Іска́ць ’шукаць’ (Бяльк., Юрч. Сін., Сл. паўн.-зах.), іска́ць, іска́цца ’шукаць у галаве’ (Шат., Касп.). У літ. мове выціснута агульнабел. шукаць. Рус. иска́ть ’шукаць’, дыял. иска́ться ’шукаць у галаве’, укр. дыял. ська́ти ’шукаць у галаве’, польск. iskać ’шукаць вошы’, ст.-чэш. jíiskati ’шукаць’, славац. ískať ’шукаць у галаве’, славен. iskáti ’шукаць’, серб.-харв. ѝскати ’жадаць’, ’шукаць’, балг. и́скам ’жадаць’, ’прасіць’, ’патрабаваць’, макед. дыял. иска ’хацець’. Ст.-слав. искати ’шукаць’, ’імкнуцца, хацець’, ’прасіць’, ст.-рус. искати ’шукаць’, ’імкнуцца, хацець’, ’дамагацца’, ’прасіць’, ст.-бел. искати ’шукаць’. Прасл. *jьskati працягвае і.-е. *ais‑ ’жадаць, хацець, шукаць, патрабаваць’ (Покарны, 1, 16); параўн. літ. ieškóti ’шукаць’, лат. iẽskât ’шукаць вошы’, ст.-інд. iccháti, авест. isaiti ’шукаць, жадаць’, ст.-в.-ням. eiskōn, ням. heischen ’патрабаваць’, англа-сакс. āscian, англ. to ask ’пытацца’. Гл. Фасмер, 2, 139–140; Слаўскі, 1, 729–730; Безлай, 1, 212; Трубачоў, Эт. сл., 8, 238–239, дзе агляд літ-ры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ісці́ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Нас., Сл. паўн.-зах.), іці́ (Нас., Бяльк., Шат., Сл. паўн.-зах.), іці́ць (Нас., Бяльк., Юрч., Мат. Маг.). Рус. идти́, дыял. пск. исти́, укр. іти́, польск. iść, в.-луж. hić, н.-луж. hyś, палаб. ait, чэш. jíti, славац. isť, славен. íti, серб.-харв. ѝћи, балг. и́да, макед. иде. Ст.-слав. ити, ст.-рус. итти, ити, итить, ст.-бел. ити. Прасл. *jьti, *jьdǫ — рэфлекс і.-е. *ei̯‑ ’ісці’; параўн. літ. eĩti, лат. iêt, ст.-прус. ēit, ст.-інд. éti, авест. aēiti, ст.-перс. aitiy, грэч. εἶμι, лац. īre, гоц. iddja ’ішоў’, тахар. i‑. Гл. Покарны, I, 293–294; Трубачоў, Эт. сл., 8, 247–248 (з літ-рай); Фасмер, 2, 117–118; Слаўскі, 1, 472–473; Махэк₂, 229 (суфіксальнае ‑d‑ звязвае з і.-е. *i‑dhi, загадны лад); Скок, 1, 707–708; Безлай, 1, 213–214. Збліжэнне з выклічнікам ei! (Крэчмер, Glotta, 13, 137) няпэўнае. Бел. ісці < *id‑ti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калакалу́ша ’чаромха, Prunus padus (= Padus racemosa)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Дэмб., Касп.; віц., гродз., маг., мін., смал., Кіс.; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк. 1, Яўс.; слаўг., Яшк.), калакалуха (Бяльк., Мат. Маг., Мядзв.), калакушка (Бяльк.), какалуша (гом., Кіс.). Укр. калакалуша і колоколуша, акаючыя формы, відавочна, сведчаць аб распаўсюджанні слова з паўн.-усх. гаворак, усх.-палес. какалуша, рус. зах.-бран. калакалуша, смал. колоколуша, росл., смал., кур., тульск. колоколуха ’чаромха’ і ’ягады чаромхі’, ’асобы від калючай травы’, адзначаюцца таксама іншыя формы. Звяртае на сябе ўвагу і арл. колокуша ’расліна Rosa tomentosa’, аднак, відаць, сюды гэта лексема не адносіцца (утворана ад асновы колк‑, дэрываты ад якой азначаюць ’розныя калючыя расліны’). У іншых слав. мовах адпаведнікі да бел. слова як быццам не адзначаюцца. Слова не вельмі яснага паходжання. Па сутнасці, нельга з упэўненасцю высветліць першапачатковую фанетыку кала‑ або колокуша. Укр. даныя з’яўляюцца, па сутнасці, двухсэнсоўнымі. У слоўніку Макавецкага шэраг крыніц дубліруюць адна другую, іншыя (перакладныя слоўнікі) нельга прымаць пад увагу з прычыны падазронасці статуса зах.