Прасі́ць ’звяртацца з просьбай, дабівацца чаго-небудзь, назначаць цану’, ’заступацца за каго-небудзь’, ’запрашаць, клікаць’, ’жабраваць’ (ТСБМ). Рус. проси́ть, укр. проси́ти, ст.-рус., ст.-слав. просити, ітэратыў прашати, польск. prosić, в.-луж. prosyć, н.-луж. přosyś, чэш. prositi, славац. prosiť ’прасіць’, серб.-харв. про̀сити ’выпрошваць; сватаць’, славен. prósiti ’прасіць’, балг. про́ся ’выпрошваць; сватаць’. Прасл. *prositi. Роднасныя: літ. prašýti, prašau ’патрабаваць, прасіць’, лат. prasít, prasu ’тс’, лац. precor, ‑ārī ’прасіць’, procus ’жаніх’, гоц. fraćhnan ’пытанне’, ст.-в.-ням. fraga ’пытанне’, fragen, fragon ’пытаць’, ст.-інд. praçnás ’пытанне’, авеcц. frasa‑ ’пытанне’ і г. д. (Траўтман, 216; Мюленбах-Эндзелін З, 377; Вальдэ-Гофман 2, 346 і наст.; Уленбек, 173; Фасмер, 3, 378). Сюды прасі́льнік ’чалавек, які запрашае на вяселле’ (Сцяшк. Сл.), мн. л. просылныкі ’тс’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́шыцца ’скрануцца з месца, пачаць рух’, ’накіравацца’, ’абвальвацца’, ’разбурацца’ (ТСБМ), ’пачаць рух’, рушыць (ТСБМ), рушэнне ’паход’ (Гарэц. 1). Укр. ру́шити, руша́ти ’рухаць, варушыць’, рус. ру́шить ’разбураць’, польск. ruszyć ’рушыць, крануцца’, н.-луж. rušowaś ’бушаваць, шумець’, чэш. rušiti ’турбаваць (каго-небудзь), парушаць (цішыню)’, славац. rušiť ’крануцца, рушыць’, славен. rúšiti ’трэсці, калаціць, зносіць’, серб.-харв. ру̏шити ’разбураць’, балг. ру́ша ’тс’, ст.-слав. роушити ’тс’. Звязваюць з рух (гл.) і ў якасці індаеўрапейскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. raũsti, rausiù, rausiaũ ’рыць, капацца’, лат. ràust, ‑šu, ‑su ’разграбаць, месці’, літ. rausis ’пячора’, rūỹs, rūsas ’пограб’, ст.-ісл. rúst ’руіны, разбураная сцяна’ і інш. (Фасмер, 3, 525). Борысь (528) узводзіць да *rušiti [< *ruchi‑ < *rou̯s‑ī‑] ’надаваць рух, папіхаць, рушыць, парушаць’, вытворнае ад незахаванага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць, парушаць (напрыклад, зямлю)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трактава́ць1 ’разглядаць, абгаворваць’, ’даваць тлумачэнне’, ’разумець, тлумачыць’ (ТСБМ), ’меркаваць, разважаць, ацэньваць’ (Цых.), ст.-бел. трактовати ’весці перагаворы’, ’тлумачыць, разважаць’ (1595 г.). Са ст.-польск. traktować ’трактаваць’, ’адносіцца да каго-небудзь, абыходзіцца з ім’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’весці перагаворы, абмяркоўваць, дамаўляцца’, ’трактаваць’, ’ведаць і ўмець’.

Трактаваць2 ’частаваць’, ’абдорваць’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Шат., Байк. і Некр., Нар. Гом., Янк. БП), трахтава́ць ’тс’ (Бяльк., Федар. 5, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. трактова́ти ’частаваць’ запазычана са ст.-польск. traktować ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’аказваць гасціннасць, частаваць’. Параўн. таксама ст.-бел. трактамент ’пачастунак’ (1711 г.), якое са ст.-польск. traktament ’пачастунак’, ’прыём’ < лац. tractamentum ’тс’ (Брукнер, 574; Голуб-Ліер, 486; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́чаць ‘соваць, усоўваць, тыкаць’, ты́чыць ‘торкаць, уторкваць’ (ТС), ты́чяті ‘соваць, даваць’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да тыкаць (гл.) паводле магчымага чаргавання ў прасл. *tykēti > *tyčeti > *tyčati ‘усоўваць, тыкаць’. Сюды ж ты́чма ‘не адыходзячы ад каго-небудзь, увесь час папікаючы’: тычма тырчыш (Нас.); як кантамінацыя з тырчма тырчаць (гл. тырчаць) з заменай першага спалучэння сінанімічным.

