града́, ы́; мн. гра́ды (з ліч. 2, 3, 4 грады́), град; ж.

1. Палоска зямлі, спецыяльна прыгатаваная для вырошчвання агародніны, кветак. Рабіць грады. Града агуркоў. Палоць грады. Паліваць грады. □ Зелянее многа град. Тут — цыбуля, памідоры, Морква, рэпа і салат. Муравейка. У агароднай брыгадзе высаджвалі з парнікоў на грады расаду капусты. Бялевіч.

2. Ланцуг невысокіх гор, узгоркаў. Сонца было ўжо зусім нізка над градою узгоркаў. Брыль. Граду раскалоўшы клінам, Пераліваецца водамі Ля скал Енісей. Калачынскі.

3. Мноства аднастайных прадметаў, размешчаных у адзін рад. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на каменне. Шамякін. // Паласа лесу. [Пархвен] мінуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу і як бы ўпаў у вільгаць логу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыдба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і чаго. Набыць, займець што‑н.; нажыць. [Алесь] трымаў каня і цешыўся з таго, што прыдбаў уласную гаспадарку, прыдбаў яе, столькі выцерпеўшы і вызнаўшы. Адамчык. У хаце іх было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі. Шамякін. У часе вайны загінула ўся дзядзькава сям’я. Новай ён не прыдбаў... Сачанка.

2. што і чаго. Атрымаць што‑н., авалодаць чым‑н. Прыдбаць вопыт. Прыдбаць пашану. □ Цягаў ён [бацька] гліну, цэглу і каменне, Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць. Звонак. Цяпер прыдбалі лепшай славы жыццём адноўленым Паставы: народ сваёй паставіў працай патомкам і сабе палацы! Дубоўка. Рыбак з гэтага самага Івана не вельмі што, за ўсё сваё жыццё ён, можа, і злавіў паўдзесятка шчупакоў, але ўсё ж славу сабе прыдбаў шырокую і ведаюць аб ім многія. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Кідаць на працягу нейкага часу. Пакідаць мячык. Пакідаць стагі да вечара. □ Віхура вайны .. нямала пакідала мяне па беламу свету. Хомчанка.

2. Кінуць, шпурнуць як папала ўсё, многае. Пакідаць усё каменне ў яму. Пакідаць рэчы на воз. □ Пакідаўшы ў кусты вербалозу рыбацкае прыладдзе, дзядзька і пляменнік шыбуюць у вёску. Сачанка. [Салдаты] ад нечаканасці і страху пакідалі свае карабіны і кінуліся .. ў лес. Колас.

3. Скідаць у стог усё, многае (пра сена, салому і пад.); завяршыць стагаванне.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакінуць каго‑, што‑н. назаўсёды або часова — пра ўсіх, многіх. Калгаснікі .. [у час адступлення арміі] пакідалі свае хаты і паехалі далей ад лініі фронту. Федасеенка. І раптам наша рыбацкае захапленне і спакой парушыў страшэнны крык. Мы пакідалі вуды і выскачылі з-за куста. Ляўданскі.

пакіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да пакінуць (у 1–10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́бар ’сумесь збожжавага насення’ (Нас.; парыц., Янк. Мат.; Мат. Гом.; асіп., Сл. ПЗБ; маг., гом., ЛА, 4), ’зерневыя адходы пры веянні збожжа’ (Мат. Маг.; рагач., асіп., Сл. ПЗБ; Шатал., Ян.; ЛА, 2), су́бырь, су́барь ’розная мука, сабраная ў млыне ад дзесяціны’ (Шымк. Собр.), ’высеўкі, вотрубі’ (Растарг.), субо́р ’куча дробнага камення, сабраная на полі’ (Касп.; полац., Нар. лекс.), ’мука, атрыманая ад памолу сумесі ячменю і грэчкі’ (Ян.), ’натоўп, зборышча’ (Станк.; маст., Нар. сл.), сюды ж су́барны: субарная мука ’мука з сумесі рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), суба́рніца ’сумесь рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ), суба́рніна ’бязглуздзіца, кавардак’ (Касп.). Рус. суба́р ’адходы, сумесь’, пск. субо́ркаменне, сабранае з поля і складзенае ў кучу’. З су- і браць, гл. (Фасмер, 3, 791–792). Параўн. аналагічнае славен. sọbra ’крупы’ < *sǫ‑bьra (Сной у Бязлай, 3, 282), што дае падставы для рэканструкцыі *sǫ‑borъ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 206). Значэнне ’куча камення на полі’ не звязана з бор ’узвышэнне, пясчаны бугор’ (Талстой, Геогр., 40). Борысь (Prefiks., 93) узнаўляе прасл. *sǫborь/*sǫborъ < прасл. *sъ‑berǫ, *‑bьrati з адпаведнікамі ў балцкіх мовах: літ. súmbaris ’ссыпанне, складванне разам’, sǫ́barios ’дажынкі’, лат. suobara ’сумесь розных гатункаў збожжа’. Варбат (Слав. языкозн., VII, 110–111) больш позняй праславянскай лічыць і *sǫbarъ з падаўжэннем апафанічнага *o ў корані аналагічна *udarъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чэ́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Даставаць, набіраць чым‑н. знізу або з глыбіні, захопліваючы невялікімі часткамі што‑н. вадкае ці сыпкае. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас. Па полі шырокім ідзе хлебароб — у цяжкіх ботах, спаважнай хадой. Чэрпае жменяй адборнае зерне з сявенькі і сее спакойна, упэўнена. Брыль. Малашкін чэрпаў з талеркі бульбяны суп з вермішэллю і маўчаў. Пестрак. // У час руху па чым‑н. вадкім, сыпкім захопліваць, набіраць. Каменне падала густа, бляшанка падскоквала на хвалях, нахілялася, чэрпала ваду, але ўпарта не хацела ісці на дно. Савіцкі.

