Славяні́н, славя́не ‘група роднасных па паходжанні і блізкіх па мове народаў’ (ТСБМ). Параўн. укр. словʼяни́н, словʼя́ни, рус. славяни́н, славя́не, стараж.-рус. словѣне — назва ўсходнеславянскага племені паблізу Ноўгарада, словѦне, польск. Słowianie ‘славяне’, в.-луж. Słowjan, Słovjanojo, н.-луж. Słowjan, чэш. Slovan, Slované, славац. Slovan, Slovania, серб.-харв. Сло̀вен, Slavén, Слове́ни, Slavéni, Сло̀венин, славен. Slovān, Slováni, Slovéni, балг. славя́нин, славя́ни, макед. Словен(ин), Словени, ст.-слав. словенинъ, словѣне у адносінах да славянскага племені вакол Салуні. Прасл. *slověninъ, мн. л. *slověne, с.-лац. Sclavi, Sklavini, Sclaveni ‘славяне’, с.-грэч. Σκλαβηνοί ‘славяне’. Асноўныя версіі: Трубачоў (Этимология–1980, 12–13) найбольш перспектыўнай лічыць версію Якабсона (IJSLP, 1959, 1–2, 271) ад *slovo (гл. слова), які спасылаецца на аналогію ў стараж.-рус. кличане ‘паляўнічыя, якія падымаюць звера крыкам’: кличь (гл. клікаць), а таксама на апазіцыю словѣненѣмци; але сам Трубачоў прапануе ўтвараць *slověninъ не ад імя, а ад дзеяслова *slovǫ, *sluti (гл. слыць) ‘зразумела гаварыць’ — ‘быць гучна аклікнутым’ з суф. ‑jan, параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. слути, слову ‘лічыцца, называцца, славіцца’ (таксама Глухак, 561), роднасным і слав. *slava (гл. слава). Супраць роднасці з *slovo Фасмер (3, 663), які лічыць, што ўтварэнні на ‑ěninъ, ‑aninъ сустракаюцца толькі ў вытворных ад назваў месцаў, таму разглядае слова як вытворнае ад гідроніма, параўн. стараж.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, Слуя — рака ў былой Смаленскай губ., гідронімы польск. Sława, Sławinica, серб.-харв. Славница, якія набліжаюць да грэч. κλύζω ‘адмываю’, лац. cluō ‘ачышчаю’, cloāca ‘каналізацыйны сток’. Іншыя версіі — ад уласных імён на ‑slav (Бадуэн дэ Куртэнэ, JP, 3, 62 і наст.; супраць Мікала, РФВ, 48, 271); супастаўленне з грэч. λαός, λϜαός ад σλαϜός ‘народ’ (Мікала, там жа). У сувязі з гэтай думкай параўн. гоц. piuda ‘народ’, ням. deutsch ‘нямецкі’, лац. teutōnes ‘немцы’ ад і.-е. *teut ‘народ’; гл. Младэнаў, 588–589; Скок, 3, 281–283; Бернштейн, Фонетика, 90–91. Агляд літ-ры гл. яшчэ БЕР, 6, 834 і наст., ЕСУМ, 5, 307; SEK, 4, 320; Бязлай, 3, 265; Трубачоў, Этногенез₂, 93, 312, 335–336 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абысці́, абыду, абыдзеш, абыдзе; пр. абышоў, ‑шла, ‑шло; заг. абыдзі; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго‑, чаго‑н. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Абыдзе Ян камень навокал, нават абмацае яго рукою і плюне. Пестрак. // Абкружыць, абступіць. Кінь вокам на увесь абшар зямлі: Вось хату шчыльна абышлі Парканы з вострымі цвікамі. Багдановіч.

2. У ваеннай справе — зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго. Па горадзе хадзілі розныя чуткі: адны казалі, што нашы войскі занялі Кенігсберг, другія, што нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць, хоць гарнізон не здаўся і вядзе гераічную барацьбу. Гурскі.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго‑, што‑н.; абагнуць каго‑, што‑н. Абысці вёску. □ Батальён потайкам уначы абышоў Прымакі і Вепры і хаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры. Колас. // перан. Мінуць, не закрануць каго‑, што‑н. [Волька:] — Людзей неяк мінае, а мяне ні адна бяда не абыдзе. Васілевіч. // перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго‑н. (у размове, апавяданні і пад.). І той выпадак недарэчны — Аб ім так прыкра ўспамінаць — Ён [Гедвіла] абышоў лагодна, «гжэчна», Бо ж людзям трэба меру знаць. Колас. // перан. Не палічыцца з чым‑н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго‑н. Абысці закон, загад. // перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

4. Прайсці па ўсёй прасторы чаго‑н., наведаць розныя месцы. Сёння з песняй абыду я Уваскросшую з руінаў Залатую, маладую Нашу родную краіну. Панчанка. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. // Падысці да кожнага па чарзе. Нецярпліва прычакаў.. [Гушка] пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася. Чорны. // Пашырыцца, стаць усюды вядомым. Навіна абышла ўвесь раён.

5. Падмануць, ашукаць. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абысці цябе цішком... Валасевіч. Міхайлаў быў добры канцылярыст, ён умеў абысці паперкаю начальства. Шынклер.

6. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць. Доўгі і тонкі, як вудзільна, Стась Рудніцкі рыўком абышоў Віктара, а потым і Васіля. Шашкоў.

•••

За вярсту абысці — не мець жадання сустракацца, бачыцца з кім‑н.; пазбягаць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіста́ць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.

1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.

2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.

3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.

4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.

5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.

6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.

•••

Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).

Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.

Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бог, ‑а, К божа; мн. багі, ‑оў; м.

1. Паводле рэлігійнага ўяўлення — вярхоўная істота, якая стварыла свет і кіруе ім.

2. перан. Выдатны спецыяліст у якой‑н. справе. Цікава, ці слухалі сёння.. [Наташына] выступленне.. Ці бачыў [яе] той чарнявы ленінградзец, хвалёны бог электразваркі? Краўчанка.

•••

Аддаць богу душу гл. аддаць.

Аднаму богу вядома гл. вядома.

Багі мелі — як сведчанне адсутнасці чаго‑н.: няма і не магло быць.

Барані (бронь) божа — тое, што і крый бог.

Бачыцца (пабачыцца) з шкляным богам гл. бачыцца.

Бог адвярнуўся ад каго — пра бесперапынныя няўдачы.

Бог бацька — будзь што будзе.

Бог бачыць — бог гэтаму сведка.

Бог вайны — пра артылерыю, якая адыгрывала галоўную ролю на полі бою.

Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які) — невядома, ніхто не ведае.

Бог дасць; як бог дасць — як прыйдзецца.

Бог з табою (з ім, вамі і г. д.)! — далікатны папрок, адмаўленне ад паслугі; формула прабачэння.

Бог крыў (мілаваў) — усё добра, нічога дрэннага не здарылася.

Бог розуму не даў — пра абмежаванага ў разумовых здольнасцях чалавека.

Бог шчасця не даў — пра няўдачлівага чалавека.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — нічога невядома (пра каго‑, што‑н.).

Богам прашу гл. прасіць.

Богу душою не вінаваты (вінны) гл. вінаваты.

Божа; божа мой; божухна мой! (у знач. выкл.) — ужываецца для выказвання здзіўлення, гневу, радасці і пад.

Божа збаў — ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах.