*Тыча́ць, тычя́ти ‘тырчаць’ (Клім.), тичйа́ти ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўноўваюць са старым серб. тичати, харв. tičati ‘хавацца’, ‘здзіўляцца’, ‘сядзець на кутніках’, славен. tičáti ‘знаходзіцца, быць, тырчаць’, што выводзіцца з прасл. *tyčati, якое з *tykati ‘ўтыкаць, затыкаць’, ‘калоць, басціся’ (Сной₂, 763). Бязлай (4, 179) славен. tyča̋ti ‘быць заткнутым, утыкнутым’ трактуе як эсіў прасл. *ty̋kati ‘датыкацца, калоць, басціся’, які з’яўляецца ітэратывам ад *tъknǫti ‘тс’. Магчыма, да папярэдняга слова. Гл. таксама тыкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

поперёк

1. нареч. упо́перак; разг. напо́перак;

2. предлог с род. упо́перак (каго, чаго);

поперёк доро́ги встал упо́перак даро́гі стаў;

вдоль и поперёк удо́ўж і ўпо́перак;

стать кому́-л. поперёк го́рла стаць каму́е́будзь упо́перак го́рла.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

спра́витьсяI сов.

1. (сделать, исполнить что-л.) спра́віцца, здо́лець (што);

спра́виться с рабо́той спра́віцца з рабо́тай, здо́лець рабо́ту;

2. (одолеть в борьбе) спра́віцца, адо́лець (каго, што);

спра́виться с врага́ми спра́віцца з во́рагамі, адо́лець во́рагаў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пазіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Накіроўваў позірк куды‑н., на каго‑, што‑н.; глядзець. Студэнт курыў папяроску і задумёна пазіраў на шызы дымок. Бядуля. Людзі наўкола смяюцца, а.. [Паўлюк] усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае. Быкаў. // Выглядваць з-за чаго‑н., адкуль‑н. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Чорны // Разм. Наглядаць за кім‑, чым‑н. — Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні, — адказалі хлопцы. Грахоўскі.

2. Час ад часу глядзець на каго‑, што‑н., куды‑н. Хлопцы штохвілінна пазіралі на гадзіннікі і адзін на аднаго, недаўменна паціскалі плячыма. Новікаў.

3. Адносіцца нейкім чынам да каго‑, чаго‑н. Косця снедаў, а пані Ванда стаяла збоку і са спагадаю на яго пазірала. Арабей. Стары певень пазіраў з пагардай на вераб’іную мітусню. Лынькоў.

4. перан. Быць скіраваным на каго‑, што‑н., у які‑н. бок. Пазірае ў клуб лагодна Месяц праз акно. Журба. Хата стаіць у лесе, вокнамі пазірае на поле. Дамашэвіч.

5. перан. Разм. Мець нейкі выгляд; выглядаць. Стары човен, як карыта, Пазірае горка. Купала. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны [елкі] найбольш адны стаялі, І так маркотна пазіралі Іх задуменныя галовы! Колас.

•••

Воўкам пазіраць — тое, што і воўкам глядзець (гл. глядзець).

Зверху ўніз пазіраць на каго — тое, што і зверху ўніз глядзець на каго (гл. глядзець).

Не ў той бок пазіраць — тое, што і не ў той бок глядзець (гл. глядзець).

Пазіраць зверам — тое, што і глядзець зверам (гл. глядзець).

Пазіраць коса (скоса) — тое, што і глядзець коса (скоса) (гл. глядзець).

Пазіраць у кусты — тое, што і глядзець у кусты (гл. глядзець).

Пазіраць у лес — тое, што і глядзець у лес (гл. глядзець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода. Няхай. Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста. Пянкрат. Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?! Тарас.

2. каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Мележ. І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Колас.

3. каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

4. каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады. Непачаловіч.

5. што і з дадан. сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!.. Мележ. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Колас. Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю. Карпаў. // Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар. Чорны. Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

век, -у, мн. вякі, вяко́ў, м.

1. Стагоддзе.

Дваццаты в.

Мінулы в.

Цэлы в. не бачыліся (вельмі доўга).

2. Гістарычны перыяд, эпоха, характэрныя чым-н.

Каменны в.

Касмічны в.

З векам упоплеч (ісці, крочыць і пад., не адстаючы ад жыцця).

3. Жыццё, перыяд існавання каго-, чаго-н. або ўзрост каго-н.

Многа пабачыць на сваім вяку.

У хлусні кароткі в. (прыказка). Чалавек сярэдняга веку.

4. у знач. прысл. Заўсёды, вечна.

В. дома яе няма.

В. буду помніць вас.

На векі вечныя (разм.) — назаўсёды.

Праз вякі — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.

|| прым. векавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́браць, -беру, -бераш, -бера; -беры; -браны; зак.

1. што. Адабраць, выняць.

В. смецце з зерня.

В. цытаты з класікаў.

2. каго-што. Узяць патрэбнае, аддаць перавагу каму-, чаму-н.

В. кнігу для чытання.

В. прафесію.

В. спадарожніка.

3. каго (што). Абраць галасаваннем.

В. новы склад прафкама.

4. што. Выняць, дастаць адкуль-н. усё да апошняга; зрасходаваць.

В. ваду са студні.

В. ліміты.

5. што. Сабраць ураджай бульбы, агуркоў і пад.

В. цыбулю ў агародзе.

6. што. Знайсці, вызваліць для якой-н. мэты (пра час).

В. вольную часіну.

|| незак. выбіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. вы́бар, -у, м. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)