во́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.
1. Сукупнасць практычна набытых навыкаў, ведаў. Вытворчы перадавы вопыт. Абмен вопытам. □ [Яўген:] — Папрацуеш, набярэшся вопыту, лягчэй будзе і вучыцца потым. Карпаў. Можна было спрачацца, даказваць. Але ў Булая быў вопыт, а ў Алеся толькі ўпэўненасць, якая пакуль што грунтавалася на адной інтуіцыі. Шыцік. // Тое, што было зведана на практыцы, у жыцці, з чым даводзілася сустракацца. Ведаць з уласнага вопыту. □ Вопыт рэвалюцыйнага руху апошніх гадоў наглядна паказаў: калі ўзнікае рэальная пагроза панаванню манапалістычнага капіталу і яго палітычных стаўленікаў, імперыялізм ідзе на ўсё, адкідваючы ўсякую бачнасць якой бы там ні было дэмакратыі. Брэжнеў.
2. У матэрыялістычнай філасофіі — сукупнасць пачуццёвых успрыманняў, набытых у працэсе ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем. Яны [махісты] упадаюць у сапраўдны містыцызм, дапускаючы нешта тагасветнае, якое стаіць за межамі «вопыту» і пазнання. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бага́цце, ‑я, н.
1. Матэрыяльныя каштоўнасці, грашовыя накапленні. Іменна ў пачатковы перыяд таварнага абарачэння ў грошы ператвараецца толькі лішак спажывальных вартасцей. Такім чынам золата і серабро самі сабой становяцца грамадскім выражэннем лішку, або багацця. Маркс. // Раскоша, шыкоўнасць. Багацце абсталявання. Багацце ўбрання.
2. Наогул маёмасць, набытак. [Ахрэм] у нас вартаўнік вялікага багацця — усёй калгаснай жывёлы. Кавалёў. // Мноства чаго‑н. Багацце тавараў. Багацце фактычнага матэрыялу. // Нешта асабліва каштоўнае сярод іншага. Але сапраўдным багаццем і гонарам запаведніка з’яўляюцца бабры. В. Вольскі. Маё багацце — песня любай ліры. Кляшторны.
3. Сукупнасць прыродных рэсурсаў. Прыродныя багацці. Багацце жывёльнага свету. Багацце расліннага покрыву. □ Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу. Быкаў.
4. Мноства разнастайных якасцей. Духоўнае багацце савецкага чалавека. Багацце акцёрскай палітры. Інтанацыйнае багацце верша. Багацце колераў. Багацце пачуццяў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зажы́ць 1, ‑жыве; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.
Зарубцавацца, загаіцца (пра рану, пашкоджанае месца). Андрэя завезлі ў шпіталь, дзе ён пралежаў тры тыдні, пакуль не важыла рана. Скрыпка. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч.
зажы́ць 2, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак., што.
Разм. Набыць што‑н., разжыцца на што‑н. — Хто нічога не робіць, яму і скідкі, і льготы розныя, а калі другі мазалём сваім зажыў нешта, .. на яго ўся бяда. Галавач.
зажы́ць 3, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.
Пачаць жыць (пэўным чынам). І зажылі Язэп з Настуляю на дзіва ўсяму свету. Чарот. Да вясны жораў паправіўся і зажыў у хаце царом над курамі. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запі́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Лісток паперы, на якім што‑н. напісана; кароткае пісьмо. Пакуль Міхась гаварыў, у прэзідыум сходу адна за адною перадаваліся запіскі. Паслядовіч. Ільіч зноў сеў, узяў паперу, нешта хутка напісаў, паклаў запіскі перш у адзін канверт, а потым у другі, заклеіў. Гурскі.
2. Кароткі пераказ у пісьмовай форме якой‑н. справы; афіцыйнае паведамленне аб чым‑н. Тлумачальная запіска. Дакладная запіска.
3. толькі мн. (запі́скі, ‑сак). Занесеныя на паперу чые‑н. назіранні, нататкі, успаміны. Алік разгарнуў сшытак і прачытаў першыя радкі: «Я спяшаюся расказаць у сваіх запісках усё, што ведаю пра гэтага чалавека». Шашкоў. // Літаратурны твор у форме запісаў, дзённіка, успамінаў.
4. толькі мн. (запі́скі, ‑сак). Як частка назвы некаторых навуковых выданняў — зборнікаў артыкулаў. Вучоныя запіскі Інстытута славяназнаўства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак.
Разм.
1. што і чаго. Дадаць, дабавіць да таго, што ўжо было раней. Наддаць пары. □ Хацеў бы [Грышка] заглянуць на яе чорныя вочы, на загарэлы ад вясенняга сонца твар — можа, гэта наддало б яму адвагі зрабіць налёт на гміну і выратаваць сялян-бунтароў. Чарот.
2. чаго і без дап. Павялічыць хуткасць. Калі.. [Шашура] ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб’е так!» — мільганула ў галаве. Ён паддаў ходу. Мележ. Узлаваны Мікола ішоў хутчэй звычайнага. Ён і не заўважыў, як паддаў кроку. Новікаў.