Божа (божачка) літасцівы! (у знач. выкл.) — ужываецца для выражэння здзіўлення, абурэння, роспачы. [Кравец:] — Божачка, братачка літасцівы, гэта ж Тварыцкі. Я ж яго ведаю. Чорны. [Жонка:] — А божа літасцівы, дай жа ім [бальшавікам] сілы і адвагі, каб хутчэй гэтую погань пагналі ад нас!.. Чарот.

Браць на бога гл. браць.

Дай (не дай) бог (божа) — пра пажаданні (непажаданні) чаго‑н.

Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй пакінуць небяспечнае месца.

Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.

Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.

Даруй божа (у знач. пабочн.) — паказвае на рэзкасць выказанай ацэнкі, думкі і інш.

Дзе цябе (вас) бог носіць? — здзіўленне пры сустрэчы з чалавекам, якога доўгі час не відаць было.

Дзякуй (дзякаваць) богу гл. дзякуй.

З богам! — пажаданне пачынаць што‑н., пажаданне поспеху, удачы.

Крый бог — выраз ужываецца як засцярога ад чаго‑н., як забарона рабіць што‑н. небяспечнае.

Маліць бога гл. маліць.

Нечага (няма чаго) на бога ківаць гл. ківаць.

На міласць бога (спадзявацца) гл. міласць.

Напрамілы бог — што ёсць сілы клікаць, крычаць (прасіць).

Не гняві бога гл. гнявіць.

Не давядзі бог — вельмі дрэнна.

Ні богу свечка ні чорту качарга гл. свечка.

Няма чаго богу грашыць гл. грашыць.

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) — ужываецца як пажаданне пазбаўлення ад чаго‑н. непрыемнага.

Пабойся (пабойцеся) бога гл. пабаяцца.

Памагай бог гл. памагаць.

(Сам) бог жыве — пра добрыя ўмовы жыцця, працы.

(Сам) бог паслаў — выказванне радасці ад шчаслівай нечаканасці.

Служыць двум багам гл. служыць.

У бога цяля ўкрасці гл. украсці.

Хвала богу гл. хвала.

Што бога гнявіць; няма чаго бога гнявіць гл. гнявіць.

Як у бога за пазухай — без асаблівага клопату, пры поўным забеспячэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да предлог с род.

1. (для указания на расстояние, на промежуток времени, какой-л. предмет или предел) до;

да вёскі было́ чаты́ры кіламе́тры — до дере́вни бы́ло четы́ре киломе́тра;

за ко́лькі дзён да жніва́ — за не́сколько дней до жа́твы;

зра́нку да ве́чара — с утра́ до ве́чера;

даста́віць пасажы́раў да ме́сца — доста́вить пассажи́ров до ме́ста;

налі́ць да пало́вы — нали́ть до полови́ны;

чака́ць да ве́чара — ждать до ве́чера;

да вайны́ сям’я́ яго́ была́ ў калга́се — до войны́ семья́ его́ была́ в колхо́зе;

разлічы́ўся да капе́йкі — рассчита́лся до копе́йки;

даве́сці да знямо́гі — довести́ до изнеможе́ния;

ко́лькасць зая́ў дайшла́ да пятна́ццаці — число́ заявле́ний дошло́ до пятна́дцати;

мне не да жа́ртаў — мне не до шу́ток;

2. (для обозначения направленности или цели действия, присоединения или принадлежности к кому-, чему-л.) к, ко (кому, чему);

зайсці́ да тава́рыша — зайти́ к това́рищу;

да збро́і! — к ору́жию!;

прыслухо́ўвацца да гу́каў — прислу́шиваться к зву́кам;

рыхтава́цца да экза́менаў — гото́виться к экза́менам;

клі́каць да во́лі — звать к свобо́де;

за́клік да барацьбы́ — призы́в к борьбе́;

табе́ не да тва́ру — тебе́ не к лицу́;

да трох дада́ць пяць — к трём приба́вить пять;

да пыта́ння аб пахо́джанні мо́вы — к вопро́су о происхожде́нии языка́;

3. (для обозначения сходства, близости) на (кого, что);

падо́бны да ба́цькі — похо́ж на отца́;

не падо́бны да сябе́ — не похо́ж на себя́;

4. (вплоть до чего-л., в соответствии с чем-л.) по (что, чему);

у вадзе́ да по́яса — в воде́ по по́яс;

да ста́ну — по фигу́ре;

да сма́ку — по вку́су;

5. (при слове сва́тацца) к (кому), за (кого);

сва́тацца да дзяўчы́ны — сва́таться к де́вушке (за де́вушку);

6. обл. (включение в пределы какой-л. среды) в (кого, что);

не прыма́лі да кампа́ніі — не принима́ли в компа́нию;

ад до́шкі да до́шкі — от доски́ до доски́; от ко́рки до ко́рки; от сло́ва до сло́ва;

да пары́ да ча́су — до поры́ до вре́мени;

да пабачэ́ння — до свида́ния

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

нага́, ‑і, ДМ назе; мн. ногі, Р ног, Д нагам; ж.

1. Адна з дзвюх ніжніх канечнасцей чалавека. Правая нага. Левая нага. Падкурчыць ногі. □ Ногі ад доўгага сядзення замлелі, і.. [Віця] захістаўся. Чарнышэвіч. // Адна з канечнасцей птушак і большасці жывёл. Пярэдняя нага. Задняя нага. □ Конь перабіраў на месцы нагамі, матаў галавою. Хомчанка. Крахтаў лядок — па ім брылі ласі паціху, Сляды іх ног ляглі па зімніку старым. Бядуля.

2. Апора, ніжняя частка мэблі, пабудовы, механізма. Ногі стала. □ Раптам.. [гідраплан] крануўся паверхні сваімі цыбатымі нагамі. Самуйлёнак.

•••

Адбівацца рукамі і нагамі гл. адбівацца.

Адкінуць ногі гл. адкінуць.

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся; дзе (толькі) ногі ўзяліся — пра таго, хто вельмі хутка ўцякае.

Адмахвацца рукамі і нагамі гл. адмахвацца.

Адна нага тут, другая там — вельмі хутка (збегаць, схадзіць куды‑н.).

Адной нагой у магіле (стаяць) — быць блізкім да смерці.

Адхадзіць ногі гл. адхадзіць.

Адчуць глебу пад нагамі гл. адчуць.

Баранаваць нагамі гл. баранаваць.

Без рук, без ног гл. рука.

Блытацца пад нагамі гл. блытацца.

Браць ногі на плечы (у рукі) гл. браць.

Быць на кароткай назе гл. быць.

Быць на роўнай назе гл. быць.

Валіцца (падаць) з ног гл. валіцца.

Выбіць глебу (грунт) з-пад ног гл. выбіць.

Гарыць зямля пад нагамі гл. зямля.

Дагары нагамі гл. дагары.

Дай бог (божа) ногі гл. даць.

Задраць ногі гл. задраць.

Збіцца з нагі гл. збіцца.

Збіцца з ног гл. збіцца.

Зваліцца з ног гл. зваліцца.

Зваліць з ног гл. зваліць.

Звязаць па руках і нагах гл. звязаць.

З галавы да ног; з ног да галавы гл. галава.

З рукамі і нагамі гл. рука.

З усіх ног — вельмі хутка, што ёсць моцы (кінуцца, пусціцца і пад.). Трэба ж некага клікаць на дапамогу, каб ратавалі. І Ганька з усіх ног кінулася дадому. Васілевіч.

Каб нагі тваёй (яго, яе, вашай, іх) не было гл. быць.

Калос на гліняных нагах гл. калос.

