Парка́н ’агароджа з бярвёнаў, штыкецін або мураваная’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Янк., Мядзв., Шпіл., Грыг., П. С., Сцяшк., Бір. Дзярж.; ДАБМ, 811; Шушк.), парга́н (Арх. Бяльк., слонім.), парка́н, парга́н (Сл. ПЗБ) ’тс’. Рус. зах. парка́н ’агароджа’, укр. парка́н, барка́н ’тс’. Ва ўсх.-слав. мовах з польск. parkan (Кюнэ, Poln., 85). Далей, паводле Фасмера (3, 208), з сяр.-в.-ням. parkȃn, якое з франц. < араб. Ст.-бел. парканъ, барканъ < польск. parkan, barkan ужо ў пачатку XVI ст. (Булыка, Даўн. запазыч., 256).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парша́ ’заразная хвароба, звычайна на скуры галавы пад валасамі, пры якой з’яўляюцца струпы і рубцы’ (ТСБМ), па́ршы, па́рхі ’перхаць’ (Сл. ПЗБ). Рус. парш, парша́, парх ’тс’, укр. парх. З польск. parch, parszywy, з прычыны наяўнасці ‑ар‑ (Праабражэнскі, 2, 19; Фасмер, 3, 210). Аднак дэрываты паршы́вы, паршы́вец маглі, як адзначае Фасмер (там жа), утварыцца не ад парш, а ад слова з другой ступенню вакалізму (гл. по́ршы) у выніку акання. У ст.-бел. парша фіксуецца ў канцы XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 130).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гардзе́ль 1 ’глотка, горла’ (Сл. паўн.-зах.), ’горла’ (Сцяшк.). Запазычанне з польск. gardziel ’тс’ (ужо ў ст.-бел. мове ў XVII ст. было ўзята з польск. гардель; гл. Булыка, Запазыч., 79). Да паходжання польск. слова гл. Слаўскі, 1, 258 (< зах.-слав. *gr̥t‑ělь).
Гардзе́ль 2 ’ліна’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. гарде́ль, карде́ль ’ліна для падымання ветразя’. У рус. мове з гал. kardeel, kordêl ’ліна’ (а гэта з франц. cordelle). Гл. Фасмер, 1, 393. У бел. мову слова пранікла, відаць, з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гу́ня ’папона, чапрак’ (Нас.), ’вялікая цёплая хустка’ (Шатал.), гунька ’тс’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.), ’самаробная посцілка’ (Сцяшк.), ’посцілка’ (Жд. 2). Рус. гу́ня ’пашарпанае адзенне’, укр. гу́ня ’сярмяга’, балг. гуня ’плашч’, польск. gunia ’верхняе адзенне з грубага сукна і г. д.’ Прасл. *gunʼa, *guna. Лічыцца прасл. запазычаннем з невядомай крыніцы. Агляд версій у Слаўскага, 1, 378–379; параўн. яшчэ Фасмер, 1, 475. Падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 175–177. Ст.-бел. гуня ’коўдра’. Булыка (Запазыч., 86) прыводзіць як запазычанне з польск. gunia.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Даліка́тнасць ’далікатнасць’ (БРС). Кюнэ (Poln., 50) лічыць, што гэта запазычанне з польск. delikatność ’тс’ (польск. слова зыходзіць да лац.). Таксама можна лічыць, што польск. паходжання і бел. даліка́тны ’далікатны’ (БРС) польск. delikatny. У ст.-бел. мове засведчана толькі деликатъ ’пястун’ (< франц. délicat < лац. delicatus; гл. Булыка, Запазыч., 90). