Ве́тлыветлівы, прыветлівы, ласкавы’ (БРС, КТС, Касп.), (у)вѣтлый (Нік., Оч., 1), ве́тла (Гарэц., Яруш., БРС, КТС, Касп.), ветласць ’уласцівасць ветлівага чалавека, прыветлівасць’ (Гарэц., КТС, БРС), вѣтлыс(т)ь (Нік., Оч., 1). Рус. пск., смал., калін., калуж., прэйл. ве́тлый ’прыветлівы, ласкавы, мілы; гаваркі’, смал. ’вясёлы’. Паўночна-ўсходнеславянскае ўтварэнне ад větъ і ‑lъ. У сучасных слав. мовах větъ не захавалася, ёсць шматлікія дэрываты: рус. ответ, привет, обет, совет, вече, завещать, чэш. závěť, dovětek, oběť, славен. obečati, серб.-харв. ве́ћати, ст.-слав. вѣтъ, ст.-рус. вѣтъ ’нарада, рада, дагавор’; ’павучанне, саромленне’, якое збліжаецца этымолагамі (Фасмер, 1, 305; Махэк, 687) са ст.-прус. waitiāmai ’гаворым’, waitiāt ’гаворыць’, літ. vaitenù ’мяркую’, vaiténti ’кіраваць, вызначаць, меркаваць’, авест. vaēϑ‑ ’вызначыць суровым следствам’, vaēϑa ’судовае заключэнне’. Адносна сувязі слова větiti і vějati ’дзьмуць’ гл. Тапароў, КСИС, 25, 1958, 86–87, які далучае да іх і слав. větii (< *vēt‑i) ’аратар’. Вайян (RÉS, 24, 1947, 152–155), паводле ст.-слав. отъвѣ (замест отъвѣшта), дапускае корань vě‑ (а не vět‑), які маецца ў дзеяслове вѣꙗти (семантыка яго развівалася наступным чынам: ’веяць’, г. зн. ’аддзяляць’ → ’вырашаць’ → ’судзіць’). У сувязі з і.-е. *vet‑: *ve‑ параўн. таксама тахар. A, тахар. B wätk ’раздзяляць, вырашаць, загадваць’ і we‑ ’гаварыць’; падобнае развіццё значэння назіраецца ў лац. cernere ’аддзяляць’; ’вырашаць’, грэч. κρίνειν ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́бы, лю́бый ’які выклікае пачуццё любві; блізкі, дарагі, мілы сэрцу, каханы’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., ТСБМ, ТС; мядз., Сл. ПЗБ), ’той, каго любяць, шкадуюць’ (КЭС, лаг.). Укр. лю́бий ’тс’, люб ’мілы’, лю́ба ’каханая’; рус. люб, любый (люба ’каханая’); польск. устар. luby, н.- і в.-луж. luby (прыметнік і назоўнік), палаб. lʼaibě (< ljubъjь); чэш. libý, ст.-чэш. ľubý, ľub, ľúb, славац. ľúby (ľúba ’каханая’); славен. ljȗb, ljúba ’мілы, каханы, дарагі’ (ljúbi ’каханы’, ljȗba ’каханая’), серб.-харв. паўн.-зах. љуб (з XVII ст. і як назоўнік), љу́ба ’жонка’, макед. љуба ’каханая’, ’жонка’, балг. люба ’любка, каханая’, ст.-слав. любъ ’мілы, прыемны’. Прасл. lubъ ’мілы, прыемны, каханы’ (Слаўскі, 4, 360–362), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. liaupsė́ ’пашана’, ’хвалебная песня’, liáupsinti ’ўсхваляваць’, ст.-інд. lúbhayati ’моцна жадае’, lōbhas ’жаданне, прага’, lōbháyati ’ўзбуджае жаданне’, гоц. liufs, ст.-в.-ням. liob, н.-в.-ням. lieb, ст.-грэч. λυπτά ’юрлівая’, ’каханка’, лац. lubet (libet) ’мне падабаецца’, ’я жадаю, маю ахвоту’, lubīdō, libīdō ’страснае жаданне’, алб. laps ’жадаю, прагну’ — і.-е. *leubhos (Фасмер, 2, 544; Слаўскі, 4, 360–362; Скок, 2, 337–339; Бязлай, 2, 146; Шустар-Шэўц, 12, 864; БЕР, 3, 572; Трубачоў, Эт. сл., 15, 181–182). Сюды ж лю́бенькі, любе́нькі, лю́бінькі, любу́нкаветлівы зварот да людзей, любе́й ’мілей’, любе́йшы ’мілейшы’ (Бяльк., Шат., Нас., Мікуц., Рам. 8–9; КЭС, лаг.), лю́ба, лю́бо ’міла, з любоўю’, ’падабаецца’, ’па сэрцу’, ’добра’ (ТСБМ, Бяльк., Растарг., ТС; калінк., З нар. сл.; воран., Сл. ПЗБ), любя ’даспадобы’ (мядз., Жыв. сл.)

