шыфо́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыфону; пашыты, зроблены з шыфону. У белай шыфонавай кофтачцы і яркай, знарок пашытай для дачы, паркалёвай сіняй спадніцы .. [Вера] здавалася зграбнай, маладой. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эдэ́мскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эдэму. І сніў Адам: Камета ўстала ў небе Барвяным страшным зракам — і тады Крывёю пачала сачыцца глеба І згінулі эдэмскія сады. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да этыкі, адпавядае яе правілам. Этычнае выхаванне. □ Я. Колас выступае супроць мяшчанства, за новую мараль і этычныя нормы паводзін людзей у калектыве. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эцю́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эцюда, з’яўляецца эцюдам. Эцюдная кампазіцыя. □ У калектыве брэсцкіх мастакоў працуюць Кастусік, Чарнышоў, Дудараў, Рыжанкоў, Ваейкаў, творы якіх носяць пераважна эцюдны характар. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ядра, з’яўляецца ядром (у 1, 2 знач.). Ядровая частка плода.

•••

Ядровае мыла (спец.) — вышэйшы сорт гаспадарчага мыла з вялікай колькасцю тлушчавых кіслот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вінны 1 ’вінаваты’ (БРС, Шн.; КЭС, лаг.; Бяльк., Мат. Гом.); ’той, хто мае доўг’ (КЭС, лаг.; Нас.); ’слухмяны, пакорлівы’ (Нас.). Укр. винний ’вінаваты’; ’даўжнік’, рус. пск. винный ’прычынны’, наўг., калін. ’магчымы, такі, які можа адбыцца’, ст.-рус. винный ’прычынны’; ’вінаваты, абвінавачваемы’; ’даўжнік’, польск. winny ’вінаваты, які заслугоўвае пакарання’, в.-луж. уст. winny ’вінаваты’, чэш. vinný ’тс’, славац. vinný ’вінаваты, вінны’. Паўночнаслав. прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ьn‑ъ ад асновы назоўніка віна́ 1 (гл.).

Ві́нны 2 ’які мае адносіны да віна’, вінны спірт, вінны перагар, вінны колер, вінны смак і інш. (БРС, КТС, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Бяльк.), укр. винний ’вінны, вінаградны’, рус. винный ’вінны’, паўн.-рус. ’напоўнены віном’, калуж. винная трава ’грушанка, Pirola secunda L.’ польск. winny ’вінны, вінаградны’, в.-луж. winny, чэш. vinný, славац. vínny, балг. винен ’тс’, винена болест ’эпілепсія’, ст.-слав. виньнъ. Прасл. vinьnь, якое ў некаторых паўднёваслав. мовах даўно змяніла свой канчатак ‑ьnъ на ‑ов, ‑ован, ‑jen, ‑ьски (Скок, 3, 595), відаць, таму, каб пазбегнуць аманіміі з вінны ’вінаваты’. Тое ж мы маем і ў іншых слав. мовах. Утворана ад віно́ (гл.) пры дапамозе суф. ‑ьnъ.

Вінны 3 ’піковы (пра масць у картах)’ (КТС, Нас.). Утворана ад ві́на 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́ць 1 ’ачышчаць дрэва ад кары’ (Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Янк. 3., КЭС., лаг.). Сувязь з лексемай кара (гл.) відавочная. Аднак цяжка вызначыць тып гэтай сувязі. Прасл. koriti мае другасныя значэнні і значэнне, зафіксаванае на ўсх.-слав. глебе (укр. корити, рус. корить), не мае адпаведных паралелей у іншых славянскіх мовах. Аднак калі прасл. koriti разглядаць як карэлят да čьrtǫ črěsti (?) ’рэзаць’, то значэнне ’ачышчаць дрэва ад кары’ можна разглядаць як першаснае, а kora як ’штосьці зрэзанае’.

