су́праць і супро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку ад каго‑, чаго‑н.; прама перад кім‑, чым‑н. Па левым баку Паркавай магістралі знаходзіцца Дом кнігі, а супроць — Палац спорту. Сядзець супраць.

2. прысл. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н.; насуперак каму‑, чаму‑н. Галасаваць супраць. □ [Бухча:] — Закон, дык закон, я супроць не іду! Чорны.

3. прысл. Насустрач, у супрацьлеглым кірунку. Ісці супраць ветру.

4. прыназ. з Р. Указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку хто‑, што‑н. знаходзіцца, размяшчаецца. Жывуць .. [Лявоніха і Сымоніха] побач, пасярод вёскі, хата супроць хаты. Бядуля. Вечарам .. [Міша] з Волечкай сядзелі на лавачцы пад клёнам супраць іх хаты. Мыслівец. Нейкі час .. [Харошка і Салдаценка] стаялі адзін супраць другога і маўчалі. Кавалёў. // Знаходзіцца побач з чым‑н. напісаным. Адзнакі стаяць у графах супраць кожнага прозвішча. □ Апошні ўзнос і подпіс стаяў супроць радка «чэрвень»... Мележ. 196, 291, 214 працэнтаў выканання — такія лічбы заўсёды стаяць супраць прозвішча Блахіна на дошцы паказчыкаў. Грахоўскі.

5. прыназ. з Р. Указвае на асобу, прадмет, з’яву або працэс, насуперак якім што‑н. робіцца, адбываецца. Удод сакоча за кюветам, стракочуць конікі ў траве, а ты [дарога] імчышся супраць ветру насустрач сонцу і Маскве. Звонак. Супраць цячэння не так лёгка плысці! Гурскі. [Волька:] — Падумай [Ларыса], як бы ты асмелілася хаця б сказаць што-небудзь супраць бацькоў, а не тое, што зрабіць. Кулакоўскі. Супраць Сяргея ніхто не галасаваў. Шахавец. [Анісь:] — Супраць гурту нішто на свеце не ўстаіць. Баранавых. // Указвае на напрамак, адваротны нахілу чаго‑н. (ворсу, шэрсці, валасоў). Супроць шарсцінкі пагладзіць.

6. прыназ. з Р. Ужываецца пры ўказанні прадмета, з’явы, асобы і пад., для барацьбы з якімі ці для пазбаўлення ад якіх ужываюцца адпаведныя захады, прымяняюцца якія‑н. сродкі. Прышчэпкі супраць воспы. Мазь супраць камароў і маскітаў. □ Са старонак твора паўстае хвалюючы вобраз магутнага народа, які ўзняўся на рашучую барацьбу супраць заклятага ворага. Дзюбайла. Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супроць акупантаў. Колас. // Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., пярэчання чаму‑н. Максім Танк актыўна выступаў як супраць натуралізму, так і супраць мадэрнізму буржуазнай літаратуры. Гіст. бел. сав. літ. [Старшыня калгаса:] — Не падумайце благога — я не супраць крытыкі. Быкаў. // Ужываецца для выражэння неадпаведнасці ў чым‑н. Зрабіць супраць сумлення. Дзейнічаць супраць устаноўленых правіл.

7. прыназ. з Р. Ужываецца для ўказання на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. адбываецца ці павінна адбыцца. [Ведзьма:] — Куды ты [Алёнка], неразумная, едзеш супраць ночы? Якімовіч.

8. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін. Рост прадукцыі супраць мінулага года. Вады ў рацэ супраць учарашняга прыбавілася. □ [Вера:] — Учора надоі зменшыліся супраць таго тыдня. Асіпенка. / у іран. супастаўленні. Зух супраць мух. Прымаўка.

9. у знач. вык. Не на карысць каго‑, чаго‑н. Разгарэліся спрэчкі: хто супраць, хто — за. Куляшоў. [Стрэльбы:] — Хто супроць? Аднагалосна. А. Александровіч. / у знач. наз. Узважыўшы ўсё за і супраць, Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны. Колас.

