няшча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які церпіць гора, бяду, перажывае няшчасце. — Лютую смерць прыняў чалавек... — І хто б то мог быць? Наш брат, партызан? Няшчасны ўцякач з палону? Лынькоў. [Арына] бачыла перад сабой толькі няшчасную жанчыну і маці, адчуванні якой добра разумела. Маўр. // у знач. наз. няшча́сны, ‑ага, м.; няшча́сная, ‑ай, ж. Чалавек, які зазнаў многа гора, крыўды і пад. Маці плакала: «Няшчасны, Праз каго я свечкай гасну На чужыне?» Бажко. // Які выражае прыгнечаны, гаротны і пад. стан. Няшчасны выгляд.

2. Які з’яўляецца няшчасцем, заключае ў сабе няшчасце. [Вейс:] — Гэта звычайнае крушэнне, якія здараюцца часам на чыгунках. Няшчасны выпадак. Лынькоў. // Трагічны, гаротны. Няшчаснае жыццё.

3. Які прыносіць няшчасце або прадвяшчае яго. Няшчасны дзень. // Які прычыняе непрыемнасці; злашчасны. [Наталля:] Я вінавата ў тым, што, ведаючы твой няшчасны характар, не асцерагалася і дала табе прычыну для падазрэння. Крапіва.

4. Разм. Нікчэмны, мізэрны. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. // Ужываецца як лаянка. Насця спынілася перад здраднікам, з агідай паглядзела на яго і ціха, але выразна сказала: — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты! Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусці́цца, пушчуся, пусцішся, пусціцца; зак.

1. Адправіцца, накіравацца куды‑н. [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў такую далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Каб не астацца пры немцах, маці пусцілася ў эвакуацыю. Скрыган.

2. Пачаць хутка ісці, бегчы ў якім‑н. напрамку. Машына пайшла па шашы, а Люты з усёй сілы пусціўся за ёю. Кулакоўскі. [Ніна] спалохалася і не стала чытаць, залажыла пісьмо глыбока ў кашолку і пусцілася дадому. Лобан.

3. з інф. і ў што. Пачаць рабіць што‑н. Пусціцца даганяць. Пусціцца ў скокі. Пусціцца ў разважанні. □ — Ромка! Сюды! — закрычаў Віталік. Павярнуўся і пусціўся бегчы на вуліцу. Даніленка. За.. [дзяўчынаю] пусціўся ў рогат Воранаў, а тады і ўсе астатнія. Не стрымалася і Таццяна. Васілёнак. Калі сабраўся дзед з Міколкам рушыць у паход, маці таксама пусцілася ў слёзы. Лынькоў. // Пачаць займацца чым‑н. Дамеця, дык таго рэдка калі хто бачыць. Ён пусціўся ў навуку і ходзіць у Верамеевіцкую школу. Сабаленка.

4. на што. Рашыцца, пайсці на што‑н. Пусціцца на авантуру. Пусціцца на хітрасць. □ Тады толькі Шы Ку-ан зразумеў, на якую рызыку ён пусціўся. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уляце́ць, улячу, уляціш, уляціць; зак.

1. З лёту, на ляту пранікнуць, трапіць куды‑н.; заляцець унутр чаго‑н. Уляцела ластаўка ў сенцы. □ Ужо на другі дзень, калі раздавалі вячэру, у камеру Максіма ўляцеў муштук ад папяросы. Машара. У гэты момант у акон уляцела граната. Сяржант спрытна схапіў яе і кінуў назад немцам. Прокша.

2. Разм. Вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Адчыніліся дзверы і ў хату не ўбегла, а ўляцела перапалоханая маці. Сачанка. Машына віхрам уляцела на калгасны двор і спынілася як укопаная. Шахавец. Калі поезд уляцеў у лес і ценем пакрыла акно, .. [спадарожнікі] абодва надоўга сціхлі. Пестрак.

3. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н. Уляцець у яму. Уляцець у гразь.

4. безас. каму. Разм. Папасці (за якую‑н. правіннасць). — Будзе мне за вас [хлопцаў], уляціць! — заенчыў салдат. Рамановіч. Па тым, як моцна, бразнулі дзверы і зазвінела ў сенцах вядро, Геня зразумеў, што яму ўляціць ад маці за такога сябра. Пташнікаў. // Трапіць у непрыемнае становішча. Вось спатканне, дык спатканне! У бяду ўляціш якраз. Колас.

•••

Уляцець у капейку (капеечку) — тое, што і абысціся ў капейку (капеечку) (гл. абысціся).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрысці́ць, хрышчу, хрысціш, хрысціць; незак., каго-што.

