сто́млены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаміць.

2. у знач. прым. Абяссілены, змораны цяжкай работай ці якім‑н. іншым заняткам. Стомлены хлопец цяжка ўзняўся з сядзення, з сэрцам узяўся за .. лапату і .. стаў падкідваць вугаль. Лынькоў. Тады з неба — глыбокага звона — Горда падае стомлены жаўранак. А за ім доўга яшчэ Асыпаецца, як лісце з дрэў, Яго песня... Сіпакоў. / у знач. наз. сто́млены, ‑ага, м. Стомленаму прыемна легчы адпачыць на свежым духмяным сене. Машара. // Які выяўляе стомленасць. Як бы знарок марудзячы прызнавацца, чаго прыйшоў, Пазняк аглядаў стомленым позіркам сцены, увешаныя фотакарткамі. Дуброўскі. У акне адбіваўся крышку стомлены, немалады ўжо твар жанчыны, адбіваўся чырвоны шалік, шэрае паліто. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарс, ‑а, м.

1. Тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу. Зусім няслушным з’яўляецца сцверджанне тых даследчыкаў, якія імкнуцца радаслоўную гогалеўскіх герояў шукаць не ў рускай рэчаіснасці, адкуль быў узяты сюжэт камедыі, а нібыта ў французскіх вадэвілях і фарсах, якія ставіліся тады ў рускіх тэатрах. «Полымя». Нельга адмаўляць таго, што ў фінале «Паўлінкі» скарыстаны элементы вадэвіля і фарса. Ярош. // Манера ігры акцёра, заснаваная на блазенстве, грубых жартах з мэтай выклікаць смех у гледачоў.

2. перан. Ганебнае, цынічнае відовішча. Судовы працэс над ім [Хойзерам] звялі да фарса. Новікаў. Супастаўляючы гэтыя працэсы, ён [Максім] зразумеў, што цяперашні працэс ёсць не што іншае, як пусты фарс для выратавання прыстойнасці панскага правасуддзя. Машара.

[Фр. farce.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на каго-што, у што і без дап.

Выпускаць ротам струмень паветра, каб сагрэць, прыцішыць боль і пад. [Міканор] абціраў рукі аб палу світы, хукаў — грэў — і зноў з вясёлай ахвотаю пілаваў, абсякаў, валок да саней. Мележ. Нага апухла ад нечага, відаць, дужа баліць, і.. [хлапчук] увесь час згінаецца над ёю ды хукае на яе. Галавач. [Крук] даставаў пячатку, хукаў на яе, паднёсшы да самага рота, як усё роўна грэў пальцы ад холаду, тады стукаў па стале па сініх паперах — у адным месцы, у другім. Пташнікаў. / у перан. ужыв. Сапраўды, з гэтага нарыса.. [Марына] выглядала нейкай спешчанай матчынай дачкой, на якую ўсё жыццё хукалі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шкляная пасудзіна цыліндрычнай формы, без ручкі, прызначаная для піцця. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. Гардзей прыносіць новую пляшку і да краю налівае Ігнатаву шклянку. Мележ. // Змесціва такой пасудзіны, колькасць вадкасці або рэчыва, якая ў яе ўмяшчаецца. Калі .. [бацька] выпіў кампот, жанчына наліла яшчэ шклянку і толькі тады пачала размову: — Да Наташы Віктар хоча прыйсці на Новы год. Навуменка. Павел адставіў ад сябе шклянку чаю і запытаў: — А няўжо гэта мае нейкія адносіны да снедання? Гроднеў.

•••

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядо́к, едака, м.

1. Той, хто есць, мае патрэбу ў харчаванні. Хай штогадок ядок, Няхай няма навару — Шануй паэт радок І не ашуквай мару. Барадулін. // (звычайна з азначэннем). Разм. Пра чалавека, які выяўляе пэўныя адносіны да яды. — Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так! Быкаў. Які ядок, такі і работнік. З нар.

2. Чалавек як адзінка ўліку пры размеркаванні, выдаткаванні якіх‑н. сродкаў, неабходных для жыцця. Праменні цёплыя свяцілі У сэрцах нашых, у вачах, Калі зямлю, лугі дзялілі Тады па душах, едаках. Бялевіч. // Член сям’і, што харчуецца разам з іншымі яе членамі. Сям’я — у наўкруг за сталом. Багата яна едакамі, Дарослыя, дужыя ўсе. Прануза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