2. перан. Набываць, браць, запазычваць што‑н. адкуль‑н. Чэрпаць веды. Чэрпаць сілы. □ Кожны з нас прыпасае радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны. Панчанка. Беларуская савецкая літаратура чэрпае сваё натхненне ў рэвалюцыйным абнаўленні краіны. Пшыркоў.

•••

Чэрпаць (браць) каўшом — многа, празмерна браць, атрымліваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пасох, ‑ла; зак.

1. Зрабіцца, стаць сухім, страціўшы вільгаць; высахнуць. Бялізна пасохла. □ — Снедай, — сказала .. [Вілю] маці, — а то аладкі ў печы зусім пасохнуць. Чарнышэвіч. Дзе ўшчэнт пасохла Зямля без жывых расін, Засмягла і стала [в]охрай Лісце лясных раслін. Калачынскі. Усцяж вады лужок быў стаптаны скацінай, людзьмі, птушкамі, пабурэў за лета, пасох. Карамазаў. // Перасохнуць (пра вусны). Твар рэдактара быў памяты, пад вокам сіняк, губы пасохлі. Гурскі. // Выпарыцца, знікнуць (пра вадкасць). Лужыны пасохлі. □ Ён [амерыканскі салдат] цешыцца! Кладзе свой брудны след На той зямлі, дзе не пасохла кроў яшчэ. Панчанка.

2. Звянуць, засохнуць ад неспрыяльных умоў — пра ўсё, многае. Дваццаць пяць дзён дажджу не было, Дваццаць пяць дзён не было расы, Дваццаць пяць дзён панаваў спалох: Жыта пасохла, згарэлі аўсы. Хведаровіч. Навалам ляжала вялікае каменне. Яго панакідана так густа, што багата якія дрэўцы, заціснутыя паміж імі, пасохлі. М. Стральцоў.

3. Разм. Схуднець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

4. Сохнуць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Ісці, рухацца. У свет за многа-многа міль Сягаю я бязмежным крокам. Колас. / у перан. ужыв. І вось — рака!.. Як вар кіпучы, Бурліць, сягае паміж гор, То з гулам кідаецца з кручы... Усё — каб вырвацца ў прастор. Ставер. // перан. Даходзіць, дасягаць, імкліва накіроўвацца. Маленькія вочкі... [Марыніча] блукліва бегалі, але найбольш сягалі яны ў блакіт чыстага, неба, бо дзень сапраўды быў летні, заліты сонцам і цеплынёй. Сабаленка.