Кланяцца ў ногі гл. кланяцца.

Куды ногі нясуць — без мэты, без дарогі, абы-куды.

Кульгаць на абедзве нагі гл. кульгаць.

(Ледзь) вынесці ногі гл. вынесці.

Ледзь дацягнуць ногі гл. дацягнуць.

Ледзь ногі носяць — аб вялікай стомленасці або слабасці, старасці.

Ледзь ногі цягаць (валачы, перастаўляць) гл. цягаць.

Ледзь трымацца на нагах; на нагах не трымацца гл. трымацца.

Лёгкі на ногі гл. лёгкі.

Лізаць ногі гл. лізаць.

Ляжаць без задніх ног гл. ляжаць.

На адной назе — вельмі хутка.

Нага не ступала — ніхто не быў, не жыў, не хадзіў дзе‑н.

Нага чыя не ступіць — пагроза не пусціць каго‑н. куды‑н. або не хадзіць куды‑н.

Нага ў нагу — нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н. (ісці, дзейнічаць, працаваць, развівацца).

Нагі маёй не будзе гл. быць.

Нагі тваёй (яго, яе, вашай, іх) не будзе гл. быць.

На нагах — а) стаяць, не сядзець, не ляжаць; б) у клопатах, пры рабоце. [Бабка:] — Як служка якая была — вечна на нагах: тое падай, гэта прыбяры ды яшчэ дзяцей прыглядзі. Вышынскі; в) не кладучыся ў пасцель (пры хваробе); г) устаўшы пасля сну, адпачынку або яшчэ не кладучыся спаць, адпачываць. У штаб камендатуры ўчастка я прыехаў апоўначы, аднак гаспадара яго — Віктара Мікалаевіча Васільева застаў яшчэ на нагах. Брыль; д) у дзеянні. Праз хвілін дзесяць уся мясцовая паліцыя была ўжо на нагах. Якімовіч.

Наступіць на нагу гл. наступіць ​1.

На шырокую нагу — вельмі багата, раскошна.

Ні нагой куды, да каго — не бываць дзе‑н., не хадзіць куды‑н., да каго‑н.

Ні рук, ні ног гл. рука.

Ні ў зуб нагой гл. зуб.

Ногі адбіць (збіць, набіць) гл. адбіць.

Ногі біць гл. біць.

Ногі блытаюцца — пра слабасць, стомленасць і пад.

Ногі не казённыя — а) не варта стаяць, лепш сесці; б) аб нежаданні ісці куды‑н.

Ногі не нясуць — няма сілы ісці, рухацца.

Ногі не трымаюць — аб моцнай стомленасці або дрэнным адчуванні.

Ногі працягнуць (выцягнуць, выпруціць, выпрастаць) гл. працягнуць.

Ног не давалачы гл. давалачы.

Ног не пацягнуць гл. пацягнуць.

Ног не хапае гл. хапаць.

Ног не чуць пад сабой гл. чуць.

Падняцца на ногі гл. падняцца.

Падняць на ногі гл. падняць.

Падставіць нагу гл. падставіць.

Падтаптаць пад ногі гл. падтаптаць.

Пакуль ногі носяць — пакуль можна рухацца, працаваць.

Паставіць з ног на галаву гл. паставіць.

Паставіць на ногі гл. паставіць.

(Сам) чорт нагу зломіць гл. чорт.

Спаць без задніх ног гл. спаць.

Стаць на ногі гл. стаць.

Стаяць на (сваіх, уласных) нагах гл. стаяць.

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі гл. траціць.

Узяць нагу гл. узяць.

У нагах — а) каля ног, у тым месцы, дзе ногі. У нагах непрытомнай нявесткі ляжала нежывое дзіця. Брыль; б) унізе. У нагах [дуба] трава Нізка сцелецца. Колас.

Упасці ў ногі гл. упасці.

Устаць з левай (не з той) нагі гл. устаць.

Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі гл. адсохнуць.

Як левая нага хоча — як хоча, так і будзе (пра самадура).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́ва, ‑а, н.

1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з’яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. □ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы. Колас. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»... Брыль. «Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова! Якімовіч.

2. толькі адз. Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. □ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне. Купала. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

3. (адз. у тым жа знач., што і мн.). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду. Краўчанка. Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы. Аўрамчык. Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі. Чарнышэвіч. Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..» Зарэцкі. // Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў... Крапіва. [Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Ваданосаў. Стары растлумачыў усё ў трох словах. Асіпенка. // Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела. Зарэцкі. [Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю. Арабей. Работу словам не заменіш. З нар.

4. толькі адз. Рашэнне, думка чыя‑н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. Крапіва. Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся. «Маладосць». Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова. Непачаловіч.

5. толькі адз. Абяцанне зрабіць, выканаць што‑н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова... Кучар. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.

6. толькі адз. Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення. Лобан. Слова зноў атрымаў сакратар райкома. Хадкевіч. Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка. — Слова паэту! — выгукваюць госці. А. Александровіч. // з азначэннем. Прамова, выступленне на якую‑н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць. С. Александровіч. Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі. «Маладосць». Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам. Грамовіч.

7. толькі мн. (сло́вы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта. // Наогул тэкст якой‑н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. □ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем. Колас.

8. толькі адз. Уст. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.

•••

Друкаванае слова — тое, што надрукавана.

Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.

Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.

Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.

Браць (узяць) слова гл. браць.

Браць (узяць) слова з каго гл. браць.

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Верыць (паверыць) на слова гл. верыць.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глытаць словы гл. глытаць.

Дар слова гл. дар.

Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што‑н. сказанае, расказанае і пад.).

Да слова сказаць гл. сказаць.

Даць слова гл. даць.

Двух слоў не звяжа гл. звязаць.

Жаваць словы гл. жаваць.

Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Шамякін.

Закінуць (замовіць) слова гл. закінуць.

Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.

За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць гл. лазіць.

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.

З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.

Кідацца словамі гл. кідацца.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Лавіць на слове (словах) гл. лавіць.

Лёгкі на слова гл. лёгкі.

Мець слова гл. мець.

Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.

Набор слоў гл. набор.

На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).

На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.

Не абмовіцца (ні адным) словам гл. абмовіцца.

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.

Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што‑н.).

Па апошняму слову чаго — у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам гл. памінаць.

Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол. Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі. Пальчэўскі.

Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).

Слоў не хапае (не стае) гл. хапаць.

Слоў няма гл. няма.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць слова гл. трымаць.

У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).

У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).

Успомніш маё слова гл. успомніць.

Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).

Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго‑н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова. Васілёнак.

