Туры́ст ‘падарожнік, вандроўнік’ (ТСБМ, Вруб.), туры́сты ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычанне праз рускую (тури́ст) або польскую (turysta) мову з франц. touriste ‘тс’, што з англ. tourist ‘тс’ (Арол, 4, 119). У аснове франц. tourner ‘вярцець, абарочваць’, гл. тур 2, турнэ. Сюды ж туры́зм ‘падарожжы, вандроўкі для адпачынку і ў пазнавальных мэтах’ (ТСБМ) — запазычана праз рускую мову (туризм) з франц. tourisme ‘прагулка, паездка’, туры́стыка ‘тс’ (Вруб.) — праз польск. turystyka ‘занятак турызмам’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэмп 1 ‘ступень хуткасці, развіцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), те́мпо ‘тс’ (Вруб.). Еўрапеізм, пранікненне праз рускую мову (темп), дзе з XVIII ст. выводзіцца з ням. Tempo ці непасрэдна з італ. tempo < лац. tempus ‘тс’ (Фасмер, 4, 41; Арол, 5, 59); беластоцкае слова праз польск. tempo ‘тс’ таго ж паходжання.
Тэмп 2 ‘гатунак бульбы’ (Брасл. сл.), тэ́мпа ‘тс’ (слонім., Расл. св.). Ад рэгіянальных варыянтаў назваў гатунку, першапачаткова тэмп (БелСЭ, 2, 464), гл. тэмп 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэ́нер ‘спецыяліст, які кіруе трэніроўкай’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мову з англ. trainer ‘трэнер, інструктар, дрэсіроўшчык’. Аналагічна: трэ́нінг ‘трэніроўка’ (ТСБМ), трэнава́нне ‘тс’ (Некр. і Байк.), трэнава́ць ‘праводзіць трэніроўкі’ (Некр. і Байк.) і трэнірава́ць ‘навучаючы каго-небудзь, праводзіць сістэматычныя практыкаванні па чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘тармазіць (плыт)’ (шальч., Сл. ПЗБ); параўн. да апошняга англ. train ‘шэраг, ланцуг, гуж’, ‘чарада’. Сюды ж трэніроўка ‘навучанне маладога сабакі да палявання’ (Сцяшк.). Гл. Брукнер, 576; ЕСУМ, 5, 629; Арол, 4, 98.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Туліпа́н ‘цюльпан, Tulipa L.’ (Некр. і Байк.), тулі́пан ‘тс’ (Вруб.). Параўн. у беларускім ідышы tulpán ‘тс’. З польск. tulipan ‘тс’, якое з ням. Tulipan (суч. скарочанае ням. Tulpe ‘тс’) або франц. tulipan ‘тс’. Праз Балканы (балканскі турцызм) прыйшло з перс. tülbend ‘турбан’: чаша кветкі была падобная да галаўнога ўбора (Борысь, 653; Арол, 4, 128). У Беларусі названая форма выкарыстоўвалася ў 1920‑х гадах, у 1940‑х прапаноўвалася тульпа́н, а ў пасляваенны час — цюльпан (Любецкая, Беларусіка, 34, 187).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Турбі́на ‘рухавік, які выкарыстоўвае рух вады, пары ці газу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘вялікае кола ў вадзяным млыне’ (Скарбы₂). Праз рус. турби́на ці польск. turbina ‘вярчальны рухавік’ з франц. turbine ‘тс’ (Арол, 4, 118 — з ням. Turbine), якое штучна было ўтворана на аснове формы Р. скл. turbinis (SWO, 1980, 783; ЕСУМ, 5, 679) ад лац. turbō ‘вір, віхор, віхура, бура, вярчэнне’ ці turbineus ‘віхравы’, роднасных ст.-грэч. τύρβη ‘бязладдзе’, лац. turba ‘сумятня, натоўп’ (Чарных, 2, 272; Даза, 732).