загляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Глянуць куды‑н., унутр чаго‑н.; кінуць позірк на тое, што трэба разгледзець, убачыць. Заглянуць у вочы. Заглянуць за шафу. Заглянуць пад ложак. □ Цыбаты бялявы хлопчык .. заглянуў у адчыненае акенца машыны. Гамолка. // перан. Пранікнуць куды‑н., асвятліць прамянямі (пра сонца, месяц і пад.). Святло месяца заглянула ў акно, і ў хаце стала неяк весялей і святлей. Кавалёў. // перан. Бегла пачытаць асобныя месцы (у кнізе, газеце і пад.). Заглянуць у кнігу.
2. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Ёсць над Сожам гарадок. Просім, ягамосці: Ехаць будзеце здалёк, Загляніце ў госці. Калачынскі. Невысокі рухавы стары, да якога мы заглянулі ў хату, сустрэў нас ветліва. С. Александровіч.
•••
Заглянуць наперад (у заўтрашні дзень) — задумацца над будучыняй, уявіць яе сабе.
Заглянуць у душу (нутро і пад.) каму, чыё — адгадаць чые‑н. думкі, пачуцці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.
1. Падняць угору. Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад. Маўр. // Загнуўшы, падняць уверх (пра адзенне). Зусім нечакана для «высокага суда» Рыгор задраў кашулю і павярнуўся спіной да стала. Бажко. Чалавек задраў калашыны вышэй калень і пачаў грэць валасатыя ногі. Лобан.
2. Адарваўшы, загнуць канцом у адваротны бок. Задраць скуру на пальцы.
3. Забіць, разарваць (пра драпежніка). Каршун задраў курыцу. □ Яшчэ пазаўчора .. [воўк] задраў па той бок лесу на выгане кабылу. Чорны.
•••
Задраць ногі — а) упасці, не ўтрымаўшыся на нагах. Купрыян.. быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі.. і перакуліўся. Чарот; б) памерці, здохнуць (звычайна пра жывёлу). Падкорміць [Халімон] парсючка, толькі б.. прадаць, рубель на патрэбу выручыць, а гэты парсюк ногі задзярэ. Чарнышэвіч.
Задраць нос (галаву) — зазнацца, заганарыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
да́цца, дамся, дасіся, дасца; дадзімся, дасцеся, дадуцца; пр. даўся, ‑лася, ‑лося; заг. дайся; зак.
1. Дазволіць зрабіць з сабой што‑н. Дацца абстрыгчы. □ Хвядзько хацеў абняць і пацалаваць Параску, але яна не далася, уцякла ў хлеў. Лобан.
2. Разм. Ударыцца, стукнуцца. Увечары стала вядома: нічога страшнага ў Міхалючка не было, але ён моцна даўся аб цвёрдую зямлю, і па плячы пайшла пухліна. Чорны.
3. Разм. Дастацца. У цяжкай працы даўся хлеб, У бойках нас сустрэла слава. Хведаровіч. // Паддацца засваенню. Літары даліся хлопцу няцяжка. Брыль.
4. Разм. Стаць прадметам асаблівай увагі, інтарэсу. — Даўся вам Сямён. Ён жа такая нуда. А тыя хоць пагаварыць цікава могуць. Шыцік.
•••
Дацца ў знакі — надакучыўшы, даняць, надоўга запомніцца.
Дацца ў памяць — надоўга запомніцца, засесці ў памяці.
Дзіву дацца — моцна здзівіцца чаму‑н.
Не дацца ў крыўду каму — сумець пастаяць за сябе, абараніць сябе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Абменьваць адну рэч на другую. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Кулакоўскі.
2. Замяняць адно чым‑н. другім аднародным; зменьваць, падменьваць. Мяняць кватэру. Мяняць работу. □ Сапёры рамантавалі мост, мянялі насціл. Ставер. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі. Ваданосаў. Я расхінуў сваю плашч-палатку, пакрыў сябе і Віну. Глянуў на гадзіннік — пара мяняць Несцера. Не падымаючыся з зямлі, разбудзіў партызана і паслаў на змену. Карпюк.
3. Рабіць іншым; зменьваць. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Лынькоў. // Пераўтвараць. Заўтра цікава будзе расказаць сваім таварышам-рабочым, як іх праца ўжо цяпер пачынае мяняць звыклы воблік наваколля. Няхай. // Адмовіўшыся ад чаго‑н., заменьваць яго чым‑н. іншым. Мяняць погляды. Мяняць рашэнні.
4. Разменьваць грашовыя купюры на больш дробныя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, з дадан. сказам і без дап.
1. Ціхенька, шэптам сказаць каму‑н. тое, што той павінен адказаць, вымавіць. Падказаць адказ. □ Пеця — хлопчык неблагі. Не скнара, не забіяка. Як трэба, дык і падкажа на ўроку. Хомчанка. // Дапамагчы ўспомніць, сказаць, напісаць. Лукаш .. стаў бліжэй да стала, нахіліўся да старшыні, каб падказаць яму, што напісаць у паперцы да Навікоўскага сельсавета. Галавач. [Дзед Талаш:] — [Букрэй] гаварыў, што да нас будуць прыставаць і нашы ворагі... Як ён іх называў, забыўся. — Правакатары, — падказалі дзеду. Колас.
