сашчапі́цца, ‑шчаплюся, ‑шчэпішся, ‑шчэпіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змацавацца, злучыцца пры дапамозе чаго‑н. // чым і без дап. Закрануўшы што‑н., зачапіцца. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам. Маўр. Вось.. [быкі] сышліся галовамі, сашчапіліся рагамі! Колас. // Сплёўшыся, злучыцца разам (пра пальцы, рукі і пад.). Гэлька не магла, глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі. // З сілай сціснуцца (пра зубы і пад.). Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Быкаў.

2. Сысціся ў бойцы. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. Відаць, што тут [каля клуба] была снежная бойка .. Адзін хлапчук, увесь аблеплены снегам, сашчапіўся з другім. Сташэўскі. // Пачаць спрэчку, сварку. [Анэта:] — Дальбог, хутка аглухну ад іх лёскату на [лічыльніках]. То адзін, то другі, гэтак кожненькі вечар. А то мала гэтага, дык яшчэ сашчэпяцца сварыцца. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́тня, ‑і, ж.

1. Адзінка ліку, роўная ста (пра аднолькавыя прадметы). Сотня сшыткаў. Дзве сотні машын. □ На сход сышлася да сотні чалавек. Гартны. // Разм. Сто рублёў, сторублёўка. Даць пяцірублёўку і сотню. □ — Сотня ляснула, — не гаварыла, а шыпела жанчына на мужчыну. Трэба разявай не быць. Сачанка.

2. толькі мн. (со́тні, ‑яў). Назва трэцяй з канца лічбы шматзначнага ліку.

3. звычайна мн. (со́тні, ‑яў). Разм. Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Цэлымі сотнямі з’яўляліся новыя людзі. Чорны. Сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох. Бядуля. [Дзед Бадыль:] Даніла Дрыль — пра яго ж на сотні вёрст чуваць. Крапіва.

4. Гіст. Вайсковая адзінка (сто чалавек) у старажытнарускім войску.

5. Вайсковае падраздзяленне ў казацкіх часцях дарэвалюцыйнай Расіі. Казацкая сотня.

6. Ваенная і адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Украіне ў 16–18 стст.

•••

Чорныя сотні — існаваўшыя ў Расіі ў 1905–07 гг. узброеныя банды пагромшчыкаў для барацьбы з рэвалюцыйным рухам, забойства прагрэсіўных дзеячаў і для масавых яўрэйскіх пагромаў.

У сотні крат гл. крат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіс, ‑а, м.

1. Пісьмовы пералік каго‑, чаго‑н. Спісы выбаршчыкаў. Спіс дзеючых асоб п’есы. □ У суседнім пакоі, адкуль выбегла Зіна, складалі спісы тых, хто ідзе на будаўніцтва. Грамовіч. У сейфе сталёвым, у спісах ахвяр Быў знойдзены след маладой парабчанкі. Зарыцкі. Калі б скласці спіс добрых спраў парторга Абраменкава, яго давялося б друкаваць у многіх нумарах газеты. Дадзіёмаў. [Членам атрада] далі грошы і спіс усяго, што трэба было купіць. Шашкоў.

2. Перапісаны тэкст чаго‑н.; рукапісная копія. Вершы ў спісах. / Пра рукапісную копію старажытнага арыгінальнага помніка пісьменнасці. Вядомыя спісы беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік вельмі неаднародныя паводле свайго складу. Чамярыцкі.

3. Дакумент, у якім пералічаны якія‑н. звесткі. Архіўныя дакументы і, у прыватнасці, фармулярныя спісы падрабязна паведамляюць пра ўсе .. перамяшчэнні [Багушэвіча] па службе. «Маладосць».

•••

Імянны спіс — спіс, у якім пералічваюцца прозвішчы і імёны якіх‑н. асоб.

Паслужны спіс — дакумент са звесткамі аб праходжанні службы.

Чорныя спісы — у краінах з рэакцыйным рэжымам — спісы асоб, якіх па палітычных матывах не прымаюць па працу, звальняюць у першую чаргу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў. Чаркасаў. // Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.

2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Юргелевіч. // Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя». Пшыркоў. // Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт. Марціновіч.

4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Ісці, рухацца. У свет за многа-многа міль Сягаю я бязмежным крокам. Колас. / у перан. ужыв. І вось — рака!.. Як вар кіпучы, Бурліць, сягае паміж гор, То з гулам кідаецца з кручы... Усё — каб вырвацца ў прастор. Ставер. // перан. Даходзіць, дасягаць, імкліва накіроўвацца. Маленькія вочкі... [Марыніча] блукліва бегалі, але найбольш сягалі яны ў блакіт чыстага, неба, бо дзень сапраўды быў летні, заліты сонцам і цеплынёй. Сабаленка.

