Ба 1 выклічнік, які выказвае здзіўленне (Бяльк.). Рус. ба, укр. ба, балг. ба, серб.-харв. ба ’тс’. Першасны выклічнік, вядомы і ў іншых мовах (параўн. ням. ba, франц. bah, тур. ba). Гл. Бернекер, 36; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 99; БЕР, 1, 22. Параўн. ба 2. Памылкова Макарушка, Словар, 4 (запазычанне з тур. мовы).

Ба 2 злучнік, гл. КЭС. Магчыма, захаваўся ў бел. са значэннем ’каб, калі б’ (Нас.: «Ба, калі б гэта спраўдзілася»). Укр. ба, польск. ba, чэш. ba, славац. ba ’нават’. Слав. ba, роднаснае літ. bà, лат. ba, ст.-грэч. φή, ст.-іран. bā, гоц. ba. Іншая аблаутная форма гэтага злучніка — слав. bo ’таму што’ (гл.). Бернекер, 36; Траўтман, 22 і наст.; Фасмер, 1, 99; Махэк₂, 39; Слаўскі, 1, 24; параўн. таксама Развадоўскі, RO, 1, 102. Да праформы (*bо : *bā) і ўжывання злучніка гл. Шавялоў, Prehistory, 117. Брукнер (9) дапускае магчымасць ідэнтычнасці паходжання ba 1 і ba 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з кораба ’у вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр. короб, рус. короб, ст.-рус. коробъ ’тс’, славен. kraba ’каробка’, польск. kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл. korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен. kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац. corbis ’карзіна’ (непасрэдна або праз с.-в.-ням. korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ. kar̃bas, лат. kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Андрэ́йка, андрэй, андручок, андрэйка‑калода, андрэйка‑канарэйка, андрэйка‑купарэйка, андрэйка‑лябёдка і інш. ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (Шаталава, Веснік БДУ, 1970, 3, 65). Упадабненне імені — другасная з’ява, як і ў шэрагу іншых назваў насякомых, напр.: хвэдорко, пятрушачка, пэтрык, федарка, федрык, матрунька, пятрок, пэтрычок, пятрук, петрачка, петра, пытро і інш. Магчыма, назва паралельная да бэдрык, бэндрык, едрайко, едранец, вэдрык, ветрык, вадрык, відрык, параўн. польск. biedronka і wiodrunka. Напярэдадні дня св. Андрэя (29 лістапада) у палякаў моладзь варажыла пра будучага жаніха (andrzejki), а ў рускіх з гэтым днём звязаны народныя (павер’і аб надвор’і зімой (Даль, 1, 17); цікава адзначыць у сувязі з гэтым наўрад ці выпадковае выкарыстанне адной з назваў божай кароўкі ўкр. ведрик або бедрик у зімовых каляндарных песнях-шчадроўках. Але зімой, звычайна, андрэйкі не лятаюць, таму адзначым, што другі Андрэй святкаваўся 4 ліпеня. Усё гэта дае падставу для пераносу ўласнага імя Андрэй на насякомае і семантычных кантамінацый. Гл. ведрык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апераза́ць, падпераза́ць (‑цца). Укр. оперезати, підперезати(ся), славен. pręzati ’звязваць’ (ці не сюды і значэнне ’быць павінным, глядзець’, параўн. oprę́zati ’чакаць, сачыць’). Рус. дыял. подперезать (паўдн., зах.). Сюды ж адносяць серб.-харв. запре́зати запрагаць’ (калі яно не да іншага кораня запрагаць, на што ўказвае не толькі форма за̀прежем, але і суфіксацыя; аднак Вук Караджыч не даваў гэтага значэння, а даваў значэнне ’апяразваць’, таму, магчыма, у сербскахарвацкай мове адбылася кантамінацыя кораняў през‑ і преж‑/прег‑ у гэтым слове). Ст.-бел. оперезати (Анічэнка, Праблемы філал., 11). Праслав. дыял. *perzati — дзеяслоў ад імя *perzъ ці прыназоўніка *perz‑ ’праз’. Назоўнік *perzъ мог азначаць ’пояс’; рэканструкцыя праславянскай формы можа адбывацца не толькі на базе беларускай, украінскай, сербскахарвацкай моў, як лічыць Трубачоў, але і славенскай. Міклашыч, 244; Трубачоў, Праспект, 71–72; Слав. языкозн., V, 176, 186. Развіццё значэння ад ’аперазаць’ да ’сцебануць’ у беларускай і ўкраінскай ’мовах цалкам, магчыма, аўтаномна ад іншых славянскіх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апліка́цыя ’ўзор, малюнак, створаны шляхам наклёпвання ці прышывання рознакаляровых кавалачкаў паперы, матэрыі і інш.’ (БРС); ’навучанне пісарскай справе’, аплікант ’практыкант пры адвакаце ці землямеры’, аплікавацца (Нас., Гарэц.). Крыніца: лац. applicatio ’прыяднанне’. З лацінскай у старапольскую мову са значэннем ’дастасаванне, перадача’, aplikować прадаваць, прысвойваць’. Ст.-бел. aplikacya ў значэнні ’вучэнне’ і ’прымяненне, дастасаванне’ (Гарб.). Ст.-укр. апплѣковати ’прыкладаць’ з XVII ст. Гэта значэнне як устарэлае фіксуецца ў сучаснай польскай мове; развіццём яго тлумачыцца і ’практычнае навучанне’, а таксама слова aplikant. Таму бел. аплікацыя ў другім значэнні (цяпер устар.) можна лічыць засвоеным праз польскую мову ці паралельна з польскай. Параўн. для рускай сцвярджэнне Шанскага, 1, А, 131, аб запазычанні рус. аппликация ў старых значэннях з польскай у Пятроўскую эпоху. Сучаснае літаратурнае значэнне, магчыма, запазычана з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе яно фіксуецца з XIX ст. (ССРЛЯ); у такім значэнні слова фіксуецца ў Дарашэўскага з прыкладамі сярэдзіны XX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́нцы мн. л. ’заразная венерычная хвароба; сіфіліс’ (ТСБМ, Шат., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Мядзв.; лельч., Арх. ГУ; ТС), ’скулы’ (Бір. Дзярж.), пранцэ́і ’блазнота, дурасліўцы’ (ТС), пранц, пра́нэць, пра́ныц, пра́нцы ’брыдота’ (Сл. ПЗБ), пранцава́ты ’пракажоны’ (Зап.). Укр. мн. л. пранці ’сіфіліс’, рус. паўдн., зах. пра́нец ’залатушная высыпка’. Бел. і ўкр., відаць, з польск. pranca ’сіфіліс; заразная венерычная хвароба’, калісьці называлася “chorobą dworską” (Віл. сл.), з натуральнай заменай ф на п, параўн. народнае пасоля < фасоля і пад. (хвароба распаўсюдзілася ў пачатку XVI ст.), з даўняга ням. franze, franzose ’французка, французская хвароба’, першапачаткова französische Krankheit, таму што першая эпідэмія сіфілісу ўспыхнула ў Францыі каля 1496 г. (Банькоўскі, 1, 385). Паводле Фасмера (3, 353), слова узыходзіць да гал. frans ’французскі’, ням. Franz — у складаных словах тыпу Franzbrot ’французскі хлеб’ і да т. п. Брукнер (127) і Махэк₂ (146) адзінай крыніцай лічаць нямецкую назву французаў. Параўн. яшчэ рус. французская болезнь ’сіфіліс’ і чэш. franská nemoc ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сако́лка 1 ’трыкатажная майка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), ’мужчынская безрукаўка, камізэлька’ (Янк.), сако́лачка ’майка’ (Сл. ПЗБ). Не вельмі ясна, у суседніх славянскіх мовах не адзначана. Назва ўтворана, відаць, ад назвы спартыўна-гімнастычнага таварыства “Сокал” у Чэхіі і іншых славянскіх краінах. Ва ўсялякім выпадку, адзначаны рускія со́кол, соко́льский ’сакольская гімнастыка’. Такім чынам, гэта магла быць майка з сакольскай сімволікай. Параўн. чэш. sokolka ’сакольская шапка, кепка’.