Любы́ ’кожны, усякі’, ’які хочаш (на выбар)’, ’абы-хто’ (ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.; брасл., Сл. ПЗБ), рус. любой, ст.-рус. любой ’які хочаш’ (XVI ст.), славен. poljúben, чэш. libovolný, славац. ľubovolný ’тс’. Да лю́бы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ветлівы, ласкавы ў абыходжанні з людзьмі; уважлівы, паслужлівы. — Наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. Чорны. [Купала:] — Вы, Міколачка, дрэнны крытык. Што я вам ні пачытаю — абавязкова спадабаецца. Вы чалавек далікатны і не хочаце пакрыўдзіць старэйшага. Хведаровіч. // Заснаваны на павазе; чулы, мяккі. Далікатныя адносіны паміж людзьмі. □ Здавалася, што .. [Зорык] выпешчаны багатымі бацькамі, з першых крокаў прывучаны да далікатнага абыходжання. Новікаў.

2. Разм. Які патрабуе асцярожных, тактоўных адносін. Далікатная справа. □ — Яшчэ раз выбачайце .., Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытанню. Галавач.

3. Кволы, тонкі; выпеставаны. Далікатныя рукі. Чалавек далікатнага складу. Далікатныя рысы твару. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас. // Не простага паходжання (пра чалавека). Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Лынькоў. // Які патрабуе беражлівых адносін, догляду, лёгка псуецца пры карыстанні. Машына гэта далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

4. Складаны, тонкі па выкананню. Работа такая далікатная, ажно страх бярэ нас — малых. Бядуля.

5. Кволы, мяккі, прыемны навобмацак (пра валасы, пух, тканіну і пад.). Далікатная скура. Плацце з далікатнай матэрыі. □ Птушаняты ўсе былі жывыя, голенькія, ружовыя, з жоўтымі роцікамі і далікатным рэдзенькім пушком на галоўках. Ляўданскі.

6. Прыемны на смак, пах, гучанне і пад. Далікатныя духі. □ — Ды што той гарадскі харч! Ён можа і далікатны, але наедку з яго мала. Лынькоў. — От хоць раз найграешся, Піліп... — Не кажы ты — вельмі далікатную музыку люблю. Скрыган.

[Ад фр. délicat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад. Салодкія яблыкі. □ То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. Гартны. Мёд быў надзвычай салодкі. Ён быў яшчэ саладзейшым ад таго, што самі ж [Піліпчык і Васілька] яго дасталі, самі знайшлі. Лынькоў. // У назвах некаторых раслін. Салодкі перац. Салодкі лубін. // Свежы, не кіслы, не кансерваваны. Салодкія агуркі. □ Елі [мужчыны] салодкае малако з хлебам поўнымі конаўкамі. Пташнікаў. // Прыгатаваны з цукрам або з мёдам. Салодкі пірог.

2. у знач. наз. сало́дкае, ‑ага, н. Страва, црыгатаваная з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы. Знае лес І знае сад, Што салодкаму ён [Паўлуша] рад. Муравейка. — Я думаў — можа ты любіш салодкае? — намагаючыся знайсці сваю струнку паводзін, сказаў Бягун. Кулакоўскі. // Страва, якая падаецца на дэсерт. [Граноўская] пачаставала Надзейку салодкім, а мужчынам прапанавала яшчэ выпіць. Гурскі.

3. Разм. Смачны, багаты (пра яду). У чужых руках пірог і з хрэнам салодкі, — ужо больш, нервова сказала Ірына. Новікаў.

4. перан. Разм. Поўны дастатку, задаволення, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс). [Алесь:] — Ці гэта.. [сыны] такімі ўрадзіліся, ці гэта што іншае? [Павал:] — Яны ўрадзіліся такімі, якім ім трэба было. А што не ладзяць з сабою і са мною, дык з салодкага жыцця сварыцца ні з кім чалавек не будзе. Чорны. Брыль пражыў цяжкое дзяцінства, не салодкія маладыя гады, але захаваў добрае сэрца. «ЛіМ».

