Тры́дзевяць ‘вельмі многа, няпэўная колькасць’: сядзіць маць Прачыста на прыстоле і дзержыць трыдзевяць ключы ў прыполе (БНТ, Зам.), ‘дваццаць сем’: у камори стоиць тридзевяць дубовых; тридзевяць скацерсци шавковыя (Рам. 5), у 1930‑я гады адпавядала тро́йчы дзе́вяць (Некр. і Байк.); сюды ж трыдзевя́ты: трыдзевятае царства ‘вельмі далёкая краіна, зямля’ (ТСБМ), трыдзевя́тка ‘крынічнік-дуброўка, Veronica chamaedrus L.’ (маг., Кіс.). Параўн. укр. три́девʼять ‘дваццаць сем’, рус. три́девять ‘тс’; ‘многа’: три́девять иминь ‘заклінанне ад ліхіх сіл’, ст.-рус. тридевѧ(т)о (у берасц. грамаце XIII ст., Залізняк, Древненовг.), польск. trzy dziewięcie ‘тры разы па дзевяць (у вясковых лекарак)’, серб. цімак. три́девет ‘дваццаць сем’: чим вода́ ў реку пројде тридевет ка́мена, мож се пије; балг. радоп. три́‑де́ветʼ: три́‑деветʼ по̂́ти ‘шматразова’, макед. три‑девет: зад три‑девет планини ‘вельмі далёка’. Праслав. *tri devętь — спалучэнне (гл. тры, дзевяць), якому прыпісваліся магічныя функцыі, асабліва т. зв. патроенай дзявятцы, характэрна, што лічэбнік «дваццаць сем» у замовах не называецца (Лукінова, Числ., 64). Архаізм, які захоўвае рэшткі ліку дзявяткамі (Карскі 2-3, 346), вядомы іншым мовам, параўн. лат. trejdeviņi ‘вельмі многа’, грэч. τρὶς έωφφέα ‘тройчы дзевяць’ (Жураўлёў, Язык и миф, 739). Спалучэнне лічэбнікаў у назве расліны грунтуецца на прыпісанай ёй якасці лячыць ад вялікай колькасці хваробаў (Коласава, Лексика, 139). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 636; Карпенка, Зб. Супруну, 103 (спалучэнне захавалася, бо страціла дакладнае колькаснае значэнне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трылу́дзіць ‘трызніць’, ‘хлусіць’ (Касп.), трылю́дзіць ‘балбатаць, пустазвоніць’ (Юрч.), трілю́дзіцца ‘пустазвоніць’, ‘здавацца, невыразна ўяўляцца’ (Юрч. Вытв.), турлю́дзіць ‘гаварыць лухту’ (Мат. Маг.); сюды ж трілю́да ‘бязлуздзіца, лухта’ (Юрч., Юрч. СНЛ), ‘бяссэнсіца відавочная’ (Юрч. Сін.), трілю́дзішча ‘тс’, ‘пустамеля’ (Юрч. Вытв.), трілю́дзіна ‘бязглуздзіца, лухта’ (Юрч. СНЛ), ‘пустамеля’ (Юрч.), трілю́джыньнік, трілюдзіньнік, трілюднік ‘балбатун, пустаслоў’, трілю́джыньня, трілюдзіння, трілю́дзіца ‘пустазвонства; бязглуздзіца’ (там жа). Пры параўнанні загалоўнага слова з лу́дзіць (гл.) у значэнні ‘кпіць, жартаваць, смяяцца’ (Нас.), ‘трызніць’ (Касп.), ‘маніць’ (мядз., Нар. словатв.), лудзі́ць ‘марнатравіць час’ (Шат.), ‘сварыцца’ (Сл. ПЗБ), несумненна, выяўляецца генетычная і тыпалагічная тоеснасць з другой часткай слова, што дае падставы суаднесці яе з укр. луди́ти ‘заманьваць’, рус. дыял. лу́ди́ть ‘красці плады і гародніну ў садах’, польск. łudzić ‘падмазваць’, чэш. louditi ‘выманьваць, выпрошваць’, славен. lúditi ‘маніць, дурачыць’; ‘праводзіць час’ і інш., што выводзяцца з прасл. *ludъ (ЭССЯ, 16, 167, 169). Палаталізаваныя варыянты слоў, прадстаўленыя на Магілёўшчыне і ў рус. дыял. трелю́дить ‘сваволіць, гарэзнічаць’, трелю́диться ‘жартаваць’, ‘здзекавацца’ і інш., могуць быць патлумачаны другасным збліжэннем з коранем люд‑, параўн. рус. дыял. трелю́дник — ‘аб пераборлівым, капрызным человеку’ (СРНГ). Спроба Мяркулавай (Этимология–1983, 60) вывесці іх з *trь‑juditi (j > l) падаецца менш прымальнай. Параўнанне з укр. трою́дити ‘раз’ятрываць, раздражняць’ выклікае фармальныя цяжкасці пры ідэнтыфікацыі пачатковага тро‑ з узмацняльнай прыстаўкай тре‑ < ц.-слав. трь‑ для перадачы траічнасці і вышэйшай ступені якасці (ЕСУМ, 5, 653), якая выступае ў пачатку рускіх слоў і якой у беларускай мове адпавядае тры‑ (трі‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Меж1 ’паміж’ (Грыг.) — скарочаная форма (як між) ад межы́, мяжы́, мі́жы́, навагр. мы́жы (Нас., Сл. ПЗБ; Шуба, Прыназ., 38). Укр. меж, ме́жи́, рус. паўн. меж, пск., цвяр. ме́жи́, ст.-рус. межь > ст.-польск. między, каш. mjidzë, памор. mjizä, midzë, midzy, н.-луж. mjaz(y), в.-луж. mjez(e), ст.-чэш., чэш. mezi, славац. medzi, славен. mèd, mèj, старое meji, серб.-харв. старое међ(и) (суч. серб.-харв. мѐђу, чак. meju, ст.-чак., ст.-шток. meu), паўн. і паўн.-зах. серб.-харв. med, meda, макед. кюстандз. меѓи, балг. меж. Гістарычна гэта застылая форма меснага склону адз. ліку — medjі (захавалася ў ст.-серб. мове з XVI ст. — meu: nenaviden biti meu puku nevernomu) ад прасл. лексемы medja > бел. мяжа́ (гл.), якая ў якасці прызоўніка ўжывалася ў ст.-бел. і вядома ў суч. бел. мове ў спалучэнні з назоўнікамі ў род., тв. і (рэдка) він. склонах (Карскі 2-3, 431; ён жа, Труды, 312). І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. mághyē, авест. maidya, ст.-грэч. аркадск. μέσουν ’пасярэдзіне, паміж’, лац. medius ’сярэдні’, гоц. midjis ’які ляжыць пасярэдзіне’, ням. Mitte ’сярэдзіна’ (Міклашыч, 181; Голуб-Копечны, 221; Зубаты, Studie, 2, 50; Мее, MSL, 20, 124–134; Бернекер, 2, 32; Фасмер, 2, 592; Махэк₂, 361; ESSJ SG, 1, 108–110). Гл. таксама межды, між, міз.