2. Дапамагчы прыйсці да рашэння, навесці на думку. Падказаць выйсце. Падказаць, што рабіць. □ Сама прырода падказала палешуку шляхі да нястомнай дзейнасці. Сачанка. [Васіль і Ганна] пабачыліся праз тры дні — пабачыліся, хоць угавору не было: проста падказала пачуццё. Мележ.
3. Разм. Выдаць каго‑, што‑н.; данесці. Неўзабаве давялося спаткаць коннікаў: ім хтосьці выразна падказаў, дзе хаваюцца коні. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Прыняць, узяць з рук у рукі, у сваё распараджэнне ўсё або частку таго, што здаюць. перадаюць, уручаюць. Папрымаць кнігі ад чытачоў. Папрымаць тэлеграмы.
2. каго. Залічыць у склад чаго‑н. усіх, многіх. Папрымаць выпускнікоў школ на работу. □ [Міхал:] — А сам Лазавы хіба не ведае, як ты працуеш у калгасе, не ведае пра тваю дапамогу партызанам? [Люба:] — Ну, такіх, як я, былі тысячы, хіба ж можна ўсіх у партыю папрымаць? Васілевіч.
3. каго. Дапусціць да сябе для агляду, для размовы па якіх‑н. справах усіх, многіх. Папрымаць хворых. Папрымаць наведвальнікаў.
4. што. Зняць, забраць адкуль‑н. усё, многае. Папрымаць талеркі са стала. Папрымаць табурэткі з сярэдзіны пакоя.
5. што і без дап. Прымаць некаторы час. А пакуль што вось вам рэцэпт, зайдзіце ў аптэку, вазьміце таблеткі і папрымайце перад сном некалькі дзён. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпыні́цца, ‑пынюся, ‑пынішся, ‑пыніцца; зак.
1. Спыніцца, затрымацца на некаторы час, ненадоўга. Не даходзячы з паўкіламетра якога да вёскі, ён прыпыніўся і прыслухаўся, ці не чуваць чаго. Чорны. Хлопцы прыпыніліся нарадзіцца, як ісці к лесу — ці праз папар, ці загнуць на пасеку, у бок Масткоў. Гартны. Першая [падвода] прыпынілася і стала чакаць астатніх, пакуль падцягнуцца. Васілеўская. // Спыніць свой рух. Цягнік прыпыніўся на глухім паўстанку. Пянкрат.
2. Спыніцца (пра ход, развіццё і пад.). Раптам сівы дзед Змарыўся: Столькі год — не да пацех. Хоць і танец Прыпыніўся, Не сціхае У хаце смех. Дзеружынскі. І жыццё прыпынілася ў дрэве, Бо ўжо сонца рабіну не грэе. Журба.
3. Часова спыніцца дзе‑н., знайсці прыпынак дзе‑н. Таўлай з сям’ёю прыпыніўся ў тым самым сасняку, у адным з зялёных салдацкіх баракаў. Брыль. Як яна маецца, дзе прыпынілася, дзядзька Харытон не ведае. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.
1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.
2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да сысці.
2. перан. Размяшчацца нахільна. Узгорак .. наводдалек .. сыходзіў у лагчыну. Чорны. Канюшына сыходзіла ў нізкі куп’істы поплаў з раскіданым статкам кароў. Лобан.
3. (з адмоўем «не»). Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., не пакідаць чаго‑н. (пра чалавека, жывёлу). Дзіця не сыходзіць з рук. // Пастаянна быць, аставацца дзе‑н. (пра прадметы). Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала. Колас. // Пастаянна быць бачным, не знікаць (пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад.). Лёгкая ўсмешка амаль не сыходзіла з .. твару [Ванды]. Марціновіч. Усміхаўся .. [бацька] так прыветна, што хораша станавілася на душы, але і тады ціхі сум не сыходзіў з яго твару. Чарнышэвіч. // Пастаянна быць накіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра вочы, погляд). Вочы .. [Рамана] не сыходзяць з бота. Чорны.
•••
Не сыходзіць з языка (думак) — увесь час быць, прысутнічаць у чыіх‑н. думках, упамінацца ў размовах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
углы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
1. Пранікнуць, прасунуцца ўглыб, унутр чаго‑н.; удацца. Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Навуменка. Раптам зубр .. сышоў з дарогі і падаўся да статка, які ўжо даволі далёка углыбіўся ў лес. Краўчанка. // Капаючы, рыючы, пранікнуць глыбей у зямлю. Будаўнікі метро ўглыбіліся на дзесяць метраў ў зямлю. // Стаць, зрабіцца больш глыбокім (пра вочы). Пан Вашамірскі пабляднеў. Вочы ўглыбіліся, сківіцы ходырам захадзілі. Бядуля.
2. перан. Засяродзіцца, цалкам аддацца якой‑н. справе. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе. Колас. Прыйшоўшы ў калгас, я так углыбіўся ў севазвароты, што нават і забыўся аб усім. Кулакоўскі. Кавалёў з нецярпеннем узяў .. ліст, зірнуў на адрас, пазнаў родны почырк. Пісала жонка. Сеў ля стала, падсунуў лямпу і углыбіўся ў чытанне. Чарнышэвіч. // Унікнуць у тонкасці чаго‑н. Углыбіцца ў аналіз твора.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)