5. перан. Прыемны, які прыносіць задавальненне, асалоду. Салодкі сон. □ Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі. Красавік — Абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, Навальніц і маланак. Звонак. Там [у горадзе] панавалі агонь і дым. Яны як бы паглыналі ўсё.. жыццё Васіля: і летнія вечары над вадою, і салодкія пацалункі Агаты, і тое, што было збудавана яго рукамі... Няхай. // Прыемны на ўспрыманне (пра голас, гукі, пах і пад.). Голас, [«кавалера»] быў вельмі прыемны, пранізваў салодкім агнём усю.. істоту [Ядвігі]. Бядуля. Дык гэта ж унучак ужо ў мяне! Бачыш, Карн? Радасць якая! — сыпала.. [Палагея] салодкімі словамі. Шамякін.

6. перан. Празмерна далікатны, занадта ласкавы. [Казік:] — Куды падзелася яго [Віктара] ранейшая салодкая манера, ліслівасць, ветлівы аптымізм. Машара. // Які выражае ліслівасць, карыслівую дагодлівасць. Салодкія абяцанні. □ Лепш горкая праўда, чым салодкая мана. Новікаў. Салодкай песні век не вер, Пакуль не разбярэшся — хто спявае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

язы́к, ‑а, м.

1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці. Лізаць языком. Паказаць язык. □ Агніста сонца прыпякае, У губах язык засох, як косць. Купала. [Дзяцел] выпускае з дзюбы свой доўгі і ліпучы язык, тонкі, як шнурок. В. Вольскі. [Ульяна:] А каб табе, мой ты паночак, язык аблез, каб ты ніякага смаку не пачуў! Крапіва. Савіцкі з асалодай цмокнуў языком. — Вось гэта закусачка! Шамякін. Малако ў каровы на языку. Прыказка. // Страва, прыгатаваная з гэтага органа (звычайна каровінага ці свінога). Заліўны язык. // Гэты орган у чалавека, з дапамогай якога ён гаворыць, перадае свае думкі; орган мовы. — А хто страляе? — ледзь прагаварыў.. [Амелька] здранцвелым языком. Якімовіч. — А табе чаго ехаць да майго начальніка? Я і адзін магу дамовіцца. Што, у мяне языка свайго няма? Пальчэўскі. Язык і Кіева дапытаецца. Прыказка. Што ў цвярозага наўме, тое ў п’янага на языку. Прыказка.

2. перан. Здольнасць гаварыць, выказваць свае думкі словамі. Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць. Колас. // Гаворка, сказаныя словы. Ульяна змоўчала і пра нядбайных кукурузнікаў, і пра іншае. Нават не верыцца, што яе маглі пакараць «за язык»... Лось. І жала, і прала, і ткала, а ўсё языком. З нар.

3. перан. Разм. Палонны, якога захопліваюць спецыяльна, каб атрымаць неабходныя звесткі аб праціўніку. [Камандуючы:] К заўтраму вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Дастаць «языка». Крапіва. Нам загадалі Край ляска Прайсці ўздоўж і поперак, Дабыць, Прывесці «языка» — Якога-небудзь обера. Калачынскі.

4. Металічны стрыжань у звоне, які пры ўдарах аб яго сценку ўтварае гук. Марыі ноччу сніўся сон: У падводным царстве чуцен звон.. Цячэ няспынна плынь па дне, Язык пагойдвае ў зване. Аўрамчык.

5. перан. Пра што‑н. прадаўгаватае, выцягнутае, па форме падобнае на язык. Жоўтыя языкі полымя лізалі чорны чыгунок. Жычка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ.

•••

Адсохні мой язык, калі...; хай мой язык адсохне, калі... — ужываецца як кляцьба для пацвярджэння правільнасці сказанага.

Без языка; языка няма ў каго — пра маўклівага чалавека, пра чалавека, які не ўмее складна, добра гаварыць.

Бойкі (спрытны) на язык — знаходлівы ў размове, красамоўны.

Вісець на языку гл. вісець.

Востры на язык гл. востры.

Востры язык у каго — хто‑н. дасціпны, з’едлівы ў размове.

Высунуўшы (высалапіўшы) язык — вельмі хутка, паспешна (бегчы, уцякаць, даганяць і пад.).

Выткнуцца з языком гл. выткнуцца.

Доўгі язык у каго — хто‑н. вельмі балбатлівы, гаворыць многа лішняга.