Меж2 ’колькасць канапель, якая бярэцца адзін раз для таго, каб мяць іх нагамі’ (ельск., ЛАПП). Відавочна, скажонае польск. mierza ’мера’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

да, прыназ. з Р.

1. Выражае прасторавыя адносіны, указвае месца ці прадмет, да якіх скіравана дзеянне.

Плысці да берага.

2. Ужыв. для абазначэння мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад.

Падкасаць штаны да каленяў.

3. Ужыв. для абазначэння велічыні, памеру чаго-н.

Барада да пояса.

Кажух да пят.

4. Паказвае на час, да якога адбываецца дзеянне.

Працаваць ад раніцы да вечара.

5. Ужыв. для падкрэслівання такой падзеі, якая адбылася раней чаго-н. іншага.

У кансерваторыю паступіў да прызыву ў армію.

6. Ужыв. для вызначэння ступені якасці, якой дасягае дзеянне, стан.

Крычаць да знямогі.

Надраіць да бляску.

7. Ужыв. для ўказання на прадмет, асобу, на якую накіравана дзеянне.

Сватацца да дзяўчыны.

Дакрануцца да шафы.

У мяне да цябе справа ёсць.

Рыхтавацца да экзаменаў.

Імкнуцца да новых поспехаў.

8. Ужыв. для вызначэння прыгоднасці да чаго-н.

Здатны да музыкі.

Спрытны да працы.

9. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, да якіх ёсць патрэба, зацікаўленасць, схільнасць.

Аматар да танцаў.

Цяга да спорту.

10. Ужыв. для выражэння адносін да каго-, чаго-н.

Павага да старэйшых.

Нянавісць да акупантаў.

11. Ужыв. для абазначэння падабенства, блізкасці да каго-, чаго-н.

Падобны да бацькі.

12. Ужыв. для паказання паўнаты колькаснага ахопу каго-, чаго-н.

Фільм зацікавіў усіх — ад малога да старога.

Разлічыцца да капейкі.

13. Ужыв. для выражэння прыблізнай колькасці чаго-н.

Зала змяшчае да васьмісот чалавек.

14. У спалучэнні з прыназ. «ад» і другім лічэбнікам ужыв. для абазначэння абмежавальных велічынь чаго-н.

Дзеці ад трох да пяці гадоў.

15. Ужыв. ў выразе пры развітанні.

Да пабачэння.

Да новых сустрэч.

16. Ужыв. ў пачатку загалоўкаў навуковых артыкулаў, даследчых прац.

Да пытання аб паходжанні мовы.

Да пытання аб электрадынаміцы цел, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

на́ціск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. націскаць — націснуць (у 1 знач.).

2. Моцны напор. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог, — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. І непакорна Стаіць пад гулкім націскам вятроў. Кірэенка.

3. Рашучае, энергічнае дзеянне, імклівы папад на каго‑, што‑н. Перад будынкам суда.. сабраўся велізарны натоўп. Паліцэйскія ледзь стрымлівалі яго націск. Машара. Брыгада несла цяжкія страты пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін. // перан. Моцнае ўздзеянне на каго‑н. Над націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго. У. Калеснік.

4. Патаўшчэнне штрыха пры пісьме пяром. Пісаць з націскам.

5. Вылучэнне складу ў слове сілай голасу або павышэннем тону, а таксама значок над літарай, які паказвае яе вылучэнне. — Між іншым, — сказаў настаўнік, — мясцовыя людзі вымаўляюць назву нашага горада не «Лунінец», як гаворыце вы і наогул усе прыезджыя, а «Лунінец» з націскам на першым складзе. В. Вольскі. // Вылучэнне голасам слова ў размове для таго, каб падкрэсліць яго лагічную значнасць. Лагічны націск. □ [Кірыл:] — Цяпер я не злачынец, як мяне тут доўга лічылі. Цяпер я проста рабочы чалавек. Ён зрабіў націск на слове «рабочы». Кавалёў.

6. перан. Вылучэнне чаго‑н. у якасці асноўнага. [Дзімін:] — Нам на культуру і эканамічнасць вытворчасці націск рабіць ужо трэба... Карпаў. Ніхто не будзе распытваць, колькі там было таго зерня. Юхневіч згнаіў збожжа. Вось на чым зробяць націск, вось пра што будуць казаць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Вызначаны па ўмове, угавору; загадзя ўмоўлены. Умоўны стук. □ Камандзіры зверылі гадзіннікі, дамовіліся аб умоўных сігналах і пайшлі на бераг да сваіх плытоў. Няхай. На ўмоўны свіст спяшаецца Да дуба камісар. Куляшоў. Уранку сябры Пакідалі сяло, Ля дуба — Умоўнае месца было. Гілевіч.

2. Абмежаваны якімі‑н. умовамі, які мае сілу пры наяўнасці якіх‑н. умоў. Умоўнае асуджэнне.

3. Які вызначаецца чыімі‑н. адносінамі да чаго‑н.; адносны. Якія ўмоўныя, аднак, людскія разуменні: шчасце, няшчасце... Лынькоў. Праўда, «дом» для.. [Дзямковіча] цяпер быў паняццем чыста ўмоўным: дому ў яго не было. Палтаран.