•••

Гладзіць супраць шэрсці каго гл. гладзіць.

За і супроць гл. за.

Ісці супраць цячэння гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́ха, ‑а; мн. вушы, вушэй; н.

1. Орган слыху і раўнавагі ў пазваночных жывёл і чалавека. Сярэдняе вуха. Унутранае вуха. Чуў сваімі вушамі. □ Стары аглядаецца па баках, прыслухоўваецца то адным вухам, то другім... Бядуля.

2. Знадворная, вонкавая частка гэтага органа ў форме ракавіны вакол вушной адтуліны. Адмарозіць вушы. Доўгія вушы.

3. Разм. Слых. Чуткае вуха.

4. часцей мн. Бакавая адкідная частка шапкі, якая закрывае вушную ракавіну.

5. Прыстасаванне ў розных прадметах для больш зручнага карыстання (пад’ёму, вешання, пераноскі і інш.). Вуха ў збане. Вушы цэбра.

•••

Адным вухам (краем вуха) чуць гл. чуць.

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) гл. рэзаць.

Вухам не варухнуць гл. варухнуць.

Вушы аб’есці; з вушамі аб’есці гл. аб’есці.

Вушы вянуць — праціўна, не хочацца слухаць што‑н.

Вушы затыкаць гл. затыкаць ​1.

Галава і два вухі гл. галава.

Да вушэй — пра шырокую ўсмешку.

Дайсці да чыіх вушэй гл. дайсці.

(Есць), аж за вушамі трашчыць гл. трашчаць.

За вушы не адцягнеш гл. адцягнуць.

За вушы цягнуць каго гл. цягнуць.

З вуха на вуха; з вуха ў вуха — шэптам, пад сакрэтам сказаць што‑н.

З-за вуха біць гл. біць.

І вухам не весці гл. весці.

І сцены вушы маюць гл. сцяна.

Лавіць вухам гл. лавіць.

Мець вушы гл. мець.

Мець свае вочы і вушы гл. мець.

Мядзведзь на вуха наступіў гл. мядзведзь.

Навастрыць вушы гл. навастрыць.

На вуха (гаварыць, шаптаць, сказаць і пад.) — гаварыць ціха, наблізіўшыся да вуха субяседніка.

Над самым вухам (крычаць, шумець, раздавацца і пад.) — блізка, у непасрэднай блізкасці.

Накруціць вушы гл. пакруціць.

На свае (ўласныя) вушы чуць гл. чуць.

Наставіць (натапырыць) вушы гл. наставіць.

Не верыць сваім вушам гл. верыць.

Не ўбачыць як сваіх вушэй каго-чаго гл. убачыць.

Ні вуха, ні рыла — зусім нічога не разумець.

Па (самыя) вушы — вельмі глыбока, многа, моцна; поўнасцю. Седас па вушы ўвайшоў у справу. Чорны. [Антось:] — Дома работы па вушы: трэба араць, сеяць. С. Александровіч.

Прапусціць міма вушэй гл. прапусціць.

Пратрубіць (пракрычаць) вушы каму гл. пра-трубіць.

Развесіць (распусціць) вушы гл. развесіць.

Стаяць у вушах гл. стаяць.

Стрыгчы вушамі гл. стрыгчы.

Трымаць вуха востра гл. трымаць.

Тугаваты на вуха, тугі на вуха гл. тугі.

Увесці ў вушы каму гл. увесці.

Угразнуць па вушы ў чым гл. угразнуць.

Улавіць вухам гл. улавіць.

Хоць (ты) вушы затыкай гл. затыкаць ​1.

Хоць ты ў вуха кладзі гл. класці.

Як злавіць вухам гл. злавіць.

Як у вуху — зацішна, цёпла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. набярыся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў нейкай колькасці. Народу на сход набралася поўная хата. Мурашка. Дачка павячэрала, паправіла фіранкі з гардзінамі на вокнах, цюлевыя накідкі на падушках, павяла далонню па шырокаму лісту фікуса, ці не набраўся за дзень пыл, і села за нейкую кніжку. Ермаловіч. // Назбірацца (аб рабоце, справах і пад.). [Бухгалтар:] — З работай цяпер я, можна сказаць, проста ганарыўся. За час адпачынку набралася безліч рахункаў. Ракітны.

