Сон1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susan ‘лілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσον ‘лілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прышчапі́ць 1, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Перасадзіць, частку жывой расліны (вочка, чаранок) на тканку другой, каб перадаць пэўныя ўласцівасці. Аднак жа ў мяне і рука такая лёгкая: бывала, што ні пасаджу, што ні прышчаплю — усё прымецца. Кулакоўскі. // Надаць расліне якія‑н. ўласцівасці шляхам перасадкі на яго часткі другой расліны. «Мы выгадуем і прышчэпім сорак тысяч дзічак», — казаў камандзір на агульным сходзе. Паслядовіч.

2. Увесці ў арганізм вакцыну, каб папярэдзіць або вылечыць якую‑н. хваробу. Прышчапіць воспу.

3. перан.; каму-чаму. Дамагчыся засваення (якой‑н. думкі, пачуцця, навыкаў і пад.). Кожны [з настаўнікаў] любіць свой прадмет, імкнецца прышчапіць гэтую любасць вучням. Дубоўка. Бацька тады пачаў як мае быць прывучаць сына да сальнай справы, думаючы ўтлумачыць сыну і на практыцы прышчапіць яму гандлярскую дыпламатыю, каб пасля ён мог павялічыць маштабы свайго фамільнага таленту. Чорны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Шамякін.

прышчапі́ць 2, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Зачыніць на зашчапку; зашчапіць. [Рыгор] уварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзверы, і, не распранаючыся, сеў за пісанне. Гартны.

2. Прычапіць пры дапамозе якой‑н. прышчэпкі, зашчапкі. Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Жыць дзе‑н. зімой, заставацца дзе‑н. на зіму. Зімаваць на палярнай станцыі. □ На пустых званіцах зімавалі кажаны. Чорны. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць .. [на балоце], бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой. Колас. // Быць пакінутым на зіму, у племя (пра жывёлу). Зімавала дваццаць авечак.

2. Пераносіць холад, знаходзячыся ў грунце (пра расліны). Яравыя культуры ў нашых раёнах не могуць зімаваць.

•••

Зіму зімаваць — перабываць дзе‑н. зімовы час.

Пазнаць, дзе ракі зімуюць гл. пазнаць.

Паказаць, дзе ракі зімуюць гл. паказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мець прывычку кусаць (у 1 знач). Сабака кусаецца. // Кусаць каго‑н. Авадні кусаюцца. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. Па вяселлі бабы пытаюцца: — Як? Нявестка добра кусаецца? Бічэль-Загнетава.

2. Кусаць адзін аднаго; грызціся (пра сабак, звяроў).

3. перан. Мець уласцівасць раздражняць, пячы скуру (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). Крапіва кусаецца. □ Мама сказала, што позна, што ноч на дварэ, а мароз сёння гэтак кусаецца, гэтак цісне! Брыль. / Пра каляную тканіну або пра вырабы з грубай шэрсці. Зрэбніца .. [Гальяшу] муляла, кусалася. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што.

1. Даглядаючы, выхоўваючы, забяспечваць рост, развіццё каго‑н. Гадаваць дзяцей. // Разводзіць, вырошчваць (жывёлу, расліны). Гадаваць цяля. Гадаваць сад. // перан. Быць асновай развіцця, існавання чаго‑н. Цвітуць палі ў адзенні новым, Гадуюць новыя сады. Колас. З сонцам гадуе зямля вінаграды. Купала.

2. Адрошчваць (валасы, ногці і інш.). Гадаваць бараду.

3. перан. Абдумваць у дэталях, выношваць (думку, план і пад.). У кожнага мара свая залатая, Якую мы песцім, гадуем і любім. Панчанка. [Кляновіч] кожны дзень гадаваў у душы нешта такое, што ў плыні афіцыяльнай работы лічыў самым галоўным. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.

•••

Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.

Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свая́к, ‑а, м.

Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парэ́чкі, ‑чак; адз. парэчка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Пташнікаў. Грышка пераскочыў цераз плот у сад, пасля папоўз між кустоў парэчак і агрэсту аж у канец саду, дзе ўжо пачынаўся лес. Чарот. Ідуць радамі ў шапках шэрых Кусты парэчак і ажын. Глебка.

2. зб. Кіславата-салодкія ягады гэтай расліны чырвонага, жоўтага або чорнага колеру. Віно з парэчак. □ І я, задаволены гэткай сустрэчай, Успомніўшы Прыпяць і вёску сваю, Купіў на дарогу празрыстых парэчак ў жанчыны, падобнай на маці маю. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сынак, ‑нка, м.

1. Няродны сын для мужа ці жонкі ў сямі (родны аднаго з іх). Раіна разумела, што Лёнік не сваё дзіця Антосю, пасынак. Марціновіч. [Мачыха] адчувала холад, якім заўсёды веяла на яе ад падчарыцы і пасынка, аднак гэта яе вельмі не абыходзіла. Васілевіч. // перан. Пра таго, хто пераносіць якія‑н. нягоды, пра каго мала клапоцяцца, каму мала ўдзяляюць належнай увагі. Узняўся гоман пратэсту: чаму гэта ў раёне ёсць сынкі і пасынкі? Дуброўскі.

2. Бакавы парастак, атожылак у расліны. Вакол свежага зрэзу вярба выкінула цесны круг крывава-зялёных пасынкаў. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элі́та, ‑ы, ДМ эліце, ж.

1. Спец. Лепшае, адборнае насенне, расліны або жывёлы, атрыманыя ў выніку селекцыі і прызначаныя для далейшага развядзення. Эліта пшаніцы. Эліта бульбы. □ [Юстын:] — А потым штогод мы ўсё большае і большае поле палескай элітай засявалі і ўвесь ураджай на насенне захоўвалі. Краўчанка. // Сам адбор такіх раслін або жывёл. Метад эліты.

2. Лепшыя прадстаўнікі грамадства або якой‑н. яго часткі. Эліта рабочага класа. Тэатральная эліта. // У эксплуататарскім грамадстве — асобы, якія належаць да так званага вышэйшага класа; група асоб, якая ажыццяўляе кіруючыя функцыі ў грамадстве. Правячая эліта.

[Фр. élite — лепшы, адборны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)