Сако́лка 2, сако́льчык ’мярэжка’, сакалі́ць ’вышываць мярэжкай’ (Мат. Гом.), ’рубіць з упрыгожваннем’ (сакаліць насавы платок) (Ян.). Не вельмі ясна. Суаднесенасць рус. мережка ’тып вышыўкі’, мярёжа ’рыбалоўная сетка’ наводзіць на думку, што слова ўзыходзіць да сак 1 (гл.), ад якога першапачаткова быў утвораны дзеяслоў саколіць, потым ад дзеяслова — назоўнік. Але сак ’рыбалоўная сетка’ у гаворках сустракаецца даволі рэдка, гл. ЛА, 2; таму слова хутчэй ўтворана ад кораня ‑кол‑ (гл. калоць), параўн. рус. ско́лок ’узор, зняты сколкаю, дакладны знімак іглою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́каць, сі́кацца ‘мачыцца’ (Нас., Федар. 6), ‘пырскаць вадой з цацкі, якая завецца “сікаўкай”’ (гл.) (Нас.), сі́кі ‘мача’ (Шат., Стан., Сл. ПЗБ). Укр. си́кати, рус. си́кать, ‘мачыцца’, польск. sikać ‘пырскаць, біць струмянём’, в.-луж. sykać, н.-луж. sykaś, чэш. дыял. sikać ‘крапіць, пырскаць’, sykať, šykač ‘пырскаць, мачыцца’, славац. sykať ‘пырскаць; мачыцца’, sikać, cikať ‘мачыцца’, серб.-харв. си́кати ‘шыпець, лаяцца’, славен. síkniti ‘шыпець, пырскнуць цурком’, балг. си́кам ‘шыпець’. Фасмер (3, 620) ставіць пытанне аб выдзяленні сярод гэтых слоў дзвюх груп: са значэннем ‘пырскаць; мачыцца’ і значэннем ‘шыпець’. Скок (3, 384) серб.-харв. си́кати разглядае ізалявана ад заходне- і ўсходнеславянскіх дзеясловаў. Таму, відаць, следам за Махэкам₂ (538), тут трэба выдзеліць усходне- і заходнеславянскія словы са значэннем ‘біць струменем; пырскаць; мачыцца’ і рэканструяваць прасл. *sikati, што лічыцца ітэратывам ад сцаць (гл.). Гл. таксама Борысь, 547 (з уключэннем славенскага дзеяслова). Інакш Праабражэнскі (2, 284 і наст.), які схіляецца да гукапераймальнага ўтварэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Аказацца адкрытым, адчыніцца. Пакой адкрыўся. // Рассунуцца, расхінуцца або падняцца ўверх. Згасла святло, і адкрылася заслона. Карпюк. Шлагбаум адкрыўся, і з-за насыпу вынырнула фурманка, аблепленая салдатамі, за ёй другая, трэцяя, чацвёртая. Дамашэвіч. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Так адкрыліся перад Янкам дзверы ў бібліятэку пана Сігізмунда Чаховіча. С. Александровіч. Каб справаю і славай парадніцца У гэты дзень братэрства і надзей, Не толькі што адкрылася граніца — Там сэрцы ўсе адкрыліся ў людзей. Панчанка.

2. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Нёман адкрыўся хлопцам урачыста ціхі, велічны. Брыль. [Аня і Саша] ўз’ехалі на ўзгорак, і позірку адкрылася ўся іх вёска ў зеляніне садоў. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім, хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ.

3. перан. Стаць зразумелым каму‑н. [Леанід Аляксеевіч:] — Сёння мы ўзняліся ўжо на такую вышыню, з якой ва ўсёй велічы адкрыліся перад намі ясныя далягляды нашай будучыні, імя якой — камунізм. Якімовіч. Мне зноў адкрылася, маю душу па-свойму ўразіла непаўторная беларуская прыгожасць, абаяльная сіла паэзіі — народнай і таму вялікай. Брыль. Для мяне адкрыўся свет мастацтва, а праз яго — шырокае эмацыянальнае пазнанне жыцця. Сяргейчык. // Стаць відным, даступным. Хто дакранаўся кнігі той з адкрытай, шчыраю душой.., Таму адкрыўся на зямлі Да камунізма шлях жыццёвы. Танк.

4. Расказаць пра сябе адкрыта, шчыра; прызнацца ў чым‑н. Толькі не было чалавека, якому Іван мог бы адкрыцца, з кім мог бы раздзяліць сваю тугу, свае дакоры сумлення. Новікаў. Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны. Мне цяжка было ведаць, што не да канца я магу перад табою адкрыцца. Скрыган.

5. Пачаць сваё існаванне, дзейнасць (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Школа адкрылася. // Пачацца. Адкрылася падпіска на газеты. Адкрыўся тэатральны сезон. Адкрылася выстаўка. □ [Андрэй:] — Жонка да дня нараджэння купіла мне ў падарунак стрэльбу. Вісіць на сцяне, чакае, калі адкрыецца сезон на качак. Шахавец.

6. Перастаць зажываць, гаіцца; прарваць (пра рану). Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

•••

Вочы адкрыліся ў каго гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разгадаць загадку; правільна вырашыць пытанне, якое патрабуе здагадкі, кемлівасці. [Пан:] — Загадаю вам [беднаму і багатаму] тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і карова застаецца. Якімовіч. // Вызначыць што‑н., даведацца аб чым‑н. інтуітыўна, пры дапамозе здагадкі. Волька з паўслова ўмела адгадаць Міхалаву думку. Васілевіч. Часамі, седзячы ў сябе на ганку, я разглядаў гэтыя гамакі і стараўся адгадаць, каторы з іх Данусін. Карпюк. // Па якіх‑н. прыкметах уведаць аб чым‑н. наперад; прадбачыць. І так і сяк яны [Даніла і Марынка] мяркуюць, Каб адгадаць падзеі ход. Колас. // Пазнаць каго‑, што‑н. Ціхаміру раптам захацелася пашукаць знаёмых, і ён прайшоўся між лавак, але знаёмых не было, ды і наўрад ці адгадаў бы ён тут каго, каб нават і былі: гады ж не так сабе ішлі. Чыгрынаў. Шпалеры на сценах да таго выцвілі, што нельга адгадаць іх першапачатковы колер. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)