Лопацень1, ло́поцень, ло́пыцінь, ло́пацінь, ло́потэнь ’балбатун’, ’чалавек, які меле глупства, без сэнсу крычыць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.; лаг., Жд. 3; жлоб. Нар. словатв.; паўд.-пін., Нар. лекс., віл., смарг., Сл. ПЗБ). Да лапата́ць1 (гл.). Сюды ж і лоеў. лопацень ’водаўдарная дошчачка на вобадзе кола ў вадзяным млыне’ (ЛАПП) — паводле шуму вады; па форме — да лопацень4 (гл.).

Лопацень2, ло́поцень ’выгібы на лязе касы пры нераўнамерным кляпанні’ (слуц., Нар. словатв.; лун., Мат. ЛАБНГ; ТС); лопатні ’тс’ (Жд. 1; карэліц., нясв., пін., стол., лельч., Мат. ЛАБНГ). Укр. палес. ло́потень (Нік.). Утворана ад ⁺лопат, якое з’яўляецца генетычна тоесным да літ. lãpatas ’акравак, абрэзак’.

Лопацень3, ло́потень ’частка жорнаў’ (кобр., Выг.; КЭС, лаг.), ’верхняя перакладзіна ў жорнах’ (Касп.; віл., Сл. ПЗБ), ло́патня ’дошчачка (у жорнах), у якую ўстаўляецца млён’ (Касп.). Да лопат2 (гл.).

