уме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак., звычайна з інф.

Валодаць уменнем, навыкамі рабіць што‑н. Умець танцаваць. Умець іграць на скрыпцы. □ І стралок з.. [дзеда Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас. [Максім Астапавіч] умеў ставіць ветракі. Чорны. Абходчык я дарожны, Люблю людзей і свет І на дарозе кожны Чытаць умею след. Непачаловіч. // Быць абучаным чаму‑н., валодаць якім‑н. майстэрствам. — Кожны год я табе сеяць не буду, — сказаў [Ян]. — Гаспадар павінен умець усё. Чарнышэвіч. Людзей, якія ўмелі грамаце, можна было палічыць на пальцах. Сабаленка. // Валодаць якой‑н. здольнасцю, быць здольным да чаго‑н. [Таўлай] любіў хораша марыць, але зусім не ўмеў хваліцца. Брыль. [Уэст] умеў быць стрыманым, асцярожным і вёў усе свае справы з вялікім поспехам. Гамолка. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе [Глушко] ні пры якіх пераменах. Навуменка. // Магчы зрабіць што‑н. Не толькі есці без цябе не ўмеем, Мы без цябе не ўмеем, мама, жыць. Тармола. Косы мядзяныя, косы — як змеі... Іх параўнаць ані з чым я не ўмею! А. Вольскі. Чаго не бывае ў жыцці, часам трэба ўмець і дараваць. Арабей.

