Кабы́ла1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыла ’драўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылина ’бэлька (у столі)’.

Кабы́ла5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyła ’гатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ка1 ’старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус. калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч. καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус. калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калигивід абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз. калить ’жабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз. калила ’жабрак’, цвяр. каліман ’манюка’.

Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас. Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликка пецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ. koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст. kaalik ’бручка’ фін. kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел. немка, рус. репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́па1, ла́пка ’ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак’ (ТСБМ, Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., Клім., Яруш., Мат. Гом., Бяльк.) (экспр.) ’нага чалавека’, ’ножка стала, ложка, услона’ (Сл. паўн.-зах., Нас., Шатал.), ’ступня чалавека’ (ігнал., даўг., Сл. паўн.-зах.), ’рука’ (Нас.), даўг. лапка ’кісць рукі’ (Сл. паўн.-зах.), драг. ла́па, ла́пыско ’вялікая ступня’ (Нар. лекс.), ла́па ’расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваных для выцягвання цвікоў’ (ТСБМ, Сцяшк., Мат. Гом.), драг. ’для сцягвання ботаў’ (І. Лучыц-Федарэц; Сл. паўн.-зах.), в.-дзв. ’для абдзірання галовак ільну’ (Шат.), ’зуб у вілах’ (навагр., З нар. сл.), ’ручка ў сасе, плузе’ (Тарн., Смулк., Шатал.; лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (глыб., Сл. паўн.-зах.), ’чапяла’ (кобр., ДАБМ, к. 251), ’камплект панажоў у кроснах’ (Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Мат. Гом.), ’дошчачка ў калаўроце, на якую наступаюць нагой пры прадзенні’, малар. ’стойкі ў калаўроце, паміж якімі знаходзіцца кола’ (Уладз.), лельч. ’водаўдарная дошчачка на вобадзе вадзянога кола’ (ЛАПП), ’шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец’ (ТСБМ), ’паз у бервяне ў вугле’ (Мат. Гом.), (перан.) ’удар па далоні лінейкай як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе’ (Нас., Бяльк.; маладз., Хрэст. дыял., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), у выразе: лапамі араць ’упірацца, не даваць згоды’ (КЭС, лаг.), ст.-бел. лапица ’след’. Укр. лапа, зах.-укр. ла́ба, рус. лапа ’тс’, смал. лапы ’рукавіцы’, польск. łapa — апрача асноўнага значэння ’нага’ польская моўная тэрыторыя звязваецца з беларускімі значэннямі ’частка калаўрота’, ’панажы ў кроснах’, якія адсутнічаюць у рускіх гаворках; усх.-польск. łaba, каш. łapca (< łapica), чэш. tlapa, мар. dlapa (< прасл. lapa) — t‑/d‑ тут пад уплывам ням. Tatze ’лапа’ (Ільінскі, РФВ, 78, 194), а, паводле Шмілаўэра (Махэк₂, 645), чэш. tlapa — вынік кантамінацыі слав. łapa і ням. Tappe ’лапа’; славац. laba, славен. lapa, якое, паводле Плятэршніка (1, 499), са ст.-слав.; балг., макед. лапа ’нага некапытнай жывёлы’. Прасл. lapa ’ступня, нага некапытных жывёл’ з’яўляецца працягам і.-е. *lāpā ’рука, далонь, лапа’ (Слаўскі, 4, 465), параўн. адпаведнікі з іншых і.-е. моў: літ. lópa ’лапа жывёл, якія не маюць капытоў’, ’кісць рукі, нагі’, лат. lãpa ’лапа’, гоц. lōfa, ст.-ісл. lófi ’далонь’ (Бернекер, 690; Буга, Rinkt., 2, 170; Покарны, 1, 679; Брукнер, 306; Траўтман, 160; Фрэнкель, 339–340; Фасмер, 2, 458). Сабалеўскі (РФВ, 70, 95) без падстаў рэканструяваў прасл. *tlapa зыходзячы з чэш. формы tlapa.

Ла́па2, ла́пка ’галінка хвоі, елкі’ (Нас., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Касп., Шат.; глус., Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.), ла́пнік ’тс’ (Бяльк.), ’галіна дрэва з лісцем’ (карэліц., лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’гронка вінаграду’ (карэліц., Шатал.), ганц. ла́пкі ’сцяблы і лісце бульбы’ (ДАБМ, с. 867), ’амяла, Viscum L.’ (Маш.). Рус. ла́пина ’галінка дрэва, дубчык’, ла́па ’тс’, ла́пник, ла́пняк ’шырокія лапы ялін, якімі пакрываюць на зіму двары’. Балтызм. Параўн. літ. lãpas ’ліст’, лат. lapa ’галіны дрэў з лісцем, якія падкладваюцца пад стог ці тарпу’.

*Ла́па3, воўча ла́па, кото́вые (котя́чі) ла́пкі ’ткацкі ўзор, малюнак якога нагадвае след жывёл’ (Уладз.). Параўн. таксама лат. lapa ’узор вязання рукавіц’, укр. лапки́ (мн. л.) ’род узору для вышывання’. Да ла́па1 (гл.).

Ла́па4 ’лапік, латка’ (пін., ДАБМ, 925), ла́пка ’тс’ (езярышч., віц., бярэз., пін., светлаг., ДАБМ, 924–925). Балтызм. Параўн. літ. lõpas ’тс’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 117–118). Канчатак ‑а пад уплывам лексемы лата ’латка’. Сюды ж ла́піна ’латка’ (ДАБМ, к. 324), ла́пінка ’тс’ (ДАБМ, с. 924–925; Федар. I, Федар. 3, Сцяшк., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’пустое месца на полі, непакрытае гноем’ (Жд. 2), ’прагаліна’ (Мат. Гом.; міёр., Нар. словатв.); навагр. ла́піна ’ануча’ (Нар. сл.), ’праталіна’ (Некр.), ’невялікая плошча зямлі, на якой расце што-небудзь’ (Жд. 1), ’частка поля, сенажаці ў 4–6 м²’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стан 1, ‑у, м.

1. Тулава, постаць чалавека. Назаўтра раніцою каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройным станам. Дуброўскі. Смуглы твар і гібкі стан дзявочы У красуні, што на першым радзе, Нават трошачкі падобны вочы Да вільготных чорных вінаградзін. Аўрамчык. // Месца, па якім падпяразваюцца. Паясок быў не цесны, але ён так перацінаў стан, што здавалася — яго залішне зацягнулі. Кулакоўскі. / у вобразным ужыв. Галлё спусціўшы над парканам, Расла тут грушка з тонкім станам. Колас. Снапы ў .. [Любы] былі цяжкія, але зграбныя, з тонкім станам і роўнымі гузырамі. Васілевіч. Зноў яго хвіліны ўкалыхалі, Ноч над горадам свой стан схіліла... Дубоўка.

2. Разм. Скроеныя і сшытыя па фігуры полкі палатна; ліф. Стан атласны, а рукавы шаўковыя. // Верхняя палавіна сукенкі.

стан 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Лагер, месца стаянкі, часовага пасялення. Палявы стан. □ Тут, у адным утульным месцейку, пад дубам, на высокім беразе Старыцы, і размяшчаўся рыбацкі стан брыгады — стаяў вялікі, увесь закопчаны дымам драўляны будынак. Краўчанка. Каля Рудні ў час вайны Стан быў: партызанскі. Гілевіч. // Адведзенае для каго‑, чаго‑н. месца. У поўдзень на стан карову даіць ходзіць пляменніца Аксіння. Лупсякоў.