2. Напоўніцца чым‑н. У хаце набралася тытунёвага дыму. Пестрак. // Разм. Наглытацца. Нехта з каманды кацера падхапіў.. [Марылю], але пазнавата, — жанчына ўжо набралася вады і пасінела ў непрытомнасці. Кулакоўскі.

3. Дасягнуць нейкай колькасці, лічбы. Вучняў набралася чалавек пятнаццаць. Маўр. Антон рабіў [залысіны] тапаром. Так набралася дзесяць дрэў. Пальчэўскі. [Васіль Ціханавіч:] — Я не магу зараз сказаць, колькі пасеяна на дзялянках, але думаю, што гектараў з трыццаць па сельсавету набярэцца. Сіўцоў. Восемдзесят пяць гадоў дзеду Паўлу. І калі набралася іх столькі — не агледзеўся дзед. Колас.

4. Насыціцца, прасякнуць чым‑н. Рунь яшчэ не паспела акрыяць, набрацца сокаў. Дамашэвіч.

5. Знайсці ў сабе ўнутраныя сілы, магчымасці, якасці. Набрацца смеласці. Набрацца рашучасці. Набрацца цярплівасці. □ Як набралася моцы Матчына дачушка, Паляцела да сонца Пералётнай птушкай. Купала. Косця не ведае, адкуль у яго набралася столькі сіл. Адамчык. // Стаць, зрабіцца якім‑н., набыць нейкія якасці; развіцца. Бярозка прыжылася, набралася сілы, вясною зазелянела і цягнулася да сонца сваімі трапяткімі галінкамі. Васілеўская.

6. Пераняць, навучыцца чаму‑н. [Рыгор] многаму навучыўся, падрос, пасталеў, набраўся вопыту. Гартны.

7. Нацярпецца, перажыць, адчуць. Набрацца гора. Набрацца сораму. □ Агата з Ліпачкай за тую зімовую марозную ноч набраліся такой бяды, якой, можа, яшчэ на сваім вяку не ведалі. Сабаленка. Не мала набраўся.. [Грыша] страху, пакуль дайшоў сюды. Пальчэўскі.

8. Разм. Набыць, атрымаць нешта (звычайна непрыемнае). Набрацца блох. □ Нехта хадзіў тут, хто не ведаў [хадоў] і сцежак, убіўся ў мурашнік, набраўся іголак з мурашкамі. Чорны. // Тое ж аб хваробах. [Маці:] — У [памяшканні] трымаюць хворых цялят, каб іншыя ад іх не маглі набрацца хваробы. Даніленка.

9. Разм. (часта з адмоўем). Запасціся, назапасіць, дастаць у патрэбнай колькасці. [Загадчык склада:] — Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае... Лынькоў. [Антось:] «А дзяўчат навырастае! Божа літасцівы, дзе гэта будзе музык набрацца! Кожнай жа прыйдзецца некалі вяселле іграць». Чорны.

10. Разм. Напіцца гарэлкі, віна. [Агрыпіна:] — Выбач[ай], Васіль Пятровіч — гарэлкі ўжо няма, выпілі. Трэба было раней. Ды ты ўжо недзе набраўся. Пестрак.

•••

Набрацца духу — асмеліцца на што‑н.

Набрацца розуму — стаць разумным, паразумнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіста́ць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.

1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.

2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.

3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.

4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.

5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.

6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.

•••

Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).

Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.

Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіса́ць, спішу, спішаш, спіша; зак., каго-што.

1. Перапісаць з арыгінала які‑н. тэкст; зрабіць рукапісную копію чаго‑н. Спісаць з дошкі ўмову задачы. Спісаць вершы з кнігі ў сшытак. Спісаць расклад лекцый. // Намаляваць, скапіраваўшы (карціну і пад.). Спісаць пейзаж Левітана. // Перапісаць што‑н., напісанае кім‑н. іншым, выдаючы за сваё. На ўроках [Кандрат] — майстра на падгляд. Заўжды спісаць у сябра рад! Хведаровіч.