•••

Не ўмець звязаць двух слоў — тое, што і не магчы звязаць двух слоў (гл. магчы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апрата́ць (БРС), апра́тваць (Сцяц.), апря́тывыць, ‑цца (Бяльк.), апра́та́цца (Сцяшк.); апра́таць, ‑ацца, ‑ваць ’агледзець, памыць (дзіця, сябе, хворага, нябожчыка)’ (Янк. II); апратка (Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Жд.), опратка (Клім.), вопратка (БРС). Рус. дыял. опрятывать(ся) ’прыбіраць, прыводзіць у парадак; памыць, вычасаць, апрануць; пахаваць нябожчыка, абмыць, адзець яго’, рус. опрятный ’ахайны’ (аб яго паходжанні Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 180–181; Львоў, РР, 1968, 3, 66), укр. опрятувати, опратувати, прятати, опратати ’прыбраць; апрануцца ў прыгожае адзенне’; прятати ’ўбіраць, хаваць нябожчыка’; апратний ’ёмкі’ (Паламарчук, ЛБ, 6), польск. oprzątač ’убіраць, у прыватнасці наглядаць за дамашняй жывёлай’, sprzątać ’прыбіраць, убіраць’, славац. spratať ’убіраць, хаваць; есці’, spratný ’ёмкі; уступчывы (пра чалавека)’, балг. опретвам ’пачынаю працу, рыхтуюся да працы’, за̀претвам ’пачынаю працу, закасваю рукавы’, серб.-харв. за̀претати ’засыпаць вуголле попелам’, магчыма (паводле Праабражэнскага, Фасмера), славен. spréten ’спрытны, лоўкі’, ст.-бел. опрятка (Анічэнка, Праблемы філал., 11), опратали ’абмылі’ (1562, Карскі, Труды, 206). Ст.-рус. опрятати ’ўбраць, укрыць; падрыхтаваць нябожчыка да пахавання’, опрятатися ’прыбраць сябе, падрыхтавацца да смерці’, ст.-слав. пратѧти ’ўціскаць, стрымліваць’. Апратаць ад *pręt(ati) ’хаваць’ (// *prǫt‑) з развіццём значэнняў: ’пакрываць’ > ’апранаць’ > ’чапурыцца’ ці ’хаваць непатрэбныя рэчы’ > ’убіраць’ > ’мыць’; ’хаваць нябожчыка’ > ’рыхтаваць да пахавання’ > ’мыць’. Гэтыя значэнні ў сваім развіцці перакрыжоўваліся. Беларуская мова найбольш развіла ў словах вопратка (апратка), апратаць значэнні ’адзець’, што дае пэўную падставу для сцвярджэнняў аб «уласнабеларускім» характары згаданых слоў (адпаведныя рускія і ўкраінскія факты пашыраны найбольш на тэрыторыі, блізкай да Беларусі). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64. Гл. апранаць 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надзе́і ’дажджавыя чэрві’ (в.-дзв., расон., Сл. ПЗБ), рус. надей ’ўсё, што надаецца для прынады на вуду (чарвякі, матыль і пад.)’, ’чарвякі, вусені’, ’гнаявыя чарвякі’, ’глісты’, надейна ’чарвяк; вусень’, ’земляны чарвяк’. Цёмнае слова. Можа выказаць некалькі версій, якія пры адсутнасці надзейнай этымалогіі маюць права на існаванне. Магчымая версія — ад надзець, параўн. ст.-слав. надѣти трьвь на жднцж, тады да *άέϋ, форма адз. л. магла быць аманімічнай назоўніку надзея ’спадзяванне’, параўн. у сувязі з гэтым звязанае з рыбалоўствам на́жа ’ўдача’: на езі нема нажы, не ловяцца (ТС), а таксама рус. надены ’надзеі’ і наденка, надеенка ’земляны чарвяк’, г. зн. магчыма табуізацыя сапраўднай назвы і яе замены эўфемізмам з мэтай «паспрыяць» рыбнай лоўлі. Аднак нечаканая смаленская паралель гнадейка ’дажджавы чарвяк’ (СОС, 2) з пачатковым г прымушае разгледзець і іншыя магчымасці этымалагізацыі слова, пры якіх улічваецца гэты факт, што можа атрымаць розную інтэрпрэтацыю. Паводле Мяркулавай, побач з шырока вядомым у славянскіх мовах працэсам з’яўлення g- пратэтычнага перад плаўнымі маюцца выпадкі страты этымалагічнага g перад n і l (Этимология–1983, 67–68; спецыяльна: Пятлёва И. П. К вопросу о g протетическом в слав. яз. Этимология–1976, 51–55), параўн. ніда ’гніда’ (Сл. ПЗБ). Калі прыняць у якасці зыходнай форму з г‑, то можна яе выводзіць са спалучэння к надзе (ад надзіць ’прыманьваць’, параўн. пры‑нада ’прыманка’), падобна да таго, як рус. дыял. гнадобить ’берагчы, капіць’ выводзяць са спалучэння к надобе, пры надоба ’патрэбная рэч’ (Фасмер, 1, 410), або славен. gnaditi (= naditi) ’загартоўваць’ параўноўваюць з серб.-харв. кнадити і пад. (Дэбеляк, Predpone, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́яц 1 ’звярок сямейства Leporidae’, заю́к, за́йка (Нас.). Рус. заяц, зайка, дыял. пск. зай, укр. заєць, польск. zając, в.-луж. zajac, н.-луж. zajec, палаб. zojąc, чэш. zajíc, славак. zajac, славен. zȃjec, серб.-харв. зе̑ц, за̏јко, балг. за́ек, дыял. за́як, за́енц, за̀ец, зайц, заяц, зек, зак, зо́ек, зайо, зае́, макед. зајак, дыял. заек. Ст.-слав. заѩць ’заяц’. Ст.-рус. заяць, заець (XI ст.) ’заяц’. Прасл. аснова *zaj‑, да якой дадаваліся розныя суфіксы: ‑ęcь (як у месяц) > ‑яц, ‑ukъ, ‑ьk‑a і інш. Шанскі, 2, З, 75. Махэк₂, 709 (за ім Голуб-Копечны, 430; Скок, 3, 647–648), звязваў гэту аснову з ззяць 2 (гл.) паводле адкрытых (ззяючых) вачэй, што недастаткова абгрунтавана. Верагодна роднаснае літ. zuĩkis, лат. zaķis ’заяц’ бел. зайка. Фрэнкель, 1281. Праз першапачатковае значэнне ’скакун’ звязваюць з і.-е. *gʼhei‑ ’жвава рухацца’ (Покарны, 1, 424–425, без слав. прыкладаў): літ. žáidžiu, žáisti ’скакаць’, ст.-інд. háyaḥ, арм. ji ’конь’. Праабражэнскі, 1, 244; Фасмер, 2, 84; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 336. Агляд іншых гіпотэз гл. у Фасмера. Канчатковага этымалагічнага рашэння яшчэ няма.