Злы язык у каго — хто‑н. злосна, з’едліва, з насмешкай гаворыць аб кім‑, чым‑н.

Злыя языкі — пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў.

Зляцець з языка гл. зляцець (у 5 знач.).

Каб табе язык адсох — ужываецца як праклён таму, хто нядобра сказаў.

Ледзь варочаць языком гл. варочаць ​2.

Лёгкі на язык гл. лёгкі.

Мазоліць язык гл. мазоліць.

Малоць языком гл. малоць.

Мыць языкамі гл. мыць.

Мянціць языком гл. мянціць (у 2 знач.).

На языку ў каго — хто‑н. гатоў сказаць, вымавіць што‑н. На языку ў яго ўжо быў адказ, ветлівы, але калючы. Шамякін.

Не спускаць з языка гл. спускаць.

Не сыходзіць з языка гл. сыходзіць.

Папасціся на язык гл. папасціся.

Пацягнуць за язык гл. пацягнуць.

Пляскаць языком гл. пляскаць.

Праглынуць язык гл. праглынуць.

Просіцца на язык гл. прасіцца.

Прыкусіць язык гл. прыкусіць.

Прытрымаць язык гл. прытрымаць.

Развязаць язык гл. развязаць.

Распусціць язык гл. распусціць.

Сарвацца з языка гл. сарвацца (у 6 знач.).

Слабы на язык гл. слабы.

Трапаць языком гл. трапаць.

Трапіць на язык гл. трапіць.

Трымаць за язык гл. трымаць.

Трымаць язык за зубамі гл. трымаць.

Трымаць язык на прывязі гл. трымаць.

Узбрысці на язык гл. узбрысці.

Укараціць (падкараціць) язык каму гл. укараціць.

Уткнуцца са сваім языком гл. уткнуцца.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць) свой язык гл. уткнуць.

Ціпун на язык гл. ціпун.

Цягнуць за язык гл. цягнуць.

Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго гл. цяля.

Часаць язык (языком, языкі) гл. часаць.

Чорт пацягнуў каго за язык гл. чорт.

Язык аб зубы біць гл. біць.

Язык адняўся ў каго — хто‑н. раптоўна змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.).

Языкамі абмываць гл. абмываць.

Язык без касцей у каго — хто‑н. любіць пагаварыць, гаворыць многа пустога.

Язык гладка ходзіць у каго — хто‑н. умее лёгка і прыгожа гаварыць.

Язык добра падвешан у каго — хто‑н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць.

Язык заплятаецца ў каго — хто‑н. не можа членараздзельна, выразна гаварыць, сказаць што‑н.

Язык (языкі) не завяжаш гл. завязаць ​1.

Язык не паварочваецца ў каго — хто‑н. не асмельваецца што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Язык прысох у каго — хто‑н. страціў здольнасць гаварыць, раптоўна змоўк (ад страху, радасці і пад.).

Язык развязаўся ў каго — хто‑н. пачаў многа гаварыць, зрабіўся балбатлівым.

Язык свярбіць у каго — хто‑н. не можа ўтрываць, каб не загаварыць, не сказаць чаго‑н.

Язык як брытва — пра здольнасць востра і дасціпна гаварыць.

Як карова языком злізала гл. карова.

Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) у каго — як толькі асмеліўся хто‑н. што‑н. сказаць, спытаць і пад.; хто‑н. не асмеліцца (не асмеліўся) што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце; заг. бі; незак.

1. каго. Наносіць удары каму‑н. з мэтай прычыніць боль; збіваць. Біў-біў Іван ведзьму, пакуль яна прасіцца не пачала. Якімовіч. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Высокі авёс біў дзяўчынку мяцёлкамі па твары і руках, асыпаўся ў кошык. Сіняўскі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец, якім .. [афіцэр] раз-поразу біў па халявах ботаў. Лынькоў.

2. каго-што. Вынішчаць, забіваць (пра людзей). // Забіваць на паляванні (пра жывёл). Адны па пушчах і лясах Звяроў лавілі, білі. Танк.

3. каго-што. Перамагаць каго‑н.; наносіць паражэнне. [Дзядзька:] — Цябе [Цімоха] яшчэ .. і заваду на свеце не было, як я яго, германца, біў. Брыль. [Талаш:] — Мы звяжам тут рукі панам,.. будзем нападаць на іх абозы,.. без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Колас.