Кары́ць 2, укр. корити, рус. корить, чэш. kořiti ’пакараць’, славац. korit sa ’пакарацца’, в.-луж. korić ’пакараць’, польск. korzyć ’карыць’, балг. коря ’тс’, макед. кори ’тс’, серб.-харв. ко̀рити ’тс’, славен. koriti ’тс’: koriti sę ’спрачацца’. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з лац. carināre ’здзекавацца’, ірл. caire ’вымова, знеслаўленне’. Параўн. з апошнімі ст.-слав. корити ’знеслаўляць’, славац. koriťsa ’здзекавацца’, рус. коритись ’тс’. Семантычныя адрозненні двух радоў дзеясловаў вымушаюць нас дапусціць ідэю аб суіснаванні аманімічных дзеясловаў koriti 1 і koriti 2, якія, напрыклад, ва ўсходнеславянскіх мовах поўнасцю зліліся. Тады, магчыма, рэфлексацыі koriti 1 са значэннем ’пакараць’ і адпаведна koriti sę 1 ’спрачацца’ можна суаднесці з літ. kãras ’вайна’, гот. harjis ’войска’ (супраць Фрэнкель, 220 і Трубачоў, Эт. сл., 11, 76–77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Косць ’частка шкілета’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Нар. словатв., Яруш., КЭС, лаг.). Укр. кість, рус. кость, ст.-рус. кость ’тс’, ст.-слав. кость, балг. кост, серб.-харв. ко̑ст, славен. kȏst ’тс’, польск. kość, чэш. kost, славац. kosť, в.-луж. kosć, н.-луж. kosć, палаб. tʼüst ’тс’. Прасл. kostь генетычна не суадносіцца з лац. costa ’рабро’ (насуперак Бернекеру, 1, 1, 582). Серб.-харв. ко̑ст у значэнні ’рабро’ мае другаснае паходжанне. Апрача гэтага, прасл. rebro ’рабро’ нельга разглядаць як пазнейшую праславянскую інавацыю, паколькі яно мае надзейны адпаведнік у прагерм. rebia (ст.-ісл. rif, ст.-англ. ribb, с.-в.-ням. rippa). Таму больш перспектыўным з’яўляецца суаднясенне з хет. hastai, ст.-інд. ásthi, ст.-іран. asti, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ōs, ōssis ’косць’ (Мейе, RÉS, 3, 197; Мейе, RÉS, 5, 8–9. Параўн. Шрэдар, Sprache, 9, 1, 11; Хэмп, KZ, 98, 1). Гэта група лексем характарызуецца ĭ‑асновай, што з’яўляецца дадатковым аргументам да семантычнага. Адзіную цяжкасць складае «рухомае к», якое атрымлівае тлумачэнне як узнікшае ад прасл. x. Такім чынам, kostь < *xostь пад уздзеяннем дысіміляцыйных тэндэнцый. Параўн. прасл. kamy ’камень’ і ст.-інд. áśmaḥ ’тс’ (Мартынаў, Слав. акком., 160–162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Купа́ла 1 ’свята 24 чэрвеня’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Крачк., Сцяшк., Гарэц., Чач., Кліх, ТС). Укр. купала, купало, рус. купала, ст.-рус. купала ’тс’. Вядома, што, згодна з традыцыяй, купала разглядаецца як усходнеславянскі пераклад са ст.-грэч. βαπτιστής ’хрысціцель’. Іван Купала адпавядае грэч. Ἰωάννης ά βαπτιστής (Іаан Хрысціцель). Але ёсць падставы меркаваць, што лексема купала мае старажытнае, яшчэ дахрысціянскае сакральнае значэнне. Аб гэтым сведчаць шматлікія этнаграфічныя і фальклорныя даныя. У Заходнім Палессі купала мае значэнне ’касцёр, агонь’, якое можна суаднесці з бел. купець, купаць ’гарэць без полымя, дымець’ (гл.), kupěti/kǫpati з сакральным значэннем ’ачышчаць агнём’ (параўн. лац. pūrus ’чысты’ і ст.-грэч. πύρος ’агонь’). Тады да ліку суадносных лексем можна аднесці ст.-грэч. καπνός ’дым’ (< κϜαπνος), лац. vapor ’пара, дым, агонь’ (< *ku̯apos), прасл. kopъtь (< *kvopъtь): *ku̯op‑/kou̯p‑. Незалежна ад верагоднасці гэтай этымалогіі бел. купала ’касцёр, агонь’ звязваецца з бел. купаць ’гарэць’. Прадуктыўны суфікс ‑ла для назваў дзеячаў (параўн. купала) сведчыць аб анімізацыі назвы ’кастра, агню’. З гэтага пункту погляду купала адначасова ’касцёр, агонь’ і нейкі ’дух агню’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210–211 з літаратурай).

Купа́ла 2 ’братаўка дуброўная, Melampyrum nemorosum’ (Жыв. сл., Кіс.). Сакральна звязана з Купаллем. Гл. купала 1. Параўн. таксама купалка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́скі ’які мае адносіны да Русі, Расіі’, ’які мае адносіны да рускіх’ (ТСБМ), старое ’у Беларусі хрысціянін усходняга абраду’, ’украінец’ (Стан.), рускій, руській ’рускі’ (Бяльк.), ст.-бел. руський (1440 г.), рускии ’тс’ (Карскі, 1, 199), сюды ж ру́скі ме́сяц ’пра нешта вельмі доўгае ў часе’ (ТС), ру́ськый мі́сяць, ру́ськый рык ’цэлы, біты, добры месяц, год’ (Клім.), ру́скі по́яс (rúski pojis) ’вузкая і доўгая тканіна’ (Варл.). Прыметнік вядомы ўсім славянскім мовам у сучасным значэнні, параўн. аднак польск. ruski ’усходнеславянскі’, ст.-слав. русьскъ (у адносінах да князя Святаполка, гл. ESJSt, 13, 784). Часцей за ўсё звязваюць са ст.-фін. азначэннем германскага племені *Rōtsi ’варагі, шведы, што нападалі на фінскія землі’, сучаснае фін. Ruotsi ’Швецыя’, што ідэнтыфікуецца з першай часткай ст.-ісл. róþsmenn або róþskarlar ’грабцы, мараходы’. Ст.-ісл. Rróþsmenn або Róþskarlar у сваю чаргу паходзяць са швед. Roslagen — назвы ўзбярэжжа Упланда. У якасці аналагічных выпадкаў перанясення назвы заваёўнікаў на заваяванае насельніцтва прыводзяцца франкі (Францыя), нарманы (Нармандыя), навагрэкі (Φωμιοί) лангабарды (Ламбардыя), балгары (Фасмер, 3, 522; з разглядам версій — ESJSt, 13, 783–785; Трубачоў, Слав. языкозн., XII, 23). Значэнне ’надта доўгі’, параўн. і польск. ruski miesiąc, мажліва адлюстроўвае разыходжанні і ў сістэме мер Вялікага княства Літоўскага, параўн. Скурат., Меры, 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)