прысто́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыстойнага. Прыстойнасць паводзін. Прыстойнасць гутаркі.

2. Ветлівасць, далікатнасць, выхаванасць у паводзінах, манерах і пад. І вось Алтар, прыпёрты да сцяны жонкаю, дачкою і сынам, выходзіць з усіх рамак, губляе ўсякую прыстойнасць, хапае стары галёш і шпурляе. Чарнышэвіч. — А вы б засталіся, — прапанаваў Ярмоленка, і Сяргей здагадаўся, што Антон сказаў гэта дзеля прыстойнасці, а на справе яму не дужа хочацца, каб Жылінскі заставаўся тут надоўга. Сіўцоў. — Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе? — Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць. Шамякін. // Правілы паводзін, прынятыя ў якім‑н. грамадскім асяроддзі. — Яны, бачыце, лічылі, што свістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасць не дазваляла гэтага. Чарнышэвіч. Лейтэнанта паліцыі, які затрымаў іх спачатку як звычайных парушальнікаў прыстойнасці і грамадскага парадку, распісалі ва ўсіх газетах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарма́ і да́рма, прысл.

1. Бескарысна, дарэмна, марна. Сцёпка сваё вядзе: чытае, піша, думае, разважае. Ні адзін вечар вольны не прападаў дарма. Колас. // Без дастатковых падстаў, беспрычынна. [Вярхоўскі:] Дарма, грамадзянін, злуяцеся. Маўзон.

2. Бясплатна, за нішто. У Ксавэра Блецькі цяпер толькі клопату ў галаве, каб Антон не еў дарма хлеба. Чорны. // Незаслужана, беспадстаўна. Наш сябра тытул атрымаў. Ну што ж, насі, такая справа. Ці па заслугах, ці дарма — Не так, прызнацца, і цікава. Гілевіч.

3. у знач. часціцы. Хай, так і быць. Не хопіць ці хлеба, ці бульбы? — Дарма! Дадасі яшчэ бобу. Дубоўка.

4. у знач. вык. Дробязь, не мае значэння. Баіцца — будзе ёй адплата — Чакаць дабра з таго дарма. Колас.

•••

Дарма што (уступальны злучнік) — хоць; нягледзячы на тое, што. Сядзіць Андрэйка з татам. Добра так умасціўся, дарма што трасе трохі. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэкла́ма, ‑ы, ж.

1. Мерапрыемствы, якія праводзяцца для таго, каб стварыць шырокую вядомасць каму‑, чаму‑н., прыцягнуць спажыўцоў, пакупнікоў, гледачоў. Задумана гэта [набыць мядзведзяў] было ў камерцыйных мэтах, дзеля рэкламы, каб прыцягнуць у пушчу багатых і вяльможных паляўнічых. В. Вольскі. — Лепшая рэклама, — заявілі.. [работнікі прылаўка], — гэта тавары высокага класа. «Звязда». // Распаўсюджанне звестак пра каго‑, што‑н., каб стварыць папулярнасць. — Рэклама мне не трэба, Антон Ягоравіч, не дзеля яе я пайшоў у калгас, мяне турбуюць іншыя рэчы. Хадкевіч. Відаць, гэтым людзям была патрэбна гучная рэклама і доказы энергічнай дзейнасці для справаздачы перад сваімі гаспадарамі-філантропамі. Машара.

2. Аб’ява, паведамленне з мэтай прыцягнуць увагу да чаго‑н. Насупраць на другім баку вуліцы мігцела агнямі малінавая рэклама кафэ. Вышынскі. Рэкламы вогненнымі завуць рукамі, Б’юць па вачах, прыціскаюць як прэсам: «Лётайце самалётамі! Ездзіце цягнікамі, Хуткімі і экспрэсамі!» Кірэенка.

[Ад лац. reclamare — крычаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхло́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. каго-што і па чым. Хлопнуць далонню па чым‑н. Прыхлопнуць рукой па калене. □ Антон адсунуў пачак ад сябе, прыхлопнуў яго рукою. Савіцкі. // Хлопнуўшы, забіць. Гук звінеў на адной ноце, як камар, што ўляціць цёплай ноччу ў пакой і гудзе над галавой, пакуль не прыхлопнеш яго далонню. Даніленка.

2. што. Разм. Зачыніць гучна, са стукам. Прыхлопнуць дзверы.

3. каго-што. Хлопнуўшы, заціснуць; прышчаміць. — А хіба ты не ведаеш. Прыхлопнулі, як тых пацукоў у пастцы, і мусім сядзець, падцяўшы хвасты. Сабаленка.

4. каго. Разм. Забіць (часцей выстралам). — Завадатар .. шайкі, мусіць, вопытны камбінатар і мае шырокія сувязі. Зрабіце так, каб і камар носа не падтачыў. Прыхлопнем яго адным стрэлам. Даніленка.

5. перан.; што. Разм. Спыніць існаванне, дзейнасць чаго‑н. — Што, прыхлопнуў мо хто без мяне ваша прадпрыемства? — пытаецца ўчастковы зноў. — Не, усё, як кажуць, у ажуры. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыліваць — прыліць.

2. Перыядычны пад’ём узроўню акіяна, мора. [Дно] знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Маўр.

3. Паяўленне каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці; прыток. Прыліў рабочай сілы. Прыліў грашовых сродкаў. □ Сталінградская бітва выклікала новы прыліў байцоў у рады народных мсціўцаў. Залескі. У канцы 50‑х гадоў закончыўся прыліў у паэзію тых, хто памятаў вайну непасрэдна, на вачах у каго яна праходзіла. Лойка. // перан. Пра адчуванне паўнаты сіл, энергіі, пачуцця. [Лабановіч] адчуў прыліў бадзёрасці, новай сілы, жаданне змагацца за сваё месца ў жыцці і за ўсіх добрых людзей. Колас. Антон Лескавец ажно задыхнуўся ад раптоўнага прыліву злосці і крыўды за сваю памылку. Шамякін.

