лю́ты 1, ‑ая, ‑ае.
1. Злы, крыважэрны (пра жывёл). Лютыя камары. Люты звер. □ З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Бядуля. // Жорсткі, бязлітасны (пра чалавека, яго стан). Люты вораг. Лютая нянавісць. □ Жанчына ўстала з-за стала і, расставіўшы рукі са сцятымі кулакамі, ішла на .. [Морыса], лютая, раз’юшаная. Лынькоў. // перан. Няшчадны, кровапралітны (пра бітву, бой і пад.). І ў час, калі была трывога, Адною дружнаю сям’ёй Ішлі ў нялёгкую дарогу За родны край мы ў люты бой. Астрэйка.
2. перан. Які прычыняе нясцерпныя пакуты; невыказна цяжкі. Лютая смерць. Люты боль. □ [Бандароўна] ведае, што яе чакае лютая расправа, але нават і не думае прасіць літасці. Шкраба. // Які выражае жорсткасць, злосць. Люты позірк. Люты выгляд. □ Збялелыя губы [Гунава] дрыжалі і твар раз-поразу перасмыквала лютая грымаса. Самуйлёнак. // Суровы, крайне строгі. Люты нораў.
3. Вельмі моцны ў сваім праяўленні; сіберны (пра з’явы прыроды). Лютая сцюжа. Лютая бура. □ Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя ветры. Шчарбатаў.
лю́ты 2, ‑ага, м.
Другі месяц каляндарнага года. Гэтай зімою .. [снегу] выпала мала, да самага лютага зямля ляжала амаль зусім голай. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́рх 1, ‑а, М ‑рсе, м.
1. Частка будынка, у якой памяшканні знаходзяцца на адным узроўні. Жыць на пятым паверсе. Падняцца на трэці паверх. □ Нагляная аграмадзіна ў чатыры паверхі высілася насупроць гарадскога парку. Бядуля. Дзяўчаты ўзбеглі па сходках на другі паверх. Мурашка.
2. Рад прадметаў або ярусаў, размешчаных гарызантальна адзін над другім. У бараках паліцы былі зроблены ў тры паверхі. Маўр.
паве́рх 2, прысл. і прыназ.
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паверх» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні паверхні, вышэй якой або на некаторай адлегласці ад якой размяшчаецца што‑н. ці адбываецца якое‑н. дзеянне. Валя скончыла граць і глядзіць кудысьці паверх піяніна, некалькі разоў, час ад часу, яна бярэ самыя апошнія акорды і прыслухоўваецца да іх. Чорны. Там-сям паверх вады бездапаможна высоўвалася затопленая лаза. Краўчанка. Заранік хацеў ужо развітацца, але рэдактар, прыўзняўшы галаву, глянуў на яго паверх акуляраў. Хадкевіч.
2. прыназ. з Р. На паверхні чаго‑н. Рыгор Яўхімавіч паклаў сшытак пад падушку, прылёг на ложак паверх коўдры. Асіпенка. Не прайшло і хвіліны, як у калідоры затупацелі ногі і на парозе з’явіўся чалавек у сінім халаце паверх бялізны. Быкаў.
3. прысл. Зверху, з напускам на што‑н. Верхнюю рубашку, выпушчаную паверх, .. [Ксавэр] насіў без падпяразкі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бе́раг, ‑а, М ‑разе; мн. берагі, ‑оў; м.
1. Край, палоса зямлі каля вадаёма. Круты бераг. □ Рэшткі туману цяпер ужо рассеяліся, і добра быў відзён супрацьлеглы бераг: нізкі, пойменны, ён увесь хаваўся ў вадзе і купаў у струменях распукнуты лазняк. Ракітны. Вада ў Нёмане, нават і каля берага, на мелізне, не ідзе, здаецца, а бяжыць, і каламута сыходзіць хутка. Брыль. // Край якой‑н. паверхні, масіву лесу і пад. Міхал Тварыцкі ішоў берагам лесу, куды вяла дарога. Чорны. [Луг] упіраўся адным берагам у раку. Чарнышэвіч.
2. Суша (у процілегласць вадзе). Высадзіцца на бераг.
3. Край тканіны або вырабаў з яе. Хустка з чырвонымі берагамі. □ Другі мяшок з жытам завязвае ў свірне стары Верамейчык. Рукі, якімі ён збірае ў роўныя складкі бераг мяшка, трасуцца. Крапіва.
4. Верхні край якой‑н. пасудзіны. Наліць шклянку роўна з берагамі.
5. перан. Жаданая мэта, да якой імкнуцца. Хачу няспынна йсці Да светлае Камуны, Да новых блізкіх нам Прыгожых берагоў. Хведаровіч.
•••
Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.