Шукаць слоў (слова) гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέωклікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

на I предлог

1. с вин. в разн. знач. на; (при указании на целевое назначение чего-л. — ещё) для (чего);

палажы́ць на стол — положи́ть на стол;

насадзі́ць чарвяка́ на кручо́к — насади́ть червяка́ на крючо́к;

надзе́ць чахо́л на крэ́сла — наде́ть чехо́л на кре́сло;

звалі́ць віну́ на каго́е́будзь — свали́ть вину́ на кого́-л.;

запіса́ць кні́гу на бра́та — записа́ть кни́гу на бра́та;

вярну́ўся на фа́брыку — верну́лся на фа́брику;

пае́хаць на Нёман — пое́хать на Нёман;

прые́хаць на Пале́ссе — прие́хать на Поле́сье;

прыйшлі́ на кватэ́ру — пришли́ на кварти́ру;

ісці́ на святло́ — идти́ на свет;

даро́га на Магілёў — доро́га на Могилёв;

вы́йсці на даро́гу — вы́йти на доро́гу;

стаць на кале́ні — встать на коле́ни;

гля́нуць на ба́цьку — посмотре́ть на отца́;

не злу́йся на мяне́ — не серди́сь на меня́;

палява́нне на буйно́га зве́ра — охо́та на кру́пного зве́ря;

падо́бны на ба́цьку — похо́ж на отца́;

змяні́ць саху́ на плуг — смени́ть соху́ на плуг;

назна́чыць сустрэ́чу на нядзе́лю — назна́чить встре́чу на воскресе́нье;

адкла́сці на за́ўтра — отложи́ть на за́втра;

на гэ́ты раз — на э́тот раз;

но́ччу з субо́ты на нядзе́лю — в ночь с суббо́ты на воскресе́нье;

з дня на дзень — со дня на́ день;

пае́хаў на два дні — пое́хал на два дня;

скупы́ на сло́вы — скупо́й на слова́;

ма́йстар на вы́думкі — ма́стер на вы́думки;

непрыго́жы на вы́гляд — некраси́вый на вид;

асно́вы на зы́чны гук — осно́вы на согла́сный звук;

адда́ць дзі́ця на выхава́нне — отда́ть ребёнка на воспита́ние;

цэ́гла на будаўні́цтва — кирпи́ч на строи́тельство (для строи́тельства);

выпрабава́нне на трыва́ласць — испыта́ние на про́чность;

вучы́цца на до́ктара — учи́ться на врача́;

працава́ць на сям’ю́ — рабо́тать на семью́;

зрабі́ць на злосць — сде́лать на́зло́;

падня́ць на смех — подня́ть на́ смех;

пасла́ць тэлегра́му на Но́вы год — посла́ть телегра́мму на Но́вый год;

адзе́ты на гарадскі́ мане́р — одет на городско́й мане́р;

перакла́сці на белару́скую мо́ву — перевести́ на белору́сский язы́к;

здаць на «выда́тна» — сдать на «отли́чно»;

на све́жую галаву́ — на све́жую го́лову;

зашпілі́ць на ўсе гу́зікі — застегну́ть на все пу́говицы;

працягну́цца на дзяся́ткі кіламе́траў — протяну́ться на деся́тки киломе́тров;

па два тра́ктары на брыга́ду — по́ два тра́ктора на брига́ду;

дом на во́сем кватэ́р — дом на во́семь кварти́р;

пабі́ць на дро́бныя ча́сткі — разби́ть на ме́лкие ча́сти;

больш як на пяць ты́сяч рублёў — бо́лее пяти ты́сяч рубле́й;

се́сці на самалёт — сесть на самолёт;

вы́несці на маро́з — вы́нести на моро́з;

жыць на зарпла́ту — жить на зарпла́ту;

клі́каць на дапамо́гу — звать на по́мощь;

2. с вин. (при указании на отрезок времени) в;

два разы́ на ты́дзень — два ра́за в неде́лю;

3. с вин. (при обозначении сферы деятельности) в;

заступі́ць на паса́ду дырэ́ктара — вступи́ть в до́лжность дире́ктора;

4. с вин. пове́рх (чего);

надзе́ць на саро́чку — наде́ть пове́рх соро́чки;

5. с вин. (при обозначении сближения, столкновения, соприкосновения) о, об, о́бо;

спатыкну́цца на пень — споткну́ться о пень;

абапе́рціся няма́ на што — опере́ться не обо что;

6. разг., с вин. при словах хварэ́ць, хво́ры и т.п. переводится беспредложными конструкциями с твор. п.:

хварэ́ць на тыф — боле́ть ти́фом;

хво́ры на грып — больно́й гри́ппом;

7. с предл. на; (при указании на количество частей, из которых состоит что-л. — ещё) о;

кні́га ляжы́ць на стале́ — кни́га лежи́т на столе́;

трыма́ць на рука́х — держа́ть на рука́х;

на пры́вязі — на при́вязи;

су́мка на рэ́мені — су́мка на ремне́;

на ім ляжы́ць уве́сь кло́пат — на нём лежа́т все забо́ты;

прамо́ва на схо́дзе — речь на собра́нии;

на тым бе́разе рэ́чкі — на том берегу́ реки́;

жыць на ву́ліцы Купа́лы — жить на у́лице Купа́лы;

гэ́та было́ на Пале́ссіэ́то бы́ло на Поле́сье;

ця́жка на сэ́рцы — тяжело́ на се́рдце;

быць на ўтрыма́нні — состоя́ть на иждиве́нии;

спагна́ць злосць на кім-не́будзь — сорва́ть зло на ко́м-л.;

на гэ́тым сход быў зако́нчаны — на э́том собра́ние бы́ло зако́нчено;

на за́хадзе со́нца — на зака́те со́лнца;

на світа́нні — на заре́;

стая́ць на кале́нях — стоя́ть на коле́нях;

на маі́х вача́х — на мои́х глаза́х;

на некато́рай адле́гласці — на не́котором расстоя́нии;

паліто́ на ва́це — пальто́ на ва́те;

хадзі́ць на лы́жах — ходи́ть на лы́жах;

вазі́ць на кані́ — вози́ть на ло́шади;

праве́рыць на пра́ктыцы — прове́рить на пра́ктике;

ігра́ць на гіта́ры — игра́ть на гита́ре;

сма́жыць на ма́сле — жа́рить на ма́сле;

ляка́рства на спі́рце — лека́рство на спирту́;

на белару́скай мо́ве — на белору́сском языке́;

калдо́біна на калдо́біне — уха́б на уха́бе;

стол на трох но́жках — стол на (о) трёх но́жках

на II частица на;

на, занясі́ бра́ту — на, отнеси́ бра́ту;

вось табе́ і на́! — вот тебе́ и на́!;

на́ табе́! — на́ тебе́!

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

на 1, прыназ. з В і М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «на» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на паверхню якога накіраваны рух або дзеянне. Выйсці на вуліцу. Пакласці на стол. □ Я выходзіў з лесу на палянку, каб дабрацца да абгарэлага дуба. Скрыган. Скора вузкая вясковая дарога выйшла на шлях. Галавач. На журавіну на залатую Скаціўся буйнай слязы крышталь. Хадыка. І хіліць так утульны беражок, Так добра там, прылёгшы на пясок, Папесціцца ружовым летнім ранкам! Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадметы ці жывыя істоты, якія служаць сродкам перамяшчэння (з дзеясловамі «сесці», «пасадзіць» і пад.). Сесці на поезд. □ Пасаджу свайго сына я На жывога, На баявога Каня. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу або на частку цела як на прадмет, на які накіравана дзеянне. Начапіць ашыйнік на сабаку. Валасы выбіваюцца на лоб. □ З драцяных галін роўна абстрыжаных прысад падаюць уніз — на коней і людзей — лёгкія, кволыя сняжынкі. Бядуля. Кабета ражком хусткі выцірае слязінкі, што набеглі на вочы. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н., выканання чаго‑н. Перанесці абрысы на паперу. Пакласці апошнія штрыхі на малюнак. Няхай бы кожны ведаў, як цяжка трапіць на Дошку гонару, на газетную старонку, як нялёгка заслужыць працоўную славу. Грахоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацоўваецца або на які надзяваецца іншы прадмет. Усцягнуць боты на ногі. Тут .. [Стафанковіч] устаў вельмі раптоўна, удала надзеў на галаву шапку, развітаўся і шпаркім крокам рушыў да дзвярэй. Чорны. // перан. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці паняцця, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Не ідзе на думку. Прыйшло на памяць. Прыкідваць на вока. □ Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна асела на душу... Брыль. [Стафанковіч] не браў на ўвагу нікога і нічога. Чорны. [Дзед:] — І прыкінь на розум, хлопча, Што парубак там няма. Колас.