Лопацень4, ло́поцень, лопацінь, лопыцінь, ло́патынь вялікі, круглы, падобны да лапаты свярдзёлак; якім карыстаюцца ў млыне, выкручваюць дзіркі ў калодцы кола, робяць борці і да таго пад.’ (Бяльк., Касп., Жд. 1, Мядзв., Маш., Нас., Жд. 1, Сіг., ТС; КЭС, лаг.), ’лопасць у турбіне’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. лопатень ’шырокі свердзел’, рус. ло́пате́нь ’тс’. Да лапа́та (гл). Суфікс ‑ень, як у берасце́нь, пруце́нь, ве́расень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́ца ‘скабка або пласцінка (драўляная ці металічная), якой змацоўваюць закругленыя дошчачкі; асабліва два колцы ў дышлі пад падушкай калёс, якія служаць для павароту калёс’ (Нас.), сні́ціна ‘дошчачка, якой закрываюць бакавы ўваход у калодачны вулей’ (зэльв., Сл. ПЗБ), сні́цы ‘крыжавіна, перакладзіна ў перадку воза, куды ўстаўляецца канец дышля’ (Маслен.), ‘пярэдняя і задняя часткі калёс’ (ПСл). Укр. сни́ця ‘падоўжная жэрдка ў возе, плузе; частка воза, дзе замацаваны дышаль’, рус. сни́ца, шни́ца ‘адзін з двух брускоў, між якімі ўмацоўваецца дышаль’, польск. śnica, sznica, чэш. дыял. snica, šnyce, snice, в.-луж. snica і šnica, н.-луж. snica ‘тс’. Міклашыч (312) лічыў слова няясным. Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Паводле Праабражэнскага (2, 344), рускае слова запазычаны з польскай, а там з ням. Schnitt ‘разрэз, прарэз’ або Schnitz ‘кавалак, скрылік’. Фасмер (3, 699), а следам за ім і Махэк₂ (564), Шустар-Шэўц (1329) выводзяць з *ojesьnica ад *oje, Р. скл. ojese ‘дышаль, аглобля’. Гл. вайе. Збліжэнне з сныч, снычок ‘засаўка ў замку’ (Ласт.), рус. дыял. сныч ‘стрыжань у дзвярным замку’, ‘шпонка, якая змацоўвае дошкі’, што звязваюць з снаваць (Гараеў, 334), сумніўнае (гл. Фасмер, 3, 702). Не выключана сувязь з ст.-бел. снитие ‘злучэнне, сыходжанне’, снити ‘дайсці, дасягнуць; легчы, упасці’, што да *iti з прыстаўкай *sъn‑ (гл. ісці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Самі́нец, сомі́нец ’кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС; стол., Нар. сл.), самі́ца ’тс’ (ТС), самі́нка ’сценка паміж вакон’ (КСТ), рус. дыял. сомцы́ ’працяг зруба з бярвенняў, якое завяршаецца трохвугольным выступам’, саме́ц, сомо́к ’вохлуп’, самцы́ ’кароткія бярвенні’, укр. карп. саме́ць, мн. л. сімці́ ’бервяно ў сцяне хаты, якое толькі адным канцом звязана ў замок, а другім упіраецца ў вушакі’, польск. дыял. sumiec ’бервяно, якое ўсунута сваім абсклюдаваным канцом у паз’, sonik, sunik, sumik, sulnik ’кароткае бервяно паміж вокнамі’, sowiniec ’жэрдкі над токам у гумне, вышкі’, чэш. дыял. somík ’вушак’, somínec ’кол у плоце’, slumík ’столбік у плоце’, sumík ’вертыкальная драўляная рама’, somica, somík ’бервяно паміж вокнамі’, славац. sôm ’вушак’, somík ’тс’, ’папярочная планка ў грабель, матавіла і г. д.’, серб.-харв. somić, sȍmić ’дзірка для дыму ў форме роўнастаронняга трохвугольніка, якая выходзіць на два бакі даху’, ’франтон’, славен. somik ’жолаб, паз на сцяне’. Этымалогія спрэчная. Фасмер (3, 716) першапачатковай лічыць форму сомок (сомец, сомцы — другасная) і выводзіць яе з *sъ‑mъk‑ (гл. мкаць, мкнуцца), але прыводзіць толькі рускі і ўкраінскі матэрыял. Махэк₂ (566) з улікам славацкай формы ўзнаўляе прасл. *somъ, *somьcь і ў якасці адпаведнікаў указвае на ст.-інд. śamyā ’палка, затычка, цвік’, авесц. sima ’частка вупражы возу, магчыма, драўляная частка, якая абхоплівае шыю каня’, арм. samikʼ мн. л. ’дзве драўляныя часткі ярма’, грэч. κάμαζ ’жэрдка, кол’, с.-в.-ням. hamel ’жэрдка’, дац., шв. hammel, нарв. дыял. hamul ’папярочная перакладзіна перад возам’. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варава́ць1 ’абстаўляць умовамі, меркаваць’ (КЭС), варавацца ’насцярожвацца’ (КТС); ’асцерагацца, не асмельвацца’ (КПС); ’сцерагчыся, абавязвацца’, павароўвацца ’пабойвацца, асцерагацца’ (КЭС). Усе значэнні развіліся на падставе вараваць ’ахоўваць, зберагаць’, запазычання са ст.-в.-ням. warôn ’тс’, прадстаўленага ў большасці славянскіх моў: рус. варовать ’слухацца; захоўваць, абараняць’, ст.-рус. варовати ’тс’, укр. варувати, варовати(ся) ’тс’, ва́ра ’сцеражыся’, польск. warować ’умацоўваць; абумоўліваць’, чэш. varovati ’папярэджваць’, varovati se ’берагчыся’, славац. varovať ’сцерагчы; наглядаць за дзіцём’, серб.-харв. ва̏рати, варо̀вати ’ахоўваць’. Магчымасць шырокіх семантычных зрухаў пацвярджаецца аналагічнымі працэсамі ў іншых мовах; параўн. балг. ва́рам, ва́рвам (< серб.-харв.): ’ахоўваць > ахоўваць дзяцей > суцяшаць адцягваць увагу > ашукваць, хлусіць’ (БЕР, 1, 119). Гл. Фасмер, 1, 275; Рудніцкі, 1, 312; Брукнер, 601; Корбут, PF, 4, 515; Скок, 3, 565–566.

