зага́дваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да загадаць ​1.

2. чым. Кіраваць установай, распараджацца чым‑н. Бацька.. быў чыгуначнікам, маці — загадвала дзіцячым садам, жылі ў дастатку, дружна. Ваданосаў. Усім скаромным загадвае старая. Крапіва.

зага́дваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загадаць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэарганіза́цыя, ‑і, ж.

Змена структуры, арганізацыі чаго‑н.; перабудова, ператварэнне чаго‑н. у што‑н. Рэарганізацыя МТС. Рэарганізацыя Інбелкульта ў Акадэмію навук. □ Што датычыць Мікалая Герасіменкі і Дзмітрыя Вухарына, то гэтыя маладыя шахцёры з першых жа дзён рэарганізацыі брыгад сталі кіраваць праходчыцкімі звеннямі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Імпера́тар. Ст.-бел. императоръ (з пачатку XVII ст.) запазычана з польск. imperator, дзе з лац. imperator ад imperareкіраваць, загадваць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 26; SWO, 300). Тым жа шляхам імпе́рыя з лац. imperia. Для рус. импера́тор, импе́рия польская — таксама мова-пасрэднік (Фасмер, 2, 129; Шанскі, 2, I, 58, 59).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гаспада́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

1. Спосаб вытворчасці, сукупнасць вытворчых адносін таго ці іншага грамадскага ўкладу.

Натуральная г.

2. Вытворчасць, эканоміка.

Народная г. краіны.

Сельская г.

3. Абсталяванне якой-н. вытворчасці.

Г. трактарнага завода.

4. Рэчы, прадметы, якія патрэбны ў быце.

Абзавесціся гаспадаркай.

5. Вытворчая адзінка, пераважна сельскагаспадарчая.

Сялянскія гаспадаркі.

Кіраваць гаспадаркай.

6. Заняткі па ўпарадкаванні быту, доглядзе жылля і пад.

Займацца гаспадаркай.

Хатняя г.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рэдагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., што.

1. Чытаць, правяраць і выпраўляць які‑н. тэкст, рукапіс, праводзіць літаратурную апрацоўку тэксту, рукапісу. Рэдагаваць артыкул. □ Матэрыялы ў насценную газету ўсё больш прыбывалі. А Сёмка Чыжык з запалам рэдагаваў яе. Каваль.

2. Кіраваць выданнем чаго‑н., быць рэдактарам. Рэдагаваць падручнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старшы́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Знаходзіцца на пасадзе старшыні, выконваць функцыі старшыні. Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. Корбан. Сеў старшынстваваў, кіраваць сходам таварыш Грамовіч. Шынклер. / у паэт. ужыв. Старшынствуе маё пакаленне — Не адзін аднакашнік мой Сёння ўладна трымае ў жмені Ніць пазіцыі ключавой. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.

2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).

3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).

[Ад фр. rouler — каціць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распоряжа́ться несов.

1. (отдавать приказания) распараджа́цца;

2. (организовывать) клапаці́цца;

3. (находить применение) выкарысто́ўваць;

распоряжа́ться вы́деленными су́ммами выкарысто́ўваць вы́дзеленыя су́мы;

4. (хозяйничать) распараджа́цца; (управлять) кірава́ць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вало́даць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. кім-чым. Мець у сваёй уласнасці, уладаць.

В. маёмасцю.

2. перан., кім. Трымаць у сваёй уладзе, падпарадкоўваць сабе, кіраваць.

Адна думка ўвесь час валодае ім.

3. чым. Умець, мець магчымасць карыстацца чым-н., дзейнічаць пры дапамозе чаго-н.

В. зброяй.

Не в. левай рукой.

