гадаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што.

1. Даглядаючы, выхоўваючы, забяспечваць рост, развіццё каго‑н. Гадаваць дзяцей. // Разводзіць, вырошчваць (жывёлу, расліны). Гадаваць цяля. Гадаваць сад. // перан. Быць асновай развіцця, існавання чаго‑н. Цвітуць палі ў адзенні новым, Гадуюць новыя сады. Колас. З сонцам гадуе зямля вінаграды. Купала.

2. Адрошчваць (валасы, ногці і інш.). Гадаваць бараду.

3. перан. Абдумваць у дэталях, выношваць (думку, план і пад.). У кожнага мара свая залатая, Якую мы песцім, гадуем і любім. Панчанка. [Кляновіч] кожны дзень гадаваў у душы нешта такое, што ў плыні афіцыяльнай работы лічыў самым галоўным. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)