2. ‑у. Войска, адзін з ваюючых бакоў. [Англійскую разведку] цікавіла не толькі тое, што робіцца ў стане немцаў, але і ўсё, што вядома пра беларускіх партызан, пра падполле ў горадзе. Новікаў. // перан. Пра грамадскія аб’яднанні, групы. Грунту для кампрамісу .. паміж двума варожымі сталамі няма. Навуменка. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі, што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны. Колас. [У]вачавідкі гутарка падзяліла людзей на два станы, нязгодныя між сабою. Гартны. // перан. Разм. Кампанія, зборышча каго‑н. Затое паблізу і таксама амаль да раніцы можна было пачуць задорныя і свежыя галасы мужчынскага стану. Васілевіч.

3. ‑у. Разм. Саслоўе, сацыяльны слой. Гудзеў трыумфам стан паноў, Зямля віватамі дрыжала. Лойка. Абіраўся магістрат з вышэйшых станаў, у вузкім коле, «са сваімі прыяцелямі». Шынклер.

4. ‑а. У царскай Расіі — павятовае адміністрацыйна-паліцэйскае падраздзяленне. Трэба нам школы па вёсках прыдбаць. Роўнай дарогі, ботаў на ногі, Мультану жонцы на лепшы каптан; Жыць смела ў хатцы і не баяцца, Каб не ганялі ў воласць, у стан. Купала.

стан 3, ‑а, м.

1. Машына ці сістэма машын для апрацоўкі метаду ціскам, для атрымання буйных металічных вырабаў. Пракатны стан.

2. Прыстасаванне, збудаванне (звычайна драўлянае) для якіх‑н. работ.

3. Поўны камплект, набор чаго‑н. Мышасты Конь прывёз Да кузні новы воз, каб акавалі стан калёсны. Корбан.

стан 4, ‑у, м.

1. Становішча, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Эканамічны стан краіны. Стан народнай асветы. Маральны стан байцоў. □ У сваім натуральным, першабытным, некранутым стане прырода Палесся з яе дзікім жывёльным, птушыным і раслінным светам будзе захоўвацца ў запаведніках і шматлікіх заказніках. В. Вольскі. // Фізічнае самаадчуванне. [Шэркас] толькі месяц паслужыў і прыйшоў дадому па стану здароўя. Кулакоўскі. Камлюк у нецвярозым стане вёў машыну. М. Ткачоў. // Душэўны настрой. [Сцяпан] пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо, падбіраць такія словы і выразы, якія б дакладна адлюстравалі яго душэўны стан, яго радасць. Шамякін. Арына ўздрыгнула: даўно яна не бачыла старога ў такім узрушаным стане. Кавалёў.

2. Від, характар размяшчэння, узаемадзеяння і руху часцінак рэчыва. Аморфны стан. □ [Ігнась:] — Вада бывае ў трох станах. Звычайная вада рэк, азёр і іншых вадаёмаў заўсёды бывае ў вадкім стане. Чарнышэвіч.

3. Грамадскае або сямейнае становішча. Органы запісу грамадзянскага стану.

•••

Акты грамадзянскага стану гл. акт.

Крытычны стан рэчыва — стан рэчыва, пры якім знікае розніца паміж вадкасцю і яе насычанай парай.

стан 5, ‑у, м.

Катэгорыя дзеяслова, якая вырашае розныя адносіны паміж суб’ектам і аб’ектам дзеяння.

•••

Залежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае, што суб’ект з’яўляецца аб’ектам чужога дзеяння.

Незалежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае дзеянне, што актыўна накіравана на прамы аб’ект, назва якога стаіць у вінавальным склоне без прыназоўніка, і цалкам ахоплівае гэты аб’ект.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąbaвід духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́ч ‘выканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трус1, тру́сік ‘кролік, свойскі грызун сямейства заечых, Lepus cuniculus domesticus’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц., Др.-Падб., Пятк. 2, Яруш., Касп., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, Арх. Вяр., Бяльк.), трусь ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 1), сюды ж ст.-бел. трусочы ‘кралёвы, кролікавы’ (XVII ст., ГСБМ), паўд.-зах.-бел. тру́сіха, цэнтр.-бел. трусі́ца, цэнтр. і ўсх.-бел. тру́ска ‘самка труса’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 3., Сцяшк.). Укр. трусь, трус ‘кролік’; рус. трус ‘тс’ (Даль), польск. trusia, truś ‘тс’, ст.-польск. truśka ‘кральчыца’, славац. trus‑trus ‘падкліканне трусоў’. Відавочна, генетычна звязана з трусі́цца ‘трэсціся, дрыжаць’: конь чуе, што подходзяць воўкі, трусіцца (ТС), гл. тру́сі́ць1 ‘калаціць, трэсці’, тады — ‘той, хто трасецца, хто дрыжыць’, што характэрна для кроліка: pałochliwy jak trus (królik) (Пятк. 2, 262). Паўночнаславянскі дэвербатыў, ідэнтычны прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ (гл. трус2). Сюды ж у адносінах да чалавека трус ‘баязлівец’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Пятк. 2), параўн. укр. трус, рус. трус, польск. trus, trusia ‘тс’, што ўзводзяць да прасл. дыял. *trusъ ‘страх’, звязанага чаргаваннем з *trǫsъ ‘трасенне’ (ЕСУМ, 5, 658), параўн. укр. труса́ ‘страх’. У беларускай літаратурнай мове і ў беларускіх гаворках пашырылася, відаць, з рускай мовы, дзе лексема трус са значэннем ‘баязлівец’ ужываецца з XVIII ст. (Чарных, 2, 267), аднак найменні з зыходнай семантыкай ‘трапятанне, дрыжыкі, боязь’ фіксуюцца ўжо з XII—XIII стст. (СлРЯ, 11-17, 30, 208). Вытворныя трусі́на ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тру́ска ‘баязліўка’ (Янк. 3.), трусля́к ‘тс’ (Мат. Маг.), труслі́ву, трусьлі́вы ‘тс’ (ТС, Бяльк.), труса́н, трусі́шча ‘тс’ (Жд. 2), тру́сасць ‘баязлівасць’ (Др.-Падб.), як і ўтварэнні н.-луж. tšuchły ‘сарамлівы, маладушны’, ‘баязлівы’, ‘сумны’, в.-луж. truchły ‘баязлівы’, лат. traušâtiês ‘баяцца’ сведчаць пра магчымасць незалежнага развіцця семантыкі, гл. Фасмер, 4, 110; Арол, 4, 109. Іншая этымалогія слова грунтуецца на выклічніках, якімі падзываюць кролікаў і іншых хатніх жывёл і птушак: трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў (Нас.; Горбач, Зах.-пол. гов.), укр. трусь-трусь ‘тс’, рус. трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў і цялят, трусе́‑трусе́ — падзыўныя для кароў, тру́сенька‑тру́сенька — падзыўныя для коней, польск. truś‑truś — падзыўныя для кролікаў і індыкоў, trusia‑trusia — падзыўныя для кароў, trusz‑trusz — падзыўныя для кролікаў і інш. (Борысь, 645), якія могуць узыходзіць да тпро, тпру, птрусь (гл.). Сюды ж трусі́ць, атрусі́ць ‘прыводзіць трусянят’, трусыне́тко, трусыня́тко ‘трусянё’ (Сл. Брэс.), трусі́нь пад печ! ‘выгук для адганяння трусоў’ (Юрч. Вытв.), тру́ска ‘самка кроліка’ (Касп.), тру́сік ‘кролік’ (Ласт., Растарг.), трусо́к ‘тс’ (Ласт.).

