«ГА́ЙДЭНС»

(англ. guidance ад guide весці, кіраваць, накіроўваць),

псіхолага-педагагічная кансультатыўная служба ў сістэме адукацыі ЗША. У шырокім сэнсе «Гайдэнс» — дапамога ў любой складанай сітуацыі, калі асоба стаіць перад неабходнасцю выбару, прыняцця рашэння або адаптацыі да новых умоў. У вузкім сэнсе — дапамога асобе ў самапазнанні, пазнанні навакольнага асяроддзя з мэтай выкарыстання ведаў для паспяховай вучобы, выбару прафесіі і развіцця сваіх здольнасцей. Узнікла ў канцы 19 ст. Пашырылася ў канцы 1910-х г. На працягу дзейнасці канцэпцыі «Гайдэнса» мяняліся. Сучасныя канцэпцыі накіраваны на выхаванне асобы, здольнай паспяхова выконваць сац. ролі работніка, грамадзяніна, сем’яніна, спажыўца, на фарміраванне ўмення вырашаць праблемы, кіраваць групай і творча падыходзіць да любой дзейнасці.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЫЛЯРЫ́ЗМ,

слова, выраз і сінтаксічны зварот, характэрны для афіцыйна-дзелавога стылю. Напр., «пражываць» замест «жыць», «набываць» — «купляць», «ажыццяўляць кіраўніцтва» — «кіраваць». Ужыванне К. па-за рамкамі афіц.-дзелавога стылю разглядаецца як парушэнне стылістычных норм або як сродак характарыстыкі персанажа ў маст. л-ры, як стылістычны прыём.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНІТРО́Н [ад лац. ignis агонь + (элек)трон],

кіроўны ртутны вентыль з дапаможным пускавым электродам. Дапаможны электрод дазваляе кіраваць пачаткам запальвання асн. дугі і мяняць сярэдняе значэнне сілы току ад найб. да нуля. Выкарыстоўваецца ў магутных выпрамніках току прамысл. частаты, электрапрыводах, зварачных апаратах, цягавых падстанцыях і інш.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКСІ́Я (ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод),

анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць, паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Міхаіл Ільіч) (1.1.1922, г. Барысаў Мінскай вобл. — 24.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Барысаўскае педвучылішча (1939). У Вял. Айч. вайну на Зах., Варонежскім, Цэнтр. і 1-м Укр. франтах. Артыл. батарэя на чале з старшым лейт. М. вызначылася ў жн.вер. 1943 пры вызваленні Украіны. У баі за плацдарм на р. Сейм паранены М. працягваў кіраваць агнём батарэі, забяспечыў прарыў абароны праціўніка і вызваленне шэрагу нас. пунктаў.

М.І.Марозаў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕССВЯДО́МАСЦЬ,

стан асобы, пры якім з-за хранічнай душэўнай хваробы ці часовага расстройства душэўнай дзейнасці яна не здольная ўсведамляць свае ўчынкі і кіраваць імі; акалічнасць, якая выключае злачыннасць дзеяння і крымін. адказнасць за яго. Для вырашэння пытання пра бессвядомасць назначаецца судова-псіхіятрычная экспертыза, на падставе вывадаў якой следчыя органы або суд канстатуюць псіхічны стан асобы пры ўчыненні пэўнага грамадска небяспечнага дзеяння. Да асобы, якая пры гэтых абставінах знаходзілася ў стане бессвядомасці, суд можа ўжыць прымусовыя меры мед. характару.

т. 3, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКІСТАДО́РЫ (ад ісп. conquistador заваёўнік),

іспанцы (збяднелыя дваране, наёмныя салдаты, часам крымін. злачынцы), якія заваёўвалі тэрыторыі ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў канцы 15—16 ст. Паходы (экспедыцыі) К. суправаджаліся вынішчэннем і занявольваннем індзейскіх плямён і народаў, рабаваннямі і інш. гвалтоўнымі і прымусовымі дзеяннямі. Частку здабычы камандзіры К. адпраўлялі ісп. каралю, ад якога атрымлівалі вял. прывілеі аж да права самастойна кіраваць заваяванымі землямі. Найб. вядомымі кіраўнікамі К. былі П. дэ Вальдывія, Э.Картэс, Ф.Пісара і інш.

Літ.:

Олива де Коль Х. Сопротивление индейцев испанским конкистадорам: Пер. с исп. М., 1988.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНАПА́РТЫ (франц. Bonaparte, італьян. Buonaparte),

французская імператарская дынастыя [1804—14, 1815, 1852—70). Засн. Напалеонам I Банапартам [1804—14, 1815], рэстаўрыравана Напалеонам III [1852—70].

Банапарты — браты Напалеона I, якіх ён паставіў на чале заваяваных ці створаных французамі дзяржаў: Жазеф Банапарт, неапалітанскі кароль [1806—08], кароль Іспаніі [1803—13]; Луі Банапарт, кароль Галандыі [1806—10]; Жэром Банапарт, кароль Вестфаліі [1807—13]. Сёстры Напалеона I: Эліза, прынцэса Лукская і П’ёмбінская [1805—14], вял. герцагіня Тасканская [1809—14]; Паліна, герцагіня Гуастальская (у Італіі) з 1806; Караліна, жонка маршала І.Мюрата, у 1808—15 неапалітанскага караля. Сын Напалеона I Франсуа Шарль Жазеф Банапарт вядомы як Напалеон II. Пасля рэвалюцыі 4.9.1870 дынастыя Банапартаў перастала кіраваць.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ННІКІ,

у Стараж. Грэцыі (Афіны, Фесалія і інш. гарады-дзяржавы) і Стараж. Рыме прывілеяванае саслоўе (другое пасля зямельнай арыстакратыі — набілітэту). У грэч. дзяржавах К. з’яўляліся ў войска на ўласным кані (адсюль назва) і з уласным узбраеннем. У Рыме да 4 ст. да н. э. К. — вайск. група (на ўтрыманне каня яны атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы), пазней — асобае саслоўе, аснову багацця якога складала валоданне грашамі і рухомай маёмасцю. Сапернічалі з набілітэтам за права кіраваць паліт. жыццём. Займалі камандныя пасады ў войску, кіруючыя пасады ў Рыме і правінцыях. Як самаст. саслоўе існавалі да 4 ст. н. э.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́СТАР (англ. investor укладчык ад лац. investio апранаю, надзяваю),

фізічная або юрыд. асоба, якая прымае рашэнне і ажыццяўляе ўкладанні ўласных, пазыковых і інш. прыцягнутых маёмасных і інтэлектуальных каштоўнасцей у інвестыцыі. І. могуць быць: орган, упаўнаважаны кіраваць дзярж. маёмасцю; арг-цыі, прадпрыемствы, прадпрымальніцкія аб’яднанні, грамадскія арг-цыі і інш. юрыд. асобы любой формы ўласнасці; міжнар. арг-цыі, замежныя юрыд. асобы; замежныя і айч. грамадзяне і інш. У якасці І. можа выступаць заказчык — будучы ўладальнік і карыстальнік вынікаў праекта. У інш. выпадках І. заключае дагавор з заказчыкам, кантралюе выкананне кантрактаў і ажыццяўляе разлікі з інш. ўдзельнікамі праекта.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)