4. перан. Уздым у развіцці чаго‑н. Прыліў рэвалюцыйнага руху. □ Пачалі арганізоўвацца калгасы. Не адну ночку сядзелі напралёт. Былі прылівы і адлівы. Гурскі.

5. Спец. Патаўшчэнне на адлітай дэталі. Бакавы прыліў бэлькі. Абсячы прылівы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.

2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.

3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

Разм.

1. на чым і без дап. Нажыцца, разбагацець. Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь, І разжыўся, і стаў неўміручы. Караткевіч. Антон Баравіцкі.. так і не разжыўся на вясельных заработках. Вітка.

2. Пачаць жыць няблага, стаць матэрыяльна забяспечаным. Пасля вайны Якуб У зямлянцы нейкі час туліўся. Затым крыху разжыўся І збудаваў сабе ён новы зруб. Валасевіч. [Аляксандр] папрасіў на першы час за адработкі, а як разжывуцца, у арэнду кавалачак зямлі. Грахоўскі.

3. на што, чым, чаго. Дастаць, раздабыць што‑н. Перад сканчэннем школы цераз старэйшага брата разжыўся на тыя самыя кніжкі і я. Лужанін. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай, якую мы ўтраіх чысцілі і прыводзілі ў належны выгляд цэлы дзень. Навуменка. — На першы раз невялікае трэба, — сказаў вайсковец. — Чайку мы ў вас, гаспадынька, не разжывёмся? Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адсунуць адно ад аднаго на нейкую адлегласць, адсунуць у розныя бакі. [Андрэю] з Веркай не было як выйсці з кута, і ім рассунулі сталы. Пташнікаў. [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч. // Раз’яднаць, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Рассунуць заслону. □ Нешта такое мяцежнае было ў голасе маці, што .. [Алесь] раптам кінуўся да шторы і са звонам рассунуў яе. Караткевіч. // Прымусіць расступіцца, расхіліць у бакі. Раманюк адышоў ад трыбуны, рассунуў студэнтаў, якія сядзелі ў прэзідыуме, сеў. Карпюк. [Жанчына] асцярожна пасунулася ў гушчар, рассунула галлё, імкліва падалася наперад. Лынькоў.

2. Зрабіць шырэйшым, раскласці (што‑н. складное, рассоўнае). Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол. Васілёнак. Бацька Стася стаяў трохі воддаль ад людзей. А потым рассунуў сваю казулю-сажань і пайшоў мераць поле. Хомчанка. // Зрабіць шырэйшым, большым. Дык рассунем кола шырай, Патанцуем на памосце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ныра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Поўнасцю апускацца ў ваду. Вада была ласкавая і мяккая, як шоўк, і хлопчыкі з асалодай ныралі і плавалі. Бяганская. Качкі збіліся ў шэры гурт, ныраюць, пераклікаюцца адна з адной. Лупсякоў.

2. Лётаючы ў паветры, крута і хутка апускацца ўніз. Дзед Антон стаяў ля сваёй хаты і бачыў, як.. [самалёты] з вышыні ныралі ўніз і сыпалі бомбы на варожыя войскі. М. Ткачоў. У небе бясконца ныраў уніз і зноў узмываў угору, заліваючы наваколле спевам, палявы жаўрук. Мыслівец.

3. перан. Разм. Хутка знікаць з вачэй, хаваючыся куды‑н. Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй. Колас. Ліхтар гасяць. Двое «шахцёраў» ныраюць у зеў падполля. Мікуліч. Коні сыходзяць з дарогі і разам з вазком ныраюць пад навіслыя галіны сосен і ялін. Лупсякоў. // Знікаць з вачэй і зноў з’яўляцца. Па небе павольна плыў няпоўны месяц, зрэдку ныраў за белаватыя воблакі. Шамякін.

4. У боксе — ухіляцца ад бакавых удараў праціўніка ў галаву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Націскаючы знутры, прымушаць расшырацца, раздавацца. Відно было, што гэта маладая маці: кофтачку на кнопках распіралі поўныя грудзі, з белага твару не сышлі яшчэ плямы. Шамякін. Маўчыць .. [Марцін], бо не ведае, аб чым гаварыць. Павядзе далонямі па тоўстых мясістых нагах, якія распіраюць штаны і халявы. Вытра клятчастай хусткай лоб. Карпюк. / у безас. ужыв. Паўз самае жыта — хацінаўскія фермы. Змучаная жывёла скіроўвае туды. Ёй распірае вымя. Паўлаў. // безас. Разм. Аб празмерным атлусценні, сытасці. Яго аж распірае на добрых харчах.

2. перан. Перапаўняць, напаўняць; захапляць цалкам (пра пачуццё, настрой, думкі і пад.). Дзіўная радасць распірала грудзі Сцяпанава. Ён хапаў паветра ротам. Алешка. — Калі ты лепш умееш пісаць, дык памажы свайму таварышу, а не прысвойвай яго працы, — чуў я словы Метлюга, і мяне аж распірала злосць. Сабаленка. Антон, быццам аглушаны.. [навіной], ішоў за .. [Феняй] услед, а думкі распіралі яго галаву. Ракітны. / у безас. ужыв. Віктар час ад часу пазіраў у той куток, дзе частавалі малога, і яго грудзі распірала ад абурэння. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)