4. Які не існуе на самой справе; які ўяўляецца, дапускаецца ў думках; уяўны. Разам з партызанскімі разведчыкамі [Саша і Жэня] перайшлі шашу — умоўную мяжу партызанскай зоны. Новікаў. Хлопец, што сядзеў за маёй спін[а]й, .. трымаючы ў роце цыгарэту, прасіў у мяне прыпаліць, чыркаючы ўмоўнай запалкай па ўмоўнаму карабку. Радкевіч. // Прадугледжаны ўмовамі, правіламі чаго‑н. Умоўны праціўнік. Умоўная задача. □ Замест умоўных дэкаратыўных скал.. разгарнуліся праўдзівыя пейзажы. «Беларусь». // Які з’яўляецца сімвалічным абазначэннем якога‑н. рэальнага прадмета. Чырвонай пункцірнай лініяй начарціў шлях Пыжыкавай мамы, як ён уяўляўся мне. Адзначыў умоўным тапаграфічным значком дом Наташы. Шыловіч.

5. У мастацтве — заснаваны на адмаўленні ад рэалістычнага паказу рэчаіснасці; сімвалічны. Умоўная дэкарацыя.

6. У граматыцы — які мае значэнне ўмовы. Умоўныя даданыя сказы. Умоўны лад дзеяслова.

7. Спец. Прыняты ў якасці асновы пры вызначэнні сярэдніх велічынь чаго‑н. Умоўнае паліва. Умоўная кармавая адзінка.

•••

Умоўны рэфлекс гл. рэфлекс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трымаючыся за што‑н., захаваць раўнавагу, застацца на нагах, не ўпасці пры штуршку, удары і пад. Сахараў ухапіўся за стрэмя, нахіліўся набок, але на нагах утрымаўся. Асіпенка. [Конь] падскочыў і так ірвануў убок, што я ледзь утрымаўся на ім. Ляўданскі. // Устаяць пры катанні, слізганні. Воўка ніяк не мог утрымацца на лыжах. Кавалёў. // Затрымацца на паверхні, не праваліцца. А калі балота стала такое, што толькі птушка магла на ім утрымацца, папаўзлі, пасунуліся жыватамі. Кулакоўскі. // Разм. Захаваць сваё становішча, знаходжанне дзе‑н., у якой‑н. якасці. Бязвольны і няздольны генерал Лянгевіч доўга не ўтрымаўся ў ролі дыктатара. Якімовіч. Старшыня цяпер прывёз з мястэчка Гуціна — кажуць, добры будзе каваль. Кал і гэты яшчэ ўтрымаецца. Кухараў. Каб утрымацца на вяршыні сваёй бацькоўскай педагогікі, я не крычаў на дзяцей і не ўшчуваў іх. Васілевіч. / Пра надвор’е, пагоду. Сёння ўдзень у рэспубліцы ўтрымаецца малавоблачнае, сухое надвор’е. «Звязда».

2. Не адступіць пад націскам непрыяцеля, затрымацца на якім‑н. рубяжы. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Мележ.

3. Разм. Стрымаць сябе ад якога‑н. учынку, дзеяння, не даць праявіцца чаму‑н. Сапраўды было смешна, але я ўтрымаўся ад смеху. Шамякін. Шыманскаму хацелася сказаць: «Ніякі ты не салдат, а разбойнік з вялікай дарогі», але ўтрымаўся. Гурскі. Чубар таксама не ўтрымаўся ад спакусы — падаўся ў будан. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экано́мія, ‑і, ж.

