Ёлкі ’ёлкі, горкі’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Янк. II, Янк. Мат., Гарэц., Яруш.). Укр. ілкий, рус. ёлкий, польск. jełki, iłki ’тс’. Аднак паралелі не абмяжоўваюцца ўсх.-слав. і, магчыма, польск. моўнай тэрыторыяй. Махэк₂ (729) выводзіць чэш. žluknouti ’прагоркнуць’ з *jьzjьlъk‑nǫti, а Гадравіц (ZfS, VII, 1962, 651–652) сюды ж адносіць серб.-харв. žlkak, славен. žolhek ’горкі, ёлкі’. Такім чынам, слова мае рысы праславянскага ўтварэння, можа быць рэканструявана, як еlъkъ < еlъ (й — аснова) + рэгулярная для гэтай асновы ‑къ‑суфіксацыя; еlъ у сваю чаргу ад оlъ (балта-слав. назва піва) (Трубачоў, Эт. сл., 6, 22).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аба́бак ’падбярозавік, Boletus scaber’. Ці суадносіцца з абабак ’бабка, укладка снапоў на полі’ («Ставіць снапы ў абабак»), (а)бабак ’ахапак ільну’, абабка ’абадраны ліпавы або вязавы пень, на якім расце сучча’. Больш верагодна Мяркулава, Очерки, 176–177, якая звязвае абабак з бабець ’маршчыніцца’ (гл.), параўн. рус. арх. обабня ’вялікі грыб’. Слова, відаць, пераважна беларускае і рускае (зах. і паўн.). Параўн., аднак, чэш. obabka ’грыб’, якое разам з рускімі словамі Кіпарскі (NM, 53, 441) адносіць да баба ’пень’ (як рус. опёнок да пень) (гл. Якабсон, Word, 7, 187). Спрэчна. Усх.-слав. баба, бабка часцей назва грыбоў (параўн. бел. бабка ’абабак’). Лінгвагеаграфія слова не дазваляе яго лічыць праславянскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дбаць ’клапаціцца’. Засведчана ўжо ў ст.-бел. мове: дбати (гл. Булыка, Запазыч., 88). Паводле Кюнэ (Poln., 50), бел. лексема запазычана з польск. dbać ’тс’. Кюнэ (там жа) аргументуе магчымасць запазычання з польск. мовы тым, што гэта слова вядома толькі ў зах. славян. Булыка (там жа) таксама лічыць слова запазычаным. З іншага боку некаторыя этымолагі лічаць бел. дбаць, укр. дба́ти спаконвечна славянскімі лексемамі, якія зыходзяць да прасл. *dъbati (так мяркуе, напр., Слаўскі, 1, 142, але без рус. матэрыялу). Да прасл. *dъbati адносіць бел., укр. і рус. (рус. дыял. дбать) Трубачоў; гл. яго дадатак да Фасмера, 1, 486 (пад дбать), а таксама Трубачоў, Эт. сл., 5, 172–173. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагаловіч ’перакладзіна паміж вушакамі над дзвярамі’ (браг., Шатал.), ’верхні брус над акном’ (рэч., Мат. Гом.), сюды ж на́галавень ’вушак над варотамі’, ’брус над дзвярамі’ (маст., Шатал.), нагловень ’тс’ (браг., Шатал.). Да галави на аснове метафары («галава дзвярэй»), параўн. іншую назву рэаліі — шапка; цікавую паралель даюць польск. nagłówek, nagłówka ’архітэктурная дэталь; пліта, якая накрывае капітэль’, н.-луж. nagłowk ’верхні брус над дзвярамі’ і інш., якія могуць мець і першаснае значэнне ’шапка, шалом’ (’тое, што знаходзіцца на галаве’, параўн. Шустар-Шэўц, 13, 982); адсутнасць апошяга значэння ў бел. слова, таксама як і арыгінальнае словаўтварэнне, не дае падстаў адносіць яго да запазычанняў, хаця яны характэрны для народнай тэрміналогіі цяслярства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напрану́ць ’накрыць’: Напрані яе радном (гродз., З нар. сл.), напрануцца, напрянуцца ’накрыцца’: Лісцяйкам напрянуся (Кос.), Napranùŭsia każuchóm (Пятк.); напрануць, напрянуць ’надзець, апрануць’ (Нас., Бяльк., Пал., Мат. Гом., Ян.), напрянуцца ’адзецца, апрануцца’, ’укрыцца’ (Нас., Мат. Маг.), рус. дыял. напрянуть ’надзець, накінуць’, укр. напрянути ’пакрыць, накрыць, нацягнуць’, незак. напрядати. Відаць, да прасл. *prędati, шматзначнага дзеяслова, які сярод іншых меў значэнне ’рабіць рэзкія рухі’ (параўн. рус. конь прядет ушами), ’накідваць’, гл. прадаць ’бегаць’ (Растарг.), прануць ’стукнуць, ударыць’ (Нас.); збліжэнне з *prętati ’хаваць’ праз стадыю ’прыбіраць’, ’нараджаць і хаваць нябожчыка’, ’апранаць’, да якога Мяркулава (Этимология–1974, 67) адносіць бел. напрануць, напрануцца, можа быць другасным, параўн. апранаць. Гл. таксама напра́тка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сно́ўдаць, сно́ўдацца ‘хадзіць, рухацца туды і сюды (часцей без мэты)’, ‘бадзяцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк., Касп., Сцяшк., Варл., Жд. 3, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; мёрск., Нар. лекс.), ‘снаваць’ (Байк. і Некр.), сну́дацца ‘тс’ (Шат.), сно́ўдацца, сны́даць ‘тс’ (Касп.), сна́ўдацца ‘валачыцца’ (Ян.), снаўда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж снаўда́ль ‘хто ходзіць без справы’ з літ. snaudãlius ‘соня’ (там жа). Лаўчутэ (Балтизмы, 73) адносіць да балтызмаў, параўн. літ. snaudà, snaudala ‘чалавек, які любіць паспаць’ < snausti ‘драмаць’, ‘быць павольным, марудным’. Розніца ў значэннях узнікла, відаць, пад уплывам снаваць ‘хадзіць туды і сюды’ (гл.). Гл. таксама Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y. — London, 1968, 246. Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́йкі (прым.) прыгожы, харошы’ (Інстр. лекс., Сцяшк. МГ). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки (ба́йка) ’нядрэнны’ і польск. bajki ’тс’. Цяжка сказаць, адкуль паходзіць гэта слова. Зыходзячы з геаграфіі (зах.), магчыма, запазычанне з польск. мовы, дзе гэты выраз вельмі пашыраны ў гаворках. Карловіч (1, 38) адносіць польск. bajki да bajka ’дробязь, глупства, лухта’ (параўн. ба́йка1).