4. перан.; каго-што. Весці барацьбу з кім‑, чым‑н., накіроўваць сваё дзеянне супраць каго‑, чаго‑н. І вашы [Маякоўскага] вершы Зноў дакладна б’юць Па мордах розных чэрчыляў і клеяў. Панчанка. [Радзевіч Варанецкаму:] — Але май на ўвазе: дэмагогаў трэба біць фактамі! Дуброўскі. // Прычыняць непрыемнасці, прымушаць перажываць. Нават самыя збітыя, газетныя выразы з .. [Бародкавых] вуснаў гучэлі са сваёй першароднай сілай — пранікнёна, свежа і моцна, словы білі, як камяні. Шамякін.

5. Стукаць, удараць. [Людзі] пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. Лынькоў. Конь бяжыць, капытом зямлю б’е. Якімовіч. [Качкі] таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка, і гучна б’юць па вадзе крыламі. Маўр. // Парывіста, моцна ўдараць у што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). Вецер свістаў у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар. Мікуліч. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Часам.. трапляліся глыбокія лагі, і .. [Марта з Паўлам] абавязкова заглядалі ў іх — адтуль, як з сутарэння, біла пранізлівым холадам. Вышынскі. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці чым‑н., імкліва пранікаць куды‑н. (пра святло, гарачыню, пах, гукі і пад.). Першакурсніца Люда Нагорная.. прыплюшчыла вочы, бо вельмі ветлівы фатограф даволі нахабна біў ёй у твар святлом. Брыль. Праз шчыліну ў сцяне ў вочы біў тонкі сонечны прамень. Грахоўскі. Плынь гарачага паветра ішла сюды і біла горача ў твар. Чорны. У нос б’е едкі кіслы тытунь: дыму поўна хата, як зачыніць. Пташнікаў.

6. у што. Б’ючы чым‑н. аб што‑н., утвараць стук, звон, гул і пад. Біць у рэйку. □ Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку, і зрэдку біў у звон. Колас. А дзядок нейкі крычаў «горка» І з захапленнем у бубен біў. Кірэенка.

7. што і без дап. Гучаць, вызвоньваць, званіць. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Б’юць крамлёўскія куранты на Спаскай вежы. Кавалёў. Гарманісты іграюць, нібы на вяселлі, Бубны б’юць, маладыя гучаць галасы. Куляшоў.

8. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Сэрца моцна біла ў грудзях. Дамашэвіч.

9. Страляць, абстрэльваць. Артылерысты пачалі біць .. простай наводкай. Чорны. Камсамолачка Дарота! Пойдзем разам ваяваць, — Буду біць я з кулямёта, Ты — патроны падаваць. Крапіва. // Страляць (пра зброю). Захліпаліся нямецкія кулямёты.. Білі яны трасёрамі. Шамякін.

10. што. Разбіваць, ламаць. Па гаршку цаляць не буду: Я ж не дурань біць пасуду. Крапіва.

11. Выцякаць імклівым струменем; вылівацца з сілай. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта. Купала. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Я вылез з-пад .. [каня] і бачу: пярэднія ногі перабіты, кулямётная чарга прашыла таксама жывот. Адусюль б’е кроў. Няхай. Сервант насцеж, шыфаньер насцеж, усе футаралы на падлозе, з крана вада б’е, на абрусе лужына, дзверы не зачынены, — цэлы пагром! Гарбук. // З сілай вырывацца, шугаць (пра полымя). Бушуе, б’е полымя ўвысь, Выкідвае дым. Колас. // перан. Выбівацца (пра бурныя, поўныя невычарпальнай сілы праявы энергіі). Са Смольнага, дзе — біла плынь імкненняў, Дзе браў раўненне пераможны клас, Ён [Ленін] справы новых бачыў пакаленняў. Ён бачыў нас. Ён добра бачыў нас. Кірэенка. / у безас. ужыв. [Дзяўчат] ахапіў працоўны запал, ад іх біла маладосцю, здароўем, натхненнем, азартам. Карпюк. // перан. Свяціцца, выяўляцца (пра пачуцці). Эх, сонечная раніца, Цямней ты нам за ноч! Маўчалі людзі хмурыя, А помста біла з воч. Панчанка.

12. каго-што. Разм. Трэсці (пра хваробу, хваляванне, страх і пад.). Ад ранішняй вільгаці і страху .. [Сашу] пачала біць ліхаманка. Шамякін. Дым лезе ў вочы, цябе б’е кашаль, але ты трымаешся. Шахавец. Шуру, нягледзячы на цёплы кажух, білі дрыжыкі. Навуменка.