Трус2 ‘ ваганне зямлі, землятрус’ (ТСБМ), ст.-бел. трусъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трус ‘трасенне; сумятня, перапалох’, ц.-слав. трясенье земле, трусъ ‘землятрус’, рус. трус ‘тс’, ‘бура і хваляванне, лютасць стыхій’, стараж.-рус. трусъ ‘трапятанне, дрыжанне, страх’, ‘трасенне’, серб. тру̂с, харв. trûs ‘землятрус’, балг. (земе)тръ́с ‘тс’, ст.-слав. трѫсъ ‘тс’, ‘хваляванне, бура’. Да прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ < *tręsti ‘трэсці’ ў выніку мены насавога ǫ на ўсх.-слав. у, гл. тру́сіцца, тру́сіць, трэсці. У сувязі з тым, што лексема *trǫsъ мела некалькі значэнняў, у сучасных славянскіх мовах у значэнні ‘ваганне зямлі’ стаў ужывацца навуковы тэрмін: польск. trzęsienie ziemi, чэш. zemětřesení, рус. землетрясение, балг. земетресене і земетръ́с, макед. земјотрес, серб. зе̏мљотрес, параўн. паэтычнае землятру́с (У. Караткевіч).

Трус3 (trus) ‘ператрус, вобыск’ (Пятк. 3), тру́ска ‘тс’ (Клім.). Да. трусіць1 ‘шукаць’, гл.

Трус4від бегу каня, трух, трушок’ (Бяльк.), сюды ж тру́сом (бегчы) ‘тс’ (Стан., Бяльк.), труском, трускаля́ ‘тс’ (чач., ЖНС), трусі́ць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ), рус. смал. трусь ‘ціхі трух, трушок’, балг. тръ́с ‘тс’. Узыходзіць да прасл. *trǫsъ < *trǫsiti ‘трэсці’, параўн. таксама трух, трушок, гл.

Трус5 ‘смецце, ламачча, жарства, друзачкі’ (Нас., Некр. і Байк.); сюды ж, відаць, тру́сак ‘смецце, чарапкі’ (Нас.), тру́сок ‘сухія галінкі, трэскі’ (Федар. 1), тру́ска ‘парушына, трэсачка’ (Нас., Юрч. Вытв., ТС), трусо́чык ‘дробнае вецце, сухое галлё’ (Бяльк.), труса́ ‘пілавінне’ (ст.-дар., Жыв. НС), трусочка ‘ламачча, буралом’ (Нар. Гом.), тру́сачка ‘парушынка; трэсачка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘дробка, каліва’ (Нас.), тру́снік ‘друз, трэскі’, ‘дробнае ламачча’ (ТС), ‘трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. тру́со́к ‘дробнае ламачча, сухія трэскі’, ‘дробна парубанае галлё’, рус. трус ‘тс’. Дэвербатыў ад трусіць2 ‘смяціць, церушыць, растрасаць’ (гл.), аднак некаторыя вытворныя дэманструюць сувязь з труск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прайсці́, прайду, пройдзеш, пройдзе; пр. прайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. прайдзі; зак.

1. Ступаючы, перамясціцца. Праз гэты двор прайсці прыемна: тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. Вырашылі даехаць да праспекта і прайсці пехатою. Шыцік. // што. Хадзьбой пераадолець якую‑н. адлегласць. — Засталося прайсці не больш як кіламетры два. Анісаў. Старанна абмацваючы шлях разведкай, [салдаты] прайшлі яшчэ кіламетраў 20. Брыль. Нямала ёсць дарог. Я кожную прайсці Як найхутчэй імкнуся. Танк. // у перан. ужыв. Не доўгі век маіх герояў, Але калі зірнуць назад, То ён падзеямі багат, Не лёгкі шлях прайшлі абое. Колас. // Перамясціцца ў якім‑н. напрамку пехатою з мэтай трапіць куды‑н. Заранік разгублена і крыху спалохана глянуў у глыбіню залы, правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч. // што і без дап. Пратанцаваць. Прайсці адзін тур вальса. □ Эх, чаму б з дзяўчынай тою, Што з касою залатою, Не прайсці па крузе мне! Ляпёшкін. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (пра які‑н. від транспарту). Цераз мост прайшоў грузавік. Шамякін. На рассвітанні.. [Крамарэвіч] бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў. Чорны. // Распаўсюдзіцца (пра чуткі, весткі і пад.). Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. // Прабегчы, пракаціцца (пра шум, крык і пад.). Па зале, як лёгкі павёў ветрыку, прайшоў смяшок. Сабаленка. // перан. Успомніцца, пранесціся перад вачыма. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад.. [дзяўчынай] прайшло ўсё яе жыццё. Маўр. // перан. З’явіцца і хутка знікнуць (пра ўсмешку, мімічны рух і пад.). Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла. Чорны.

2. што і без дап. Прамінуць каго‑, што‑н. (не затрымліваючыся або празяваўшы). Прайсці паваротку дарогі. □ Хіба ж можна прайсці міма, каб у прыскрынак не зірнуць. Колас. Нічыпар прайшоў міма, так і не адважыўшыся прызнацца, хто ён такі. Асіпенка. // што. Перамяшчаючыся куды‑н., пакінуць за сабой каго‑, што‑н. Ішоў [Ілья] хутка. Стараўся да ночы прайсці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле, — смялей... Галавач.

3. Выпасці (пра ападкі). Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў.

4. Пралезці, прасунуцца праз што‑н. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны. // Прасачыцца, выступіць (пра вадкасць). Гімнасцёрку можна было б вывернуць, але гэта нічога не дасць: фарба прайшла наскрозь. С. Александровіч. // што. Рухаючыся наперад, апрацаваць, зрабіць. Я мог араць поле, калоць дровы, прайсці добры пракос, нават мог жаць, малаціць цэпам, але работа ў рэдакцыі мяне палохала і бянтэжыла. Сабаленка. // што. Спец. Рухаючыся ў якім‑н. напрамку ў тоўшчы чаго‑н., прабіць (шлях) або вырубіць, распрацаваць (участак якой‑н. пароды). Прайсці вугальны пласт.

5. Пралегчы, працягнуцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, тунель і пад.). Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў.

6. Аказацца прынятым, залічаным у выніку галасавання, адбору і пад. Прайсці па конкурсу.

7. што або праз што. Падвергнуцца чаму‑н., вынесці што‑н. Краіна мая! Ты прайшла праз агонь, Праз буры, Руіны І росквіт... Глебка. // Перажыць, зведаць, перанесці (які‑н. стан, стадыю). Прайсці загартоўку. □ Паводле дакладных звестак, — Марс старэйшы за нашу планету. Таму ён даўно павінен быў прайсці гэтую фазу развіцця. Шыцік. // Падвергнуцца (разгляду, рэгістрацыі, кантролю і пад.). Паўгода вучыліся дзяўчаты, затым прайшлі самы строгі экзамен. «Звязда».

8. што. Пазнаёміцца з чым‑н., вывучыць што‑н. Першакласнікі прайшлі буквар у першым паўгоддзі. □ [Вучні] паспелі прайсці толькі палову курса. Брыль.

9. што. Выканаць, завяршыць які‑н. курс, тэрмін (вучобы, лячэння і пад.). — Ты ж, як той казаў, чалавек вучоны, рабфак прайшоў. Сабаленка. Практыку прыехалі прайсці Два студэнты, два хлапца з В’етнама. Аўрамчык.

10. Адбыцца, закончыцца з якім‑н. вынікам. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. □ Уборка сена прайшла неўзаметку — і ў гаспадароў, і ў калгаснікаў. Чорны.

11. Мінуць, адысці ў мінулае (пра час, падзеі і пад.). Прайшлі бурлівыя гады, Уціхла бура-навальніца, І ніва жытам маладым Пад вольным ветрам каласіцца. Крапіва. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Дзяцінства.. [Андрэя] і першая маладосць прайшлі бесклапотна ў багатых бацькоў. Чорны. // Знікнуць, прапасці. Мацей падняўся, і пакуль улазіў рукамі ў цёплы кажушок і ногі шукалі каля ложка валёнкі, сон прайшоў. М. Стральцоў. // Разм. Перастаць балець. Галава прайшла. / у безас. ужыв. — Калі не ломіць у нагах, можа і пройдзе, не зляжаце... Пташнікаў.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прайшоў гл. мароз.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

Прайсці з аншлагам — прайсці з вялікім поспехам (пра спектакль).