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́шчы ‘худы, шчуплы, пусты, парожні’ (Ласт.), тушчэ́ць ‘марнець, знясільвацца’ (там жа). Суадносіцца з тшчы ‘пусты, дарэмны’, то́шчы ‘худы, шчуплы, пусты’ (гл.) у рознай ступені вакалізму, параўн. тухнуць, тхнуць, тохнуць, гл. Разам з прасл. *tъštь ‘парожні’, літ. tùščias ‘пусты, парожні, нікчэмны’, лат. tukšs ‘тс’, ст.-інд. tucch(y)ah ‘тс’ узыходзяць да і.-е. *teus‑/*tus‑ ‘парожні, апаражняць’ (Смачынскі, 696; Борысь, 92; ЕСУМ, 5, 612; Арол, 4, 91). Сюды, відаць, і ту́шчыцца ‘засмучацца ў час наступлення хваробы’ (гор., Мат. Маг.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сцеп ’стэп, бязлесная роўная мясцовасць’ (Бяльк., Косіч, ТС), степ ’тс’ (Растарг.). Гл. стэп; формы з цеканнем, магчыма, сведчаць пра архаічны характар слова, у сувязі з чым уяўляе цікавасць алб. step ’вострая вяршыня; вяршыня скалы’, якое Арол (Этимология–1983, 140) разглядае як доказ існавання ў паўднёваславянскім арэале адпаведніка прасл. *stьpь ’гара, узвышша’, што ўзгадняецца з перанесеным анатамічным тэрмінам прасл. *stьpь ’спіна’ (Куркіна, Этимология–1983, 24); паводле Борыся (Etymologie, 408), зыходнае значэнне для славянскіх лексем ’штосьці крутое, застыўшае, цвёрдае’. Гл. і сцяна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Труні́ць ‘злосна жартаваць, іранізаваць’ (Юрч. СНС, Рэг. сл. Віц.), труне́нне ‘злосныя жарты’, сюды ж тру́ніт (г. зн. тру́нетый) ‘чалавек, над якім даўно жартавалі’, трунёмшы ‘звыклы жартаваць’: ён ня можыць мінуты пражыць ні трунёмшы, труне́ннік ‘той, хто злосна жартуе’ (Юрч. СНЛ). З рус. труни́ть ‘тс’, подтру́нивать ‘тс’, якое Фасмер (4, 109) суадносіць з труд (з пытальнікам). Варбат (РР, 1976, 6, 71–75) выводзіць дзеяслоў з першаснага труни́ть ‘брудзіць, смеціць, церушыць’ (гл. трунне), што ўрэшце ўзыходзіць да *terti, гл. церці (Арол, 4, 108).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́ндра ‘паўднёвая зона Арктыкі з бязлессем, вечнай мерзлатой’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. ту́ндра з фін. tunturi ‘высокая бязлесная гара’ ці з саам. кольск. tundar, tuoddar ‘гара’, саам., нарв. duoddâr ‘шырокая лысая гара’ (Каліма, Ostseefm., 227–228). Пасля засялення рускімі Сібіры слова пачало ўжывацца і ў адносінах да раўнінных земляў, параўн. зах.-тунг. dundra ‘зямля’, эвен. dunre̥ ‘тайга’, дундрэ ‘зямля, грунт, магіла’ альбо манс. tunrä, якуц. tūndara ‘бязлесная прастора’ (Фасмер, 4, 120–121; Голуб-Ліер, 493; Арол, 4, 117; Анікін, 576).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ты́гель ‘пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ты́гель, ты́глік ‘гаршчок для плаўкі металаў’ (Ласт.), тыге́лік, тыде́лёк ‘тыгель (патэльня)’ (Сл. Брэсц.), тыгелёк ‘каструля’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tygiel, tyglik, tygielek, tegiel, якія з с.-в.-ням. tigel, tëgel ‘гаршчок, слоік’ (Махэк₂, 663; Брукнер, 567), нова-в.-ням. Tiegel ‘нізкі гаршчок, патэльня’, апошняе ўзыходзіць да італ. старога teglia ‘патэльня’ < позналац. tēganum < ст.-грэч. τήγανον ‘тс’ (Фасмер, 4, 56; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 70).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)