пераляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжыш, ‑лежыце і перале́жаць, ‑лежу, ‑лежыш, ‑лежыць; зак.

1. Праляжаць вельмі доўга, даўжэй, чым трэба. Пераляжаць на сонцы. // Сапсавацца ад доўгага ляжання. Агуркі пераляжалі. □ Лён, які тут добра радзіў, таксама не кожны раз даводзіўся да ладу — то перастаіць у загоне, то пералежыць на сцелішчы. Машара.

2. што і без дап. Лежачы, перачакаць што‑н. Пераляжаць бамбёжку. □ [Кандрат:] — Мне лепш пераляжаць дзень у разоры, а там з вечара нешта трэба будзе прыдумаць. Лобан. [Шура] ужо намерыўся шуснуць у вулачку, на агароды, каб пераляжаць дзень дзе-небудзь у кіяшніку. Навуменка. Не знаю, Як доўгую ноч пералежаць: Так цягне прайсціся па золкай расе! Свірка.

3. каго. Разм. Праляжаць даўжэй за каго‑н. Пераляжаць усіх на пляжы.

4. што. Адлежаць да здранцвення. Пераляжаць руку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)