Прайсці праз рукі каго, чые — быць некаторы час у распараджэнні, у рабоце і інш. у каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабі́ць, раблю, робіш, робіць; незак.

1. што і без дап. Займацца чым‑н., праяўляць якую‑н. дзейнасць. Не давала.. [Сегеню] спакою гаспадарская руплівасць, што і не ляжыць ён і нічога не робіць. Чорны. Думай з вечара, а рабі з рання. Прыказка. // У спалучэнні з некаторымі катэгорыямі назоўнікаў ужываецца ў значэнні: выконваць, чыніць: а) з назоўнікамі, якія абазначаюць від заняткаў, работы. Рабіць доследы. Рабіць урокі. Рабіць гарадку. □ Заўсёды небяспечную работу дочак маці рабіла спакойна і дакладна, як сваю, неабходную для жыцця і шчасця. Брыль. Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства. Маўр; б) з аддзеяслоўнымі назоўнікамі і з назоўнікамі са значэннем дзеяння. Рабіць выбар. Рабіць вымову. Рабіць спробу. Рабіць памылку. □ Воўк блізка шкоды не робіць. Прымаўка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць асобныя рухі (жывой істоты, прадмета). І так пацешна пазіраць, Калі крок першы робяць дзеткі! Колас. Пры гутарцы рукі ў .. [Крушынскага] або віселі, або рабілі рухі зусім недапасаваныя да слоў. Бядуля. // У спалучэнні са словамі, якія ўказваюць меру, колькасць, абазначае: утвараць работу, рух у гэтым аб’ёме, у гэтай колькасці. Рабіць сто абаротаў у секунду. Рабіць па дваццаць кіламетраў у дзень. Рабіць па два рэйсы за змену. □ Самалёт рабіў другі заход над вузкім фіёрдам. Шамякін.

2. што. Вырабляць, майстраваць. Рабіць абутак. Рабіць квас. □ [Дзядзька] прыладзіў каля зямлянкі нешта накшталт верстака, нарыхтаваў алешыны і пачаў рабіць ночвы. Брыль. // Абрабляць, апрацоўваць. [Сурвіла:] — Дык, пакуль што, бярыце, суседзі, я ж кажу, гэты клінок каля свае хаты і рабіце .. Рабіце, пакуль што, гэты кавалак. Чорны. // Абл. Працуючы, здабываць, набываць. Затое Толя ўсцешана сказаў пасля, што гэта быў першы і апошні ў іхняй хаце парабак, што цяпер яны будуць рабіць свой хлеб самі. Брыль.

3. Разм. Працаваць дзе‑н., кім‑н. Рабіць на заводзе. □ [Следчы:] — Чым вы займаліся да вайны, Дымар? — Рабіў закройшчыкам у атэлье. Шамякін. Малеча і старыя, каго не бралі рабіць на сенажаць ці ў поле, з дня ў дзень снавалі па лесе. Мележ. // (звычайна з акалічнасцю спосабу дзеяння). Працаваць. Рабіць за двух. □ [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва. Хто хутка есць, той хутка робіць. Прымаўка. Цяп ды ляп, ды на «а можа» рабіць не гожа. Прымаўка. // на каго-што. Працаваць, забяспечваючы або абслугоўваючы каго‑н. Рабіць на сям’ю.

4. што і без дап. Дзейнічаць якім‑н. чынам. Рабіць наперакор. Рабіць усё па закону. □ Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі, як ён рабіў цяпер, ужо не пасучы, заўсёды. Брыль. [Пніцкі:] Гаспадар, калі ён .. добры, гэтак заўсёды і робіць: з вясны ён на малако налягае, а на лета ашчаджае .. сала. Чорны. // Аказваць; прычыняць. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў. Якімовіч.

5. каго-што з каго-чаго, каго-што кім-чым або якім. Ператвараць у каго‑, што‑н. [Буйскі] выдатна валодае нямецкай мовай і .. іменна гэтая акалічнасць .. робіць з яго разведчыка вышэйшага класа. Шамякін. Дзядзька Павал выходзіў за адрынку ў садок, глядзець, што позняя вясна робіць з дрэвам. Чорны. Нішто, можа, не робіць чалавека такім сталым, як гора. Сабаленка. // Надаваць каму‑, чаму‑н. які‑н. выгляд. Валасы тырчалі на ім вожыкам, а русая, з рыжаватым адценнем барада рабіла .. [дзядзьку] смешным. Дамашэвіч. Барада і аблічча гэтага чалавека ў некаторай ступені рабілі яго падобным да Льва Талстога. Колас.

6. што. Утвараць сабой. Рака рабіла круты паварот, набліжаючыся да хмызняку. Шахавец.

•••

З блыхі рабіць вала — тое, што і рабіць з мухі слана.

Не рабіць сакрэту з чаго — не ўтойваць чаго‑н., калі гэта не выклікаецца патрэбамі.

Няма чаго рабіць (у знач. пабочн.) — іншага выйсця няма, інакш паступіць нельга.

Рабіць акцэнт на чым‑н. — вылучаць, падкрэсліваць што‑н., звяртаць асаблівую ўвагу на што‑н. — Рабіць бізнес — нажывацца на чым‑н.

Рабіць выгляд — прыкідвацца, прытварацца.

Рабіць вялікія вочы — выражаць здзіўленне, недаўменне.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні — за знешняй бесклапотнасцю, весялосцю старацца схаваць сваё нездавальненне, свае непрыемнасці.

Рабіць гонар каму — а) аказваць пашану. Гэтыя людзі думаюць, што «робяць гонар» ужо тым, што размаўляюць з простай жанчынай. Маўр; б) з’яўляцца заслугай, быць асновай для павагі. — Такія наскокі, малады чалавек, не робяць вам гонару. Пянкрат.

Рабіць з мухі слана — прыдаваць чаму‑н. нязначнаму вялікае значэнне; перабольшваць.

Рабіць круг (крук) — ісці, рухацца акольным шляхам.

Рабіць (строіць) міну — надаваць твару які‑н. выраз.