В. пяром (умець добра пісаць). В. некалькімі замежнымі мовамі (ведаць іх). В. сабой (трымацца спакойна ў любых абставінах).

|| наз. вало́данне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ве́сці ’накіроўваць рух каго- або чаго-небудзь’; ’будуючы, пракладваць у пэўным парадку’; ’мець пэўны напрамак’; ’хіліць на што-небудзь, адольваць’; ’хіліць убок ад хваробы, ап’янення’ (КТС, БРС, Касп.); ’цягнуць’ (БРС); ’валаводзіць’, весьці брэдню ’трызніць’ (Касп.), вясьці злосьць ’доўгі час злавацца, гневацца, помсціцца’ (КЭС, лаг.), навагр. весьці дзіця ’нарадзіць дзіцё’ (Кл., КТС). Ужываецца таксама з прэфіксамі: аб‑, вы‑, да‑, з‑, на-, пера-, пры‑, раз-, у‑ і інш. у розных значэннях. Сюды ж весціся ’адбывацца, ажыццяўляцца, праводзіцца’; ’жыць, пладзіцца’; ’быць звычаем, падтрымлівацца’; ’цягнуцца кім- або чым-небудзь’ (КТС, БРС); ’цягнуцца патроху’; ’шанцаваць у жыцці’ (КЭС). Прасл.: укр. вести ’весці; спяваць, цягнуць голасам; размаўляць; прасці, выводзіць нітку; камандаваць, распараджацца’, вестися ’весціся’, рус. вести ’весці, суправаджаць, памагаць ісці; рабіць, здзяйсняць; кіраваць, быць загадчыкам’, арханг. ’дзьмуць, пранікаць усюды (аб ветры)’, валаг. ’раставаць (аб снезе); уздымацца (аб цесце)’, арханг. вести свадьбу ’спраўляць вяселле’, польск. wieść ’весці, быць на чале; быць уваходам куды-небудзь’, wieść się ’шанцаваць, паходзіць’, каш. vjesc, в.-луж. wjesć ’весці’, wjésć so ’паводзіць сябе; мецца’, чэш. vésti ’суправаджаць, паказваць дарогу; кіраваць, быць загадчыкам, быць на чале; мець кірунак’, vésti se ’мецца, шанцаваць’, славац. viesť ’даваць кірунак, накіроўваць’; ’суправаджаць, прыводзіць’; ’весці эскортам’; ’весці каналам (ваду, нафту)’; ’кіраваць (машынай, караблём)’; ’пракладваць’ і ’кіраваць, весці дзейнасць’; ’выконваць пэўную работу’; ’праводзіць (цяпло, электрычнасць)’; ’весці размову, дэбаты’ і інш., viesť sa ’мецца, шанцаваць’, славен. vȇsti ’весці; дапамагаць; служыць чаму-небудзь’; ’выгадна прадаць’, vȇsti se ’трымаць, паводзіць сябе’, серб.-харв. во̀дити ’весці’, макед. води, балг. водя, ст.-слав. ведѫ, вести ’тс’. Выступае ў асновах *ved‑/*vod‑ і *vad‑. Мае адпаведнікі ў балтыйскіх мовах: літ. vèsti, vedù ’весці; кіраваць, быць на чале чаго-небудзь; жаніцца з кім-небудзь; прыносіць, нараджаць’, лат. vest, vedu ’весці’; ’вадзіць (машыну)’, vesties ’шанцаваць, добра ісці (аб рабоце)’, ст.-прус. weddē ’вяду’, а таксама ў ірл. fedid ’вядзе’, ст.-перс. vādajeiti ’вядзе, цягне’. Такім чынам, прасл. vedti (dt > tt > st) утворана пры дапамозе суф. ‑ti ад асновы ved‑, якая ўзыходзіць да і.-е. кораня *u̯edh‑ (Фік, 1, 4, 129; Уленбек, 269). Гл. таксама Фасмер, 1, 284; ЭСРЯ, 1, В, 74–75; Голуб-Копечны, 413; Брукнер, 619; Махэк₂, 685; БЕР, 1, 170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)