Варава́ць2 ’прытрымліваць плыт якарамі’ (КСТ). Да вараваць1. Магчыма таксама семантычнае запазычанне з польск. warować ’умацоўваць’.

*Варава́ць3, вароваць ’падсоўваць на сталюгах калодку пры дапамозе тапара’ (КСТ). Існуе вялікае гняздо слоў з гэтым коранем: рус. вор, во́ра ’плот, агароджа’, верать ’соваць, укладваць’, (за)вереть ’заперці’, вар, варок ’двор для скаціны’, бел. вур, ворйе, ворына ’плот з доўгіх жэрдак’ (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 40), укр. вари́йкаперакладзіна, якой закрываюць вароты’, ст.-рус. воръ ’плот’, польск. (za)wrzeć ’запіраць, закрываць’, чэш. otevřiti ’адкрыць’, балг. въвирам ’усоўваць, упіхваць’ і г. д. Гэта дае магчымасць узнавіць адзін з варыянтаў агульнаславянскага кораня да прасл. *vor‑ са значэннем ’(па)соўваць’. І.‑е. паралелі гл. Фасмер, 1, 273, 293, 350; БЕР, 1, 177–178. Там жа і літаратура.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́шва1 ’драўляны вал у ткацкім станку, на які навіваюць ніткі асновы або вытканае палатно’ (Касп.; Інстр. 2), ’пярэдні навой’ (рас., Шатал.), ’папярочная перакладзіна ў кроснах’ (лудз., Сл. ПЗБ), ’частка кроснаў’ (Дабрав., Кросны), прышва ’сувой’ (Мат. Гом.). Рус. пришва ’пярэдні вал у ткацкім станку для ўмацавання нітак асновы і намотвання вытканага палатна’, ’абрэзак палатна, да якога прымацоўваюцца ніткі асновы’. Як сведчыць апошняе, прышва ад прышыць, тут у значэнні ’далучыць, прымацаваць’. Гл. прышыцца.

Пры́шва2, мн. л. пры́швы, пры́шву ’пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і пярэднюю частку ступні; галоўкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Мат. Гом., ТС; ашм., Стан.), прышы́ва ’тс’ (Мат. Гом.), пры́швы ’новыя перады, галоўкі, прышытыя да старых халяў’ (Растарг., Інстр. 1), сюды ж з падобнай матывацыяй ’частка, прышытая да асноўнай’ — пры́шва ’частка (рыбалоўнай) сеткі; крыло ў жаку’ (петрык., нараўл., З нар. сл.; Маш.). Рус. при́швы ’новыя галоўкі, прышытыя да старых халяў; боты з новымі галоўкамі, прышвамі’, дыял. ’сеткавае палатно, дадаткова прышытае да крылаў невада’, укр. при́шви ’галоўкі ў ботах’, при́шивка, при́шовка ’кожны з кавалкаў сеткі, з якіх яна пасшываная’, польск. przyszwa ’саюзка’. Гл. прышва1, а таксама Банькоўскі, 2, 952.