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета або асобы, у бок якіх накіравана дзеянне ці якія з’яўляюцца канцавым пунктам руху. Ехаць на Палессе. Падняць руку на ўзровень вачэй. Падняцца на пяты паверх. □ Болей дзесятка дывізій сабралі [белапалякі] правей Палесся і рушылі іх на Кіеў. Колас. Едзе хлопец на граніцу. Броўка. Адну за другой запальвае [Лаўрэн] семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў дзеяння, руху. З галінкі на галінку. З месца на месца. □ Праз непраходнае балота Уладзік спрытна ступае з купінкі на купінку. Бядуля. // Ужываецца пры абазначэнні кірунку. Дарога на Маскву. Сонца хілілася на захад. Дом вокнамі на поўдзень. □ Дзень добры, Масква! Як жа ясна ты свеціш На ўсе чыста свету староны. Купала. // Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межы якіх накіраваны рух, дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Несці на пошту. Накіраваць на фабрыку. Ісці на кухню. □ [Полька:] — І так мне ўсё агоркла, так абрыдла, што пасля дзевятага класа кінуў усё і пайшоў на льнозавод сушыльшчыкам. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні сферы дзейнасці як месца, куды накіравана якое‑н. дзеянне, рух. Адправіцца на канцэрт. Сабрацца на з’езд. Паступіць на курсы. Ехаць на начлег. Выйсці на дэманстрацыю. □ Сыноў бацька сваіх кліча На нараду ў хату. Купала. Раніцаю я ішоў на дзяжурства. Шынклер. На фронт адсюль накіроўваліся салдаты пеша. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета як прылады ці сродку дзеяння. Сесці на вёслы. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або з’яву, якія служаць арыенцірам руху. Ісці на агеньчык. Бегчы на крык.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Яснела неба, віднела на зямлі. Чорны. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. Ліпень выткаў слуцкі ўзор На палях пшанічных. А. Александровіч. Блізка на выпасе фыркалі коні... Броўка. Цені ўсюды: на пнях, на вадзе і на дыме. Куляшоў. На падлозе ў цэбрыку рос лапушысты фікус. Грахоўскі. На стале дымяцца стравы. Звонак. // Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу ці на частку цела як на прадмет, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Сядзець вярхом на кані. □ Несціхана шумяць на дзяўчатах шаўкі. Броўка. На вусатым хутаранцы даўнейшы пыльнік пацёрся, змяўся, пазелянеў. Чорны. Ты не цураешся ні поту, Ні на далоні мазаля... А. Александровіч. Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях. Зарыцкі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, паверхня якога з’яўляецца месцам выканання, выяўлення, знаходжання чаго‑н. Эскіз на чарцёжнай кальцы. Нарысы на старонках газет і часопісаў. □ Маці золатам ніткуе Каласы на палатне. А. Александровіч. На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацаваны або на які надзеты іншы прадмет. На цвічках віселі авоські з полуднем. Грахоўскі. Хлявух з аполкаў і пунька са скрыўленымі сценамі яшчэ трымалася на старым шуллі. Чорны. // перан. Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці паняцце, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Уся.. бяда [Пракопа] была ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце. Колас. Што ж, жывым на ўме жывое — Тут няма чаму дзівіцца. Крапіва.

4. з М. Ужываецца пры абазначэнні прасторы або прадмета, у межах якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. Чорны. Праз некалькі дзён ледзь не палавіна атрада Сакольнага была на аэрадроме. Кулакоўскі. На бліжэйшай ад гарадка станцыі размясціўся і штаб экспедыцыі. Лынькоў. Ганарліва адбываем вахту На вялікім Нашым караблі. Лявонны. // Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, унутры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Ён [волат] молатам біў на заводзе, з сярпом завіхаўся ў полі, Каб вораг у новым паходзе не здужаў яго ніколі. Куляшоў. Сціхнуў шум на калідоры, Не чутно гаворкі. Колас. // Ужываецца пры адначасовыя абазначэнні і сферы месца дзеяння, і непасрэднага дачынення да гэтага дзеяння, удзелу ў якой‑н. дзейнасці. Абмяркоўваць праграму на з’ездзе. Вучыцца на курсах. Быць на канцэрце. Прысутнічаць на прыёмах. □ Хоць пасівеў стары зашмат, Але на працы, як салдат. Броўка. Лес гамоніць, Як на сходзе дзе народ. Колас. Задымелі агні на начлезе, Зашумеў кучаравы бярэзнік. Купала.

Часавыя адносіны

5. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу, да якога накіравана што‑н. Пасяджэнне пераносіцца на вечар. Збіраліся прыехаць на свята. Не адкладвай работы на потым. □ [Красікаў] запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня. Грахоўскі. // Ужываецца для ўказання на тэрмін, які непасрэдна ідзе за чым‑н. (пры словах, якія абазначаюць час, у спалучэнні з прыметнікамі «наступны», «другі», парадкавым лічэбнікам ці займеннікам «той»). На другі дзень, папаўдні, выязджаў Максімка з горада. Чорны. Сяляне вельмі сардэчна праводзілі .. [Сцёпку] і прасілі прыехаць да іх на другое лета. Колас. Нарада старшынь калгаса перанесена на наступны тыдзень. Пянкрат. // Ужываецца ў выразах «з дня на дзень», «з мінуты на мінуту» і пад. са значэннем «вельмі хутка», «у бліжэйшы з названых прамежкаў часу». // У спалучэнні з прыназоўнікам «з» (з — на) ужываецца для абазначэння часу, які непасрэдна папярэднічае якому‑н. дню, даце. У ноч з 19 на 20 красавіка мы непрыкметна паглыбіліся далёка ў тыл немцаў. Кірэенка.

6. з В. Ужываецца для абазначэння часу, калі адбываецца дзеянне. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі. Купала. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата. Колас.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, да наступлення якога адбываецца, выяўляецца што‑н. Запасацца на зіму. Стан даходаў і расходаў на першае студзеня. □ У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Колас.

8. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, на які распаўсюджваецца пэўны стан або вынікі дзеяння. На нейкую гадзіну дождж быў перастаў, а потым зноў пачало ліць. Мележ. — Мы з твайго пакалення, З кагорты байцоў, Ні на хвілю не можам Мы вешаць галоў. Куляшоў. [Надзя:] — Падарыць трэба такое, каб на ўсё жыццё памяць была. Грахоўскі.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні часу, у межах якога што‑н. адбываецца. Дождж і дождж. І гэта на пачатку верасня. Караткевіч. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны. Галавач. Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [дзедавай] памяці. Колас.

10. з М. Ужываецца пры адначасовым абазначэнні і часу, і сферы якога‑н. дзеяння або выяўлення якой‑н. уласцівасці. Аднойчы на змене, Прайшоўшы забой, Шахцёры спачыць там Прыселі на камень. Броўка. Боты ўсюды спатрэбяцца мне — І ў баях, і на маршы. Куляшоў.

Аб’ектныя адносіны

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або яго часткі, а таксама часткі цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Паставіць на падпоркі. Падняць на рукі. □ Цётка паставіла Юрку на калені. Колас. Найгорш дакучаюць ногі. На разбітыя пяты [Дарма] адразу не мог нават босы ступіць, а яму загадалі абуцца. Брыль.