Рабіць трагедыю з чаго — адчайвацца без дастатковых на гэта падстаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэ́сці ‘тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат.; ашм. Стан., Сержп. Прым.), трэсць ‘тс’ (Нас.), ‘рэзка калоцячы, будзіць; шукаць’ (Юрч. Сін.), трасці́ ‘хістаць, калаціць, тузаць’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк.), ‘абшукваць’ (Ласт.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), траса́ць ‘тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), трасці́, трасты́, трясті́, трэсці́, трэсць, трэсь ‘растрасаць сена, салому, растрэсваць’ (мядз., в.-дзв., свісл., кам., Сл. ПЗБ), трастэ́ комына ‘ачышчаць комін ад сажы’ (Ск. нар. мовы), трасе́ (тра́сца) ‘ліхаманіць’ (Яруш.; Сл. ПЗБ; ЛА, 3), трасэ́ ‘кідае (эпілепсія)’ (кам., Сл. ПЗБ), трэ́сці, трэсць ‘выклікаць дрыжанне ад холаду, удараў, язды па няроўнай дарозе’ (ТСБМ, Нас.), трэ́сці кулі́ ‘вытрушваць змятую і перабітую салому’ (Жд. 1, Выг., Сл. ПЗБ), трасці́ трася́нку ‘змешваць сена з саломай’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), трэ́сці ‘растрасаць, разбіваць гной’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Шатал.; ашм., Стан.), ‘трэсці фруктовыя дрэвы’ (Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), ‘біць’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘ачышчаць ад кастрыцы’ (ТСБМ; вільн., Сл. ПЗБ), ‘пустошыць, спаражняць’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘выбіраць (рыбу) з сеткі’ (іўеў., там жа), ‘рабіць вобыск’ (ТСБМ, Шат., Гарэц.; віл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), трэ́сца ‘прагнуць, вельмі хацець’ (Юрч. СНЛ, Юрч. Сін.), ‘празмерна шкадаваць’, ‘моцна дрыжаць’, ‘вельмі баяцца’, ‘скупіцца, празмерна сквапнічаць’: трэ́сца над кожнаю капейкаю (Юрч. Сін., Юрч. Фраз.), трэ́сціся ‘мяняцца (аб надвор’і)’: нешта пагода трасецца, німа як ісці касіць (шчуч., З нар. сл.), ‘хістацца (пра дрэва), калаціцца (ад холаду), падскокваць, едучы па няроўнай дарозе’, ‘хвалявацца за каго-небудзь’ (ТСБМ), ‘тс’, ‘баяцца, дрыжаць’, ‘калаціцца, трапятадь (аб сэрцы)’ (Сл. ПЗБ, Нас.; ашм., Стаяк.), трасці́ся ‘дрыжаць, трэсціся’ (Бяльк.), трэ́сціса ‘тс’ (ТС), трэ́сцца ‘тс’ (Нас.), ст.-бел. трясти, трасты, трести ‘калаціць; абшукваць’, трястися, трастися, трестися ‘калаціцца, дрыжаць; баяцца; сварыцца’ (ГСБМ). Параўн. укр. трясти́, трясть, трястися ‘трэсці, калаціцца, дрыжаць’, рус. трясти́ ‘тс’, польск. trząść ‘трэсці’, ‘раскідваць, растрасаць’, ‘шукаць, рабіць вобыск’, ‘плявузгаць’, ‘вытрасаць зерне з саломы’, ‘арудаваць’, trząść się ‘трэсціся, дрыжаць’, каш. třisc, třësc ‘раўнамерна раскідваць’, ‘падкідваць на дарозе’, н.-луж. tśĕsć ‘трэсціся’, tśĕsć se ‘дрыжаць’, в.-луж. třasć, třasć so ‘тс’, чэш. třásti, třásti se ‘тс’, славац. triasť ‘трэсці’, ‘трэсці садавіну’, ‘ліхаманіць’, ‘трэсціся ад холаду, страху’, triasť sa ‘трэсціся, дрыжаць’, ‘прагна жадаць, марыць’, славен. trésti ‘трэсці’, ‘хістаць (галавой)’, ‘трэсці дрэвы’, ‘балбатаць’, trésti se ‘дрыжаць, трэсціся, уздрыгваць’, харв. trésti se ‘тс’, чак. trẽsti, серб. тре́сти ‘трэсці, устрэсваць’, ‘вытрэсваць’, тре́сти се ‘трэсціся, дрыжаць’, балг. тресѐ ме ‘мяне ліхаманіць’, макед. тресе ‘трэсці, вытрэсваць’, ‘несці лухту’, тресе се ‘трэсціся’, ‘абтрэсвацца’, ‘дрыжаць’, ст.-слав. трѧсти ‘трэсці’, трѧсти сѧ ‘трэсціся, дрыжаць’. Прасл. *tręsti (sę) ‘трэсці’ — відаць, кантамінацыя на базе блізкага значэння і.-е. *tremō і *tresō ў *trems‑, з якога, напрыклад, выводзяць гоц. þramstei ‘конік зялёны, Telligonia viridissima’ (Фасмер, 4, 113; Шустар-Шэўц, 1542; ЕСУМ, 5, 665; Борысь, 647). Да першай часткі кантамінаваных лексем узводзяць: ст.-грэч. τρέμω ‘дрыжу, трапячу’, лац. tremō ‘дрыжу’, літ. trìmti ‘дрыжэць ад холаду’, тахар. A träm‑ ‘дрыжаць’, тахар. B tremen ‘трапятанне’, алб.-тоск. trëmp, гегск. trem ‘лякаюся’, ст.-н.-ням. thrimman ‘скакаць’. Да другога элемента і.-е. *tres‑ адносяць ст.-інд. trasati ‘дрыжыць, баіцца’, ст.-перс. tars‑ ‘баяцца’, грэч. τρέο ‘трасуся, дрыжу’, лац. terreō ‘палохаю’, terror ‘страх’ і інш. (Бязлай, 4, 221; Глухак, 637; Арол, 4, 112; ESJSt, 16, 982). Сюды ж літ. trė̃sti ‘бегчы, бегчы наперагонкі’, лат. tresêt ‘бегчы, уцякаць’, tresît ‘трасціся’, ‘баяцца, палохацца’ (Карлікава, Slavia, 77, 1–3, 87). Абедзьве кантамінаваныя лексемы (*trem‑ і *tres‑) узыходзяць да і.-е. *ter‑/*tr‑ (Покарны, 1070). Адносна канкурэнцыі трасці і трэсці гл. Векслер, Гіст., 140. Сюды ж трасу́ха ‘топкае балота, дрыгва’ (навагр., Нар. сл.; Мат. Маг. 2), трасу́ха, трасу́чка ‘ліхаманка’ (ТСБМ, Нас.; рас., Шатал.; парыц., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл., Касп.), ‘дрыжыкі ад хвалявання’ (ТСБМ), ‘эпілепсія’ (Нар. Гом.); трасу́хавід полькі’ (Касп.); ‘гноераскідальнік’ (Мат. Маг.), ‘бульбакапалка’ (Сцяшк. Сл., Жд. 3); трасу́чка ‘вуда з маленькай алавянай рыбкай (блешня) і кручком’ (Дэмб. 2, Нар. Гом.); трасу́шчы ‘які трасецца’ (Жд. 2), ‘багністы’ (маст., Сл. ПЗБ), трасу́шчый ‘трывожны, неспакойны (час)’ (Юрч. Вытв.), трася́нка ‘ўсякі стары, зношаны транспарт’ (гродз., ЖНС); трасі́лка, трасу́ха ‘бульбакапалка’ (Юрч. СНЛ); трасе́нка ‘трасянка, сена, змешанае з саломай’ (беласт., Жыв. НС), трасёнка ‘тс’ (лудз., Сл. ПЗБ), трэ́сянка ‘тс’ (бяроз., Ск. нар. мовы); тра́сачка ‘дрыжыкі, трасучка’ (гродз., Сл. рэг. лекс.), траса́чка ‘ліхаманка’ (ТС), трасу́чка ‘тс’ (Растарг.); трасе́ннік ‘той, хто займаецца вытрасаннем’ (Юрч. Вытв.), трасе́нніца, трасе́ніца, трасе́льніца ‘жанчына, якая растрасае гной’ (глыб., в.-дзв., воран., Сл. ПЗБ), трасе́льшчык ‘той, хто трасе гной’ (шальч., там жа), трасе́нё ‘гразкае месца’ (Сцяшк.), трэ́сіна ‘месцы на дарозе, якія ўвесну набракаюць вадой’ (бяроз., КЭС), трасі́лка ‘машына для ачысткі льнянога валакна’ (ТСБМ), тра́скі ‘які выклікае трасенне, калыванне пры яздзе’ (Адм.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́да1 ’кароткае тоўстае бервяно; абрубак тоўстага бервяна, прыстасаваны для якіх-н. гаспадарчых або бытавых патрэб’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Нік., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Федар., Шат., Шатал., Яруш.). У дыялектных слоўніках таксама ўдакладненні семантыкі: ’бервяно, якое вісіць ніжэй вулля на дрэве і не дае мядзведзям разбурыць пчаліную сям’ю’ (Анох.), ’каток, якім прыкатваюць пасевы’ (Касп.), ’дзесяцівяршковая плаха ў прыстасаванні’ (Нік. Очерки), ’кусок тоўстага палена, які прывязваецца на канцы жураўля’ (Шатал.), ’кароткае тоўстае бервяно’ (Сл. паўн.-зах., ТС), магчыма, сюды неабходна аднесці і колода ’сядзенне для малых дзяцей, якія не ўмеюць хадзіць’ (ТС, апісанне рэаліі адсутнічае, сувязь з калода1 бясспрэчная). Далей сюды дэмінутыў калодка ’абрубак бервяна і да т. п.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; воран. З нар. сл.; Касп., Кліх., Нас., Нік. Очерки, Радч., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’драўляная падстаўка для кавадла’ (зах.-бел., Нар. словатв.), ’адрэзак бервяна для гаспадарчай патрэбы’ (Сл. паўн.-зах., Ян.), ’апорны слуп’ (Сл. паўн.-зах.), ’нерасшчэплены кругляк дроў’ (там жа). Укр. колода ’калода, бервяно’, гуц. ’тоўсты брусок у прыстасаванні для расцягвання скуры’, бойк. ’калода з гнілой сярэдзінай’, укр. колодка ’абрубак бервяна’, рус. колода ’абрубак бервяна і інш.’, дыял. яшчэ і ’ствол старога дрэва, якое гніе на дне ракі, возера, балота’, ’намоклы абрубак дрэва на дне ракі’, ’вялікі пень’, ’драўляны каток для абмалоту збожжа’, ’сельскагаспадарчая прылада’ і мн. іншыя, польск. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., в.-луж., н.-луж. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., чэш. klȁda ’тс’, славац. klada ’тс’, славен. kláda ’калода і інш.’, серб.-харв. клада ’тс’, макед. клада, балг. дыял. клада ’тс’. Больш падрабязна аб фіксацыях лексікі і слав. семемах гл. ніжэй. Узнаўляецца прасл. kolda, дэрыват ад *kolti ’калоць’, семантыка ў немалой ступені рэканструюецца на базе этымалогіі, паводле якой слав. слова находзіць з і.-е. *kel‑/*kol‑ ’дзяўбці’. Прасл. значэнне ўзнаўляецца як ’што-н. расшчэпленае, абчасанае’, ’абрубак дрэва, калода’, параўн. Слаўскі, 2, 259. З і.-е. адпаведнікаў можна прывесці ст.-грэч. κλάδος ’галіна, атожылак дрэва’, ст.-ісл. holt ’дрэва, лясок’, ням. Holz ’дрэва’ і інш., с.-ірл. caill ’лес’, кімр. celli (кельц. *kaldī), параўн. іншыя адпаведнікі пад *kel‑, *kel‑, *klā‑ у Покарнага, 546. Да прасл. семантыкі параўн. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 159.