-укр. слова, а што датычыць паўн.-укр. запісаў, параўн. у Бялецкага–Насенкі: «Калакалуша: слово задесенское (белорусское)». Даль падае гэта слова з паметай «зах.» і змяшчае яго ў гняздо «колокол». Больш новыя даныя па рус. нар. гаворках удакладнілі тэрыторыю распаўсюджання слова. Так, сталі вядомымі запісы яго ў кур. і тульск. абласцях, аднак, паколькі іншых матэрыялаў няма, а іншыя запісы паслядоўна ўказваюць на пагранічныя беларускім гаворкі рускай мовы, можна думаць, што гэта або вынік пранікнення слова як тэрміна, або факт, які сведчыць аб міграцыі насельніцтва ў розныя зоны на ўсход. Ствараецца ўражанне, што размова можа ісці толькі аб беларускай інавацыі (іначай гл. Цыхун. Бел.-укр. ізал., 82–83). Калі дапускаць, што зыходнай была форма колоколуша, а падставы для гэтага ёсць, нельга не ўбачыць магчымай сувязі з рус. дыял. колока ’чаромхавы гай’, колок ’невялікі лясок; малады бярозавы гай; вільготнае балоцістае месца ў нізіне, якое зарасло хмызняком’, паўн.-зах. колокол ’малады бярозавы лясок’. Параўн. (СРНГ, 14, 162) «Низменное место вроде чашенки, черемуха там, смородина, березняк. Смородина, а между ней кислица, черемуха, калина в том колке». Параўн. яшчэ бел. гродз. калокавіна ’чаромха’. Калакалуха пры такой версіі вынік рэдуплікацыі формы, адпаведнай да рус. дыял. колка, колки ’зараснікі чаромхі, глогу на полі, у лагчынах’, колк ’невялікае балота, якое зарасло лесам’. Фармальна такую версію можна пацвердзіць прыкладамі дэрыватаў ад асновы колк‑ (рус. дыял. колкиголкі, калючкі і да т. п.): наўг. колкуха ’расліна Xanthium, або, магчыма, Arctium’, колкуша ’расліна Arctium’. Параўн. яшчэ рус. арл. колокуша ’расліна Rosa tomentosa’ і бел. маг. калатуша (Грыг.). У якасці спрэчнай гіпотэзы можна яшчэ прапанаваць этымалогію, паводле якой слова тлумачыцца па бел. глебе. Бел. слаўг. гаворкі ведаюць утварэнне калалужжа ’абшар каля лугу’. Па семантыцы ўтварэнне калакалуша на базе мяркуемай намі формы цалкам магчымае (чаромха — расліна вільготных мясцін). З фармальнага боку яго можна разумець як адваротную дэрывацыю (калакалуга < калакалужжа) з наступнай заменам суфікса. Параўн. крыч. калакалушша ’зараснік калакалушы’, тое ж слаўг. (Яшк.). Аднак недахопы такога тлумачэння (у тым ліку і па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю), нягледзячы на тое што для батанічнага тэрміна можна дапусціць больш-менш шырокую наступную экспансію, відавочныя, і прыняць яго нельга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калапе́нька, калапенькі ’расліна дрыжнік. Brizą media’ (міёр., Жыв. сл.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад калапні ’каноплі’, параўн. на той жа тэрыторыі адзначаную Аненкавым назву палявыя канапелькі ’тс’, укр. нар. конопель, конопелька, конопій, рус. зах., смал., сарат. конопель ’тс’. Матывацыя пераносу назвы празрыстая, паколькі насенне дрыжніку падобнае да насення мужчынскіх экземпляраў канапель. Беларуская інавацыя з’яўляецца відавочнай, іншыя фіксацыі сведчаць або аб экспансіі лексемы, або ўказваюць на тыпалагічную з’яву.