13. У спартыўных гульнях — удараць па чым‑н., кідаць што‑н., імкнучыся папасці. Біць па варотах.

14. што. Прабіваць; свідраваць, капаць. Мы білі штольні дынамітам. Звонак. Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе. Караткевіч.

15. Убіваць, заганяць, забіваць. Білі ў дно рачное палі, Клалі бэлькі і брусы. Зарыцкі.

16. Раздзяляць на больш дробныя часткі. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Людзі бачылі, што за горадам, дзе кладуць новую шашу, паміж малатабойцаў, што білі каменне, ёсць адзін вельмі малады. Чорны.

17. што. У некаторых рамёствах — вырабляць пэўным спосабам. Біць масла. Біць валёнкі.

18. У гульні ў шахматы, шашкі — браць фігуру праціўніка. Дошка малая, ды і манеўранасць шашак абмежавана жорсткімі правіламі: хадзіць толькі ўперад, біць абавязкова! «Маладосць». // У картачнай гульні — выйграваць, раскрываючы большую карту. Біць козырам.

•••

Байды біць — пазбягаць работы, займацца глупствам.

Бібікі (лынды) біць — гультаяваць, бяздзейнічаць; займацца пустымі справамі.

Біць адбой — а) даваць сігнал на спыненне якога‑н. дзеяння; б) адмаўляцца ад свайго рашэння, думкі; адступаць ад свайго намеру. На начальніка з раёна як хто халоднай вады цэбар узліў. Пачаў біць адбой. Чорны.

Біць з гарматы па вераб’ях — тое, што і страляць з гарматы па вераб’ях (гл. страляць).

Біць крыніцай — бурна развівацца, квітнець. Як толькі пачыналася раніца, у заезджым доме Гірша Дрэйзіна пачынала крыніцаю біць жыццё. Чорны.

Біць на што — імкнуцца да чаго‑н., дамагацца чаго‑н. Біць на вонкавы эфект.

Біць па кішэні — уводзіць у вялікія выдаткі.

Біць паклоны — пры малітве рабіць нізкія паклоны; нізка кланяцца.

Біць трывогу — а) даваць сігналы аб небяспецы або нападзе ворага; б) заклікаць да барацьбы супраць каго‑, чаго‑н.; звяртаць увагу на пагрозу чаго‑н.

Біць у вочы — быць прыкметным, прыцягваць увагу.

Біць (сябе) у грудзі — а) біць сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы ў чым‑н.; клясціся, запэўніваць у чым‑н. — Я — сацыяліст-рэвалюцыянер, — б’е сябе ў грудзі аграном. Якімовіч; б) біць сябе кулаком у грудзі ў роспачы; каяцца ў чым‑н.

Біць у званы — а) балбатаць, малоць языкамі, пустазвоніць; б) тое, што і біць у набат.

Біць у (адну) кропку — накіроўваць увагу, словы, дзеянні на што‑н. адно.

Біць (пляскаць) у ладкі (далоні) — удараць далонню аб далонь; адбіваць такт. — А, дзядзька, дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! — Дай мне дубец! — А мне дай вуды! — крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі... Колас.

Біць у лёт — тое, што і страляць у лёт (гл. страляць).

Біць у набат — а) пры дапамозе звана склікаць людзей з выпадку бедства; б) выклікаць трывогу, звяртаць увагу грамадства на што‑н.

Біць (даваць) у нос — пра востры, едкі пах чаго‑н.

Біць у хамут — рэзка рэагаваць, выяўляючы крыўдлівасць.

Біць у цэль (міма цэлі) — а) пападаць (не пападаць) у цэль; б) дасягаць (не дасягаць) патрэбнага выніку.

Біць (ліцца) цераз край — праяўляцца з вялікай сілай (пра пачуцці, энергію і пад.).

Біць чалом — а) прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Гаруноў:] — Не буду чалом біць і не буду прасіць, каб мяне не паміналі ліхам. Дуброўскі; б) пачціва кланяцца каму‑н., вітаць каго‑н. Зямля мая! Мой дом, мой хлеб адзіны, Я вечна твой, я б’ю табе чалом. Дайнека.

З-за вуха біць — гаварыць прама, рэзка.

Ногі біць — натруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Час б’е чый або каго-чаго — а) надыходзіць, набліжаецца канец; б) надыходзіць час што‑н. рабіць.

Язык аб зубы біць — гаварыць пустое; малоць языком.

Як у бубен біць — жыва і настойліва перадаваць якую‑н. чутку, гаварыць у адзін голас пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)