Кало́да2 ’вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва’ (БРС, ТСБМ, Анох., віл., ашм., іўеў., З нар. сл., Касп.; слаўг., Нар. сл.; Нас., Сержп. Грам., Сцяшк., Федар. 1, Шат.), сюды ж калодны вулей (Мат. Гом.). Сл. паўн.-зах. адзначае слова з паметамі вільн. і віл.; кало́да ’вуллё’ (ТС). У Янковай колодкавід вулля’. Сюды далей і празрысты перанос калода ’сям’я пчол’ (слаўг., Нар. сл.), калодка ’тс’ (вор., З нар. сл.). Сл. паўн.-зах. (ганц., віл.) адзначае калода’ сям’я пчол, адзінка пры лічэнні сем’яў пчол’, калодка ’вулей’. Укр. колода ’вулей’, колодка ’тс’, усх.-пал. колуодка ’вулей-дуплянка’, рус. кур., свярдл. і інш. колодка ’вулей у дупле дрэва, борць’; дакладнасць рус. адпаведнікаў не вельмі высокая. Магчыма, бел.-укр. інавацыя, да калода1, матывацыя назвы празрыстая. Не выключана, што цесна суадносіцца з польск. kłoda ’бочка’ і да т. п. утварэннямі.

Кало́да3 ’частка красён, навой’ (Касп.; рас., Шатал.), калоды, калодка ’тс’ (Нік.). Сл. паўн.-зах. падае гэтае слова з бел. гаворак на тэрыторыі Латвіі. Апрача бел., адзначаюцца ў іншых слав. мовах: рус. пск., асташк., цвяр., наўг., валаг., калін., маск. і інш. колода ’задні навой’. Здаецца, бел. слова нельга лічыць архаізмам у адносінах да бел. тэрыторыі, паколькі кампактны арэал бел. калода ’навой’ нельга аддзяліць ад рус. фіксацыі Апрача ўсх.-слав., звяртае на сябе ўвагу балг. дыял. клада ’любое з дзвюх асноўных бакавых станін у кроснах’, што паводле семантычнага крытэрыю нельга лічыць адпаведным да бел. Відаць, інавацыя ў паўн. бел. і адпаведных рус. гаворках. Трубачоў (Ремесл. терм., 130) адзначаў, што большасць слав. назваў навоя толькі другасна рэквізавана з іншых пластоў лексікі, аднак тыпалагічна найбольш старажытная стыхія адзначаецца ў бел. калодка, што, магчыма, своеасаблівае мясцовае вяртанне да найбольш простага (і, відаць, найбольш даўняга) спосабу намінацыі. Неабходна дадаць, што паводле структуры калодка з’яўляецца дэрыватам ад калоды, якое і неабходна разглядаць у плане прапанаванай Трубачовым версіі аб старажытным тэрміне для навоя.

Кало́да4 ’калодзеж’ (Федар., 6). Параўн. ілюстрацыю ў Федароўскага, 6, 168: «Пашла дзеўка па воду, уваліласе ў калоду». Статус бел. слова не вельмі ясны — архаізм?, інавацыя? або тут калька? Значэнне бел. слова вельмі цікавае ў плане дыскусіі адносна паходжання слав. назвы студні (гл. калодзеж). Звяртае таксама на сябе ўвагу семантычны адпаведнік — літ. šulinỹs ’студня’ (< šulas, сярод значэнняў якога ёсць і ’слуп, падстаўка’). Ці не калька? Аднак па спосабу утварэння літ. слова іншае, аб матывацыі назваў можна толькі здагадвацца (апісання бел. рэаліі няма, матывацыя літ. слова можа быць рознай). Этымалагічна да калода1 (гл.). Да магчымай гісторыі рэаліі параўн. ст.-рус. з канца XVI ст. колода варничная ’выдзеўбаная калода, якая замяняе зруб у саляным калодзежы’.

Кало́да5 ’мера збожжа’ (Нас.). Іншых фактаў з бел. гаворак няма. Лексема адзначаецца Карскім у ст.-бел. мове, аднак не вельмі ясна, як суадносіцца яна з больш новымі фактамі. Укр. бойк. колода ’мера збожжа’, магчыма, далей сюды неабходна аднесці і ст.-рус. колода, для якога мяркуецца значэнне ’мера’. Сразнеўскі падае гэта слова без тлумачэння, у той час як Сл. XI–XVII стст. дае дэфініцыю ’кадзь, кадка, выдзеўбаная з кавалка дрэва’. Ілюстрацыя («Перцю же выходила колода безо князя, а пры князи Г колоды на неделю, а колода Н бочек») сведчыць хутчэй на карысць дэфініцыі ’мера’, паколькі бочка, відаць, ужыта тут таксама як мера ёмістасці. Такая думка пацвярджаецца яшчэ і тым, што метрычнае значэнне было ўласціва ст.-бел. лексеме колода (параўн. Скурат, Меры, 62, дзе і аб ст.-укр. значэнні). Статус гэтых лексем не вельмі ясны, этымалагічна яны ўзыходзяць да колода ’пасудзіна’, аднак засведчана такое значэнне вельмі слаба (магчыма, ёсць ст.-бел., параўн. у Скурата, там жа). Слова з такім значэннем ёсць у польск. мове, дзе kłoda ’кадаўб’, затым ’кадзь’ (з XIV ст., аб сучасным дыялектным размеркаванні гл. МАПГ, 3, к. 106) як ’мера’ адзначаецца таксама з XIV ст. Параўн. яшчэ палаб. klád ’бочка’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыя для бел. мовы нельга выключыць уплыву польскай мовы, аднак пры гэтым неабходна ўлічваць і рус. валаг. колода ’кадка-дуплянка’, а таксама сведчанне аб ужыванні гэтага слова на захадзе (хоць не выключана, што тут на ўвазе меліся зах.-бел. фіксацыі).