За́яц 2 ’безбілетны пасажыр’. Рус. заяц, укр. заєць ’тс’. Згадка ў трылогіі Коласа: «зайцаў», як іх там называлі (чыгуначнікі), як і аналагічнае ўжыванне ў Чэхава, указвае, што перанос назвы жывёлы (гл. за́яц 1) на безбілетніка замацаваўся каля пералому XIX–XX стст. Паводле Фасмера (2, 84), па прымеце жвавасці, а магчыма, і па прызнаку палахлівасці (да рэчы абедзве гэтыя прыметы сталі асновай для пераносу сонечны зайчык у бел., рус., укр., польск.). Наогул перанос назвы заяц на чалавека вядомы ў розных мовах, але не ў значэнні, ’безбілетны пасажыр, наведвальнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́раз ’праз, цераз’ (Нас.; Янк. 3.; Касп.; Доўн.-Зап., Песні; Сб. 1866 г.; докш., бярэз., нясвіж., в.-дзв., Сл. ПЗБ; докш., навагр., ЛА, 2), ’міма, насуперак’ (Нас.), ’насуперак’, спраз — прычына (праз каго) (Рам., 6; Нас.; Карскі 2–3, 441); ст.-бел. перезъ, презь, прозъ ’праз, на працягу’; укр. лемк. перез, брез ’цераз; праз (каго)’, а брез ’без’; рус. дыял. пе́рез ’праз; з-за; на працягу’; польск. przez, часам brzez (пад уплывам bez), каш. přez/přėz і přoz ’праз; больш за (празмернасць)’, ’па’, ’за’, н.- і в.-луж. pśez, pśeze, přez, přeze, bźez/ bźe ’праз; без; на працягу; з-за’, ’больш чым’, палаб. prise ’без’; чэш. přes(e), ст.-чэш. přes і přě ’цераз; за; больш за’, славац. дыял. pres/prez ’цераз’; ст.-серб.-харв. прѣзь, серб.-харв. през, priz, чарнаг. проз ’цераз; супраць’, ’на працягу’, макед. прис, през ’на працягу’; балг. през, проз ’цераз; за; на другім баку’. Узыходзіць да прасл. *per‑, пашыранага пры дапамозе ‑zъ (падобна, як *bezъ, vъzъ, orzъ і інш.). Мяркуецца, што чэш. přes з ‑s‑ — гэта памылковае напісанне замест přez. Аднак П. Ланг (ČMF, 6, 183–188 і ČMF, 7, 24–28, 81–84) мяркуе, што ў першапачатковай форме *per‑sъ другая частка ‑sъ паходзіць з дзеяслова ‑es ’быць’ пад уплывам bezъ, orzъ, vъzъ — пазней > *perzъ (параўн. чэш. přesný, přísný). Зубаты (KZ, 31, 60), Вальдэ (KZ, 34, 519), Міклашыч (4, 198) супастаўляюць *perzъ з літ. prieš ’насупраць, насуперак’, ’перад’, ’да’, ’за’. Непераканаўча (Праабражэнскі, 2, 41) вывядзенне ‑zъ з літ. ‑gi (у iñ‑gi, nu‑gi, nuō‑gi). (ESSJ, 1, 175–178; Фасмер, 3, 237–238; Махэк₂, 491).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́ква ‘від гародніны’ (Бес.), ‘посуд з гліны для алею’ (Ян.). Параўн. укр. ти́ква, ти́квиця ‘гарбуз’, ‘пасудзіна для вады, віна’; рус. ты́ква ‘гарбуз’, стараж.-рус. тыкы, тыкъвь, тыкъва, ц.-слав. тыкы, тыковь, тыкъве ‘тс’, польск. tykwa (zwyczajna) ‘гарлянка, Lagenaria vulgaris Ser.’, старое польск. таксама tykwia ‘тс’; ст.-польск. (XV ст.) tykwa ‘нейкі сорт груш’, ‘гарлянка’, ‘гурок, Cucumis sativus’, tykwa (włoska) ‘кавун, Citrullus vulg.’, каш. tëkv́a, tëkva ‘вялікія прадаўгаватыя грушы’, славін. tëkv́a ‘сорт асенніх груш’, чэш. tykev, мар. tykva ‘гарбуз’, славац. tekvica ‘тс’, ‘кабачок’; славен. tȋkva ‘гарбуз’, перан. ‘мазгаўня’, ‘бутэлька’, tikváča ‘чэрап’, tikveníca ‘сорт груш’, tȋkvešnica ‘нейкі сорт яблык’; харв. tȉkva, серб. ти̏ква ‘гарлянка’, ‘гарбуз’, ‘сасуд з гарбуза’, ‘сіфон для набірання віна з бочкі’, перан. ‘дурная мазгаўня’; макед. тиква ‘гарбуз’, ‘дурань’, балг. тѝква ‘тс’. Дапускаецца прасл. *tyky, *tykъve (якое не зусім яснае этымалагічна) ‘гарлянка’, ‘гарбуз’ ці падобныя да іх расліны, што паходзяць з паўднёвых краін. Назва, прынятая славянамі, магчыма, базіруецца на даіндаеўрапейскай (пелазгійскай) назве, роднаснай той назве, да якой узыходзяць ст.