Быць на сваім беразе гл. быць.
Выйсці з берагоў гл. выйсці.
Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі гл. рака.
Прыстаць (прыбіцца) да берага гл. прыстаць.
Увайсці ў свае берагі гл. увайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.
2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.
3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.
4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.
•••
Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ператвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.
1. Перайсці ў другі стан, набыць зусім іншы выгляд, форму; змяніцца якім‑н. чынам. — Гэтыя азёры зарастаюць, з цягам часу яны ператварацца ў суцэльныя балоты. В. Вольскі. На дарозе ўсюды вада, маленькія ручаіны ператварылася ў рэкі. С. Александровіч. Усе бачаць, як бусел.. раптам узляцеў угору і доўга лятаў, робячы ўсё большыя і большыя кругі, узнімаючыся вышэй і вышэй, пакуль не ператварыўся ў маленькую белую мецінку. Лынькоў. — Як ператварылася, як далёка пайшло наперад наша Палессе за гады савецкай улады! Краўчанка. // Набыць іншы змест, сэнс. Гэты невялікі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Стаць кім‑, чым‑н. для каго‑, чаго‑н. Былы камісар Міцька Векшын.. ператварыўся ў перашкоду на шляху рэвалюцыі. Адамовіч. Вузкія палявыя дарогі, залітыя веснавою вадою, ператварылася ў пасткі для кожнай машыны. Грахоўскі.
2. Ажыццявіцца, набыць значэнне рэчаіснасці. Планы ператварыліся ў рэальнасць.
3. у каго-што. У казках, паданнях — змяніць свой твар, выгляд, перавярнуцца ў каго‑, што‑н. з дапамогай чараў.
•••
Ператварыцца ў слых — пачаць вельмі ўважліва слухаць што‑н., прыслухоўвацца да чаго‑н. Салаўёў прыслухоўваецца. Хлопцы і самі ўсе ператварыліся ў слых. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.
1. Бегучы, перамясціцца з месца на месца. Варта нават асцярожнаму касому бокам прабегчы, як табе ў цемры можа здацца, нібыта зусім побач з табой мядзведзь прайшоў. Ігнаценка. // што і без дап. Пераадолець пэўную адлегласць. [Юнак] лёгка прабег паўтары тысячы метраў, заняўшы першае месца. Шыцік.
2. Хутка праехаць, перасунуцца з месца на месца. З шумам прабегла машына. // Хутка пранесціся (пра вецер, хмары, святло і пад.). // Пранесціся, пракаціцца (пра шум, крыкі і пад.). Па нястройных радах змучаных боем партызан прабег ўстрывожаны шэпт. Асіпенка. // Паказацца і хутка знікнуць. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.
3. Хутка мінуць (пра час). — А, як скора прабег час! Здаецца, толькі яшчэ была раніца. Гартны. Не заўважыў Грыша, як прабеглі тры гады ў працы ды вучобе. Пальчэўскі.
4. перан.; што. Уявіць у думках. У думках прабегчы сваё жыццё.
5. перан.; што. Разм. Бегла прачытаць што‑н. Люба прабегла вачыма ліст раз, другі, трэці — і нічога не зразумела. Васілевіч.
6. чым. Разм. Правесці па чым‑н. Баяніст Косця Бульбешка нахіліў да баяна галаву, спрытна прабег пальцамі па ладах знізу ўгору. Шамякін.
•••
Мароз па скуры (па спіне) прабег гл. мароз.
(Чорная) кошка прабегла паміж кім гл. кошка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасве́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прасвяціцца.
2. Свяціцца, віднецца ў прамежках паміж чым‑н., праз што‑н. Праз лісце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае. Шамякін. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле. Колас. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі. Хадкевіч.
3. Прапускаючы праз сябе святло, рабіцца, здавацца празрыстым. Сакавіцкае сонца свеціць Янку ў патыліцу, і Даніку відаць, як вушы Лычыка, нейкія круглыя і адтапыраныя, прасвечваюцца, нібы яны з ружовай паперы. Брыль. / Пра схуднелага, хваравітага, бледнага чалавека, яго цела і пад. Хлопчык тады быў шчупленькі, невысокі ростам, бялявы твар яго з густым рабаціннем, здаецца, прасвечваўся. С. Александровіч. Чалавек той быў такі худы, што ажно рукі прасвечваліся наскрозь. Хомчанка. / Пра што‑н. старое, вынашанае. [Кюблер] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацёрліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.
4. перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра які‑н. ўнутраны стан, якасць, уласцівасць і пад.). З маленькіх шчылінак-вачэй хлопца прасвечваўся смутак і сорам за сваю нязграбнасць. Дуброўскі.