2. Прасцірацца, даходзіць да якой‑н. мяжы, узроўню і пад. Гэта вузенькі .. ручаёк пыльнай вуліцы, а паабапал яе шырокія, як зялёныя загоны, берагі травы, якія сягаюць аж пад самыя хаты, заходзяць у двары і правулкі. Сіпакоў. // перан. Пранікаць у глыбіню (пра час). Мастак [Сергіевіч] расхінуў завесу стагоддзяў, сягаў глыбей, да вытокаў вызваленчай барацьбы беларускіх працоўных. Ліс. Памяць сягае недзе да пятага года свайго жыцця, калі бацька мой служыў на чыгунцы. Пестрак. / Пра думкі, мары і пад. Думка сягае ў юнацкую даль: хвоі, азёры, каменне і сталь... Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убра́нне, ‑я, н.

1. Адзенне, убор; строі. Васіль .. стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні. Колас. Вось і шыльда майстэрні .. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. // Спецыяльнае адзенне, убор. — Я ўжо не ў арміі, — дадаў .. [Андрыян], заўважыўшы, што бабуля пазірае на яго вайсковае ўбранне. Марціновіч. [Даўгулевіч:] — Потым я пачуў нечыя крокі і ўбачыў жаночую постаць у падвянечным убранні. Гурскі. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (пра снег, лісце і пад.). Прыгадаўся адзін залаты ў асеннім убранні дзень. Асіпенка. І тут зусім нечакана паваліў снег. Ціхі такі, спорны. Неўзабаве ўся зямля была ў белым убранні. Ігнаценка. Парк заціхаў, убранне яго жоўкла, асыпалася. Ракітны.

2. Аддзелка, абсталяванне памяшкання. — Усё сам парабіў, — зазначыў Хмялеўскі, заўважыўшы, што Андрэй з цікавасцю аглядае ўбранне яго хаты. Чарнышэвіч. // Убор, аздабленне чаго‑н. Будаўнікі здымалі рыштаванні з гатовых дамоў, і горад прыгажэў на вачах, апранаючыся ў святочнае ўбранне — транспаранты, плакаты, лозунгі, сцягі... Карпаў. Бацька прынёс зялёную густую елачку, і Тоня па вечарах пасля ўрокаў рыхтуе для яе ўбранне. Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвала́, ‑ы, ж.

1. Праслаўленне, усхваленне. Дык урачыста, з пачуццём Братэрства нашых сэрцаў, — хорам, Браты, уславім залп «Аўроры», Хвалу Кастрычніку спяём! А. Александровіч. Пайшла пра звеннявую на ўвесь край Такая слава і хвала, Што і сама таго Агата ўцяміць не магла. Маеўскі. // Адабрэнне, добры водзыў, пахвала. Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх саміх. Колас.

2. у знач. вык. Вокліч захаплення, прызнання, удзячнасці каму‑, чаму‑н. Хвала вам, адважных героі! □ Хвала табе, Кастрычніка дзяржава! Машара. І земляроб у кожным доме, на кожнай ніве паўтарыў: — Хвала дажджу!.. Вялюгін.

3. Разм. Рэпутацыя каго‑н., агульная думка пра каго‑н. Граф Кісялёў, які «заваяваў» сабе хвалу «рэфарматара», не вельмі спяшаўся зрабіць вывады. «Полымя».

•••

Адна хвала — усё роўна. [Цімох:] — Ці так або сяк прападу — Адна табе ўсюды хвала. Колас. Адзін хоць з’еш вала — усё адна хвала. Прыказка.

Пець хвалу гл. пець.