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калю́гі ’тапачкі для мерцвяка’ (навагр., Нар. сл.). Статус слова няясны. Знаходзіцца ў бясспрэчнай сувязі з адзначанымі ў розных гаворках рус. шуйск. калиги ’абутак для мерцвяка’, якое са с.-грэч. καλίγι(ον), καλίγα ’чаравік’ (да лац. caliga ’паўботы’), гл. Фасмер, 2, 167. Фанетыка ў бел. мове тлумачыцца, магчыма, народнаэтымалагічным збліжэннем з калюга ’лужына’ (у такім выпадку калюгі ’тапачкі ад гразі’), шлях пранікнення слова з рускіх гаворак няясны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кампа́нія ’група блізка знаёмых людзей, якія разам праводзяць час’, ’аб’яднанне прадпрыемцаў, ваенны паход’ (ТСБМ, Яруш.), кампа́ня ’таварыства, кампанія’, кынпа́нія, кумпа́нія ’тс’ (Бяльк.). Ст.-бел. компания, конпания (XVII ст.), запазычанне са ст.-польск. kompania, якое з італ. compagnia < нар. лац. *campānia < compagno ’таварыш’ (Булыка, Запазыч., 164; Слаўскі, 2, 394–395). Пазней, у XIX–XX стст. на значэнне лексемы ўплывалі (праз рус. мову) ням. і франц. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канве́рт ’пакет з паперы для перасылкі пісьма па пошце’, ’коўдра ў форме пакета’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.), канаве́рт ’тс’ (Сцяшк.; бяроз. КЭС); кунве́рт (Бяльк.), маст. канвэ́рт, пруж. коновэ́рт ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). З рус. конве́рт, якое ў Пятроўскую эпоху з франц. couvert ’закрыты, схаваны’ < couvrir ’пакрываць’ < с.-лац. copertum < coopertus ’накрыты’. Застаецца няясным узнікненне насавога ‑н‑. Магчыма пасрэдніцтва ням. Kuvert. Гл. Фасмер, 2, 308; Шанскі, 2 (К), 250.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Караты́ш ’чалавек невысокага росту’ (ТСБМ, Нас., Шушк.), укр. каротиш ’кароткае бервяно’, рус. коротыш ’маленькі чалавек, кароткае бервяно’, н.-луж. krotuš ’маленькі чалавек’. Усё ж такі ніжнелужыцкая форма мае іншую суфіксацыю. Архаічнасць усходнеславянскіх форм даводзіцца тым, што ў іх адлюстраваны прыметнік з асновай на ‑ŭ перад тым, як ён яшчэ ў праславянскі перыяд далучыў да сябе рэгулярны фармант ‑kъ (параўн. прасл. kortъkъ < kortъ) (гл. кароткі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́стур ’мыліца’ (Ян.). Укр. костур, рус. костур ’тс’, балг. костур ’шкілет, ножык’, серб.-харв. костура ’кішэнны ножык, брытва’, костур ’шкілет’, славен. kostura ’складаны нож’, польск. kostur ’касцяная палка, мыліца’, чэш. kostur ’дубінка’, славац. kostur ’нож’. Да назваў вырабаў з косці або з дрэва і косці. Прасл. kostur з kostь пры дапамозе суфікса игъ (гл. SP, 2, 26). Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 11, 165–166.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лкі ’сыры, вільготны’ (БРС, Нас., КТС, КЭС, Касп.), волкываты ’тс’ (Бяльк.). З *волгкі. Рус. во́лгкий, укр. во́гкий, польск. wilgi, чэш., славац. vlhký, славен. vólgək. Прасл. *vьlgъkъ. Роднаснае літ. vìlgau, vìlgyti ’мачыць’, vìlkšnas ’волкі’, ст.-прус. welgen ’насмарк’, ст.-в.-ням. wëlc ’волкі, мяккі, завялы’, wolchan ’воблака’, ірл. folcain ’мачу’ (Траўтман, 358; Фасмер, 1, 337; Махэк₂, 694). Іншая ступень чаргавання: валога (гл.), ст.-слав. влага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)