уз’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.
1. Заехаць на больш высокае месца. Калі ў з’ехалі на ўзгорак, Сяргей папрасіў шафёра спыніцца, вылез з машыны. Шахавец. Бомба трапіла ў наплаўны мост тады, калі санітарны аўтобус з раненымі паспеў ужо ўз’ехаць на бераг. Хомчанка. // Едучы, трапіць куды‑н., заехаць, выехаць куды‑н. Як толькі ўз’ехалі на прыгуменне, Тамаш пачаў непакоіцца. Чарнышэвіч. Сонца ўжо схавалася за лес, як на шашу з прасёлка ўз’ехала фурманка. Місько. Услед за маладымі, уз’ехалі па двор яшчэ два вазкі з дружкамі. Васілевіч.
2. Паехаць на каго‑, што‑н. Упаў [Міхал], ткнуў нагою пад задняе кола, што якраз у той момант уз’ехала на дарожны камень. Чорны. Толькі ржавая сетка-агароджа ў адным месцы была парвана — на яе, па ўсім відаць, уз’ехаў танк. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.
1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.
2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.
3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
царава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Тое, што і царстваваць. [Цар] не мог не бачыць, што ў новай вайне прыгонная Расія не вытрымае, яе заваююць і падзеляць мацнейшыя дзяржавы. Тады ўжо не цараваць ні яму, ні яго роду. Якімовіч. // перан. Цалкам гаспадарыць дзе‑н., валодаць кім‑, чым‑н. Тут, у чужой хаце, у дзяржаве, дзе цараваў строгі Глушак, неяк асабліва адчувалася непарушная ўлада звычаяў і законаў. Мележ. Трэба ім [гаспадыням] гатаваць, цыраваць, Над каструлямі дымнымі Цараваць. Барадулін.
2. перан. Вылучацца сярод падобных да сябе якімі‑н. якасцямі; першынстваваць дзе‑н., сярод каго‑, чаго‑н. А дзе ніжэй, дзе вясной надаўжэй затрымліваецца вада, там царуе раскошны, прысадзісты вербалоз. Паўлаў. І выкладаць прадмет вы [настаўнікі] здольныя, І на ігрышчах цараваць, І пляшку асушыць супольную, І вершы пакрытыкаваць... Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́тны, ‑ая, ‑ае; чуцён, чутна.
1. Даступны слыху; які ўспрымаецца слыхам. І дзявочы голас звоніць над лясамі: «Будуць у калгасе слаўныя дажынкі, Будуць чутны песні за гарой высокай». Панчанка. Рагочуць мужчыны. Доўга адзін да аднаго бародамі варочаюцца, а тады паасобныя галасы — кожны па-свойму чуцён. Скрыган. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? А. Вольскі. // перан. Вядомы. Бедны хлопец Кастусь, Што каленьмі свяціў у апратцы кастравай, Выспеў коласам буйным, а Беларусь Стала чутнай і знанай на свеце дзяржавай. Лужанін.
2. у знач. вык. Чуецца, гучыць. Ледзь чутны ціхі звон Звычайным свежым ранкам, Калі страсае клён З галін сваіх мядзянкі. Астрэйка. У кнізе чутны і рэха гераічнай.. гісторыі Беларусі, і перазвон зброі ў часы рэвалюцыйных выступленняў народных мас. Ярош.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́баш, ‑у, м.
У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.
шаба́ш, ‑у́, м.
Разм.
1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.
2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.
[Стараж.-яўр.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.
1. Закрываць адтуліну, дзірку, забіваючы, закладаючы яе чым‑н. Штукаваць прабоіны. // Упакоўваць, шчыльна закрываць што‑н. Штукаваць пасылку.
2. Спец. Сшываць што‑н. з кавалкаў тканіны ці цыраваць такім чынам, каб шво ці цыроўка былі нябачнымі. Штукаваць шоўк.