2. з каго-чаго. Паказаць (у літаратуры, жывапісе), выкарыстаўшы каго‑, што‑н. як прататып, натуру. Спісаць героя рамана са знаёмага чалавека.

3. Скласці пералік каго‑, чаго‑н., запісаць у спіс. [Шарон:] Мне трэба ведаць, хто і колькі іх. Спішы мне зараз, Мітрафан, усіх! Танк.

4. Дакументальна афармляючы, запісаць як зрасходаванае або нягоднае. Спісаць устарэлую тэхніку. □ [Майстар:] — Ладна ўжо, спішам гэты твой разец — ніхто і ведаць не будзе. Асіпенка. Тунякоў такія штукі мог рабіць адмыслова: спісаць збожжа ці яшчэ што як бракованае, а потым сплавіць налева. Радкевіч. // Ускласці на каго‑, што‑н. адказнасць за што‑н. (часцей за знішчэнне, пашкоджанне і пад. чаго‑н.). [Следчы да Сотнікава:] — Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Быкаў. Відаць, не першы ты, хто ўсе выдаткі Хацеў бы на мінулае спісаць. Пысін. // Лічыць несапраўдным, скасаваць (доўг, запазычанасць і пад.). Спісаць запазычанасць. // Разм. Зняць у якасці спагнання. [Карова] .. цэлую ноч жэрла .. кіяхі. З Піліпкі за гэта цэлых пяць працадзён спісаў брыгадзір. Навуменка.

5. Звольніць (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); адправіць у запас. Спісаць з карабля. □ Як спісалі [Аўсяніка] з авіяцыі, .. як апусцелі кішэні, як спусціўся на зямлю механікам у нейкі задрыпаны гараж, так і сяброў тых не стала. Васілевіч. — Вось так я, малады чалавек, і ваяваў, — кажа цесць зусім ціха. — Пасля вайны мяне спісалі ў запас на адпачынак. Хомчанка.

6. Запоўніць пісьмовымі знакамі (аркуш паперы, сшытак і пад.). Пісаў .. [Валодзя] доўга.. Спісаў шмат старонак. Шамякін. Увесь вялікі ліст спісалі, хто алоўкам, хто чарнілам, хто прозвішча паставіў, а хто крыжыкі. Брыль.

7. Разм. Зрасходаваць на пісанне. Спісаць аловак. □ Колькі мы спісалі паперы, колькі ў раён папахадзілі! Ракітны.

8. перан. Разм. Збіць, спаласаваць. — Вось каб яго [Юрку] палажыў на лаўку ды дубцамі спісаў, каб дзве нядзелі сядзець не мог,.. — сярдзіта прабасіў суддзя. Чарот. Адам упаў у капу кулёў і не вельмі выцяўся, паабдзіраў толькі рукі, спісаў калючай саломай твар. Сабаленка.

•••

Спісаць у расход — у бухгалтарскай справе — ліквідаваць, знішчыць.

Спісаць у архіў — тое, што і здаць у архіў (гл. здаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́яцца, ба́ецца; незак.

Зал. да баяць (у 1 знач.).

бая́цца, баю́ся, баі́шся, баі́цца; незак.

1. Адчуваць страх; апасацца каго‑, чаго‑н. [Спаткай:] — Сядзелі ў зямлянках, грызлі сухары і носа баяліся вытыркнуць. Навуменка. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Якімовіч. // Знаходзіцца ў стане трывогі. У Ванды закружылася галава. Яна баялася, каб не страціць прытомнасць. Мяжэвіч. // Непакоіцца за каго‑, што‑н. За Валодзіка.. [Змітрок] менш баяўся. Бажко. // Пазбягаць каго‑, чаго‑н. непрыемнага. Баяцца сустрэчы. □ [Мацей Кулеш:] — Воўкам ты жывеш, кума. Жывых людзей баяцца стала. Шамякін. // Не адважвацца на што‑н.; не хацець узяцца за якую‑н. справу; пасаваць перад цяжкасцямі. [Ігнась] баяўся зрабіць непрыемнае сябру сваімі словамі. Мурашка. На якую хвіліну ў хаце ўсталявалася такая ўрачыстая цішыня, што кожны, здавалася, баяўся парушыць яе сваім дыханнем. Лынькоў. [Заатэхнік:] — Я так і ведала. Значыць, баіцеся паходзіць каля фермы. Сергіевіч. // З цяжкасцю пераносіць што‑н. [Чалавек:] — Гэта далёка, вёрст дваццаць адсюль будзе. Але я дарогі не баюся. Скрыган.

