саста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.
1. Паставіць поруч або ў адно месца. Саставіць вінтоўкі ў піраміду. □ Сажнуць сярпамі з жонкай жытні клін, Збяруць снапы, саставяць іх у бабкі. Корбан. Міхась туды [у куток пуні] саставіў старыя калоды. Б. Стральцоў. // Прыставіць, падставіць адно да другога. Умомант саставілі [хлопцы] адзін к аднаму сталы, як на вяселлі, і паселі наўкруга. Мурашка.
2. Атрымаць што‑н. цэлае, злучыўшы, змацаваўшы асобныя часткі. Саставіць поезд. □ [Гаварушка:] — Таксама навука — як разбіты гаршчок саставіць. Лобан. // Атрымаць (сумесь, раствор і пад.), перамяшаўшы якія‑н. рэчывы. Саставіць лякарства.
3. Зняць што‑н., пастаўленае наверх. Саставіць са стала на падлогу.
•••
Саставіць ураўненне — запісаць умову задачы ў выглядзе ўраўнення, якое змяшчае шукаемую велічыню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Гла́бка ’верхняя планка ў драбінах воза’ (Шатал.). Параўн. укр. гла́бці ’лубкі ў санях; сані, абшытыя лубкамі’ (Грынч.). Паводле Рудніцкага (637), вытворнае ад асновы *glab‑, якая чаргуецца з *glob‑ (аб гэтай апошняй гл. Рудніцкі, 650) і ад якой утварылася таксама аглобля, галобля і да т. п. Гл. яшчэ ў Фасмера, 1, 413: глоба́ ’папярочная бэлька, жардзіна, доўгі шост’, укр. глоба́ ’дрэва, якое расце коса; жалезны клін’. Гэта група слоў, паводле Фасмера, адносіцца да рус. огло́бля. балг. сглобя́ ’збіраю, змацоўваю’, польск. głobić і г. д. (аб далейшых сувязях гл. у Фасмера). Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 291 (пад głobić).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ра́бчык 1 ’лясная птушка’ (ТСБМ; лудз., Сл. ПЗБ; Ян., ТС), рабе́ц ’рабчык’ (Гарэц.), рабо́к ’рабчык’ (Дразд.), ра́бка ’самка рабчыка’, ’плямістая карова’ (ТС), ст.-бел. рабецъ, рябецъ, рус. ря́бчик, укр. ря́бчик, о́рябка, польск. jarząbek, чэш. jeřábek, в.-луж. wjerjabka, балг. я́ребица ’курапатка’, літ. jerubė̃. Узыходзяць да і.-е. кораня *ē̆reb(h)‑: *ō̆reb(h)‑ (на агульнаславянскай глебе з назалізаваным e: *(j)eręb‑), які меў значэнне цёмна-чырвонага і бурага колераў, параўн. ст.-в.-ням. erpf ’цёмны’, ’чорна-буры’, ст.-ісл. jarpr ’карычневы’, ’буры’ (Покарны, 1, 334).
Ра́бчык 2 ’клін у заднім навоі’ (Ян.). Няясна, параўн. рабу́шка 2 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сы́чык ’скрутак лык’ (Бяльк., Сцяшк. Сл.; шкл., ЛА, 4), ’рухомая частка ў церніцы’ (Выг.), ’загваздка; жалезнае колца, што злучае “правіла” з задняй часткай воза’ (Арх. Вяр.), ’калок, які трымае пругло ў сілку на дзікіх качак’, ’трубачка, якую ўстаўлялі ў дзірку ў бочачцы пры наліванні гарэлкі ў кілішкі’ (ТС), сы́чыкі ’начоўкі з рылам для зліву вадкасці’ (капыл., Сл. ПЗБ), ’смажаная бульба’ (Сл. Брэс.). Разнастайны характар дэталяў з такой назвай звязаны з пераносам па функцыі, першаснае значэнне, відавочна, ’клін, стрыжань’, параўн. сыч 2, гл. Звязана чаргаваннем галосных з сукаць; апафанічныя ступені *sъk‑/*suk‑/*syk‑ ’скручваць, валяць, качаць’, аб якіх гл. Вірбат, Этимология–1980, 33–34.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Масні́ца 1, мастні́ца, масні́чына ’дошка падлогі, моста’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Янк. 1, Юрч., Грыг., Нас., Мат. Гом.; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС; гом., Нар. сл., Жыв. сл.; Бір. дыс.). Укр. валын. мастни́ця, рус. кур., пск., смал., цвяр. мостница, мосница, мостничина. Да мост ’падлога, мост’ (гл.). Аб суфіксе ‑ica (‑іца) гл. Слаўскі (SP, 1, 98–99), Сцяцко (Афікс. наз., 157–158).
