уме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак., звычайна з інф.

Валодаць уменнем, навыкамі рабіць што‑н. Умець танцаваць. Умець іграць на скрыпцы. □ І стралок з.. [дзеда Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас. [Максім Астапавіч] умеў ставіць ветракі. Чорны. Абходчык я дарожны, Люблю людзей і свет І на дарозе кожны Чытаць умею след. Непачаловіч. // Быць абучаным чаму‑н., валодаць якім‑н. майстэрствам. — Кожны год я табе сеяць не буду, — сказаў [Ян]. — Гаспадар павінен умець усё. Чарнышэвіч. Людзей, якія ўмелі грамаце, можна было палічыць на пальцах. Сабаленка. // Валодаць якой‑н. здольнасцю, быць здольным да чаго‑н. [Таўлай] любіў хораша марыць, але зусім не ўмеў хваліцца. Брыль. [Уэст] умеў быць стрыманым, асцярожным і вёў усе свае справы з вялікім поспехам. Гамолка. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе [Глушко] ні пры якіх пераменах. Навуменка. // Магчы зрабіць што‑н. Не толькі есці без цябе не ўмеем, Мы без цябе не ўмеем, мама, жыць. Тармола. Косы мядзяныя, косы — як змеі... Іх параўнаць ані з чым я не ўмею! А. Вольскі. Чаго не бывае ў жыцці, часам трэба ўмець і дараваць. Арабей.

•••

Не ўмець звязаць двух слоў — тое, што і не магчы звязаць двух слоў (гл. магчы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)