крана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Зрушвацца з месца, пачынаць рух. Паравоз рыўкамі пачаў кранацца з месца. Федасеенка. / Пра пачатак ледаходу на рацэ. Калі кранаецца лёд, пра раку гавораць як пра нешта жывое: «пайшоў», «пайшла», «ідзе». Грахоўскі. // Адпраўляцца ў дарогу, ісці або ехаць куды‑н. Нікому не хочацца па непагадзі зноў кранацца ў няблізкі свет. Лупсякоў.

2. каго-чаго. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н. Напільнік, здавалася, ледзь-ледзь кранаўся жалеза, але яно пачынала блішчаць, як люстэрка. Асіпенка.

3. чаго. Разм. Тое, што і кранаць (у 5 знач.).

4. перан. Разм. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Калі .. [Міканор] гаворыць, дык неяк яно само ў яго выходзіць, што ён гаворыць вершамі, асабліва калі кранаецца розных птушак, лугоў-мурагоў ды калінкі-малінкі... Бялевіч.

5. Зал. да кранаць (у 1–7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Застацца, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася. Паехалі ўсе, і толькі Іван затрымаўся ў Зарэччы, затрымаўся праз хваробу. Шахавец. — Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі. Шамякін.

2. Спыніўшы свой рух, застацца дзе‑н. на пэўны час. Шклянка пакацілася, затрымалася на самым краі. Шахавец. [Нэля] затрымалася на хвіліну перад люстрам у гардэробнай. Лупсякоў. // Спыніцца на чым‑н. (пра погляд, позірк і пад.). Позірк Паходні затрымаўся на рабаватым твары маладога трактарыста. Хадкевіч. // перан. Спыніцца, запаволіцца (пра ход, рост, развіццё чаго‑н.). Будаўніцтва дома затрымалася. З-за непагоды ўборка затрымалася.

3. Не зрабіць чаго‑н. у тэрмін; запазніцца з чым‑н. — Прабачце, што так затрымаўся з пісьмом. Карпаў. // Спазніцца, не прыйсці ў час. — Прабач, што затрымаўся, — вінавата сказаў ён Лене, зайшоўшы за шырму. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вадзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да вады, утвораны з вады. Вадзяная пара. Вадзяны струмень. □ Вясна .. у некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні. Колас.

2. Які расце, жыве ў вадзе. Вадзяное зелле. Вадзяны павук. □ Вада ў канаве была чорная і па тым, як калышацца на яе паверхні лісце нейкіх вадзяных траў, Андрэй Міхайлавіч пазнаў, што канава мае ўласную плынь. Самуйлёнак.

3. Які прыводзіцца ў рух вадою. Вадзяное кола. Вадзяная турбіна. □ Неўзабаве бліснула пакручастая стужка рачулкі, а потым паказаўся і вадзяны млынок. С. Александровіч.

4. у знач. наз. вадзяны́, ‑ога, м. Уст. Тое, што і вадзянік. У багне, пад лазой, Вадзяны канае, З горкаю слязой Топіцца ў канаве. Пушча.

•••

Вадзяная блыха гл. блыха.

Вадзяное ацяпленне гл. ацяпленне (у 2 знач.).

Вадзяны гадзіннік гл. гадзіннік.

Вадзяныя знакі гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.

1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.

2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.

3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.

4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.

5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Злёгку падтрымліваючы, не даць рухацца, упасці і пад. Леанід прытрымаў хворую руку, узлез на сена і пачаў вобмацкам выбіраць, дзе зручней прымасціцца. Пташнікаў. — Прытрымай [бервяно], я змянюся, — сказаў Рыгор і выняў кол, каб залажыць яго трошкі вышэй за наступны кавалак. Крапіва. // Затрымаць, прыпыніць (рух каго‑, чаго‑н.). Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця.. садзілася на сена. Мележ. Параўняўшыся з агароджай школы, .. [жанчына] прытрымала крок, пайшла павальней. Колас. // Затрымаць на некаторы час, патрымаць некаторы час дзе‑н., для якой‑н. мэты. Нейкі незнаёмы вахцёр прытрымаў мой пропуск. Савіцкі. Білі не дробязь — не сподачкі .., а возьме каторы вялізную вазу.., падыме над галавой, прытрымае, смакуючы небяспеку, і гвазне. Брыль. // Затрымаць наступленне, выкананне чаго‑н. Дажджы прытрымалі сяўбу.

2. Патрымаць да некаторага часу; прыберагчы. Прытрымаць сена к вясне. Прытрымаць тавар.