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 496. Гл. таксама падрабязна аб сітуацыі з словам делика́тный у рус. мове ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 60 (што мае значэнне і для ўдакладнення этымалогіі бел. слова і яго гісторыі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Квіт ’пісьмовае пасведчанне аб чым-небудзь, квітанцыя, білет’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Жд. 3, КЭС, лаг., Касп.), ’хопіць, канец’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк.), ’вокліч незадавальнення чыім-небудзь нецярпеннем’ (Нар. лекс., Янк. БП). Апошняе ў выразе квіт тваёй міласці. Ст.-бел. квитъ ’квіт’ (з 1529 г.). Са ст.-польск. kwit ’тс’ (Булыка, Запазыч., 146). Польск. kwit у сваю чаргу з с.-лац. quitus ’вольны ад абавязкаў’ (магчыма, праз с.-в.-ням. quit ’вольны, аплачаны’) (Слаўскі, 3, 496).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Блакі́тны. Ст.-бел. блакитний, блекитный, бленкитный і г. д. (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Укр. блаки́тний (з XVI ст.). Запазычанне з польск. błękitny ’тс’ (а гэта з чэш. blankytný; першакрыніцай лічаць с.-в.-ням. blancheit ’белы, сталёвабліскучы колер’; Слаўскі, 1, 36; Зарэмба, JP, XXX, 21–22; дакладней, першакрыніцай з’яўляецца с.-лац. blanketus, blanchetus, blanquetus, гл. Гебаўэр, Sl. stč., 1, 60; Махэк₂, 55, гл. далей Бернекер, 58; Рыхардт, Poln., 34; Кюнэ, Poln., 45; Шалудзька, Нім., 22; Рудніцкі, 142–143; Брукнер, 31).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брус, брусо́к. Рус. брус, ‑ок, укр. брус і да т. п., польск. brus, чэш. brus, балг. брус, серб.-харв. бру̑с і г. д. Слав. *brusъ ’брус; тачыльны камень’. Аблаутная форма да *brъs‑ (параўн. ц.-слав. бръснѫти ’скрэбці, брыць’). Далей параўноўваюць літ. braũkti ’выціраць і да т. п.’; ст.-ісл. brúna ’тачыць’ і інш. Бернекер, 91; Праабражэнскі, 1, 42; Брукнер, 42; Фасмер, 1, 220; Слаўскі, 1, 45 (*bhrou‑k̑‑ ’церці, здзіраць’); Махэк₂, 68 (іншая версія). Булыка (Запазыч.) лічыць ст.-бел. брус паланізмам. Няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бікла́га ’баклага’ (БРС, Нас., Маш., Бяльк., Янк. I.), бікла́жка (Бір. Дзярж., Бяльк.). Можа, таго ж паходжання, што і бакла́га (гл.). Але фанетыку слова вытлумачыць цяжка (дысіміляцыя а‑а > і‑а наўрад ці можа быць прынятай). Хутчэй за ўсё бікла́га мае іншую крыніцу. Шалудзька (Rum., 126) калісьці ўказаў на рум. крыніцу для ўкр. баклаг(а), боклаг. У рум. мове ёсць формы bîtloagă, bâtlag ’бачонак’. Ці не маглі яны мець уплыў на форму бакла́га (> біклага)? Але як? Параўн. ст.-бел. биклаха (XVI ст., Булыка, Запазыч.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бі́рка. Рус. би́рка, укр. би́рка ’тс’. Этымалогія слова не вельмі ясная. Выводзяць з ст.-рус. биръ ’подаць, налог’ (Праабражэнскі, 1, 26; Бернекер, 57). Іншыя думаюць пра запазычанне з дац., нарв. birk ’бяроза’ (Зяленін, ZfslPh, 2, 207 і інш.). Корш (AfslPh, 9, 491) і Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 1, 15) лічылі запазычаннем з цюрк. bir ’адзін’ і iki ’два’. Параўн. ст.-бел. бирка ’бірка, жэрабя’ (XVII ст.), якое Булыка (Запазыч.) выводзіць з ст.-польск. birka. Сюды адносіцца і бірка ’палачка, ужытак замест гузіка’ (Юрч.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)