рассу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адсунуць адно ад аднаго на нейкую адлегласць, адсунуць у розныя бакі. [Андрэю] з Веркай не было як выйсці з кута, і ім рассунулі сталы. Пташнікаў. [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч. // Раз’яднаць, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Рассунуць заслону. □ Нешта такое мяцежнае было ў голасе маці, што .. [Алесь] раптам кінуўся да шторы і са звонам рассунуў яе. Караткевіч. // Прымусіць расступіцца, расхіліць у бакі. Раманюк адышоў ад трыбуны, рассунуў студэнтаў, якія сядзелі ў прэзідыуме, сеў. Карпюк. [Жанчына] асцярожна пасунулася ў гушчар, рассунула галлё, імкліва падалася наперад. Лынькоў.

2. Зрабіць шырэйшым, раскласці (што‑н. складное, рассоўнае). Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол. Васілёнак. Бацька Стася стаяў трохі воддаль ад людзей. А потым рассунуў сваю казулю-сажань і пайшоў мераць поле. Хомчанка. // Зрабіць шырэйшым, большым. Дык рассунем кола шырай, Патанцуем на памосце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)