пусці́цца, пушчуся, пусцішся, пусціцца; зак.
1. Адправіцца, накіравацца куды‑н. [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў такую далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Каб не астацца пры немцах, маці пусцілася ў эвакуацыю. Скрыган.
2. Пачаць хутка ісці, бегчы ў якім‑н. напрамку. Машына пайшла па шашы, а Люты з усёй сілы пусціўся за ёю. Кулакоўскі. [Ніна] спалохалася і не стала чытаць, залажыла пісьмо глыбока ў кашолку і пусцілася дадому. Лобан.
3. з інф. і ў што. Пачаць рабіць што‑н. Пусціцца даганяць. Пусціцца ў скокі. Пусціцца ў разважанні. □ — Ромка! Сюды! — закрычаў Віталік. Павярнуўся і пусціўся бегчы на вуліцу. Даніленка. За.. [дзяўчынаю] пусціўся ў рогат Воранаў, а тады і ўсе астатнія. Не стрымалася і Таццяна. Васілёнак. Калі сабраўся дзед з Міколкам рушыць у паход, маці таксама пусцілася ў слёзы. Лынькоў. // Пачаць займацца чым‑н. Дамеця, дык таго рэдка калі хто бачыць. Ён пусціўся ў навуку і ходзіць у Верамеевіцкую школу. Сабаленка.
4. на што. Рашыцца, пайсці на што‑н. Пусціцца на авантуру. Пусціцца на хітрасць. □ Тады толькі Шы Ку-ан зразумеў, на якую рызыку ён пусціўся. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)