2. чаго. Не пераносіць чаго‑н., адмоўна рэагаваць на што‑н.; псавацца ад чаго‑н. Галава стала, холаду баяцца. Толькі на восень паверне, і Дубель носіць зімовую шапку. Ермаловіч. [Палікарпаўна:] — Любіць, пястуха [расада], каб яе рана сеялі, а калі пачне ўзыходзіць, дык вельмі ж баіцца холаду. Кулакоўскі.

3. (з адмоўем «не»), у знач. пабочн. Разм. Будзь упэўнены, не сумнявайся. [Жлукта:] Не бойся, я ведаю, што раблю. Крапіва. [Дзед:] — О, брат, не бойцеся, — .. [Верачка] ведае, з кім сябраваць. У старшыні не толькі хлеб, — у яго і скварка знойдзецца. Брыль.

•••

Баяцца дыхнуць — трымаць сябе ціха, баязліва.

Баяцца як агню — вельмі баяцца каго‑н.

Баяцца як чорт ладану (крыжа, кадзіла) — вельмі баяцца каго‑, чаго‑н.

Бога ты не баішся! — выражэнне дакору ў сувязі з тым, што хто‑н. робіць нешта недазволенае.

Бойся (ты) бога — май сумленне.

Духу баяцца — адчуваць страх пры адным упамінанні каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ставіць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Выняць устаўленае. [Юрка:] — О, ужо і ў вас падвойныя вокны вынялі! [Лаўрэн:] — Вясна, Юрка! — Вясна, дзядзька Лаўрэн. — І смяецца: — А я свае яшчэ тыдні два назад быў выставіў. Ракітны.

2. Падаць, высунуць уперад. Выставіць перад сабою рукі. □ — Во, сіла ў мяне яшчэ ёсць, — выставіў.. [Гардзіенка] свае пудовыя кулакі. С. Александровіч. Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў. Колас.

3. Паказаць, высунуць што‑н. адкуль-небудзь. Выставіць галаву з-за дзвярэй. // перан. Утаропіўшы, спыніць на кім‑, чым‑н. вочы. Доктар і адвакат выставілі на.. [Язэпа] здзіўленыя вочы. Бядуля.

4. Перамясціць што‑н. за межы чаго‑н.; вынесці. Выставіць вазоны з пакоя на балкон. // Паставіць на віду, дастаючы адкуль‑н. Буфетчыца выставіла на стол бутэльку крэм-соды. Асіпенка. // перан. Разм. Выдаліць, выгнаць. Выставіць за дзверы. □ [Дзядок:] — Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. .. Але выставілі яго адтуль. Корбан.

5. Вылучыць для якой‑н. мэты пэўную колькасць асоб. [Сяльчонак:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусцім. Асіпенка. // Паставіць, размясціць (варту і пад.). Выставіць вартавых. □ [Партызаны] занялі рад .. суседніх вёсак, выставілі заслоны. Казлоў.

6. перан. Выказаць прапанову, патрабаванне. Сход пастанавіў арыштаваць стражнікаў і ўрадніка і выставіў патрабаванне аб скасаванні пасады земскага начальніка. «Весці».

7. перан. Назваць, прапанаваць для якой‑н. ролі. Выставіць сведку.

8. Змясціць для агляду. Выставіць напаказ. □ Паны, распісваючы нас, Не шкадавалі чорнай фарбы, А мы ўзялі на гэты раз Ды нашы выставілі скарбы. Крапіва.