-грэч. σικύα ‘гарлянка, Lagenaria vulgatis’, σίκυος, σικός ‘гурок’, ‘дзікі гурок, Ecbarium elaterium’, лац. cucumis, cucumeris ‘тс’ (SEK, 5, 143; Бязлай, 4, 180), ficus, арм. t‘uz ‘тс’ (Фасмер, 4, 130; Гиндин, ЭИРЯ, 2, 1961, 88); Скок (3, 469) прыцягвае сюды яшчэ італ. zucca ‘гарбуз’, франц. дыял. tüko ‘тс’. Іліч-Світыч (ЭИРЯ, 1, 21) выказвае ідэю аб славянскім паходжанні слова тыква, супастаўляючы яго з *tykati ‘тыкаць’, *tyky ‘тычкі, слупы’, матывуючы тым, што гарбузы сеяліся ўздоўж платоў, за якія яны чапляліся, і віселі на іх. Агляд версій гл. ESJSt, 17, 1002; Арол, 4, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асцяро́жны, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае з аглядкай, асцярогай, імкнецца прадбачыць магчымую непрыемнасць, небяспеку. Выдаў майстар кнігу, Вынасіў сумленна. Асцярожны крытык Пахваліў: — Не дрэнна! Лужанін. У Пракопе сядзеў усё яшчэ стары Пракоп, асцярожны, падазроны, недаверлівы. Колас. // Які робіцца з асцярогаю, так, каб не звярнуць чыёй‑н. увагі, не пашкодзіць што‑н., не патурбаваць каго‑н. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Брыль. // Далікатны, акуратны. Асцярожныя моцныя рукі прытулілі дзяўчынку да гімнасцёркі. Гарбук. Тут [у небе] трэба быць асцярожным: ледзь недагледзіш — і ўспамінай як звалі. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́рхні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца зверху, размешчаны на версе. Верхні слой. Верхні камень (у млыне). Верхняя губа. □ Дзед з Міколкам падаліся на гару, на верхнюю палубу. Лынькоў.

2. Які надзяваецца зверху на што‑н. Верхняя кашуля. Верхняе адзенне. □ Люба скінула верхнюю вопратку і сця[гну]ла з пляча кашулю. Чорны. // Прызначаны для нашэння зверху. Верхні трыкатаж.

3. Блізкі да вытокаў. Раскаты гарматных стрэлаў.. даляталі сюды аднекуль злева, з верхняга цячэння ракі. Лынькоў.

4. Аб гуках, нотах: высокі. Верхні рэгістр.

5. Вышэйшы пункт вагання чаго‑н. Верхні ціск крыві. Гук верхняга пад’ёму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; незак.

1. Старанна і дзейна займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Маці была ў задуме, а бацька рухава клапаціўся па справах ад’езду. Пестрак. Ля печы клапоціцца маці, І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.

2. Турбавацца, непакоіцца з выпадку чаго‑н. [Назараў] падвёў іх да гардэроба і сам стаў клапаціцца, як лепш і прасцей кожнага апрануць. Гамолка.

3. Праяўляць клопат аб кім‑, чым‑н. Клапаціцца аб грамадскіх справах. □ [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня, ён даглядаў яго лепш, як сябе, клапаціўся пра яго больш, чым пра сваю хату і сям’ю. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)