старамо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены па старой мадэлі, пашыты па старой модзе; які выйшаў з моды. Старамодны капялюш. Старамодная мэбля. □ З мэблі, што мне відна, — шафа, круглы стол пад квяцістым абрусам, на ім буйны старамодны будзільнік. Ракітны. Зазвінеў старамодны, з нікеляванымі каўпачкамі тэлефон, Глушко паспешліва зняў трубку. Навуменка.

2. Які не адпавядае сучаснасці, уласцівы мінулым часам. Старамоднае выхаванне. Старамодныя манеры. □ Лапшын славіўся на заводзе старамоднымі бакенбардамі. Асіпенка. // Які прытрымліваецца ўстарэлых поглядаў, прывычак. «Памдзей» аб’ездчык быў не шкодны: Так, чалавек ён старамодны І не такі, як Ворцюх, зыркі І меней здольны на прыдзіркі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уры́цца, урыюся, урыешся, урыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рыючы, пранікнуць у глыб чаго‑н. (пра жывёл).

2. Схавацца ў вырытым паглыбленні або ў чым‑н. сыпкім; зарыцца. «Салавей» урыўся ў вялізны стог сена і адпачываў. Бядуля.

3. З сілай, на хаду урэзацца ў што‑н. [Аляксей:] — Машына з ходу ўрыецца ў гразь, як свіння, узніме цэлы вал твані наперадзе, і сядзі. Мележ. [Косцік] шыўся далей, да гурбы каровак. Нехта штурхнуў яго так, што ён урыўся ў іх носам, яшчэ не ўспеўшы падняцца, пачаў адчыняць каробкі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарэ́нь, ‑і, ж.

1. Ляжанка на рускай печы. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы і моцна заснуць пад спеў цвыркуна і гоман ветру. Грахоўскі. Ну і смеху было з гэтым дзедам нядаўна! Мала таго, што ён цэлую зіму, дык і летам не злазіць з печы. І да таго ўжо даседзеўся, што праваліўся разам з чарэнню на чыгуны і гаршкі якраз тады, як палілася ў печы. Васілевіч.

2. Гарызантальная паверхня ўнутры рускай печы; под. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хматны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з шахматамі (у 1 знач.). Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Колас. // Прызначаны для гульні ў шахматы. Шахматны столік. // Які гуляе ў шахматы, спаборнічае па шахматах. У снежні мінулага года шахматная грамадскасць Савецкай краіны адзначыла стагоддзе з дня нараджэння заснавальніка айчыннай шахматнай школы Міхаіла Іванавіча Чыгорына. «Беларусь».

2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шахматы. У шахматным парадку. □ Трэба было перарысоўваць тонкімі веласіпеднымі калёсамі зграбнай каляскі.. шахматныя квадраты разнастайных пасеваў поля і гарода. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асаве́ц 1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.

Асаве́ц 2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Над 1, прыназ., рэдка нада (нада мной); укр. над, надо, рус. над, надо, польск. nad, nade, чэш. nad, nade, славац. nad, nado, в.-луж., н.-луж. nad, nade, nado; славен. nad, серб.-харв. над, нада, балг. над, макед. над. Прасл. *nadъ роднаснае да на; праблему складае паходжанне ‑dъ, якое звычайна трактуецца як узмацняльнае. Найбольш пашыраная версія тлумачыць з’яўленне гэтага элемента пад уплывам антанімічнага podъ (Фасмер, 3, 37; Махэк₂, 387; Бязлай, 2, 210 і інш.). Згодна са Стангам (Scando-Slavica, 3, 236), ‑dъ у nadъ, podъ, perdъ аднолькавага паходжання са ст.-прус. ‑dau у pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’пасля’, што разглядаецца як іменная флексія месн. скл., паколькі некаторыя прыназоўнікавыя формы з ‑dъ узніклі на базе назоўнікаў і прыслоўяў; напрыклад, балг. зад ’за’, якому ў іншых славянскіх мовах адпавядаюць толькі назоўнікавыя і прыслоўныя функцыі, развіло прыназоўнікавае значэнне ў гістарычны час на Балканах, гл. ESSJ SG, 1, 127–128 (з л-рай). У народна-дыялектнай мове сустракаюцца выпадкі канкурэнцыі на і над, параўн.: Над сонца надышоў похмарок (ТС).

Над 2 у выразе: Як нема на наду, так чорт даў хаду (пра запаслівасць, гаспадарлівасць) (саліг., Нар. сл.). Рэдкая паралель да серб.-харв. на̂д, на́да ’надзея’, параўн. яшчэ славен. nȃda ’тс’, гл. надзея. Аднак не выключана, што тут выступае аддзеяслоўны назоўнік, утвораны ад на́дзіць ’вабіць, прыцягваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траска́ 1 ‘прамысловая рыба, Gadus morhua’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З рус. треска́ ‘тс’, што збліжаюць з дыял. тре́ска (гл. трэска), нешта накшталт ‘рыба-трэска’ (сухая, нятлустая, а высушаная — расшчэпваецца, як дрэва), і аналагічна да ням. Stockfisch ‘траска’ (< Stock ‘палка’ і Fisch ‘рыба’) (Фасмер, 4, 100; ЕСУМ, 5, 645; Чарных, 2, 261–262; Арол, 4, 100). Белы (Наша Ніва, 2007, 27 крас.) падтрымлівае версію паходжання ад ст.-нарв. thorskr ‘штосьці, што належыць сушыць’, ‘сушаніна’ і характарызуе нарыхтоўку рыбы ў запас, а таксама запазычанне непасрэдна з мовы вікінгаў, што адлюстравалася таксама ў ірл. trosc і шатл. trosg ‘траска’.