Ба́йкі (прысл.) ’многа’ (Сцяшк. МГ), ’надта многа, вельмі’ (Інстр. лекс.), нішто сабе’ (Бесар.). Гэтаму прыслоўю, бясспрэчна, звязанаму з ба́йкі (прым.), ёсць дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки, ба́йка (прысл.) ’нядрэнна, нічога сабе, не бяда’ і ў польск. мове (bajki). Зыходзячы з геаграфіі слова ва ўсх.-слав. мовах (толькі зах. гаворкі) і з пашырэння яго ў польск. мове, можна думаць пра запазычанне (з польск.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канава́л ’лекар без спецыяльнай ветэрынарнай адукацыі, які займаецца лячэннем і накладаннем коней і быкоў’, ’дрэнны ўрач, невук у медыцыне’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 1; мазыр., З нар. сл.; навагр., Нар. словатв.). Укр. коновал, рус. конова́л, арханг., ленінград., наўг. конева́л. Ст.-рус. коневалъ, коновалъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. konawał ’тс’ (Фасмер, 2, 311), якое з koń ’конь’ і walić ’паваліць’, напр. рус. вали́ть (каня, быка) ’пакладаць’ з першаснага значэння ’той, хто валіць (кладзе) каня перад пакладаннем’. Аднак Слаўскі (2, 426) гэту лексему адносіць у разрад прасл. (паўн.-слав.) konovalъ. І Трубачоў (Эт. сл., 10, 194) разглядае яе як прасл. разам з іншымі, падобнымі да яе: konoderъ ’каналуп’, konokradъ ’канакрад’, konopasъ ’канапас’, konoščipъ ’мядзведка, Grillotalpa vulgaris’ konovęzь ’канавязь’, konovodъ ’канавод’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лохнуць1 ’прагнуць’ (стаўб., Сл. бел. нар. фраз.; Жд. 2). Прасл. loknǫti — дзеяслоў закончанага трывання ад lokati ’хлябтаць’, параўн. бел. локаць ’піць’ (Нас.). Этымалогію гл. лакта́ць. Параўн. таксама Слаўскі (5, 151–153, 160). Куркіна (Этимология–72, 75) супастаўляе славен. lohnẹ́ti ’адчуваць, імкнуцца, патрабаваць’ са славац. lochať ’хлябтаць’, láchať ’хацець, піць’, укр. лохати(ся) ’адчуваць голад’ і зводзіць іх (і іншыя) да асноў: lox‑/las‑/laš‑. Сюды яна адносіць і ўкр. ло́хнути ’быць у адчаі’, ’сумаваць’, параўн. наступнае слова.

*Лохнуць2, лохнути ’сумаваць, трывожыцца’ (Бес.), рус. гло́хнуць ’сумаваць, быць у адзіноце’, польск. głuchnąć ’сціхаць, замаўкаць’, балг. глъ́хна ’сціхаць’, ’заглушацца пустазеллем (аб расліне)’, глʼкна ’перастаць плакаць, страціўшы голас’. Прасл. gluxnǫti/glъxnǫti (Трубачоў, Эт. сл., 6, 145 і 157). Да глухі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слізі́ць ‘сачыцца’, ‘мокнуць (пра рану)’ (Сл. ПЗБ, ПСл), слі́зіць, слізі́ць ‘тс’ (ТС), сюды ж, відаць, і слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.). Параўн. укр. слизи́ти ‘сачыцца’, славац. sliziť ‘прапускаць вадкасць’, славен. slizéti ‘сачыцца’, серб.-харв. слизити ‘паціху цячы, сачыцца’, slíziti ‘тс’, балг. дыял. слизи ‘паціху прасочваецца праз якую-небудзь перашкоду, сочыцца’. Борысь (Czak. stud., 82) адносіць сюды і ўкр. сли́знути ‘таяць’, н.-луж. śliznuś ‘таяць, распускацца (пра снег, масла)’, старое польск. śliznąć ‘пакрывацца сліззю, рабіцца слізкім (пра мяса і інш.)’, śliżeć ‘станавіцца слізкім, вільготным (пра сала)’, славен. slizniti ‘таяць (пра снег, масла)’ і рэканструюе прасл. *sliziti ‘выдзяляць з сябе вільгаць, слізь’, што суадносіцца з *slizъkъ (з суф. ‑ъkъ), гл. слізкі, слізь. Параўн. БЕР, 6, 878; SEK, 4, 309.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)