12. з В. Ужываецца для абазначэння прадмета, які з’яўляецца прыладай, інструментам, сродкам для якога‑н. дзеяння. Узяць на буксір. Падзяліць на агульны множнік. □ Белым пылам даль закрыта, Ходзяць віхры вірам, Прасяваюць снег на сіта У бясконцай шыры. Колас. За разбітай шыбай плача вецер суха, Рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі... Танк. Лаўрэн пацягвае пляч[а]мі ад вячэрняга холаду, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца мерай падзелу, адзінкай вымярэння. Мераць жыта на асьміны. □ На шклянкі вада вымяраецца, Яна даражэй за віно. Астрэйка.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы або калектыву, на якія што‑н. залічваецца, якім што‑н. прыпісваецца, даручаецца. У складаць віну на чалавека. Даць даверанасць на таварыша. Застаецца ўсё на мае рукі. □ [Аржанец:] — Ты, Клімёнак, і на сябе вазьмі з гэтай ношкі хоць трошкі. Брыль.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у бок якіх накіравана дзеянне. Паўстаць на ворагаў. Адгукнуцца на заклік. Падпісацца на газеты і часопісы. Паказаць на малюнак. Раўняцца на перадавых. □ Кіну яшчэ разок вокам На лясочак, на палетак. Цётка. На нас паглядала Радзіма, Як маці на верных сыноў. Хведаровіч. Таму і сумна мне часамі, Што з дому звестак не чуваць, Што на лісты мае лістамі Не хочаце вы адказаць. Танк. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, да якіх набліжаюцца, з якімі сутыкаюцца. Разведка трапіла на засаду. □ І дзе .. [Паўлюк] ні павернецца, то ўсюды так ці іначай натыкаецца на праклятае палена. Колас. Хтосьці ў цёмным кутку наляцеў на мяне нечакана, Ледзь не збіў мяне з ног. Куляшоў.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у адносінах да якіх выяўляецца пэўнае пачуццё, стан, на якія разлічваюць, спадзяюцца. Спадзявацца на ўдачу. Надзея на выратаванне. Разлічваць на сябра. □ І толькі на сына надзея адна... Глебка. Заварожым мы на росы І на шолах ціхіх траў, Ці сапраўды мой прыгожы, Ці надоўга пакахаў? Машара. // Ужываецца пры ўказанні на тое, што выбіраюць, да чаго прыходзяць у сваіх дзеяннях (звычайна з дзеясловамі «згадзіцца», «адважыцца», «асмеліцца» і пад.). Згадзіцца на перасяленне. Адважыцца на рызыкоўны палёт. □ Каб хто прыйшоў і сказаў, што трэба рабіць, дык на ўсё пайшлі б гэтыя людзі. Чорны. У юнацтве я сніў мора. Як мне хацелася на яго хвалях Паказаць, што на ўсё я, на ўсё здатны! Кірэенка. // Абл. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, пра які забыліся ці якога чакаюць. Дзе вы, брацці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы? Гэй, дакуль на вас трэба чакаць? Купала. Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен. Пестрак.

16. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект увагі, тэму размовы і пад. Мне здавалася, што ўся ўвага застыўшых ваколіц звернута на мяне. Бядуля. І толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі. Колас. Падводчыкі ішлі па двое, па трое і .. вялі гутаркі на звычайныя .. тэмы. Гартны.

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які хочуць захапіць, падпарадкаваць сабе. Пайсці на ваўкоў. Кінуцца на канвой. □ Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. Адзін раз уночы бандыты напалі на горад. Чорны.

18. з В. Ужываецца для ўказання на аб’ект, які з’яўляецца характарыстычным прызнакам асобы ці прадмета. Майстар на ўсе рукі. Мастак на выдумкі. □ А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку, — На гэта хлопцы былі хваты. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на вобласць ці сферу, у якіх праяўляецца які‑н. прызнак. Востры на язык. Рака, багатая на рыбу. Урадлівы на жыта. Прыемны на смак. □ Вялікі паход скупы на адпачынак. Чорны. Сухое узбекскае неба, Скупое на дождж і на гром. Колас. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўі пры кожнай сялянскай хаце было не больш як тры-чатыры дрэвы. Караткевіч. // (са словамі «хворы», «хварэць», «захварэць» і пад.). Ужываецца для ўказання на назву хваробы. Хворы на сухоты. Хварэць на тыф.

19. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прыгнечанага для абмену на што‑н., для замяшчэння чаго‑н. Выменьваць жыта на пшаніцу. □ «Мая зямля», «мой поплаў», «паша», «Мой луг», «мой конь», «мае каровы» — Злінялыя, старыя словы! Пара, пара даць сэнс ім новы: Змяніць іх час на «наш» і «наша»! Колас.

20. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, з якімі адзначаецца падабенства, з якімі хто- ці што‑н. параўноўваецца. Майстэрня падобна на цэх завода. Птушка, падобная на вераб’я. □ [Надзя] бачыла твары, падобныя на тыя, што былі на газетных здымках, але хлопцы тут, на рабоце, выглядалі прасцей. Грахоўскі.

21. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або на яго частку, а таксама на частку цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Столь трымалася на падпорках. Трымаць на руках. □ Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах. Колас. Лаўрэн ляжыць на спіне, узіраецца ў нябесныя глыбіні, прыслухоўваецца да начных гукаў. Лынькоў. Калі, ачнуўшыся, .. [Ніна] паднялася на руках і села, падлога перад вачыма хісталася, хілілася набок, станавілася потырч, як сцяна. Мележ.

22. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу або калектыў, на якіх што‑н. лічыцца, якія валодаюць чым‑н., якія з’яўляюцца аб’ектам выяўлення пэўнага дзеяння, стану. На ім трымаецца гаспадарка. Засяродзіць клопаты на дзецях. □ Дзіця пабегла мацней, адчуваючы на сабе позірк незвычайнага чалавека. Чорны. Але памятайце — на вашым сумленні Не сплачаны доўг векавы. Колас. // (са словамі «жаніцца», «жанаты» і пад.). Ужываецца для ўказання на асобу жаночага полу, якая ўступае ў шлюб. Жаніцца на дачцы інжынера. Жанаты на настаўніцы.

23. з М. Ужываецца для абазначэння прадмета, пры дапамозе якога ўтвараецца дзеянне. Шыць на машыне. Весці на повадзе. Лічыць на пальцах. Паліць на агні. Пячы сала на ражончыках. □ За адзін пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт. Чорны. Дзень іграе на жалейцы, На трубе ды на ражку, На зялёным лазняку. Танк. // Ужываецца для абазначэння сродку перамяшчэння, а таксама прадмета або часткі цела, на якіх ці з дапамогай якіх адбываецца перамяшчэнне. Ехаць на машыне. Ляцець на самалёце. Імчацца на лыжах. □ Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут ясна. Астрэйка. — На чужым добры доўга не паездзіш. Чорны. На палоззях ліповых І зіма прыляцела. Броўка. І на хвалях вады ружаватай Човен твой пераплыў ужо мель. Чарот.

24. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з дапамогай якога вырабляецца ці гатуецца што‑н., на прадмет, паняцце, якія з’яўляюцца сродкам, матэрыялам ці асновай для чаго‑н. Гатаваць на масле. Засноўвацца на вопыце. Рухавік працуе на бензіне. □ Вежа тая ўвачавідкі Так расце, як на дражджах. Крапіва. На тарфяным апале, на штучных рачных вадаспадах і на нафтавых рухавіках пускаюцца электрастанцыі. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Гаварыць на англійскай мове. Размаўляць на эсперанта. □ А там дыпламаты гамоняць тактычна На мове выключна дыпламатычнай. Панчанка.

25. з М. Ужываецца пры ўказанні на што‑н. як на мяжу якога‑н. дзеяння, стану, уласцівасці. Твор свой, напісаны вершам, На гэтым канчаю. Куляшоў. І вось на словах «Хлопцы, настаў наш час...» маўклівы, ужо даволі немалады рэзервіст, які чамусьці не спяваў, зусім нечакана апаў грудзьмі ў нацельнай кашулі на замазучаную сталь «максіма». Брыль.

26. з М. Ужываецца для ўказання на сферу ці вобласць выяўлення прызнака. Горад расце на вачах. Уважлівы на занятках.

27. з М. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, на якім канцэнтруецца ўвага, гутарка і пад. Уся .. ўвага [хлапца] была засяроджана на возе. Лынькоў. У заключэнне мы хочам спыніцца на правапісе. Крапіва.

Адносіны пераўтварэння

28. з В. Ужываецца для ўказання на прадмет, у які пераходзіць або ператвараецца ранейшы прадмет. Разбіць луг на агароды. Пілаваць бервяно на дошкі. Спаліць на попел. □ «Каб свет не захлынуўся больш у крыві, Увесь расшматаны на рызманы, Давайце раззброімся: я і вы, — Начыстую і без маны». Крапіва. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на пераход з аднаго стану ў другі. Займацца на дзень. Ісці на папраўку. □ Узняўся вецер. Збіралася к н[о]чы на дождж. Чорны.

Адносіны меры і ступені

29. з В. Ужываецца для абазначэння паўнаты выяўлення якога‑н. дзеяння або прызнака. Праславіцца на ўсю рэспубліку. Пець на ўвесь голас. Закрычаць на ўсю хату. □ Мала каму верылася, што толькі год таму, як.. [Піліпчык] яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў. Чорны. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет. Глебка. // Ужываецца ў прыслоўных выразах: «на здзіўленне», «на дзіва», «на рэдкасць» і пад. Жыта там родзіцца на дзіва. Колас. Такароўцы спахмурнелі не на жарт. Бядуля.

Колькасныя адносіны

30. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькасці, меры, якія вызначаюць межы чаго‑н. Работы на адну гадзіну. Наваколле відаць на пяць кіламетраў. Купіць на два рублі. □ Абоз расцягнуўся больш як на вярсту. Колас. На сажань у глыб заплялося карэнне. Панчанка. // Ужываецца пры абазначэнні становішча ці месца прадмета або з’явы ў радзе да іх падобных. На першы раз дарую. На гэты раз нашы лыжнікі прыйшлі першымі.

31. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькаснай прыметы, якой вызначаецца ўнутраны змест ці прызначэнне чаго‑н. Купэ на чатырох пасажыраў. Абед на шэсць чалавек. □ Калгаснік, які будуецца цяпер, мала каторы ставіць хату менш як на тры, а то і чатыры чыстыя пакоі. Чорны.

32. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасную розніцу. Брат на шэсць гадоў маладзей за сястру. З’явіцца на тыдзень пазней. Пастарэць на дзесяць гадоў. Цяжэйшы на тры кілаграмы. □ Назаўтра ў саўгасе выехалі араць на гадзіну раней. Чорны. [Гудовіч:] Сапраўды — ізноў пахарашэла. [Броня:] Сур’ёзна? [Гудовіч:] Досыць сур’ёзна. Працэнтаў на пяцьдзесят. Крапіва.

Размеркавальныя адносіны

33. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасны паказчык раздрабнення, падзелу. Разламаць бульбіну на дзве часткі. Класавае грамадства падзелена на эксплуататараў і эксплуатуемых. □ [Дэсані] рэзка дзяліліся на два самастойныя гатункі — «просты» і «павучковы». Чорны. Я сам быў адзін — як лісток скамечаны, Я сам гарэў і разрываўся на часткі. Кірэенка.

Азначальныя адносіны

34. з В. Ужываецца пры ўказанні на прызнак прадмета. Казка на стары лад. □ Калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат. Колас.

35. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, наяўнасць якога характарызуе, вызначае іншы прадмет або асобу. Ганак на слупах. Туфлі на высокіх абцасах. Пірог на мёдзе. □ Вазкі на рысорах Ныраюць за ўзгоркі. Куляшоў. Гэтак адзяецца Анэта. Падрапаная за доўгі час скураная жакетка на футры, чорны шаль. Чорны.

Адносіны характару і спосабу дзеяння

36. з В. Ужываецца пры абазначэнні характару ці спосабу дзеяння, асаблівасцей выяўлення працэсу. Загаманіць на ўсе лады. Зрабіць на свой густ. Дыхаць на поўныя грудзі. □ Нам варта толькі з хаты выйсці — І ўсё на лад свой перайначым. Хадыка. І цягам доўгія часіны, Дзявочыя забыўшы сны, Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны. Багдановіч. Нават не спяваў, а проста... выгаворваў [бацька] гэтую песню, ціха, невыразна, на нескладаны матыў. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на спосаб звароту да субяседніка. [Кадравік] ужо да.. [дзяўчыны] звяртаўся на «ты». Грахоўскі. / Ва ўстойлівых зваротах; «на выгляд», «на погляд» («на першы погляд»), «на смак», «на слых» і пад. Алесю нецікавымі здаваліся французы: неспадзявана вялыя і вельмі ж многа іх, на першы погляд .. аднолькавых. Брыль. Сёння паспрабаваў прымаць [тэлеграфную перадачу] на слых. Шынклер.

37. з В. Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны, пры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. Працаваць на свежую галаву. Класціся спаць на галодны жывот. □ Неўзабаве, каля той усё школы, пачынаюць збірацца [сяляне]. Хто ў лапцях, хто ў ботах, хто ў кажушыне. Хто на скорую руку, а хто як мае быць — нават папругай падпёразаўшыся. Скрыган. Мікола наклаў воз на борздую руку. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны ці акалічнасці, куды (у якія) накіравана што‑н. Вынесці на мароз. Клікаць на волю. □ [Якуб Якубоўскі:] Дзе ты быў? І што ты бачыў?! Прасядзеў увесь век свой у запечку, баючыся носа на людзі выткнуць. Чорны.

38. з В. Ужываецца пры ўказанні на пераход да іншага спосабу ці характару дзеяння. Мы едзем, гаворыш; Шум ветру ў вушах. Дзе-недзе прышпорым Ды зноўку на шаг. Крапіва. Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім, пяску. Брыль. / Пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Перакласці на англійскую мову.

39. з В. Ужываецца пры абазначэнні ацэнкі якога‑н. дзеяння, стану, якасці прадмета. Вучыцца на пяць. □ — І ты, Юрка, гэты экзамен вытрымаў на выдатна. Пестрак. — Давайце, давайце, я згодзен. Вучыце. На чацвёрку выцягну, а пяцёрак не абяцаю. Грахоўскі.