Траска́ 2 ‘траста’ (Мат. Гом.; докш., Янк. Мат.), ‘дробныя частачкі, што застаюцца ад валокнаў лёну’ (лаг., Гіл.), трыска́ ‘лён, падняты і звязаны пасля вылежвання’ (Мат. Маг., 2). Параўн. рус. треста́ ‘кастрыца’, ‘сцябло лёну і канапель пасля сушэння’. Вынік своеасаблівага чаргавання спалучэння зычных *‑st‑/*‑sk‑: траста (гл.) — траска, трэскацца, аналагічна: *pustiti/*puskati > пусціць/пускаць (Трубачоў, Ремесл. терм., 85).

Траска́ 3 ‘дранка, тоненькія дошчачкі для пакрыцця даху, танчэйшыя за гонт’ (Жд. 1; докш., Янк. Мат.; лаг., Жыв. сл.; віл., Сл. ПЗБ), рус. пск. тре́ска, тре́ски ‘дранка’, ‘трэскі’. Да трэ́ска (гл.). Націск на канцы, відаць, характарызуе сукупнасць, як у літ. skiedrà, skalà ‘дранка’ і ў рус. щепа́, — дарэчы, усе яны абазначаюць як ‘трэска’, так і ‘дранка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

валя́цца, ‑я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у беспарадку, бязладна, як папала, не на месцы. Усюды на падлозе валяўся хатні скарб — рашоты, адзежа, кублы. Лупсякоў. [Юткевіч] ляжаў на нейкай старасвецкай канапе,.. каля канапы валяўся ягоны англійскі шынель. Мікуліч. // Ляжаць без ужытку. Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела. Колас.

2. Лежачы, пераварочвацца з боку на бок. [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужах. Крапіва.

3. Разм. Ляжаць, нічога не робячы. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Шыцік. // Доўга ляжаць у пасцелі з прычыны хваробы, ранення. Валяцца ў шпіталях.

•••

Ад ветру валяцца — ледзь стаяць на нагах ад слабасці.

На дарозе (зямлі, доле, абы-дзе) не валяецца — дарма не дастаецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рыца, ‑ы; мн. ку́ры, ‑э́й (з ліч. 2, 3, 4 ку́рыцы, ‑рыц); ж.

1. Свойская птушка, якую разводзяць для атрымання яец і мяса; самка пеўня. Куры сакочуць. □ На двары кудахталі куры, недзе за сцяной рохкаў парсючок. Асіпенка. // Мяса курыцы; кураціна. Суп з курыцай.

2. Самка птушак атрада курыных.

•••

Класціся спаць з курамі гл. класціся.

Курам на смех — пра што‑н. вельмі недарэчнае, нязначнае, з вялікімі недахопамі.

Куры засмяюць каго — пра таго, хто робіць што‑н. недарэчнае, непатрэбнае.

Куры не клююць — вельмі многа (звычайна пра грошы).

Мокрая курыца — а) пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека; б) пра растрывожанага, спалоханага чалавека. Паехала касірка, а мы стаім, як мокрыя курыцы, і адзін аднаму ў вочы зірнуць не можам. Пальчэўскі.

(Пісаць) як курыца лапай — неразборліва; так, што нельга разабраць.

Сляпая курыца — пра блізарукага чалавека.

Спаць і курэй бачыць (пасвіць) гл. спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Пусты, без усякай расліннасці ўчастак зямлі. Не хапае зямлі. Ляжыць яна навокал то балотамі, то лясамі, то вось такой пусткай — жоўтым пяском. Чарнышэвіч. На былой пустцы пачалося будаўніцтва самай магутнай у рэспубліцы электрастанцыі. Дадзіёмаў. // Пра ўчастак зямлі, які не апрацоўваецца, не абрабляецца. З пусткі, дзе некалі гагаталі вывадкі гусей ды паролі дзірван лычамі свінні, Мітрафан зрабіў прыгожы і ўтульны куток.. Ракітны.

2. Закінуты ўчастак зямлі, спустошаная зямля. — А памятаеце, з чаго пачынаўся горад і завод? З руінаў, з пустак. Карпаў. Макрына, сумна агледзеўшы забытую пустку, з жальбай сказала: — Гэта ўсё... гэта ўсё, што асталося ад Аліфераўшчыны... Ракітны.

3. Пра пустое, бязлюднае месца, памяшканне. Хата была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кінута абы-як, і ні душы нідзе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)