3. перан.; і без дап. Выдумляць, майстраваць, вынаходзіць што‑н. А ў часіны больш-менш вольныя [дзядзька Марцін] займаўся майстэрствам, што мела беспасрэдныя адносіны да спраў гаспадарскіх: то калёсы ладзіў, то саху правіў, у хляве ці ў гумне парадак рабіў, або ў хаце ці ў сенцах усякія рыштункі штукаваў. Колас. Адыходзячы не ад народнай мовы, а вось ад такой робленай, пісьменнік збядняе сваю літаратурную мову, пачынае штукаваць, і тады мы ўжо не можам лёгка ўжывацца ў кнігу. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сяк 1 ’гэтак’ (Нас.), ’без прычыны, без патрэбы, так’ (мёрск., Нар. ск.), у выразах: сяк‑так ’з вялікай цяжкасцю, ледзь-ледзь’, ’ніштавата, памяркоўна’ (ТСБМ), ні сяк ні так (Федар. 4), сяк‑так, сяко‑тако ’абы-як’ (ТС); адсюль займеннік сякі́ ’гэтакі’ (Нас.), сякі́‑такі́ ’некаторы; які папала, нязначны, няважны’ (ТСБМ). Укр. сяк‑так ’абы-як’, сякі́й ’гэтакі’, рус. так-сяк, сяко́й ’тс’, стараж.-рус. сяко, сякъ ’гэтак’, польск. siak у спалучэннях ’не так, іначай’. Дэрыват з суфіксам ‑к ад займенніка *sь ’гэты’, утвораны па аналогіі з так (гл.). Слова не праславянскае, паколькі sj дало б тады š; гл. Міклашыч, 297; Фасмер, 3, 826; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 496 (з узнаўленнем прасл. *sjako), ESSJ SG, 2, 609–610.
Сяк 2 ’плытагон’ (віц., Нар. лекс.), ’селянін Смаленскай губерні’: сякі́ гонюць ганкі ў Рыгу (Касп.). Відаць, мясцовае ўтварэнне на базе польск. flisak ’плытагон’ з адсячэннем пачатку слова і неарганічным змякчэннем зычнага.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́ршань ’дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара’ (ТСБМ). Як тэхнічны тэрмін, імаверна, з рус. поршень ’тс’. Праабражэнскі (2, 111) звязвае з семантычным гняздом рус. по́рхать (гл. таксама КЭСРЯ, 357), можа, у сувязі з функцыяй помпы ці распыляльніка, што, аднак, няпэўна. Трубачоў у Фасмера (3, 337) не бачыць падстаў аддзяляць ад по́ршень ’сялянскі абутак з аднаго кавалка скуры’, гл. поршні. Можна выказаць здагадку пра зыходнае *порушень, што ад рухаць, рухацца, параўн. варыянтныя назвы абутку рус. дыял. поршень/порушень/порошень. Адсюль варыянт поршань як дэталь рухавіка, звязаны з рухам, а не з распырскваннем. Параўн. бел. пару́ханы ’ўзняты, патурбаваны’, пару́хлівы ’рухлівы, хуткі’, паруша́цца ’рухацца з месца’, пару́шыць крануць, зрушыць, пасунуць’ (Байк. і Некр.), славен. porušenje ’тачэнне’ і ’тачылка’. Тады *po‑rux‑ěnь ’тое, што рухаецца, соўгаецца, хутка працуе’, параўн. літ. rušus/ruošus дзейны’, raũsti ’рыць, капацца’, лат. rušinât ’тс’, rùoss ’рухлівы, спраўны’, нова-в.-ням. дыял. ruscheln ’хутка працаваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Надэ́чыць 1 ’падбухторыць’, надэ́чыцца ’падбухторыцца’, надэ́чаны ’падбухтораны’ (Яўс.). Утворана ад дэ́чыць ’павучаць, падбухторваць’, дэ́чыцца ’навучацца, пераймаць’, дэ́чаны ’навучаны’, для якіх не выключана аднолькавае паходжанне з бачыць ’гаварыць’, надэ́чыць ’нагаварыць’, што выводзяцца з літ. dėti ’абгаворваць’ (Сл. ПЗБ, 182). Можна меркаваць і пра блізкасць да дзеяслова незакончанага трывання дукаваць ’павучаць, падбухторваць’ (гл.), форма закончанага трывання ад якога была б над укаваць або *навучыць, што вельмі блізка фармальна і семантычна да разглядаемага слова.
Надэ́чыць 2 Змяшчаць’ (Каханоўскі, Повязь часоў. Мн., 1985, 87), з тэксту не відаць, дзе распаўсюджана слова. Каханоўскі спрабуе звязаць з уласнай назвай Маладэнна, якая этымалагізуецца як ’малазмяшчальнае месца’, паколькі населены пункт быў заснаваны паміж поймай ракі і Ашмянскім узвышшам. Няясна, магчыма звязана з літ. dėti ’класці, змяшчаць’, nudėti ’залажыць, засунуць’, што адпавядае слав. *detiy адно са значэнняў якога ’дзець, класці, змяшчаць’ (гл. Абаеў, ВЯ, 1988, 3, 36); тады назва горада рэканструюецца як *malo‑detь‑no (суч. Маладзечна).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: *ро́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)