ’мучэнне’ (Бяльк.), нуры́цьмарыць, мардаваць; падаць тварам на зямлю’, нуры́цца ’маркоціцца, мардавацца’ (Нас.), параўн. рус. ну́ра ’маўклівы, пануры чалавек’ (пск., цвяр.), ну́рить ’прымушаць; знясільваць, мучыць; маркоціцца, бедаваць; гнаць, паганяць’, польск. nurzyć ’апускаць (у ваду)’, у тым ліку nurzyć oczy w ziemie ’быць панурым, апускаць галаву’. Параўноўваюць са ст.-слав. изноурити ’грабіць, нападаць’, изноурение ’здабыча’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай; больш блізкае балг. дыял. нюрим ’заўсёды маўчаць, нават калі пытаюць’, што адпавядае літ. niū́roti ’глядзець з-пад ілба, панура стаяць’. Звязана чаргаваннем з *noriti, гл. нор, нурэц, ныра́ць, пануры. Змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар. Да семантыкі параўн. фразеалагізм як у ваду апушчаны ’сумны, маркотны, маўклівы’.

Ну́ра2 ’ніцма’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да нур! — выклічнік, што імітуе раптоўнае заглыбленне ў ваду, параўн. рус. нуром ’уніз, уперад галавой упасць’. Гл. папярэдняе слова і нуры́ць ’падаць уніз тварам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свя́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць святога. Набожныя людзі вераць у святасць царквы. □ Грубы адказ стражнікаў абражаў святасць мацярынства і таптаў элементарную гуманнасць. У. Калеснік.

2. Прадмет захаплення, чыстаты. «Якія.. [дзяўчаты] розныя! — паволі набліжаючыся, падумаў я. — Гэта — простая, ёмкая, моцная, так і карціць з ёю пажартаваць. А тая — нейкая сама святасць. З той хочацца марыць». Ваданосаў. Сваю нявольніцкую душу.. [Тварыцкі] любіць, яна ў яго стала гарманічнай, ён узвёў яе на пастамент святасці і рад. Чорны. // Рысы незвычайнасць уласцівыя святому (у 2, 3 знач.). [У касцёле] толькі каляровыя вітражы ў мараканскім духу ды статуя мадонны з дзіцём на руках, без аніякіх адзнак святасці ці царкоўнасці. В. Вольскі. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці сагнаць Даволі густа. Корбан. Праўда, у Цельшыне было многа такіх палешукоў, як, напрыклад, дзед Мікіта, да якіх святасць пс падыходзіла ніякім чынам. Колас. // Надзвычайная чыстата, дабрата і пад. Жонка была прыгожая, добрая, але не кахала яго [Загорскага]. Чыстая да святасці, святая да бязглуздасці. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол. ’нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyćмарыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařiti ’псаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́3 ’павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

1. Гаварыць без памяці, будучы цяжка хворым або ў сне. Пасля навальнічнай ночы Косцік захварэў. Ён увесь гарэў, нібы ў агні, ноччу трызніў, усхопліваўся з пасцелі, клікаў да сябе старэйшых. С. Александровіч. Узнялася тэмпература, і малая трызніла, страшна водзячы вачыма. Брыль. Маці спалохалася яшчэ больш, калі пасярод дня — першага дня новага года — Славік раптам пачаў трызніць і кідацца на ложку. Шамякін.

2. Гаварыць з упэўненасцю аб тым, чаго няма, не існуе; галюцыніраваць. Бяссмерцем трызню? Хай мяне яно, як чужака, міне. Рудкоўскі.

3. У моцным захапленні думаць і гаварыць усё пра адно. Трызніць [Качан] аб ёй і дзень і ноч, а сказаць што-небудзь дзяўчыне не можа. Васілёнак. Мы [хлопцы], як і ўсе ў нашай школе, трызнілі аб космасе. Шыцік. Горада .. [Ціхамір] так і не пабачыў. Але забываць не забываў пра яго. І вось у гэтае лета рашыў наведацца — раптам падумаў, навошта вечна трызніць. Чыгрынаў. // Марыць аб тым, што не можа здзейсніцца, што даўно прайшло і больш не вернецца. Не дрэмлючы,.. [Васіль] трызніў гумном, цэпам з выслізганым цапільнам, бачыў пусты ток. Мележ. Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі. І. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак., звычайна з інф.

Валодаць уменнем, навыкамі рабіць што‑н. Умець танцаваць. Умець іграць на скрыпцы. □ І стралок з.. [дзеда Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас. [Максім Астапавіч] умеў ставіць ветракі. Чорны. Абходчык я дарожны, Люблю людзей і свет І на дарозе кожны Чытаць умею след. Непачаловіч. // Быць абучаным чаму‑н., валодаць якім‑н. майстэрствам. — Кожны год я табе сеяць не буду, — сказаў [Ян]. — Гаспадар павінен умець усё. Чарнышэвіч. Людзей, якія ўмелі грамаце, можна было палічыць на пальцах. Сабаленка. // Валодаць якой‑н. здольнасцю, быць здольным да чаго‑н. [Таўлай] любіў хораша марыць, але зусім не ўмеў хваліцца. Брыль. [Уэст] умеў быць стрыманым, асцярожным і вёў усе свае справы з вялікім поспехам. Гамолка. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе [Глушко] ні пры якіх пераменах. Навуменка. // Магчы зрабіць што‑н. Не толькі есці без цябе не ўмеем, Мы без цябе не ўмеем, мама, жыць. Тармола. Косы мядзяныя, косы — як змеі... Іх параўнаць ані з чым я не ўмею! А. Вольскі. Чаго не бывае ў жыцці, часам трэба ўмець і дараваць. Арабей.

•••

Не ўмець звязаць двух слоў — тое, што і не магчы звязаць двух слоў (гл. магчы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр. тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус. ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж. tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск. tężeć ‘цвярдзець’, дыял. tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш. tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац. tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieť ‘мацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл. *tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл. *tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е. *t​heng​h ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр. ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.

Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр. тужи́ти, рус. тужи́ть ‘тс’, польск. дыял. tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск. tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж. tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж. tužić ‘засмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш. toužiti ‘тс’, славац. túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб. ту́жити ‘скардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед. тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг. тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл. *tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл. þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ. tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ. tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ. tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус. тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкі ‘памінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус. ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб. тужа̀кало ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)