3. Ударыць, штурхануць. Адзін пажылы, прысадзісты, з нахмураным чорным тварам [салдат] спыніўся ля веснічак Крамера: замкнутыя з двара на засаўку, яны не адчыняліся, ён паддаў плячом, і засаўка ўпала на дол. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́чага 1, нечаму, нечага, нечым, не аб чым.
1. займ. адмоўны (ужываецца з інф. у ролі галоўнага слова). Няма нічога, каб... Чытаць нечага, трэба ісці ў бібліятэку. Хлеба нечым нарэзаць. □ Жыць весела, ды есці нечага. Прыказка.
2. займ. неазначальны ў Р (ад займ. нешта). Чагосьці. У хаце адна Аўгінька. Яна стаіць і глядзіць нечага ў акно. Зарэцкі. Для нечага ж дадзены чалавеку і смутак і туга. Васілёнак.
3. часціца. Разм. Лепш бы; дарэчы. Узяў бы нечага ўсё. □ Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры, каб заадно нечага і жонцы задаць страху. Колас.
не́чага 2, у знач. безас. вык., з інф.
Не трэба; няма патрэбы, няма сэнсу. І думаць нечага. Нечага спяшацца.
•••
Нечага на бога ківаць гл. ківаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Удыхаць праз нос які‑н. пах. Перад самым домам стаяў вялікі сабака і, схіліўшы галаву, нюхаў нешта на зямлі. В. Вольскі. Старэйшыя калгаснікі выходзілі ў поле, бралі ў жмені зямлю, расціралі яе паміж пальцаў, нюхалі. Курто. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // Удыхаць у нос (лекавы, наркатычны і пад. сродак). Нюхаць тытунь.
2. перан. Разм. Выведваць, высочваць. [Альжбета:] — Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людскага. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае. Купала.
•••
(І) не нюхаў чаго — не зведаў чаго‑н., не знаёмы з чым‑н.; не мае аб чым‑н. ніякага ўяўлення.
Не нюхаць пораху — не быць на вайне, не ваяваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагража́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Абяцаць зрабіць каму‑н. зло, непрыемнасці, выяўляць варожыя намеры, грозячы або пужаючы чым‑н. Пагражаць вайной. □ Дарэмна я пагражаў, што пайду на фронт самавольна, без дазволу. Мне «аўтарытэтна» заявілі, што мяне сілком вернуць з дарогі і нават будуць судзіць. Лупсякоў. Дзед Піліп Мурашка, прызначаны за вартаўніка гідрастанцыі, пагражаў .. [хлопцам] кіем. Шамякін. // Рабіць пагражальныя жэсты рукамі, прадметамі і пад. Пагражаць кулаком. Пагражаць аўтаматам.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каму-чаму. З’яўляцца пагрозай, ствараць пагрозу для каго‑, чаго‑н. Міша не ведаў, ні што такое гангрэна, ні што такое ампутацыя. Адно толькі зразумеў, што лейтэнанту пагражае нешта страшнае. Курто.
3. Утрымліваць, несці нейкую пагрозу. Рака пагражае разлівам. □ Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падлажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што і чаго.
1. Палажыць што‑н. пад каго‑, што‑н. За два дні работы нарэзаў, назбіраў дзядзька цэлую кучу дроў.. А каб ад зямлі не нацягвала вырасці, падлажыў дзве палавінкі. Колас. Стары Няміра ляжаў на лаве. Хтосьці падлажыў яму пад галаву нейкую вопратку. Чорны.
2. Палажыць дадаткова, дадаць. [Агонь] гатоў быў вось-вось згаснуць, і.. [Ганна] падлажыла ў яго смалісты сук. Мележ.
3. Палажыць тайком, неўзаметку, з якім‑н. намерам. [Якаў:] — Ну дык я табе скажу: каб зрабіць чалавека злодзеем, трэба падлажыць яму нешта крадзенае. Чарнышэвіч.
4. Залажыўшы, падшыць. Падлажыць ніз спадніцы. // Падшыць спадыспаду. Падлажыць плечы ватай.
•••
Падлажыць міну каму, пад каго — прычыніць каму‑н. вялікую непрыемнасці.
Падлажыць (падсунуць) свінню — зрабіць у адносінах да каго‑н. што‑н. дрэннае, подлае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжыш, ‑лежыце і перале́жаць, ‑лежу, ‑лежыш, ‑лежыць; зак.
1. Праляжаць вельмі доўга, даўжэй, чым трэба. Пераляжаць на сонцы. // Сапсавацца ад доўгага ляжання. Агуркі пераляжалі. □ Лён, які тут добра радзіў, таксама не кожны раз даводзіўся да ладу — то перастаіць у загоне, то пералежыць на сцелішчы. Машара.
2. што і без дап. Лежачы, перачакаць што‑н. Пераляжаць бамбёжку. □ [Кандрат:] — Мне лепш пераляжаць дзень у разоры, а там з вечара нешта трэба будзе прыдумаць. Лобан. [Шура] ужо намерыўся шуснуць у вулачку, на агароды, каб пераляжаць дзень дзе-небудзь у кіяшніку. Навуменка. Не знаю, Як доўгую ноч пералежаць: Так цягне прайсціся па золкай расе! Свірка.
3. каго. Разм. Праляжаць даўжэй за каго‑н. Пераляжаць усіх на пляжы.
4. што. Адлежаць да здранцвення. Пераляжаць руку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)