40. з М. Ужываецца пры абазначэнні спосабу ўтварэння дзеяння або характару выяўлення працэсу. Малатарня працавала на халастым хаду. Поўзаць на карачках. □ Як толькі падымалася сонца, .. [Наташа] зноў была на нагах. Шамякін. / У прыслоўных выразах (з адценнем часавага значэння): «на хаду», «на ляту», «на скаку», «на бягу». Стары с[ч]эпшчык, ён прывык усё рабіць на хаду: на хаду прычапляць, на хаду выскакваць з-пад вагонаў, на хаду хапацца за вагонныя ці паравозныя прыступкі, на хаду скакаць каля стрэлак. Усё на хаду. Але не ўвесь жа дзень на хаду. Лынькоў.

41. з М. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, пры якіх адбываецца дзеянне ці выяўляецца які‑н. прызнак. Жыць на адзіноце. Сарамлівы на людзях. Не спыняцца на дасягнутым. □ Дзе-нідзе ў полі на межах стаялі адзінокія ігрушы і сіратліва махалі сваімі голымі галінамі.. на холадзе. Колас. Дарога ў лесе была дзе-нідзе завалена галлём, а дзе і ляжала ўпоперак верхавіна сасны або елкі з неабсечанымі галінамі, якія растапырана тырчалі на фоне дарогі. Пестрак. Безупынна шуміць калаўротак, і на шуме яго кладзецца старэчы голас бабулі. Брыль.

42. з М. Ужываецца пры ўказанні на становішча або стан, у якім хто- ці што‑н. знаходзіцца, а таксама на дзейнасць, якой хто‑н. займаецца. Стаяць на вахце. Знаходзіцца на службе. Быць на ўтрыманні. □ Мы мужна стаялі на варце Вялікіх і цяжкіх спраў. Хведаровіч.

Прычынныя адносіны

43. з В. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне якога‑н. дзеяння. Падзякаваць у адказ на віншаванне. Зрабіць скідку на маладосць.

44. з М. Ужываецца пры ўказанні на тое, што з’яўляецца асновай, прычынай ці крыніцай якога‑н. дзеяння, стану. Дзякую вам на добрым слове. □ Гарачун не супроць быў часам, каб зарабіць на чым-небудзь. Шахавец.

Мэтавыя адносіны

45. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту, прызначэнне якога‑н. дзеяння. Паставіць на абмеркаванне. Падаць руку на развітанне. Спяшацца на дапамогу. Выклікаць на спаборніцтва. Пайсці на спачын. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць. Колас. Прамчаць над борам самалёты, На бойку рушацца палкі. Броўка. Сюды збіраецца на абед уся іх брыгада. Грахоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці стан як мэту, на дасягненне якой накіравана дзеянне. Патраціць грошы на дарогу. Ірваць кветкі на вянкі. □ Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі. Колас. Цемнавата здалося з двара і дыхнула водарам сушаных траў, што тырчалі пучкамі з-пад бэлькі, сабраныя на чай і лекі. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на мэту (з адценнем акалічнасных адносін) у выразах, блізкіх да прыслоўяў. Даць на памяць. □ Куторга, як і трэба было чакаць, быў выстаўлены на пасмешышча. Майхровіч. // Ужываецца пры ўказанні на прызначэнне прадмета. Сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў. Шоўк на сукенку. // Ужываецца пры ўказанні на занятак, дзеля якога прызначаецца які‑н. адрэзак часу. — Найшлі час на размовы. Лынькоў. [Адам:] — Раскажацца ўсё. Будзе на гэта час. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на выпадак, нагоду. Верш Янкі Купалы «На смерць Сцяпана Булата». // Ужываецца пры ўказанні на эмацыянальную ацэнку якога‑н. дзеяння, падзеі. Жыві нам на радасць. Ешце на здароўе. Зрабіць на зло ворагу. // Ужываецца пры абазначэнні матыву, падставы якога‑н. дзеяння. Падараваць на беднасць. Берагчы на ўсякі выпадак.

46. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, калектыў, для якога ці ў інтарэсах якога што‑н. адбываецца. На ўсіх не дагодзіш. □ Сцёпка некалі на пана Працаваў, як чорны вол. Крапіва. Відаць, спецыяльна на .. [жанчыну] пашыты кажушок. Колас. Стары Наздрэйка захацеў каня падкарміць, каб лепш плуг цягнуў, як паедзе на жыта араць. Крапіва.

47. з В. Ужываецца пры ўказанні на званне, спецыяльнасць, прафесію, з мэтай дасягнення ці авалодання якімі адбываецца дзеянне. Вучыцца на ўрача. □ Лепшай, чым Шаройка, кандыдатуры на старшыню калгаса знайсці было нельга. Шамякін.

на 2, часціца.

1. Вазьмі, бяры; атрымліваў. Марыля адышла, пакорпалася ў скрыні. — На табе нагавіцы чыстыя, надзень. — Хацела кінуць ношаную пару палатнянай бялізны на лаву, ды назад палажыла: — Дам я табе ўжо новыя.. Насі здароў. Лобан. На табе, божа, што мне нягожа. Прыказка.

2. Ужываецца для падзывання сабакі. — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я.. [сабаку]. Колас.

•••

Вось табе і на! гл. вось.

На табе — вокліч здзіўлення, расчаравання, выкліканага нечаканасцю, неспадзяванасцю чаго‑н. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, .. а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала. [Аканом:] — Ты павінен падганяць лайдакоў, а ён — на табе — у іх дудку іграе. С. Александровіч.

на 3, прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў з наступнымі значэннямі: 1) накіраванасць дзеяння на паверхню прадмета, сутыкненне з прадметам, напрыклад: наехаць, набегчы, наляцець, наскочыць, наплыць; 2) накладванне, змяшчэнне на прадмет, напрыклад: насадзіць (вілкі на ражон), нака́паць, наклеіць, наляціць, пакінуць (паліто на плечы); 3) ажыццяўленне дзеяння на паверхні прадмета (утварэнне на паверхні прадмета налёту, наросту, накіпу і г. д.), напрыклад: нагарэць, накіпець, намерзнуць, насохнуць; 4) паўната, дастатковасць дзеяння — а) пашырэнне дзеяння на вялікую колькасць прадметаў, напрыклад: набудаваць, накапа́ць, насеяць, наскубці; б) напаўненне чаго‑н. чым‑н., напрыклад: напхаць (сяннік), наліць (шклянку чаю); в) вычарпальнасць дзеяння, напрыклад: начысціць (гузікі да бляску), нашараваць (падлогу); 5) задаволенасць дзеяннем самога суб’екта (са зваротнымі дзеясловамі), напрыклад: наесціся, наляжацца, нагаварыцца, насмяяцца, нагуляцца, нагушкацца.

II. Утварае дзеясловы закончанага трывання, не ўносячы якіх‑н. іншых істотных значэнняў, напрыклад: напісаць, нагадзіць. // Утварае дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, якія маюць прыстаўку [а, аб, ад, вы, з (с), пад, пра, пры, раз (рас), уз, у], са значэннем вялікай колькасці, празмернасці дзеяння, напрыклад: наабіраць, наабломваць, наадбіраць, навыдумляць, наздзіраць, нападвязваць, напракопваць, напрыклейваць, наразбіваць, наўкопваць.

III. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў і назоўнікаў са значэннем «знаходзіцца на паверхні чаго‑н., на чым‑н.», напрыклад: наземны, нацельны, накаленны, накаленнікі, нарукаўны, нарукаўнікі, наручны, наручнікі.

IV. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў са значэннем «на які‑н. тэрмін, у якім‑н. напрамку, у якой‑н. меры, ступені», напрыклад: назаўсёды, напроці, напоперак, настолькі, наколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)