Казлі́ць ’пець непрыемным, прарэзлівым голасам’ (Нас.). Празрыстае ўтварэнне ад казёл 1, матывацыя таксама зразумелая. Дакладных адпаведнікаў няма, рус. козлить, козлиться ў значэнні ’весці сябе як казёл і інш.’ можна разглядаць як незалежныя ад бел.; аднак мадэль, па якой утвораны гэтыя лексемы, з’яўляецца, відаць, архаічнай. Бел. казліць можа захоўваць вельмі старажытную канструкцыю, якая ў выніку яе экспрэсіўнасці магла і змяняць структуру (клас дзеяслова) і спецыялізаваць значэнні. Рус. лексему, такім чынам, можна разглядаць як найбольш блізкую да архетыпу, хоць, зразумела, вельмі ўмоўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)