•••

Прытрымаць язык — не выказацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Рух, перамяшчэнне ў паветры ў якім‑н. напрамку. Палёт ракеты ажыццяўляўся строга па зададзенай траекторыі. «Звязда». // Характар, манеры, асаблівасці такога перамяшчэння. Бясшумны палёт. // Спец. Акрабатычны скачок на вялікую адлегласць або на вялікай вышыні. Палёт пад купалам цырка.

2. Авіяцыйны вылет, рэйс. У дзень палётаў лётчыкі прачынаюцца рана. Хомчанка. Афіцэр-парашутыст паказаў падпольшчыкам, як карыстацца парашутам, як трымацца ў палёце і на пасадцы. Новікаў.

3. перан. Імкненне, парыў. Якія тут бясконцыя прасторы І для ўспамінаў, і палёту дум! Танк. З галечы, з руін спусташэння, Як волат, падняўся народ — Нястрымная воля імкнення, Нябачаны творчы палёт! Колас.

•••

Брыючы палёт — палёт самалёта на невялікай вышыні над зямлёй.

Сляпы палёт — палёт ноччу, у тумане пры дапамозе адных толькі навігацыйных прыбораў.

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушка высокага палёту гл. птушка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́ць, спыю, спыніш, спыніць; зак.

1. каго-што. Затрымаць на месцы каго‑, што‑н., не даць рухацца каму‑, чаму‑н. — Глядзі ж, сынок! — спыніў .. [Міхася] бацька. — Слухай настаўніка. Колас. Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек. Лынькоў. Кандрат Назарэўскі саскочыў з воза і спыніў каня. Чорны. // Перапыніць працу чаго‑н. (механізма, завода і пад.). Механік лыпнуў вачыма, спыніў барабан і чамусьці палез на яго. Карпаў. [Рыгор Паўлоўскі] заклікаў рабочых кінуць работу, спыніць завод, пакуль гаспадар не выканае іх патрабаванняў. Кудраўцаў. // Перастаць працаваць. Памочнік спыніў работу, кіўнуў настаўніку галавою і чакаў далейшага выяснення справы. Колас. // Перапыніць свой рух. Ні самалёты, ні танкі .. — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль. Вінцэсь спыніў крокі, апусціўся на падлогу і зазірнуў Сяргею ў вочы. Мікуліч. // Затрымаць, адбіўшы атаку. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда». // Не даць магчымасці сысці крывёю. [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. што. Стрымаць развіццё, пашырэнне, рух (думак, поглядаў і пад.). Але нішто не можа спыніць распаўсюджвання ідэй марксізма-ленінізма ў масах, нішто не можа аслабіць пераўтвараючую сілу рэвалюцыйнай тэорыі. «Звязда».

3. што. Перапыніць, прыпыніць, перарваць (пра гаворку, смех і пад.). Але як толькі [гаспадар] пачуў, у чым справа, то спыніў размову. Маўр. [Маці] плакала і не магла спыніць слёз радасці. Якімовіч. / у перан. ужыв. І заспяваў так салавейка, што аж спынілі гоман дрэвы. Дубоўка. // Пакласці канец чаму‑н. (дзейнасці, размове і пад.) сваім умяшаннем. Ніхто тае трагедыі не спыніць І не падставіць, не падложыць рук. Чэрня. Разгляд справы быў адложан да таго часу, калі будзе злоўлен Сомік. А калі Сомікаў канец стаў вядомы, справу пра замах на Рыгора зусім спынілі. Крапіва. Тут умяшаўся настаўнік і спыніў спрэчку .. [Грышы і Лёні]. Васілевіч. // Перапыніць, затрымаць натуральныя працэсы развіцця. Цвіцення [дрэў] нішто не магло спыніць. Мележ. Хіба ж можна сонца рух спыніць? Часу вечны бег спыніць ці ж можна? Звонак.

4. каго-што. Утрымаць каго‑н. ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў, намеру зрабіць што‑н., не раіць што‑н. рабіць. Спыніць бойку. □ Ды дзед Антон спыніў агонь: — Страляеш не па цэлі! Смагаровіч. — Што ты робіш! — закрычаў Андрэй. Але гэты вокрык не спыніў Марыны. Шахавец. Фёдараў хацеў абмінуць хлопца, але Юзік спыніў яго. Гамолка.

5. што. Затрымаць увагу на кім‑, чым‑н., накіраваць на каго‑, што‑н. (погляд, позірк). У гэты момант Андрэй паглядзеў на.. [сябровак], спыніў позірк на Насці і здзіўлена ўзмахнуў брывамі. Шамякін. З цікаўнасцю .. [Комлік] агледзеў стракатую сталовую і раптам спыніў позірк на трэльяжы ў кутку. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пятля́, -і́; мн. пе́тлі і (з ліч. 2, 3, 4) пятлі́; пе́тляў, ж.

1. Складзены і завязаны кальцом канец вяроўкі, шнурка і пад., а таксама сагнутая кальцом частка ніткі пры пляценні, вязанні.