2. Прасцірацца, даходзіць да якой‑н. мяжы, узроўню і пад. Гэта вузенькі .. ручаёк пыльнай вуліцы, а паабапал яе шырокія, як зялёныя загоны, берагі травы, якія сягаюць аж пад самыя хаты, заходзяць у двары і правулкі. Сіпакоў. // перан. Пранікаць у глыбіню (пра час). Мастак [Сергіевіч] расхінуў завесу стагоддзяў, сягаў глыбей, да вытокаў вызваленчай барацьбы беларускіх працоўных. Ліс. Памяць сягае недзе да пятага года свайго жыцця, калі бацька мой служыў на чыгунцы. Пестрак. / Пра думкі, мары і пад. Думка сягае ў юнацкую даль: хвоі, азёры, каменне і сталь... Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́мень, ка́мінь, ка́мынь, ка́мэнь ’цвёрдая горная народа ці абломак з яе рознай велічыні і формы’, ’абточаны камень у жорнах’ (Сл. паўн.-зах., ТСБМ, Сержп. Прымхі; Бяльк.; драг., Жыв. сл.; Федар. I; Бес., Яруш., Яшк.), каме́нне (зб.) ’камяні’ (ТСБМ, Радч., Сержп.; стаўбц., Нар. словатв.; Яшк., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.), каміене (Бес.), каме́ння ’тс’ (бяльк.), каме́чо, каме́чча ’тс’ (слонім., Жыв. сл.; гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.; свісл., Сцяшк. Сл.); каме́ньчык ’малы камень’ (Сержп. Прымхі; Бяльк., Янк.), ’костачка ў сліве, вішні’ (браг., Нар. словатв.; Ян., Янк. 2; нараўл., Мат. Гом.), камянёк ’тс’ (полац. Янк. 2); каме́ньчыкі ’гульня’ (гродз., Нар. словатв.); ка́мень ’мера вагі (≈ 10 кг, ≈ 1 кг)’ (Інстр. III); камяны́ ’зроблены з каменя’ (КЭС, лаг.), каме́нный ’тс’ (Бяльк.), каме́нны ’з каменя або з цэглы зроблены’ (ТСБМ, Сцяшк.); каме́нык ’крэпкі хлопчык’ (Бяльк.); ка́менка, ка́мінка ’печ з камення (у лазні)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяц.; усх., КЭС); укр. ка́мінь, рус. ка́мень, польск. kamień, н.-луж., в.-луж. kamjeń, палаб. komói, чэш. kámen, славац. kameň, славен. kámen, серб.-харв. ка̏мен, макед., балг. камей, ст.-слав. камы. Прасл. kamy (род. kamaee). Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. akmuõ (akmeñs), лат. akmens ’тс’, ст.-інд. áśmā, áśrnan‑ ’камень’, ’неба’, авест. asman‑ ’тс’, ст.-грэч. ἄκμών ’кавадла’, ’неба’ < і.-е. *akʼ/*okʼ (Слаўскі, 2, 37–38). Фасмер (2, 173–174) далучае да і.-е. яшчэ ст.-в.-ням., ст.-сакс. hamar, ст.-ісл. hamarr ’молат’ (параўн. Мартынаў, Слав. акком., 160–161).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. Утвараць моцныя рэзкія гукі, грукат, шум. Паравоз дрыжаў, грымеў, скрыгатаў. Мележ. У кароўніку грымелі ланцугі, чуўся звон бляшаных даёнак, цурканне малака. Дуброўскі. // чым. Утвараць рэзкія гукі, грукат, стук. Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. Нястомны дзяцел лес трывожыць, Па хвоі дзюбаю грыміць. Калачынскі. // Пра раскаты грому. Усё новыя і новыя ўдары грому глуха грымяць над самым вакзалам. Лупсякоў. / у безас. ужыв. На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. // Пра выбухі, страляніну, шум мора і пад. Грымелі гарматы, тахкалі мінамёты. Ставер. Мора грымела, але рыбакоў не палохала. Лось. Воддал[ь] грымеў марскі прыбой. Самуйлёнак. // Пра гучныя песні, крык, шумную ігру на музычных інструментах і пад. Над плошчай грымела «ура». □ У суседнім пакоі грымела радыёла. Корбан. У парку грымеў аркестр. Хадкевіч. // перан. Разм. Гаварыць гучным узрушаным голасам, з гневам або запалам. — Яшчэ вады! Яшчэ! — грыміць Змітрок. Бядуля. — Я заўсёды стаяў цвёрда на зямлі, — грымеў словамі мельнік. Чорны.

2. перан. Карыстацца вялікай папулярнасцю, славіцца. — Дырэктар школы Яснікоў ужо грыміць на ўсю рэспубліку. Шамякін. // Мець вялікае пашырэнне. [Бандарчык:] Слава пра наш калгас грыміць на ўсю вобласць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варо́чаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вярнуць ​1.

варо́чаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Перамяшчаць, пераварочваць з боку на бок што‑н. цяжкае. Варочаць бярвенні, мяшкі. □ На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. Цэлую ноч Васілю снілася, што ён арэ: варочае і варочае велізарныя глыбы. Кулакоўскі. // перан.; што і без дап. Выконваць цяжкую работу. [Мазавецкі:] — Ты адно націскай на.. [Гушку], і ён табе, як вол, будзе работу варочаць. Чорны. // што. Паварочваць другім бокам, варушыць. Варочаць сена. □ Хто пёк сала, хто варочаў у прыску бульбу, а хто лежачы, напяваў сам сабе песню... Нікановіч.

2. што. Валіць на бок, перакульваць. А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё. Нікановіч.

3. што, чым. Круціць вакол восі. Гукаў цягнік, здаволены адпраўкай, варочаў каламі хутчэй штораз. Гілевіч. // Круціць, паварочваць у розныя бакі. [Захар Зынга] падбег да варот, выхваціў з рук чалавека пісьмо, доўга варочаў яго ў руках. Чорны.

4. перан.; чым. Разм. Распараджацца; кіраваць. Варочаць мільёнамі. Варочаць справамі.

•••

Варочаць мазгамі — абдумваць, разважаць.

Горы варочаць — выконваць работу, якая патрабуе вялікіх намаганняў.

Ледзь варочаць языком — з вялікай цяжкасцю, вельмі павольна гаварыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)