Пры́шлы ’які прыйшоў адкуль-небудзь, нетутэйшы, чужы’; ’які прыйдзе, наступіць; будучы’ (Ласт., Байк. і Некр., Шат., ТСБМ; арш., шчуч., маст., зэльв., слонім., глус., добр., ЛА, 3), ’які прыйшоў, надышоў (аб часе)’ (Мал.), ст.-бел. пришлый ’будучы’. Рус. при́шлый ’нетутэйшы, чужы’, смал. ’наступны’, укр. при́шлий ’будучы’. Першапачаткова дзеепрыметнік на ‑л‑ ад дзеяслова прыйсці. Другое значэнне, магчыма, з польск. przyszły ’тс’, параўн., аднак, ст.-бел. пришлое ’будучае’ (1562 г.), якое Карскі (2–3, 42) разглядае як звыклы дзеепрыметнік прошлага часу. Гл. пры́шласць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабе́та ’сталая жанчына, звычайна замужняя’ (БРС, ТСБМ). У гаворках вядома на значнай тэрыторыі: ’маладзіца, сталая жанчына, замужняя жанчына і г. д.’ (Касп.; КЭС, лаг.; слуц., КЭС; Мядзв., Нас., Шат., Яруш.). Запазычанне з польск. мовы, гл. Слаўскі, 2, 301. У польск. мове слова вядома па тэкстах з XVI ст., аднак выключна з пейаратыўным значэннем. Што датычыць этымалогіі, то прымальнай версіі пакуль што няма. Падрабязны агляд версій пра магчымае запазычанне ў польск. мову і спробы вытлумачыць яго мясцовае паходжанне гл. у Слаўскага, 2, 300–303.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажа́рка ’стары кажух’ (Касп., Мядзв., Шат.; рас., Шатал.). Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя; структура ўтварэння не зусім ясная. Паводле Сцяцко, Афікс. наз., 149, з суф. ‑арк‑а ад кожа; аднак параўн. къжары (тулуп къжары); тэрыторыя, відаць, дрысен. (віц., КЭС). Гэта дае магчымасць бачыць тут семантычную кандэнсацыю выразу *кажары тулуп, суфікс у такім выпадку — ‑к‑. На іншую магчымасць тлумачэння ўказвае рус. валаг. кожара ’кажух з аўчыны, не пакрыты сукном’ і бел. кажарына (гл.), якія сведчаць аб аснове кажар‑, якое з ‑ар‑суфіксацыяй ад кожа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажухо́ваць, акажуховаць хату ’ашаляваць’ (Федар., рук.), кожухіўка ’шаляваная сцяна’ (кам., Нар. сл.). Рус. арл., болх., свярдл., с.-ур. кожушить ’шаляваць’, кожушка ’абшалёўванне’, польск. kożuchować ’шаляваць’, kożuchowanie, апошняе вядома з першай палавіны XVI ст., відавочна, прапускае. Бел. слова паводле фармальных адзнак і лінгвагеаграфіі неабходна лічыць паланізмам. Польск. да kożuch ’пакрыццё, аблямаванне’, параўн. дыял. kożuch ’аблямаванне з гліны, якое пакрывае ганчарную печ’. Рус. таксама вытворнае ад кожух, аднак статус яго (суадносіны з польск. словам — запазычанне? незалежныя ўтварэнні?) няясны, патрабуецца распрацоўка пытання на ўзроўні рэалій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́лкі ’кружкі ў «чапёлках» красён, па якіх праходзіць вяровачка і рухае ніты’ (Інстр. II). Калі дэфініцыя правільная, можна меркаваць аб субстытуцыі назвы кабылка, якая абазначае гэтыя і іншыя дэталі красён. Незалежная дэрывацыя ад казёл, казёлак менш верагодная па семантычных прычынах. Можна, аднак, дапусціць, што тут адлюстраваны выпадак адвольнага выбару тэрміна для дэталі, якая ў ліку іншых традыцыйна называецца рознымі дэрыватамі ад заонімаў і жорсткая прывязка тэрміна неабавязковая. Звяртае на сябе ўвагу другая назва рэаліі — качолкі, якая магла зрабіць уплыў на структуру разглядасмага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́льчык ’конік’ (ашм., смарг., Шатал.