Пры́шва3, прышвы, прішва, прішвы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’; ’жэрдка ў паплёце’ (Касп., Бяльк., паст., Сл. ПЗБ; ТС; полац., слаўг., чэрык., ЛА, 4), пры́швіна ’паплеціна, прывязка’ (ТС), прышыўка ’жэрдка, мацаванне крокваў’ (Мат. Гом.), прышывала ’жэрдка ў паплёце’ (паст., глыб., Сл. ПЗБ), прышывала, прышывалі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (паст., шарк., глыб., ЛА, 4). Рус. смал. пришва ’жэрдка, каб прыціснуць салому на возе7. Да прышываць ’прымацоўваць, прывязваць’, гл. прышыцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́лі ’гушкалка’ (РБС, Гарэц., Касп., Рам., Кос.), ’гушкалка на вісячых вяроўках’ (Нас.), гушкалка з вяровак’ (Яруш., Мядзв.), рэ́лі (Рам., Бяльк., Палявы). Я. Камароўскі (Бел. лекс., 62) лічыць арэлі правінцыялізмам. Згодна з Рапановічам («Полымя», 1968, 10, 237; Лекс. і грам., 28–29), арэлі ўжываецца шэрагам пісьменнікаў з розных раёнаў. Чэрнякевіч адзначыў прыметнік арэльскія (гвазды) ’вялікія гвазды, якія выкарыстоўваюцца для забіўкі плытоў’ (рукап. рэферат БДУ, 1969) у Брэсц. вобл. Аднак у цэлым слова арэлі/рэлі пашырана на ўсходзе Беларусі. Магчыма, сюды ж трэба аднесці рэ́лкі ’жэрдкі, якія замацоўваюцца на бэльках у асеці ў якасці каласнікоў’ (Малчанава, Мат. культ., 38). Рус. арели ’гушкалка шыбеніца’, рели ’поручні, казлы, агароджа на слупах, жэрдка, тонкае доўгае бервяно, сошкі на невадзе’ (Даль; СРНГ; Пск. сл.; Кардашэўскі, УЗ МОПИ, 88, 36–37; 48, 89–90). У рус. акад. слоўніку 1794–1822 гг.: рель ’два слупы з перакладзінай для павешання злачынцаў’. Укр. паўн.-усх. орель, ореля, орелі, релі ’гушкалка’; паўднёварускае, усходнебеларускае, паўночна-ўсходнеўкраінскае арэлі ’гушкалка’, паўночнарускае ’шыбеніца’, спарадычна сустракаюцца іншыя значэнні, звязаныя з паняццем жэрдкі, шаста, бэлькі, большай часткай папярэчнай. Старажытнейшая фіксацыя слова (а)рэль у «Уставе (Ярослава князя) о мостѣхъ» (Філін, Происх., 546). Існуючыя этымалогіі слова рель у рускай мове непераканаўчыя. Думка Юрэвіча («Полымя», 1969, 2, 242) пра літ. óras ’паветра’ ці orel̃vis ’паветраплавальнік’ як крыніцу бел. арэлі, калі ўлічыць яго геаграфічнае пашырэнне, значэнне і форму, не можа быць прынята. Нельга лічыць слова і ўласнабеларускім (яно значна пашырана ў рускай мове, параўн. Курс суч., 147). Рэканструкцыя славянскай праформы выклікае, як адзначыў Фасмер, цяжкасці (няясна таксама, ці трэба звязваць перакладзіну з рель ’заліўны луг’, што, на наш погляд, наўрад ці пажадана на сучасным этапе вывучэння). Так, адсутнасць ва ўкраінскай і на месцы е не дае магчымасці пагадзіцца з Зубатым I, 2, 113, і рэканструяваць *rělja, роднаснае з літ. rékles ’прыстасаванне для сушкі’ і пад. Цікавая спроба Торбьёрнсона, 1, 11, рэканструяваць *rьdlь, роднаснае з літ. ar̃das ’жэрдка’, мн. ar̃dai ’каласнікі’, якая сустрэла крытыку Міккалы Balt., 46: незразумелай будзе тады геаграфія славянскага слова. Гл. яшчэ іншыя малаверагодныя этымалогіі, якія крытыкуе Фасмер, 3, 466. Зважаючы на геаграфію, нельга выключыць запазычаны характар, хаця наўрад ці можна прыняць гіпотэзу пра англійскую крыніцу reel ’матавіла’, калі ўлічыць час з’яўлення слова і значэнне. Больш верагоднай можна лічыць версію Груненталя, KZ, 63, 122, пра ням. Riegelперакладзіна, засаўка’ як крыніцу слова (параўн. першасную рэгістрацыю слова з и, а не е; для неадлюстравання g параўн. вядомы подпіс ана ръина; сярэдненямецкія значэнні ў асноўным адпавядаюць рускаму развіццю). Супрун, Бел.-рус. ізал. Гл. рэлкі, рэя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́нька1 ’медычная пасудзіна’ (гл. Нас.). Рус. ба́нка ’тс’. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (Брукнер, KZ, 45, 26; Кохман, Kontakty, 103, асабліва 48–49). Аргументы супраць (Бернекер, 43; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 34) не пераконваюць. У польск. мове bańka засведчана значна раней, чым ва ўсх.-слав. мовах (Кохман, там жа). Польск. слова ад bania ’пузатая пасудзіна’ (значэнне ’пасудзіна’ ў слав. banʼa з’явілася ўпершыню, здаецца, у зах. славян, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 292–293).