1. Ашчаднасць, беражлівасць пры расходаванні чаго‑н. Вялікая ўвага ўдзяляецца на заводзе эканоміі матэрыялаў. «Звязда». Разам з камуністамі, усімі працоўнымі камсамольцы і моладзь рэспублікі актыўна працуюць на буйнейшых новабудоўлях, з вялікай упартасцю змагаюцца за тэхнічны прагрэс і павышэнне прадукцыйнасці працы, за паляпшэнне якасці прадукцыі і зніжэнне яе сабекошту, эканомію і беражлівасць, укараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту, за далейшы рост сельскагаспадарчай вытворчасці і павышэнне дабрабыту і культурнага ўзроўню працоўных. Машэраў. // Выгада, атрыманая ў выніку такой беражлівасці, ашчаднасці. — Гледзячы, што вас цікавіць, — глыбакадумна пачаў Анатоль. — Скажам, разец «зорачка» маёй канструкцыі дае эканомію часу да дзесяці хвілін у гадзіну. Ваданосаў. За год унесена больш за тры тысячы рацыяналізатарскіх прапаноў, якія далі заводу шэсць мільёнаў эканоміі... Карпаў.

2. Уст. Тое, што і эканоміка (у 1, 2 знач.). І тут Маркс бярэ не індывідуальную, а масавую з’яву, не дробную часцінку эканоміі грамадства, а ўсю гэтую эканомію ў сукупнасці. Ленін.

3. Уст. Памешчыцкая гаспадарка капіталістычнага тыпу. Крыху пазней.. [горад Слонім] стаў каралеўскай эканоміяй, тут жыў каралеўскі намеснік. «Помнікі». // Разм. Кантора, сядзіба гаспадаркі. Падпаліўшы эканомію, палонныя салдаты ўцякаюць на радзіму, каб тут па ленінскаму закліку ладзіць новае жыццё. Бугаёў.

4. У дарэвалюцыйнай Расіі — назва некаторых дзяржаўных устаноў, якія ведалі гаспадарчымі справамі. Дэпартамент Дзяржаўнай эканоміі.

5. Навука, якая вывучае грамадскія адносіны вытворчасці і размеркавання на розных ступенях развіцця грамадства.

•••

Палітычная эканомія — навука аб развіцці грамадскае вытворчасці і адносінах людзей у працэсе вытворчасці.

[Ад грэч. oikonomia — кіраванне гаспадаркай.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Віш1 ’зазімаваўшая (няскошаная) трава’ (Маш., Янк. I, З нар. сл., Мат. Гом., Шатал.), віша ’тс’ (Некр., Янк. I, Бір. Дзярж., З нар. сл.). Рус. дыял. кур. виш ’зараснікі кустоў, вялікая колькасць купін, леташняй травы ў паплавах’, ст.-рус. вишь ’зялёныя галінкі, хвораст’, польск. wisz ’тс’, н.-луж. wiš ’чарот, трава, якая расце на балоце’, чэш. viš, víš ’назва пэўнай расліны або парасткаў’, чэш. дыял. ’высокая лясная трава, якая расце на вільготных і балоцістых месцах’, серб.-харв. виш ’від балотнай травы’, славен. vȋš м. р., vȋš ж. р. ’асака, чарот’. Прасл. višь. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. wissene ’багун, Ledum palustre’, літ. viksvà ’асака’, vikšvà, vìkšris ’чарот, асака’, vizgà ’трава’ (Траўтман, 363; Брукнер, KZ, 44, 334; Фасмер, 1, 325; Махэк₂, 691). У якасці роднасных прыводзяцца таксама нарв. vîse ’мяцёлка, верхавіна расліны, сцябло’, vîs м. р. ’мяцёлка’, veis ’сакавітае сцябло’, veisa ’ціна’, ст.-в.-ням. wisa ’луг’ (Петэрсан, AfslPh, 36, 151; Хольтхаузен, IF, 32, 337). Магчыма, сюды ж рус. виша, вишь ’водная губка, Spongia fluviatilis’; параўн. нарв. veise ’ціна’. Гл. віс.

Віш2 м. р. ’іней’ (Мат. Гом.). Рус. арл., кур. вишь, ж. р., ви́шей, ви́шай, ви́шар ’тс’. Магчыма, да віш1, вішар (гл.) праз прамежкавую семантычную ступень ’вадзяная губка, Spongia fluviatilis, наплыў, рачная зеляніна’, якая ўтрымліваецца ў рус. вишь, виша; апошнія лексемы Махэк₂ (691) аб’ядноўвае з віш1. Фасмер (1, 326) пытанне аб сувязі рус. виша ’вадзяная губка’ з виш1 пакідае нявырашаным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)