Кало́да6 ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’ (Жд. 3; міёр., З нар. сл.; Мат. Маг.), калотка ’тс’ (міёр., З нар. сл.). З прычыны рэгулярнага характару пераносу ад калода1 цяжка з упэўненасцю меркаваць аб статусе слова. Магчыма, незалежныя ўтварэнні па распаўсюджанай мадэлі.

Кало́да7, колода ’палатно, якое кладуць на крышку труны’ (стол. Нар. лекс.). Мясцовы перанос ад колода ’труна’. Рус. валаг., арханг., кастр., маск. і інш. колода ’труна, выдзеўбаная з суцэльнага дрэва’. Цяжка меркаваць аб старажытнасці пераносу колода ’трупа’ ад колода ’бервяно і да т. п.’ (калода1), магчыма, архаічнае ўсх.-слав., яшчэ да прыняцця хрысціянства (параўн. рэгіянальны палескі звычай пакідаць па могілках бервяно-лодку для нябожчыка); магчыма, спачатку колода ’лодка’ (з такім значэннем у рус. гаворках — жыздр., калуж. і інш.), якое пазней злілося з паняццем ’труна’.

Кало́да8 ’божая кароўка, Coccinella septempunetata’ (Жд. 3; Шатал. З жыцця, Сцяшк.). Паводле матэрыялаў Шаталавай (З жыцця, 166 і наст.), колода ’божая кароўка’ пашырана ў брэсц., івац., навагр., стол., малар., пін. гаворках, а ў кам.кулода. Апрача гэтага, у злучэннях: калода‑багода (клец., пруж.), колода‑волода (кам.), Матруна‑колода (брэсц.), Андрэйка‑калода, дранчык‑калода (слуц.). Матруна‑колодыця (кам). Далей сюды ж калодачка ’тс’ (лід., Сл. паўн.-зах.), параўн. у ілюстрацыі: «У нас называюць калодачка, а божая кароўка — красненькая ў зямлі». Магчыма таксама, што прыгаворы № 626 (Кацілася калода…) і 627 (Гнілая калода…), віц. і ў Дабравольскага (нумерацыя паводле выдання «Дзіцячы фальклор», Мн., 1972) таксама адлюстроўваюць гэту назву. Апошнія значна б пашыралі ў такім выпадку геаграфію слова, якую інакш неабходна кваліфікаваць як паўднёва-заходнюю (з выхадам за межы палескага арэалу). Дакладныя адпаведнікі да бел. слова адсутнічаюць. Пакуль што неабходна кваліфікаваць назву або як бел. інавацыю, або архаізм, або, што не выключана, як запазычанне (ці кальку). Адносна апошняга ніякага пэўнага матэрыялу няма, аднак наяўнасць у слав. мовах запазычанняў для назвы Coccinella ў прынцыпе дапускае такое тлумачэнне для бел. слова. Фармальнае супадзенне назвы з калода1 яшчэ не азначае неабходнасці прыняць такую этымалогію як канчатковую. Разам з тым такая сувязь была несумненнай для Шаталавай (З жыцця, 174), якая мяркуе, што назва магла ўзнікнуць паводле знешняга падабенства да рэаліі. Па сутнасці, той жа думкі прытрымліваецца Уцешны (ОЛА, 1975, 19), які разумее бел. лексему як назву паводле прадмета. Нават калі яго меркаванне правільнае, яно патрабуе ўдакладнення. Іншыя назвы з гэтай класіфікацыйнай групы, паводле таго ж аўтара, усх.-слав. korbъka і чак. gospa škrinica «каробка божая» (пра божую кароўку). Адзначым, што семантыка прыведзеных лексем дапускае два тлумачэнні. Паводле першага — ўсх.-слав. коробка, чак. škrinica можна разумець як ’ёмішча’ і такім жа чынам разглядаць беларускую назву, для якой неабходна такую семантыку рэканструяваць (’пасудзіна, бочка’, ’наогул пасудзіна’). Матывацыя назвы божай кароўкі ў такім выпадку не вельмі зразумелая. Паводле другога тлумачэння, калода, коробка — назвы пераносныя, параўн. бел. калода ’тоўстая жанчына’, рус. смал. коробка ’маленькая тоўстая або цяжарная жанчына’, параўн. да апошняга рус. калін. бабочка‑коробочка ’нейкі від матылька’. Семантыка рус. дыял. коробка, коробочка, дзе значэнні ’тонкі дашчаты гнуты дах пад ганкам’, ’кошык’ і да т. п. сустракаюцца паслядоўна (параўн. яшчэ пашыранае коробиться, коробатиться, перм. коробка ’сагнутая частка спіны курыцы ці качкі’) дазваляе меркаваць, што асноўвай назвай такога тыпу для божай кароўкі магла быць коробка, у той час як бел. калода — толькі калька гэтай назвы. Параўн. адпаведнае да прыведзенай рус. назвы бел. брэсц. бабочка‑коробочка ’божая кароўка’; слова на той жа тэрыторыі; такім чынам, калька магчымая. Супраць такой версіі — відавочна іншая семантыка ўсх.-слав. колода і короб/коробка. Іншыя версіі: згодна з думкай Уцешнага, ОЛА, 1975, 28–29, 31, для назваў божай кароўкі былі характэрнымі розныя трансфармацыі бел. багоўка (кароўка-багоўка), для іншых — кантамінацыя і да т. п. У прыватнасці, ад’ідэацыю і скажэнне формы нельга выключыць і для рус. коробка і пад., і для бел. калода, у такім выпадку зыходнай для іх з’яўляецца агульнавядомае korvъka. Аднак, калі такое тлумачэнне для назвы коробка (< коровка) можна прыняць, сумненні адносна слова калода застаюцца. Фармальная варыянтнасць слав. тэрмінаў для Coccinella дазваляе прыняць і такое меркаванне, тым больш, што трансфармацыі адбываюцца ў рыфмаваных кантэкстах дзіцячых прыгавораў, аднак іменна апошні факт дазваляе прапанаваць яшчэ і наступнае тлумачэнне назвы. Так, для шэрагу бел. тэкстаў лексемы калода, пень‑калода з’яўляюцца характэрнымі. Параўн. прыклады з «Дзіцячага фальклору», 363 і наст.: «Божая кароўка, што заўтра будзе — Дождж ці пагода, пень ці калода?» Нельга выключыць, што бел. слова таксама эксцэрпіравана з вышэй прыведзеных і іншых тэкстаў.