Ба́нька2 ’пасудзіна з вузкім горлам’ (Дразд., Вярэн.), ба́нка ’бляшанка для адстойвання смятаны’ (Сцяц.). Ст.-бел. банка (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. ба́нька ’гліняная або шкляная вузкагорлая пасудзіна’, рус. ба́нка. Як і назва медычнай пасудзіны, запазычанне з польск. мовы (гл. банька1, там і літ-pa). Гл. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293.

Ба́нька3 ’(цыліндрычнае) кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (Шат., Касп., Нас., Бяльк., Янк. I, Янк. Мат., Юрч., Лысенка, ССП), таксама ба́нка (Лысенка, ССП), ба́начка, ба́нічка, ба́нечка (ДАБМ, 832). Далей сюды належыць ба́нька ’вялікае металічнае кольца (у дзвярах або сцяне); шпора’ (Гарэц.), ба́нька ’жалезная частка рэменя, пражка’ (Сакал., КЭС). Відавочна, усё да ба́нька1, 2 ’пасудзіна, бурбалка і г. д.’ (так ужо ў Даля). Развіццё значэнняў; ’штосьці круглае’ → ’(круглае, цыліндрычнае) кольца’, ’круглая пражка (пражка-кольца)’. Значэнне ’жалезнае кольца на касільне’ мае і рус. дыял. (заходняе) ба́нька.

Ба́нька4 ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Бейл.). Ад банька ’пасудзіна’. Назва дадзена расліне па форме кветак. Параўн. яе рус. назву кубышка желтая, укр. глечики, кубишка, кувшинчик, збанок (Макавецкі, Sł. botan., 243). Іншыя бел. назвы: глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, жбанкі (Кіс., 87–88).

Банька5 ’яма на сухім месцы, напоўненая вадой, дзе расце лотаць’ (Яшкін). Мабыць, метафара да банька ’пасудзіна’. У слав. і іншых мовах даволі частая з’ява, калі назвы рознага посуду ўжываюцца для абазначэння глыбокіх месц, ям, выбоін. Параўн. бел. бале́я (гл.), укр. казано́к, ми́ска, яндила́, яндола́, баде́ня (*bdьnь ’бодня’, гл. Балейкі, SSlav., 4, 399–400), славен. bédenj, čeběr (Безлай, SR, 5–7, 125, 141, 143). Гл. і геаграфічныя значэнні слав. слоў kadъlbъ, kazanъ, kotьlъ, krina, makotьra, lonьcь, bъdьnь (Талстой, Геогр.). Але, магчыма, звязана і з ба́ня2 (гл.).

Ба́нька6 ’бэлька’ (Шат., Янк. I). Значэнне слова развілося ў бел. мове (у суседніх мовах, здаецца, такой семантыкі няма) на аснове *banʼa, *banʼьka ’купал; скляпенне; столь’ (гл. баня1). Першапачатковае значэнне, відаць, было *’столевая бэлька’, *’бэлька скляпення’. Але можна ставіць пытанне аб паходжанні слова ад ба́нта, бант жэрдка, перакладзіна і да т. п.’ (гл.). Памяншальнае *бантка (> *банка) магло потым зазнаць уплыў (фанетычны!) слова ба́нька ’пасудзіна і да т. п.’ Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун. ’бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисицаперакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisíca ’кайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)