*Масні́ца 2, масьныэця ’маслабойка (машына)’ (Тарн.), масні́чка ’тс’ (рэч., Мат. Гом.). Укр. ма́сничка. З maslьnica. Да ма́сла (гл.).
Масні́ца 3 ’клін, пры дапамозе якога сошка спалучаецца з аглоблямі’ (Сержп., Земл.). Да мост (гл.).
*Ма́сніца, ма́сныця ’масленіца’ (драг., З нар. сл.). Укр. ма́сниця ’тс’. Без ‑ле‑ з ма́сленіца (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
распо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распіраць — расперці.
2. Р мн. ‑рак. Брус, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях і збудаваннях для фіксацыі іх у пэўным становішчы. // Тое, чым распіраюць што‑н. і прадухіляюць збліжэнне паміж чым‑н. Праўда, майстры і тут ведалі, што рабіць. У ход ішлі распоркі, клін, кувалда, і дошкі станавіліся на сваё месца. Сапрыка.
3. Разрэз, распорак. На мне быў кароткі кажушок з аблямаванай распоркаю ззаду. Скрыган. Пярэдняя полка з засцежкай (распоркай), якую прыкрываў фартушок, амаль заўсёды рознілася ад іншых арнаментам. «Помнікі». // Разрэзанае, разарванае па шву месца. Шапка была б.. ніштаватая, каб яшчэ да яе казырок і каб не распоркі скрозь па швах. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надво́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Той, што знаходзіцца ў межах двара (гл. двор 1 у 1 знач.). Надворныя будынкі.
2. Той, што выходзіць на двор, знадворны. Надворная сцяна. □ Калі ляпнулі надворныя дзверы, Антанюк цяжка ўздыхнуў. Шамякін. // Разм. Які знаходзіцца, змяшчаецца знадворку, на дварэ, не ў памяшканні. Скрозь надворную цемру [Вацік] бачыў вялікі клін саўгаснага ячменю. Баранавых. [Рыгор] падышоў да акна, адшмаргнуў фіранку, прачыніў яго і пацягнуў надворнага паветра. Гартны.
3. Тое, што і знешні (у 2 знач.). За надворнай замкнёнасцю і нават недаступнасцю [Коласа] адчуваліся абаяльнасць, чалавечая прастата і чуласць. Лужанін.
4. Такі, якога яшчэ не паставілі на адкорм (пра свіней). Калгас меў на той час дзве фермы, але на кожнай былі разам і свінаматкі, і парасяты, і надворныя, і кормныя. Дуброўскі.
•••
Надворны саветнік гл. саветнік.
Надворны суд гл. суд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.
2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Праявіць стараннасцю рупнасць у якой‑н. справе, рабоце. — Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся [дажаць], — думала Алена. Мележ. — А мы сёння пастараліся ўранку і вунь які клін на расцяробах дабілі: ведаеш, там, дзе летась Аўдзея секанула маланка. М. Стральцоў.
2. з інф. Зрабіць спробу дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкласці намаганні да чаго‑н. [Русаковіч:] Ён пастараецца даказаць, што я не праў. Крапіва. Сабіна разумела: гэтыя хлопцы — частка Вацлава. Вацлаў — частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці. Караткевіч. [Кастусь:] — Калі толькі Язэп не расказаў каму пра нас, мы пастараемся яго вярнуць. Якімовіч.
3. Дастаць, набыць з цяжкасцю, раздабыць; расстарацца. [Паўлік:] — Я, кажа ён [Нахлябіч], мог бы пастарацца твайму бацьку дрэва на гумно і на ўсе будынкі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Разваліцца, разбурыцца. Печ развярнулася ад выбуху.
2. Павярнуцца, каб змяніць становішча або напрамак свайго руху. Жывіца зухавата развярнуўся. Паслядовіч. Машына дала задні ход, развярнулася і пайшла ў глыбіню лесу. Пальчэўскі.
3. Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. // Перафарміравацца ў буйнейшую баявую адзінку.
4. Прыняць пэўны парадак. Журавы развярнуліся ў клін. Брыль.
5. Разм. Павярнуцца, адвёўшы руку ўбок. Дзядзька Цімох развярнуўся ды як даў Лявону поўху — той ледзьве з ног не зваліўся. Дубоўка. // чым, з чым (звычайна з адмоўем, словамі «як», «толькі» і інш.). Пра наяўнасць прасторы для пэўных рухаў (пры рабоце). Там з касою не развярнуцца. □ Вялікая печ, ложак паўз сцяну, стол і канапа. Яны займалі ледзь не ўсю хату, пакідаючы праход у другую палавіну і месца, як развярнуцца вілачнікам. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)