9. перан. Падаць у якім‑н. выглядзе. [Алесь:] — Можа, думаеш, прыемна, калі цябе выставяць вось гэтакім даўгавухім ішаком? Шыцік. // Паказаць, пахваліць сябе. Ваўчок пакідае ўражанне чалавека энергічнага, кемлівага, але занадта самаўпэўненага, схільнага парысавацца, выставіць самога сябе на пярэдні план. Хадкевіч.

•••

Выставіць на смех (на пасмешышча) каго — прымусіць каго‑н. аказацца ў смешным становішчы; абсмяяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ззяць, ззяю, ззяеш, ззяе; незак.

1. Вылучаць ззянне; ярка свяціць. Зоркі — бліскучыя, ззяюць, пераліваюцца. □ Высока ззяла ў небе сонца, прыветліва шумела пад ветрам маладая бярозка. Гамолка. // чым і без дап. Быць ярка асветленым, залітым святлом. Справа, у лесе, высокія санаторныя будынкі ззяюць агнямі і тушаць над сабою зоры. С. Александровіч. Золатам ззяе ўсход. Танк. // перан. Быць, паяўляцца ва ўсёй велічы, славе, бляску. У выдатным сузор’і вялікіх сыноў рускага народа ярка ззяе слаўнае імя.. Суворава — фельдмаршала і генералісімуса рускай арміі. «Беларусь». // чым і без дап. Вылучацца яркім колерам, чысцінёй, навізной. Ззяе фарбаю новай Кабінетны раяль. Бачыла. Два ордэны ззяюць яго баявыя, Яны за Бярозу, за Мінск і за Кіеў. Хведаровіч.

2. Блішчаць, зіхацець, адбіваючы святло, прамяні. Як хораша пад месяца святлом Прайсціся полем ціхім, Звонкім гаем Ці паўз раку, што ззяе серабром. Астрэйка. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць. Колас. // перан.; чым. Вылучацца якімі‑н. заслугамі, вартасцямі. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.

3. Блішчаць ад радасці, шчасця (пра вочы); свяціцца ад радасці, шчасця (пра твар). Упершыню паглядзеў ён на бацьку вачамі, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. Твары.. [людзей] ззялі радасцю. Кавалёў. // перан.; чым. Паказваць сваім выглядам пачуццё радасці, шчасця (пра чалавека). Мала таго, што гаварыла .. [Вераніка] выразна, правільна будуючы кожны сказ, у яе яшчэ быў надзвычай прыемны голас, і сама яна ў гэты час ззяла нябачаным хараством... Навуменка. // перан. Ярка праяўляцца ў чым‑н. (пра пачуцці). Радасць ззяла ў вачах людзей. □ Юнакоў, дзяўчат усмешкі Ззяюць водбліскам зарніц. Жычка.

4. Быць адкрытым, паказваць глыбіню, правал (пра яму, рану і пад.). Ля падножжа гары ззяў уваход у пячору. Шыцік. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе велізарная прабоіна. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зуб, ‑а; мн. зу́бы і зубы́; м.

1. мн. зу́бы (з ліч. 2, 3, 4 зубы́), зубо́ў. Косцепадобны орган у роце для адкусвання і разжоўвання ежы. Зубы прарэзаліся. Чысціць зубы. □ Смачны жабе арэх, ды бог зубоў не даў. З нар.

2. мн. зубы́, ‑о́ў. Востры выступ на інструменце, прыладзе працы, частцы машыны і інш. Юзік сядзеў каля ганку і забіваў зубы ў граблі. Васілевіч.

•••

Вочныя зубы — іклы верхняй сківіцы.

Зуб мудрасці — трэці вялікі карэнны зуб (апошні ў зубным радзе кожнай сківіцы), які вырастае пасля 20 гадоў.

Карэнныя зубы — пяць задніх зубоў з кожнага боку верхняй і ніжняй сківіц.

Кутнія зубы — тое, што і карэнныя зубы.

