Ле́ткі ’лёгкі’ (Сцяшк.), ’хуткі, шпаркі, рухавы, быстры на ногі’ (зэльв., Сл. паўн.-зах.; слонім., Нар. лекс.; карэліц., Нар. словатв.), лётка ’хутка’ (КЭС, лаг.), ’лёгка’ (в.-дзв., трак., ваўк., беласт., Сл. паўн.-зах.) і аналагічна леткае, лёгкіялёгкае’ (гродз., Сл. паўн.-зах.). Аформілася пад уплывам польск. teiki ’лёгкі’ з лёгкі (гл.). Сюды ж лёцянкі ’лёгенькі’ (Сцяшк.), а таксама лёцянкі ’рэдзенькі (пра суп)’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зя́бка, прысл.

1. Адчуваючы холад. Старшына зябка захінуўся ў шынель. Быкаў. Стала халадней, людзі зябка паціскалі плячамі і хуталіся ў лёгкае адзенне. Лынькоў.

2. безас. у знач. вык. Холадна. Ля вушэй свішча вецер, пранізвае наскрозь. Зябка. Асіпенка. На двары так зябка, што хочацца хутчэй зайсці ў цёплы кароўнік абагрэцца. Дуброўскі.

3. безас. у знач. вык., каму-чаму. Пра адчуванне холаду. Мне зябка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пушы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Дробная часцінка пуху. Раніцай жаваранак прачнуўся, выскачыў з гняздзечка, рупліва выкладзенага сухім пырнікам і лёгкімі пушынкамі. Даніленка. Ніна па-гаспадарску зняла нейкую нябачную пушынку з.. [Алесевага] пінжака. Шыцік. / Пра што‑н. вельмі лёгкае, што нагадвае пушынкі. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю. Кавалёў. Побач з.. [Сняжком] куляецца і кружыць белай пушынкай на ветры малая спрытная Волечка. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкі, -ая, -ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць.

Лёгкая сумка.

2. Які выконваецца, дасягаецца, пераадольваецца без вялікай працы, намагання.

Лёгкая праца.

Лёгкая задача.

Лёгкая дарога.

Лёгка (прысл.) сябра знайсці, ды цяжка захаваць (прыказка).

3. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення); малапрыкметны.

Л. ветрык.

Л. дотык.

4. Пазбаўлены грузнасці, спрытны, хуткі.

Лёгкія крокі.

5. Не напружаны.

Лёгкае дыханне.

Л. сон.

6. Не суровы.

Лёгкае пакаранне.

7. Пра хваравіты, фізіялагічны стан: не небяспечны, несур’ёзны.

Лёгкія роды.

Лёгкая форма хваробы.

8. Ужыўчывы, памяркоўны.

Л. чалавек.

Л. характар.

9. Легкадумны, неглыбокі, несур’ёзны.

Лёгкія адносіны да жыцця.

10. Які не мае цяжкага ўзбраення, рухомы.

Лёгкія танкі.

Лёгкая прамысловасць — галіна грамадскай вытворчасці, якая займаецца вырабам прадметаў шырокага спажывання.

З лёгкай рукі чыёй (разм.) — пра чыё-н. удалае пачынанне, прыклад.

Лёгкая рука ў каго — пра таго, хто прыносіць шчасце, удачу.

Лёгка выкруціцца (разм.) — нямнога страціць.

Лёгка сказаць (разм.) — ужыв. тады, калі вельмі цяжка або немагчыма выканаць што-н.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды-н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на ўспамін хто (разм.) — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць, думаюць.

Лёгкі на язык (разм.) — гаваркі, які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб (разм.) — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот.

|| наз. лёгкасць, -і, ж. (да 1—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыццяра́дасны, ‑ая, ‑ае.

Які радуецца жыццю, любіць яго. Прыборны быў вясёлы, жыццярадасны чалавек. Рэдка якая няўдача засмучала яго. Шамякін. Марылька гэтакая была жыццярадасная, гэтакая вясёлая. Чорны. // Які выражае жыццярадаснасць; вясёлы. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч. Вясёлы і жыццярадасны твар Ілонкі раптам спахмурнеў, як быццам на яснае сонца набегла воблачка. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мах1 ’адзін хуткі рух чым-небудзь у паветры’, ’промах’, ’вялікі кавалак, прастора (поля)’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Шат., Бяльк.), мсцісл. мах! махінь! махунь! ’пра лёгкае шпурлянне’ (Нар. лекс.), мах, махць! — для імгненнага руху (Сл. ПЗБ), ’умомант’, на махі ’ўзмахамі’, ’жэстамі (аб мове глуханямых)’ (ТС). Утворана ад дзеяслова маха́ць (гл.).

Мах2, махі́, махе́ц ’вельмі вялікі, высокі чалавек’, махонец ’велікан’, ма́хоць, ма́хінь ’велічэзнасць’ (ТС). У выніку развіцця семантыкі лексемы мах1 ’мах’ > ’вялікі мах’. Параўн. і дзеяслоў вы́махаць ’вырасці вялікім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

казыта́ць, казычу, казычаш, казыча; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся да скуры, выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, сверб. Сена казытала то шчаку, то шыю, то забівалася за каўнер. Лупсякоў. Лейба прыціснуў да губ голы жывоцік маленькае Ханы, і яна смяялася і дрыгала ножкамі, бо доўгая барада і вусы казыталі яе. Чарнышэвіч. // Выклікаць лёгкае раздражненне ў носе, горле (пра моцны пах, дым і пад.). Мядовы пах мурожнага сена пранік у нос, — такі моцны пах, што проста казытаў у горле. Бядуля. Прагорклы пах газы і гарэлага машыннага масла казытаў ноздры. Хадкевіч. // безас. Пра раздражненне ў горле, носе. Ад болю крывіўся.. [Бораў] твар, вочы наліваліся нечым пякучым, а ў горле казытала, нейкая горнасць апаноўвала ўсяго. Кавалёў. Пахла гарэлым, казытала ў носе, з вачэй сыпаліся слёзы. Гурскі.

2. перан. Прыемна ўзбуджаць. Тое, што Грамабой хваліў яго за добрасуседскае абыходжанне, казытала трохі Язэпаў гонар і як бы ўзнімала яго вышэй над Рыгорам. Крапіва. Анежка ходзіць, і ўспаміны дзяцінства прыемна казычуць яе сэрца. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утулі́цца, утулюся, утулішся, утуліцца; зак.

1. Уткнуўшыся, прыціснуцца да чаго‑н. Гэля маўчала, утуліўшыся тварам у падушку. Гартны. Кастусь Прыбыткоўскі.. убачыў, што Мішурын шпурнуў гранату пад танк і сам кінуўся на зямлю і ўтуліўся ў яе. Чорны. // Адасобіцца, схавацца куды‑н. Васіль яшчэ глыбей утуліўся ў змрочны куток вагона і думаў, думаў, прыкрыўшы вочы. Пестрак.

2. Захутацца ў што‑н. Мы ўтуліліся ў сваё, даволі лёгкае адзенне, сцішыліся і слухалі гутарку вады з вадою. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́лах, ‑у, м.

Лёгкае, ледзь чутнае шапаценне; шорах, шоргат. Праз расчыненае акно вецер даносіць шолах бяроз і свежасць ракі. Шыловіч. Лістапад! Не чуваць ужо шолаху траў На лугах, за шырокім Дняпром. Прыходзька. // Глухі, невыразны шум. Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на раз’ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою. Колас. З мяккім шолахам накатваліся бясконцыя хвалі, імкліва прарэзвалі блакіт беласнежныя чайкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)