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад асновы казёл- ’маленькі казёл’, што або паводле паводзін насякомага, якое скача, або семантычная калька ці субстытуцыя такіх назваў, як конік, кабылка і пад. Звяртае на сябе ўвагу заходні рэгіён фіксацыі лексемы, аднак структурныя адпаведнікі ёсць і ў рус. гаворках. З суседніх можна прывесці смал. козельчик ’казляня’, росл., смал. ’узоры, якія маюць выгляд рагулек’, бран. ’дэталь калаўрота’, смал. ’кветка’, ’грыб масляк’; гэтыя прыклады сведчаць, што бел. казельчык магло быць пераносам з *казельчык ’казляня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлі́ць ’пець непрыемным, прарэзлівым голасам’ (Нас.). Празрыстае ўтварэнне ад казёл1, матывацыя таксама зразумелая. Дакладных адпаведнікаў няма, рус. козлить, козлиться ў значэнні ’весці сябе як казёл і інш.’ можна разглядаць як незалежныя ад бел.; аднак мадэль, па якой утвораны гэтыя лексемы, з’яўляецца, відаць, архаічнай. Бел. казліць можа захоўваць вельмі старажытную канструкцыю, якая ў выніку яе экспрэсіўнасці магла і змяняць структуру (клас дзеяслова) і спецыялізаваць значэнні. Рус. лексему, такім чынам, можна разглядаць як найбольш блізкую да архетыпу, хоць, зразумела, вельмі ўмоўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Какажу́х, кокожух ’твань, дрыгва; зыбкае месца’ (тур., ДАБМ). Рэгіянальнае ўтварэнне ад кажух ’тс’ (гл.). На думку Талстога (геагр., 185), — падваенне пачатковага складу, не выключана, аднак, што гэта ўтварэнне па аналогіі да кобагня і пад., г. зн. з эфемерным прэфіксам у выніку дзеяння мадэлі ўтварэння, пабудаванай на этымалагічным пераасэнсаванні. Калі тут рэдуплікацыя складу, то аналагічнымі ўтварэннямі можна лічыць рус. смал., паўдн. і зах., паводле Даля, какаты ’абутак з лыка або бяросты і інш.’ (каты), укр. какабат. «Лучшая кошуля ніж какабат» (Грынч., 2, 208).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калада́н, колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў з суфіксацыяй ‑ан няма. Бліжэйшыя паралелі: укр. колодач ’вялікі нож’, ’нож, які носяць у ножнах па поясе’, зах.-укр. колодачик, рус. дан., тульск. колодей ’вялікі кухонны нож з драўлянай ручкай’, хоць у гэтым прыкладзе суфіксацыя не вельмі тыповая для такіх утварэнняў. Параўн., аднак, рус. смал. колодейка ’невялікі абрубак дрэва, цурбан’, дзе суфіксацыя, магчыма, генетычна суадносіцца з папярэдняй. Матывацыя ўтварэнняў празрыстая — ’нож, які ўбіваецца ў калодку’ (у адрозненне ад нажоў з тронкамі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Незале́жнасць ’самастойнасць, аўтаномнасць’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), укр. незалежність ’самастойнасць, непадпарадкаванасць’. Запазычана з польск. niezależność ’тс’ або ўтворана на мясцовай глебе ад зале́жны, зале́жнасць ’несамастойнасць’, якое ў сваю чаргу, відаць, запазычана з польск. zależny, zależność ’тс’, ад zależeć ’быць залежным, несамастойным’ (< za‑leżeć, гл. ляжа́ць). На базе гэтай жа мадэлі прыназоўнік *za + дзеяслоў стану (спакою), аднак з іншым лексічным напаўненнем, утвораны рус. незави́симость (ад за‑висеть ’залежаць’), чэш. nezávislost, славен. nezavisnost, серб.-харв. неза́висност, балг. незави́симост, макед. независност і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)