5. Асвятляцца (сонцам, праменямі святла). — Стаім на ўзлеску .. бору, а ён высока на ўзгорку і .. ўвесь сонцам прасвечваецца. Ракітны.
6. Зал. да прасвечваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́дасць, ‑і, ж.
1. Пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці, якое выклікае вясёлы настрой. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. Толькі мы выйшлі на поле, я неяк незнарок азірнуўся і аж закрычаў ад радасці: за намі бегла [вавёрка] Люська!.. Ляўданскі. // Весялосць, трыумф. І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў. У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную. Даніленка. // звычайна мн. (ра́дасці, ‑ей); чаго або якія. Прыемныя, вясёлыя перажыванні, выкліканыя чым‑н. Лапік ужо ў трэцім класе. Першыя школьныя радасці даўно прайшлі. Брыль.
2. Падзея, абставіны і пад., якія даюць асалоду, шчасце. Пачатак навучальнага года супаў з вялікай радасцю ў яе жыцці — Кацю прынялі ў рады Камуністычнай партыі. Грахоўскі. Схадзіць у госці да цёткі Тарэсі ў Лугаватую, паехаць з дзядзькам у Сыркінаў млын — было для дзяцей самай вялікай радасцю. С. Александровіч.
3. (звычайна са словам «мая»). Разм. Ласкавы, пяшчотны зварот. [Лявон:] Дык пойдзем, мая радасць, я правяду цябе крышку. Козел. Краіна мая, радасць мая, Песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях Сынава сэрца рыдае. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тур 1, ‑а, м.
1. Адзін круг танца па пакоі, зале і пад., а таксама адзін кругавы рух у вальсе. Тур вальса.
2. Асобны этап якой‑н. гульні, конкурсу, спаборніцтва, які складае частку гэтай гульні, спаборніцтва. Апошні тур шахматнага чэмпіянату. □ Закончыліся гульні першага тура чэмпіянату краіны па валейболу. «Звязда». Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей. // Этап, частка якой‑н. падзеі, мерапрыемства і пад. Але ўсё адно прачытаны .. [камандзірам атрада] загад аб другім туры рэйкавай вайны прагучаў радаснай навіной. Шахавец. // Асобны этап выбараў, а таксама адна са ступеней пры шматступеннай выбарчай сістэме. Першы тур выбараў.
[Фр. tour.]
тур 2, ‑а, м.
1. Гіст. Запоўненая зямлёю плеценая кашолка, якая выкарыстоўвалася ў якасці ўкрыццяў ад куль і снарадаў.
2. Пірамідка з камянёў, складзеная альпіністамі на вяршыні, на якую яны ўзышлі першымі.
[Фр. tour]
тур 3, ‑а, м.
1. Першабытны дзікі бык, які з’яўляецца адным з продкаў буйной рагатай жывёлы. У лясах Белавежскай пушчы ў вялікай колькасці вадзіліся туры, зубры, ласі, мядзведзі, алені, дзікія кабаны, казулі. «Весці». [Князь] гукнуў .. дружыну ды і пайшоў сабе Палессем, харчуючыся забітымі зубрамі і турамі. Караткевіч.
2. Горны каўказскі казёл.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урасці́, урасту, урасцеш, урасце; урасцём, урасцяце, урастуць; пр. урос, урасла, ‑ло; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Па меры росту пранікнуць углыб, прарасці ўнутр. Моладзь наўтыкала вярбовых калоў, і ўраслі яны ў зямлю, распусцілі вецце. Чарнышэвіч. Каб не засохнуць і прыносіць ураджай, .. [яблыні] неабходна было падняцца, урасці карэннем у гэтую глебу. Сяргейчык. / у перан. ужыв. Аднавяскоўцы ж кажуць інакш. Самусь, маўляў, урос у зямлю па калені, нішто яго не скруціць, не выкарчуе аніякі сівер. Б. Стральцоў.
2. перан. Арганічна, па меры развіцця, увайсці ў састаў чаго‑н. Наватарская па форме і зместу, паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» арганічна ўрасла ў нацыянальную літаратуру і фальклор, яна цесна звязана з рускай класікай. Гіст. бел. сав. літ.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асесці, уехаць у зямлю. Хатка такая старая, што амаль па вокны ўрасла ў зямлю. Гаўрылкін. Кладка ўрасла ў зямлю, некалькі жэрдак зламалася, але хадзіць па ёй усё яшчэ было можна. Асіпенка. / у перан. ужыв. Як не ўрасці ў зямлю, Калі Чаўпе другі па-шчырасці: — Бач, гераініны пайшлі, Турбот хапіла вырасціць... Барадулін.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зарасці, парасці. Урос пагорак жорсткаю травою. Вітка. Густа ўрасла лесам зямля. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)