1. Спраўляць над кім‑н. царкоўны абрад хрышчэння. Дзён праз дзесяць хлопчыка павезлі хрысціць. Лужанін. Як толькі Алімпа трохі акрыяла пасля родаў, маці захадзілася хрысціць у папа дзіця. Сабаленка.

2. Быць хросным бацькам або хроснай маці.

3. Рабіць знак крыжа (у 2 знач.) над кім‑, чым‑н. Як зірнулі [бабкі] на труну, напалохаліся.. Пачалі ілбы хрысціць ды галасіць. Лынькоў. На фоне акна Лялькевіч убачыў, як разгубленая, спалоханая Поля хрысціла ўслед брата і сястру. Шамякін.

4. Разм. Даваць мянушку. [Ларывон] апраўдваў сваю мянушку, якой яго паціху хрысцілі людзі: Бугай. Мележ. // Лаяць, абзываць. Глянуў стары на пустую раёўню, прынесеную пчалаводам, і раптам зноў пачаў хрысціць Юрку ўсякімі словамі. Кулакоўскі.

5. Разм. Біць, хвастаць. Я спытаўся: «І Хрысціна цябе б’е?» «Кожны дзень хрысціць, ратунку ніякага няма», — адказаў хлопчык і ўнурыў галаву. Гурскі. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі.

•••

Не дзяцей хрысціць каму з кім — не мець інтарэсу да каго‑н., не жадаць мець справы з кім‑н.

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Навучыць каго‑н., даць адукацыю; абучыць. Вывучыць сына цяслярскаму рамяству. □ Каб вывучыць усіх дзяцей, працавалі і бацька, і маці. Шыцік.

2. Вучачы, засвоіць, запомніць; развучыць. Вывучыць замежную мову. Вывучыць урок. Вывучыць песню.

3. Даследаваць што‑н. Вывучыць прычыны засухі. Вывучыць старажытную архітэктуру.

4. Уважліва наглядаючы за кім‑, чым‑н., добра спазнаць, зразумець, пазнаёміцца. Вывучыць характар сябра. □ Лясніцкі ішоў і лаяў сябе за тое, што не пазнаёміўся блізка, не вывучыў як належыць гэтага камандзіра. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; заг. гатуй; незак., што.

1. Варыць, рыхтаваць ежу. Вячэра, якую гатавала Вера, яшчэ не зварылася. Мікуліч. А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Колас. // Кіпяціць (ваду, чай).

2. Разм. Рыхтаваць, прыводзіць што‑н. у прыгодны для выкарыстання стан. Гатаваць насенне да пасеву. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка. // Рабіць запас чаго‑н.; нарыхтоўваць. Гатаваць дровы на зіму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́мнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да грымець.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. Нечакана грымнула вайна, і сын нават не развітаўся са сваёй добрай, чулай старэнькай маці. Новікаў.

3. чым і без дап. Моцна, з сілай ударыць, стукнуць. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале. Шамякін. Максім так грымнуў.. [афіцэрыку] у карак, што той носам заараў мокры пясок. Грахоўскі.

4. Разм. З грукатам упасці, паваліцца. І абняла Петрычыха ногі, ды так абняла, што .. [Журавінка] не адзержаўся на іх, на зямлю грымнуў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.

1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.

2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Быць набытым, купленым. Вопыт з гадамі нажывецца. □ [Маці:] — Людзі жывуць [і на дзвюх дзесяцінах.] — А гэта — што папродаем увесь свой абыходак — дык яно, жывучы, нажывецца зноў... Чорны.

2. Атрымаць прыбытак, абагаціцца. Сенатар куплены, ліхвяр, банкір Нажыцца хочуць на крыві і смерці. Зарыцкі.

3. Разм. Пражыць нейкі час; доўга, многа пажыць. [Марына:] — Хопіць, нажылася я з табой. Нікому не пажадала б такога шчасця. Шахавец. — От і жыццё: якіх дваццаць гадоў жанчыне, не нажылася, а ўжо ўдава, сын — сірата, — самотна закончыла маці. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намяка́ць 1, ‑ае.

Незак. да намя́кнуць.

намяка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму на каго-што і без дап.

Рабіць намёкі, гаварыць намёкамі, не выказваць адкрыта сваёй думкі. Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Колас. Дзед намякаў маёй маці, што яна была камсамолка і ўпрошвала яго не ўпарціцца, а ўступаць у калгас. Сачанка. Адносіны Васіліны да Іллюка не змяніліся ў гэтыя гады, яна стала нават шмат ласкавейшай, але пэўнага адказу, калі ён намякаў на жаніцьбу, не давала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)