Бікла́га ’баклага’ (БРС, Нас., Маш., Бяльк., Янк. I.), бікла́жка (Бір. Дзярж., Бяльк.). Можа, таго ж паходжання, што і бакла́га (гл.). Але фанетыку слова вытлумачыць цяжка (дысіміляцыя а‑а > і‑а наўрад ці можа быць прынятай). Хутчэй за ўсё бікла́га мае іншую крыніцу. Шалудзька (Rum., 126) калісьці ўказаў на рум. крыніцу для ўкр. баклаг(а), боклаг. У рум. мове ёсць формы bîtloagă, bâtlag ’бачонак’. Ці не маглі яны мець уплыў на форму бакла́га (> біклага)? Але як? Параўн. ст.-бел. биклаха (XVI ст., Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́рка. Рус. би́рка, укр. би́рка ’тс’. Этымалогія слова не вельмі ясная. Выводзяць з ст.-рус. биръ ’подаць, налог’ (Праабражэнскі, 1, 26; Бернекер, 57). Іншыя думаюць пра запазычанне з дац., нарв. birk ’бяроза’ (Зяленін, ZfslPh, 2, 207 і інш.). Корш (AfslPh, 9, 491) і Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 1, 15) лічылі запазычаннем з цюрк. bir ’адзін’ і iki ’два’. Параўн. ст.-бел. бирка ’бірка, жэрабя’ (XVII ст.), якое Булыка (Запазыч.) выводзіць з ст.-польск. birka. Сюды адносіцца і бірка ’палачка, ужытак замест гузіка’ (Юрч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лёз ’зазор’ (гродз., Нар. сл.), лёзны ’свабодны, нічым не заняты’ (Бяльк.), ’пусты, лёгкі’ (КЭС, лаг.), ’неказырны’ (Янк. I), сувалк. loźniak ’агароднік, бедны селянін, які жыве за вёскай’ (КСПГ), ст.-бел. лезный, лиозный, люзный ’вольны’ (з XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. luz (польск. luz, каш. loz, lóz ’вольнае месца’), luźny ’свабодны, разрознены’, якія паходзяць з ням. los ’свабодны, з зазорам’ < ст.-в.-ням., с.-в.-ням. los ’свабодны, расслаблены’, ’гарэзлівы’ (Слаўскі, 4, 393; Булыка, Запазыч., 192). Гл. яшчэ лёс2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гардзе́ль1 ’глотка, горла’ (Сл. паўн.-зах.), ’горла’ (Сцяшк.). Запазычанне з польск. gardziel ’тс’ (ужо ў ст.-бел. мове ў XVII ст. было ўзята з польск. гардель; гл. Булыка, Запазыч., 79). Да паходжання польск. слова гл. Слаўскі, 1, 258 (< зах.-слав. *gr̥t‑ělь).

Гардзе́ль2 ’ліна’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. гарде́ль, карде́ль ’ліна для падымання ветразя’. У рус. мове з гал. kardeel, kordêl ’ліна’ (а гэта з франц. cordelle). Гл. Фасмер, 1, 393. У бел. мову слова пранікла, відаць, з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гу́ня ’папона, чапрак’ (Нас.), ’вялікая цёплая хустка’ (Шатал.), гунька ’тс’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.), ’самаробная посцілка’ (Сцяшк.), ’посцілка’ (Жд. 2). Рус. гу́ня ’пашарпанае адзенне’, укр. гу́ня ’сярмяга’, балг. гуня ’плашч’, польск. gunia ’верхняе адзенне з грубага сукна і г. д.’ Прасл. *gunʼa, *guna. Лічыцца прасл. запазычаннем з невядомай крыніцы. Агляд версій у Слаўскага, 1, 378–379; параўн. яшчэ Фасмер, 1, 475. Падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 175–177. Ст.-бел. гуня ’коўдра’. Булыка (Запазыч., 86) прыводзіць як запазычанне з польск. gunia.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даліка́тнасць ’далікатнасць’ (БРС). Кюнэ (Poln., 50) лічыць, што гэта запазычанне з польск. delikatność ’тс’ (польск. слова зыходзіць да лац.). Таксама можна лічыць, што польск. паходжання і бел. даліка́тны ’далікатны’ (БРС) польск. delikatny. У ст.-бел. мове засведчана толькі деликатъ ’пястун’ (< франц. délicat < лац. delicatus; гл. Булыка, Запазыч., 90). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 496. Гл. таксама падрабязна аб сітуацыі з словам делика́тный у рус. мове ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 60 (што мае значэнне і для ўдакладнення этымалогіі бел. слова і яго гісторыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нарожны ’вуглавы, навугольны, краевугольны’ (Нас., Гарэц.), ст.-бел. нарожный ’тс’ (1508 г.); сюды ж нарожнік ’дзве сцяны хлява, зрубленыя ў вугал’ (Юрч.), ’падстрэшак’ (Ян.), ’рог страхі’ (Гарэц., Др.), ’кут у гумне каля варотаў’ (Бяльк.), ’наканечнік у драўляных вілах’ (Нас.), нару͡ожнік ’вяроўка на рагах валоў’ (Бесар.), ст.-бел. нарожникъ ’першы капец, ад якога пачыналася вымярэнне ўгоддзяў’ (Гарб.). Да рог ’рог, вугал’; меркаванне пра запазычанне ст.-бел. нарожный ’вуглавы’ са ст.-польск. narożny (Булыка, Лекс. запазыч.), улічваючы геаграфію і семантыку слоў, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катало́г ’каталог’ (ТСБМ). Рус. катало́г, укр. катало́г. У ст.-бел. мове лексема ў формах каталогъ, каталіогъ адзначаецца ў помніках з XVII ст. (гл. Булыка, Запазыч., 142). Ст.-бел. каталогъ, магчыма, адлюстроўвае грэч. κατάλογος, але форма каталіогъ хутчэй перадае польск. katalog (< лац.). Сучасны націск у бел. катало́г адпавядае рус. катало́г ’тс’. Гэта ўплыў франц. catalogue ’тс’. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. κατάλογος ’пералік, спісак’. Упершыню запазычанае слова адзначаецца ў Генадзіеўскай бібліі 1499 г. у гіперкарэктнай форме каѳалогосъ. Гл. Шанскі, 2, К, 91–92.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квіт ’пісьмовае пасведчанне аб чым-небудзь, квітанцыя, білет’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Жд. 3, КЭС, лаг., Касп.), ’хопіць, канец’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк.), ’вокліч незадавальнення чыім-небудзь нецярпеннем’ (Нар. лекс., Янк. БП). Апошняе ў выразе квіт тваёй міласці. Ст.-бел. квитъ ’квіт’ (з 1529 г.). Са ст.-польск. kwit ’тс’ (Булыка, Запазыч., 146). Польск. kwit у сваю чаргу з с.-лац. quitus ’вольны ад абавязкаў’ (магчыма, праз с.-в.-ням. quit ’вольны, аплачаны’) (Слаўскі, 3, 496).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)