Кало́да9, колода ’рад саломы на страсе’ (ТС). У ілюстрацыі: «Колода — одзін шар соломы, як стромчэйша хороміна, то дзев’яць колод» (ТС, 2, 207). Далей, магчыма, сюды ж таксама тур. жыто як колода ’густое, добрае жыта’, тое ж і адносна травы, трава колодою ’густая трава’. У беларускіх гаворках адпаведнікаў да гэтых лексем не выяўлена; тут або інавацыя, або архаізм. Магчыма, да калода ’трубка палатна’ (адкуль вычляняецца семема ’шчыльна скручанае’?). Звяртаюць па сябе ўвагу таксама некаторым славянскія ўтварэнні, дзе семантыка «густаты» з’яўляецца відавочнай. Можна прывесці ўкр. колода ’(у ганчароў) партыя місак, да 35 штук, укладзеных адна ў другую; ставіцца бокам у ганчарную печ’ (прыклад двухсэнсоўны, можа, тут перанос паводле падабенства ад колода ’бервяно’), ’чарада’ («Колода — отара, як іде тісно, не в роспаш», Грынч., 270), рус. кастр. колода ’самы вялікі лік (у мове дзяцей)’, новасіб. ’група людзей, якія носяць адно прозвішча і звязаныя паміж сабой сваяцтвам’. Адносна бел. слова яшчэ мяркуецца (Цыхун, вусн. паведамл.) аб магчымасці ўтварэння ад калода ’сям’я пчол’; неабходна адзначыць, што сям’я пчол яшчэ не азначае ’рой’, семантыка якога была б больш падыходзячай. Звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ і рус. новасіб. крыша колодой ’двухсхільны дах’, у сувязі з якім узнікаюць няпэўныя асацыяцыі з калода ’вулей’, паколькі ёсць рус. колода ’вулей’ і колодезня ’пакрышка на вулей’. Магчыма, у такім выпадку бел. калода першапачаткова ’страха як крышка ў калоды (вулля)’. Аднак, паводле словаўтварэння і інш. прычынах, гэта вельмі няпэўна. Магчыма, усё-такі ў сувязі з колькасцю саломы, якая патрабуецца для пакрыцця даху? Параўн. у такім выпадку, з аднаго боку, рус. куйбыш. колода ’укладка з дзесяці-пятнаццаці снапоў’, а з другога — ст.-рус. колотка ’маток (карункаў і да т. п.) пэўнай таўшчыні’.

Кало́да10, колода ’кавалак або трубка палатна’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Рус. колодка ’кавалак карункаў даўжынёй у 10 аршын’ неабходна суадносіць хутчэй са ст.-рус. колодка ’маток мішуры, карункаў і да т. п. пэўнай таўшчыні’. Бел. колода ў такім выпадку — мясцовы перанос ад калода ’выдзеўбанае дрэва’. Што датычыць семантыкі, параўн. калодачкі ’пянёўе ў птушак’, рус. колодка пера і да т. п., гл. таксама Аткупшчыкоў, Из истории, 124–126, дзе для прасл. kolda наогул у якасці зыходнай семантыкі мяркуецца значэнне ’нешта выдзеўбанае’. Такім чынам, тураў. калода сапраўды ’трубка палатна’, параўн. да семантыкі яшчэ і наступнае слова, а таксама бел. калодка ў коле і трубка ’тс’.

Кало́да11 ў выразе жыто ў колодзе ’жыта, якое яшчэ не выкаласілася’ (ТС). Параўн. у прыкладзе: «На Юрэй, як хорошэго году, то жыто ў колосе, а як плохого — то ў колодзі» (ТС, 2, 207). Тут калода ’трубка’ (жыта ў фазе трубкавання, утварэння трубкі — сцябла). Тая ж семантыка і ў тураўскай назве для трубкі палатна — колода, магчыма, сюды ж рус. колодка пера; адносна семантыкі (’пяро з поласцю’) параўн. укр. дыял. колодка ’першае пер’е маладой птушкі’, далей звяртае ўвагу калодка ’ступіца кола’ і трубка ’тс’. Не выключана, што палес. кадыца ’ступіца’ таксама адлюстроўвае тую ж семантыку. Сюды, відаць, і бел. калода ’студня’, дзе калода ’выдзеўбанае дрэва’, фактычна ’труба’. Статус бел. слова — магчыма, усх.-слав. архаізм.

Калода12 ’камплект ігральных карт’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС), укр. колода ’тс’, рус. колода карт, дзе адзначаецца з канца XVIII ст. Паводле крыніц бел. слова і характару рэаліі можна думаць, што яно запазычана з рус. мовы. Паводле Шанскага, II, К, 208, колода (ігральная) утворана лексіка-семантычным спосабам на базе колода ’абрубак дрэва’; у аснову назвы пакладзена падобнасць поўнай калоды карт з калодкай, абрубкам дрэва. Наіўнасць такой этымалогіі відавочная, разам з тым неабходна адзначыць, што пошукі этымона на ўсх.-слав. глебе могуць быць і небесперспектыўнымі. Так, параўн. шэраг фактаў, сабраных намі (гл. калода), а таксама рус. дыял. колода ’цюк, звязка рыбалоўных снасцей (сетак) у 50 «делей» (г. зн. кускоў пэўнай велічыні)’ (Касп.), ’частка рыбалоўнага невада — адно звяно ў сетцы («дели»). Гэтыя факты дазваляюць меркаваць пра наяўнасць лічбавага значэння ў слове колода, якое магло складвацца рознымі спосабамі, у тым ліку і на базе розных мер ёмістасці. Было і нейкае даўняе значэнне ў гэтага слова, аб якім пісаў Даль (калода ’сто мільёнаў’) і якое адзначана ў рус. кастрам. (у мове дзяцей) як ’самы вялікі лік’. Разам з тым, няма дакладвай інфармацыі адносна лічбавага значэння слова колода, якое б супадала з колькасцю карт у калодзе (52). Рус. колода ’цюк з 50 сетак’ можна разумець па-рознаму, да таго ж зафіксавана яно толькі аднойчы. Магчыма, большую увагу неабходна звярнуць на ст.-рус. колотка ’футляр’, у такім выпадку першапачатковая семантыка назвы ’футляр’, ’запакаваныя карты’, ’набор, камплект карт наогул’. Цікава адзначыць і рус. дан. колодочка серняков ’каробка запалак’. Аднак галоўнае не ў гэтым, паколькі ў даным выпадку сам характар рэаліі патрабуе ў першую чаргу праверкі магчымага іншамоўнага ўплыву. У сувязі з гэтым адразу звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўласна запазычання быць не магло — аб гэтым сведчыць празрыстая форма рус. слова. Аднак, паводле семантычнага крытэрыю, непасрэдную сувязь з калода ’бервяно’ дапусціць нельга (як перанос). Думаецца, што рус. колода (карт) неабходна суаднесці талия/талья (карт). Даль (2, 719) тлумачыць: апрача рус. мовы, слова ведае ў тым жа значэнні польск. мова (taija). Фасмер не звяртае ўвагі на гэту лексему, у той час як яна непасрэдна суадносіцца з адпаведнай тэрміналогіяй у зах.-еўрап. мовах. Можна спаслацца на ням. Taille ’новая калода карт’, Taill schlagen ’пачынаць новы круг у гульні’, taillieren ’тасаваць карты’ (і ’адкрываць’), франц. tailler ’банкаваць’, якія, відаць, толькі часткова адлюстроўваюць як даўнюю картачную тэрміналогію, так і сувязі з асноўным значэннем зыходнага дзеяслова ’рэзаць, сячы і мн. інш.’, параўн. семантыку франц. tailler, італ. tagliare. Значэнне ’абрубак’ (< ’сячы’) не падаецца сучаснымі слоўнікамі для вытворных ад гэтых дзеясловаў, аднак лёгка рэканструюецца. Апрача таго, Мартынаў (вусн. паведамл.) звярнуў увагу на славеснае запазычанне (з італ.) táija ’калода, абрубак бервяна’. Мяркуем, што зацямненне матывацыі вышэй прыведзеных тэрмінаў, празрыстая сувязь з дзеясловам tailler і вытворнымі, у шэрагу якіх значэнне ’абрубак’ павінна было быць адным з асноўных або лёгка рэканструявацца ў рус. двухмоўным асяроддзі. Такім чынам, рус. колода — этымалагічная калька з адпаведнага зах.-еўрап. тэрміна; пры гэтым не выключана, што сам тэрмін не проста быў страчаны, а ўзнік як эфемер ва ўмовах двухмоўя. Апошняе меркаванне не выключае магчымасці звычайнага (аднак з этымалагізацыяй!) калькавання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)