Рэ́ра ’неахайніца’ (Мат. Гом.). Рус. свярдл. ре́рюшка ’няўмека’. Можна дапусціць сувязь з польск. rura (ад выразу rura do barszczu) ’непрактычны чалавек, расцяпа’. Але нельга выключыць уплыў прасл. *rarogъ, які апрача значэння ’птушка’, азначае яшчэ назву духа, параўн. утвораныя на гэтай базе чэш. rarach ’злы дух, чорт’, rarášek ’дух, які выклікае вецер’, польск. raróg ’дзівак’ (Трубачоў, Этимология–1965, 64–65). Гл. яшчэ рарог.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саво́сы: в савосы ’дамоў, да хаты’ (Нас.). На думку Насовіча (571) гэта скажонае рус. восвоя́си, што выклікае сумненні з фанетычнага боку. Лепей тут бачыць уплыў літ. sãvas ’свой’ або ўтварэнне ад таго ж літоўскага слова з суф. ‑ос (як дзівосы). Аб гэтым суф. гл. Карскі 2–3, 31. Цвяткоў (Запіскі, 2, 51) прыводзіць у якасці паралелі серб. сав ’увесь’ і падтрымлівае этымалогію Насовіча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́дніць ’шчымець, даваць пякучы боль (у выніку ранення, раздражнення скуры, апёку і пад.)’ (ТСБМ), садні́ць ’тс’ (Бяльк.), садне́ць ’тс’ (Мат. Гом.). Рус. садни́ть ’тс’. Дзеяслоў утвораны ад прасл. *sadъno ’пляма, нацертае месца’, якое ад садзіць; гл. Шанскі, ЭИРЯ, 1, 72. Калі ўлічыць лінгвагеаграфію і тое, што садно́ (гл.) не мае гэтага значэння, то можна меркаваць, што дзеяслоў са́дніць — гэта пранікненне з рускай тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́пка1 ’матыка’ (Касп., ТС, Клім., Выг.), са́па ’тс’ (Мат. Гом.). Рус. паўдн. сапа́, са́пка, укр. са́па́, са́пка ’тс’. Праз польск. sapa ’тс’ (Брукнер, 481) з франц. sape ’матыка’, італ. zappa, sapa ’тс’ (гл. Міклашыч, 27; Бернекер, 1, 121). Румынскае пасрэдніцтва (Мацэнаўэр, LF, 19 246; Брукнер, там жа) адхіляецца Фасмерам (3, 558).

Са́пка2 ’раптам’ (Сл. рэг. лекс.). Да сапці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сасу́д ’трубчасты орган у целе чалавека ці жывёлы, па якім цячэ кроў або лімфа; у раслін — трубка, па якой праходзяць вільгаць з растворанымі мінеральнымі салямі і іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), сасу́д, сасу́да ’тс’ (Сл. ПЗБ). Ст.-бел. сосудъ, судъ ’чаша, судзіна’ (Альтбаўэр). Мажліва паўторнае запазычанне з рус. сосу́д (Крукоўскі, Уплыў, 56), дзе з *sъ + *sǫdъ; гл. суд2 (Фасмер, 3, 728).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свал ‘узвышша, вузкая града, якая ўтвараецца пры аранні ў сярэдзіну, “у склад”’ (Дэмб., 2, 832). Рус. пахать в свал — звальваючы насустрач адна адной дзве сумежныя баразны, наўг. пахать на свал ‘разворваць барозны з бульбай праз адну’, укр. палес. свал ‘насыпны ўзгорак’. Да *сваліць ‘зваліць’, магчыма, русізм або графічна адаптаванае звал ‘навал; марэна’ (Ласт.). У адносінах да семантыкі параўн. склад3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свярбі́га, свербі́га ‘тс’ ‘свірэпа звычайная, Barbarea vulgaris R. Br.’ (Дэмб. 1; маг., Кіс.; Гарэц., Касп.). Укр. сверби́га ‘свярбігуз, Bunias orientalis’, рус. сверби́га ‘тс’ і ‘палявая гарчыца’. Ад асновы сверб‑ з суф. ‑іг(а); гл. Праабражэнскі, 2, 257. Паводле Мяркулавай (Очерки, 81), у дзеяслове ад кораня сверб‑ заключана і значэнне ‘драць’, якое перадае смакавае адчуванне ад гэтых горкіх раслін. Гл. свярбець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Святлі́ца ‘светлы чысты пакой у хаце, прызначаны звычайна для прыёму гасцей’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ, Шат., Касп., Бяльк.; віц., Хрэст. дыял.), светлі́ца ‘светлая, прасторная хата’ (ТС). Укр. светли́ця, рус. светли́ца, польск. świetlica, чэш. světnice, ст.-чэш. svět(l)nice ‘тс’. Ад светлы (гл.), г. зн. ‘хата або пакой, дзе не было печы ў процілегласць “курной” хаце’; гл. Брукнер, 535; Махэк₂, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіная рэпа ‘мальва паўночная, Malva borealis’ (Дэмб. 1, 283). Да рэпа (гл.), відавочна, па знешнім выглядзе круглых пладоў; параўн. іншыя славянскія назвы, якія таксама ў большасці выпадкаў перанесены з найменняў чаго-небудзь круглага: рус. просви́рник, проску́рки, чэш. дыял. koláčky, ciganské tvarůžky, homůlky, укр. пацьорки і г. д. (гл. Махэк, Jména, 146 і наст.). Азначэнне (гл. свіны) характарызуе пераносны характар («фігуральнасць») назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́дацца (се́дыцца) ‘хвалявацца, нервавацца’ (Бяльк.). Магчыма, да *sedati sę, параўн. ст.-слав. сѣдати cѧ ‘трэскацца, лопацца; рассядацца’, гл. сесці. Да семантыкі параўн. рус. дыял. се́даться ‘трэскацца (пра скуру)’, а таксама рассе́сціся ‘распасціся’, укр. розсіда́тися ‘распадацца’. Нельга выключыць сувязь з аманімічным коранем *sed‑ ‘рэзаць, шчымець’, роднаснага ст.-інд. kšádate ‘разразае, раздзяляе’, што да і.-е. *k​sed‑, гл. Махэк₂, 521; ESJSt, 13, 803.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)