Хвала богу (у знач. пабочн.) — тое, што і дзякуй (дзякаваць) богу (гл. дзякуй).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Но́вы ’новы’ (Сл. ПЗБ), но́вый ’тс’ (Бяльк.), но́ву ’тс’ (ТС). Сюды ж навіна́ ’нешта новае, раней невядомае; новаўзаранае поле’, но́віна ’новаўзаранае поле’ (Шатал., Сл. ПЗБ), но́вінка ’свежавытканае палатно’ (Касп.), наві́к ’новы, прыезджы чалавек’ (Сцяшк.), экспрэсіўныя ўтварэнні навю́сенькі, навю́танькі (Нас.), нову́ські (Сл. ПЗБ), нову́сенькі (ТС), но́вы‑навю́сенькі (Цых., параўн. балг. дыял. нов‑новиша́т і пад.). Укр. новий ’тс’, рус. но́вый ’тс’, польск. nowy ’тс’, чэш., славац. novy ’тс’, в.-, н.-луж. nowy ’тс’, славен. nòv ’тс’, серб.-харв. но̑в ’тс’, макед. нов ’тс’, балг. нов ’тс’. Прасл. *novъ‑jь, роднаснае літ. naũjas ’тс’ грэч. νἑος, лац. novus, гоц. niujis, ст.-в.-ням. niuwi (Фасмер, 3, 78; Бязлай, 2, 228; Шустар-Шэўц, 14, 1023). Значэнне но́вы ’малады’ (пра месяц, гл. маладзік), зафіксаванае на Гродзеншчыне, звязана праз польск. nowy (miesiąc) з вялікім еўрапейскім арэалам, параўн. ням. Neumond, англ. new moon, фр. nouvelle lune, лац. luna nova і пад. (Машынскі, Atlas, 1, к. 5). Меркаванні пра сувязь новы ’малады’ са слав. *nyti ’быць аслабленым, слабым’ непераканальныя (гл. там жа), паколькі значэнні ’новы’ і ’малады’ першапачаткова прысутнічалі ў семантыцы і.-е. *neu̯o‑, што звязваюць з і.-е. *sneu‑ ’гнуць, звязваць, круціць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 137–138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аві́н ’будынак для сушкі снапоў’ (ДАБМ, Касп.), авин, аввинь (Лысенка, СПГ) ’тс’, овин ’будоўля для захоўвання і малацьбы снапоў’ (Мат. Смал.), ovinʼ ’будынак для сушэння збожжа (паўд.-бел.)’ (Смул.). Рус. овин, укр. овин, ст.-рус. овинъ. Нельга гаварыць пра генетычныя суадносіны з літ. jáuja ’амбар’, лат. jauja ’гумно’, ст.-іран. yəvīn ’збожжавае поле’, бо літ. jáuja суадносіцца з javai ’збожжа’, ст.-іран. yəvīn з yava‑ ’тс’. Генетычна тоеснай назвы збожжа славянскія мовы не ведаюць: гл. Брукнер, KZ, 45, 307. Арэал слова авін абмежаваны (толькі частка ўсходнеславянскіх дыялектаў). Даводзіцца меркаваць аб запазычанні: авін < ст.-іран. yəvīn. Геаграфія гэтага слова гаворыць таксама ў карысць іранскай крыніцы. Слова пашырылася з тэрыторыі на ўсход ад сярэдняга цячэння Дняпра, дзе, як вядома, існаваў іранскі субстрат. У карысць генетычнай сувязі авін з пералічанымі балтыйскімі і іранскімі словамі выказваюцца Бернекер, 455; Траўтман, 107; Мюленбах-Эндзелін, 2, 97; Фрэнкель, 192; Майргофер, 3, 10. Думка Ільінскага, РФВ, 74, 136; Slavia, 262, пра непасрэдную генетычную сувязь авін з і.-е. au̯ (au̯es? — параўн. Покарны, 86) ’грэць’ неверагодная, ён, аднак, справядліва аспрэчвае думку Карскага, Белорусы, 133, аб цюркскім паходжанні слова і лічыць, што цюркскае слова (тат. avyn) мае рускае паходжанне. Таксама Фасмер, 3, 114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Андарак, паводле ДАБМ, існуюць формы: ондорак, андрак, андэрак, андзірак, андорак, андърак, аднарак, андарачак, андарачны, ст.-бел. индерак, индерочек (Мар. дыс.). Рус. зах. (смал., бранск.) андара́к, укр. палес. андарак (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 121). Польск. (з XVI ст.) inderak; літ. andarõkas, inderõkas. Этымалогія не высветлена да канца. Рус. і ўкр. андарак можна лічыць запазычанымі з бел. Адносна беларускіх форм Міклашыч (Türk. El., 1, 248), Карскі (Белорусы, 175), Юргелевіч (Курс, 137) выказвалі думку пра цюркскае паходжанне; крыніцай тады было б тур. antars ’кароткае адзенне, якое носяць пад кафтанам’ (Радлаў, Опыт, 1, 237–238); да гэтага слова ўзыходзіць балг. антерия, мак. антерија, серб.-харв. антерија і інш. (БЕР, І, 12), адкуль бел. экзатызм антэрыя, укр. антерев. Але вывесці з цюркскага слова андарак нельга па фанетычных і семантычных матывах. Найбольш пашырана версія Даля аб нямецкай крыніцы слова: Unterrock. Яе трымаюць Фасмер, 1, 78; Брукнер, 192; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 22; Буга, 2, 222; Міклашыч, З; Рудніцкі 1, 24. Існуе таксама шмат варыянтаў тлумачэння канкрэтнага шляху нямецкага слова ў беларускую мову. Краўчук (Бел.-пол. ізал. 66) лічыць, што крыніцай была ніжненямецкая форма (напр., саксон. onderrock), што трапіла ў беларускую праз польск. ці балт. пасрэдніцтва. Пра рэалію гл. яшчэ Малчанава, Мат. культ., 136.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)