Завязаць пятлю. П. на панчосе.

2. перан. Ужыв. для сімвалічнага абазначэння пакарання смерцю праз павешанне ці для абазначэння такога бязвыхаднага становішча, пры якім можна толькі павесіцца.

П. на яго трэба!

Хоць у пятлю лезь (пра бязвыхаднае становішча). Шукаць пятлі на шыю (таксама перан.: лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы).

3. Лінія, кругавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой.

Апісаць пятлю.

Мёртвая п. (фігура найвышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці). Петлі заечых слядоў.

4. Тое, што і сіло.

5. Праразная адтуліна ў адзенні для зашпільвання (гузіка, запінкі), а таксама засцежка з тонкага шнурка, дроціка.

Абкідаць петлі.

6. Дзве планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання створкі, дзвярэй.

Павесіць дзверы на петлі.

|| памянш. пяце́лька, -і, ДМ -льцы, мн. -і, -лек, ж. (да 1, 5 і 6 знач.).

|| прым. пяце́льны, -ая, -ае (да 1, 3, 4, 5 і 6 знач.).

Пяцельнае шво.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сачы́ць¹, сачу́, со́чыш, со́чыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. Назіраць за тым, што рухаецца (або за тым, што можа прыйсці ў рух).

С. за самалётам у небе.

С., як бусел кружыцца над ліпай.

2. за чым і з дадан. Назіраць за развіццём, ходам чаго-н., быць у курсе справы, цікавячыся ўсім, што дзе-н. адбываецца.

С. за сустрэчай на вышэйшым узроўні.

С., як ідуць справы на ўборцы каласавых.

3. за кім-чым, што, са злуч. «каб» і з дадан. Назіраць, наглядаць за кім-, чым-н. (з мэтай праверкі, аховы і пад.).

С. за ўзроўнем вады ў прыборах.

С. за парадкам у інтэрнаце.

С. за выкананнем правіл пажарнай бяспекі.

С., каб дзеці былі дагледжаны (клапаціцца).

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім-, чым-н. з мэтай выкрыць, выявіць што-н., злавіць каго-н. на чым-н.

С. за работай гандлю.

5. каго-што. Падпільноўваць, асочваць.

С., дзе курыца нясецца.

6. каго-што. У мове паляўнічых: адшукваць па следзе; высочваць.

С. зайца.

|| наз. сачэ́нне, -я, н. і со́чка (да 4 знач.), -і, ДМ -чцы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Лапа́тачка ’прылада для веяння збожжа’ (Бяльк.), ’мешалка’ (ваўк., Сл. паўн.-зах.), ’струк бабовых культур, калі ў ім толькі завязваюцца зярняты’ (Інстр. 2, Мат. Маг., Сцяшк., Мат. Гом.), навагр. лапато́чка ’тс’ (З нар. сл.), ’дэталь калаўрота, якая круціць кола ў ім’ (шальч., Сл. паўн.-зах.), лапа́тка, лопа́тка ’язычок у клямцы’ (Шушк., ТС), ’прылада для капання зямлі’ (Бір., ТС), ’прылада для ачысткі зерня’ (Мат. Маг., ТС), ’лапатка (цела), пярэдняя частка тушы жывёлы’ (ТСБМ, Бес., Вешт., Нас., Касп., Мат. Маг., Шат., Бір., Сл. паўн.-зах.), ’пярэдняя нага авечкі’ (Кліх), ’брыль у шапцы, кепцы’ (Тарн.; чырвонаслаб., З нар. сл.), ’плоскі, няспелы стручок бабовых’ (ТСБМ, ТС; лях., Сл. паўн.-зах.; мядз., Нар. сл.), бярэз. ’мешалка’ (Шатал.), ’лапатка для выраўноўвання саломы ў страсе’ (Шушк.; рас., Шатал., Уладз.), ’лопасць’ (ТСБМ), ’мянташка’ (Мат. Маг.; в.-дзв., Шатал., Тарн., Выг.), ’прыстасаванне ў калаўроце, якое прыводзіць кола ў рух’ (браг., Нар. сл.), бяроз. лопа́тка ’маленькі снапок саломы, які кладуць каласамі ўніз пры пакрыцці страхі’, лопа́ткы ’звязаныя тры снапкі саломы, якімі крыюць страху’ (Шатал.), лапацішча ’дзяржанне ў рыдлёўцы’ (шум., Сл. паўн.-зах.), лапа́тка, лапа́тачка ’чапяла, прылада для вымання скаварады з печы’ (Сцяшк.; астрав., Сл. паўн.-зах.), ’інструмент для ачысткі лемеха ад зямлі’ (Смул.). Да лапа́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)