Малочныя зубы — дзіцячыя зубы, якія паступова выпадаюць пасля шасцігадовага ўзросту і замяняюцца новымі, пастаяннымі.

Абдумаць зубы гл. абламаць.

Вастрыць (тачыць) зуб (зубы) гл. вастрыць.

Вырваць з зубоў гл. вырваць.

Глядзець у зубы гл. глядзець.

Зуб гарыць — тое, што і вока гарыць (гл. вока).

Зуб за зуб — адплачваючы за зло той жа меркай.

Зуб на зуб не пападае — пра дрыжыкі ад моцнага холаду, страху і пад.

Зубамі ляскаць гл. ляскаць.

Зубы загаворваць гл. загаворваць ​1.

Зубы з’есці (праесці) на чым гл. з’есці.

Ірваць з зубоў гл. ірваць.

Класці зубы на паліцу гл. класці.

Лезці к чорту ў зубы гл. лезці.

Мець зуб на каго гл. мець.

На адзін зуб — пра вельмі малую колькасць чаго‑н. (звычайна аб харчовых прадуктах).

На галодны зуб — будучы галодным, хочучы есці.

Не па зубах што — а) цяжка разжаваць, з’есці; б) перан. не пад сілу, не па здольнасцях.

Ні ў зуб нагой — зусім нічога (не ведаць, не разумець і пад.).

Паказаць зубы гл. паказаць.

Праз зубы — не раскрываючы рота, невыразна (гаварыць, мармытаць і пад.).

Спаліць (шчэрыць) зубы гл. скаліць.

Сцяўшы (сціснуўшы) зубы гл. сцяўшы.

Трымацца рукамі і зубамі гл. трымацца.

Трымаць язык за зубамі гл. трымаць.

Узброены да зубоў гл. узброены.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. Утварыць глухі адрывісты гук; грымнуць. Раптам бухнуў гарматны стрэл. Шамякін. І далёка за чаротам Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай. Колас. Запішчала скрыпка, заліўся гармонік, бухнуў барабан — маладых, як толькі яны паказаліся ў канцы сяла, сустракалі з маршам. Васілевіч. // Раздацца, пачуцца нечакана, з сілай. Бухнуў рогат. // З сілай вырвацца, памкнуцца. Яму [Сымону] усё цёмна, невядома... І раптам бачыць — бухнуў дым, Як вата белы, а за ім Агонь прарваўся з-пад саломы. Колас.

2. Стукнуць, ударыць; стрэліць. Матрос яшчэ раз бухнуў у дзверы і раптам заціх, прысеў побач са Сцёпкам, уздыхнуў. Хомчанка. Не спяшаючыся, адчыніў [шафёр] дзверцы, вылез з кабіны, бухнуў нагою па пакрышцы, чакаючы, пакуль падыдуць пасажыры. Скрыган. [Аляксей:] — Адыдзіце ад акна, а то яшчэ каменнем дадуць. А могуць і з абрэза бухнуць. Сабаленка.

3. каго-што. З сілай кінуць. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог. Колас.

4. безас. у знач. вык. Ударыць, стукнуць, грымнуць. — Бах! — гулка бухнула дзесьці непадалёку. Хомчанка.

5. Тое, што і бухнуцца. Бухнуць у ваду. □ Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану. Колас. Галодны і стомлены за ўсе гэтыя дні, не прыглядаючыся да месца, я, што нежывы, бухнуў у лазу тут жа ля берага. Адамчык.

6. Уліць, усыпаць, укінуць адразу ў вялікай колькасці. Бухнуць солі ў суп. Бухнуць вядро вады ў кацёл. Бухнуць усё масла ў кашу.

7. перан. Сказаць, зрабіць што‑н. нечакана, неабдумана. Яна ў тэатры спявае, і нават яму прыносіла білет у тэатр, дык ён, дурань, бухнуў, што нічога не разумее ў гэтых яе операх. Васілевіч.

бу́хнуць 2, ‑не; пр. бух, бухла; незак.

Пашырацца, павялічвацца ў аб’ёме ад вільгаці; разбухаць. Зямля вохкала пад нагамі, стагнала, бухла. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)