На́білка ’рухомая рамка ў кроснах, у якую ўстаўляецца бёрда’ (Касп., Воўк-Лев., Татарк., ТС), на́білкі (Байк. і Некр.; Шат.; Янк. 1; Тарнацкі, Studia; Гарэц., Бяльк.), набілкі (Др.-Падб., Янк. і, ТС), на́біліца (ТС), набіліца (Касп.), набіліцы (БРС, Байк. і Некр.; Шат.; докш., Янк. Мат.; полац., Хрэст. дыял.; Воўк-Лев., Татарк.), набіліцы (Янк. і, Грыг., Маш., Мядзв., Кліх, Бір. Дзярж., Др.-Падб., Тарнацкі, Studia; ТС; Бяльк.), набыліца (Дразд.), на́белкі (Бяльк.). Параўн. укр. на́білки, рус. набилки і на́белки. Хутчэй за ўсё ад біла (гл.), якое ў розных слав. мовах абазначае ў тым ліку дэталь у кроснах, якая служыць для прыбівання нітак пры тканні, параўн. чэш. bidlot н.-луж. bidlo і інш., а таксама біла, было ’набіліцы’ (в.-дзв., бяроз., Шатал.), тады набілкі, набіліцы абазначае тое, што накладваецца, надзяецца на білы, вертыкальныя рухомыя часткі дэталі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недацёпа асудж. ’дурны чалавек’ (міёр., З нар. сл.), недоцёпа экспр. Здагадлівы чалавек’ (ТС), укр. недотепа ’няздольны, няўмелы чалавек’, рус. недотёпа ’няўклюда’ і ’памылка пры тканні — прапушчаная ці выцягнутая нітка ў аснове’ (пск., СРНГ). З неда- ’недастаткова’ і цепсці ’біць, трапаць’ або цяпаць ’стукаць’, якія ў экспрэсіўным ужыванні могуць мець і іншыя пераносныя значэнні, у тым ліку ’разумець, цяміць, кеміць’, параўн. укр. дотеп ’досціп’, дотёпний ’дасціпны’; калі дапусціць наяўнасць падобнага, незафіксаванага ў беларускай мове слова, то з не і *дацёпа ці *дацяпа, параўн. расцяпа ’разява’; рус. недотяпа ’няўмека’; ткацкі тэрмін у рускай мове сведчыць аб магчымай крыніцы слова ў сферы тэрміналогіі з пераходам канкрэтнага значэння ў экспрэсіўнае, што здараецца вельмі часта, тады развіццё значэння ад ’недастаткова выцягнуты’, ’нестаранна зроблены’ (параўн. цёпкаць ’выцягваць ніткі з тканіны’) да ’няўклюдны’ і ’дурны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заўсёды, дыял. заўсягда́, заўсягды (Сл. паўн.-зах.). Рус. тамб., варонеж. завсегды́, дыял. завсегда, завсёгды, завсе́гды, завсегды, укр. за́вжди, дыял. завсігди, польск. дыял. zawszegdy, zawszedy, серб.-харв. за́свагда, за̀свакад(а) ’тс’. Ст.-рус. завсегда (XV–XVI стст.). Параўн. польск. zawsze ’заўсёды’, балг. за́все ’назаўсёды’, рус. всегда і інш. З za + vьsь‑gъda з тым, што другі элемент, можа, меў форму *vьse, а трэці — gъdy, дзе za прыназ. (гл. за). vьsь займеннік (гл. увесь), а кампанент gъd‑ азначаў у шэрагу прыслоўяў і прыназоўнікаў час (гл. яшчэ тады) і, магчыма, суадносіцца з год (гл.) ці шэрагам і.-е. слоў, што маюць знач. ’калі’: ст.-інд. kadā́, літ. kadà, лат. kad, ст.-прус. kaden. ESSJ SG, 2, 748–750; Фасмер, 1, 362–363; Траўтман, 111; Тапароў, I–K, 117–119; Шанскі, 2, З, 21, Шуба, Прыслоўе, 60.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галадамі́рыць ’паміраць з голаду; марыць голадам’ (Нас.). Не вельмі яснае ўтварэнне. Здаецца, гэта складанае слова, але не выключаецца, што яно сапсаванае; магчыма, гэта нейкае жартаўлівае ўтварэнне. Акрамя Насовіча, яно быццам больш нідзе не зафіксавана. Няма яго таксама ў рус. і ўкр. мовах. Можна меркаваць, што яно ўзнікла ў якімсьці дыялекце як гібрыд двух слоў: голад (дакладней, пэўнай формы гэтага слова) і мерці, мярэць і да т. п. Тады ’паміраць з голаду’ будзе першапачатковым значэннем, а ’марыць голадам’ — другасным. Другаснымі (вытворнымі) па паходжанню і па значэнню з’яўляюцца і зафіксаваныя ў Насовіча галадамі́ра, галадамі́рны ’той, хто мала есць’. Яшчэ далей стаіць яўна занесенае з іншых дыялектаў галадаме́р (Сцяц. Словаўтв.) ’ненаедны (якога цяжка накарміць)’. Паколькі гісторыя гэтай групы слоў застаецца невядомай, то, акрамя вельмі гіпатэтычных меркаванняў, сказаць што-небудзь пэўнае пра іх сапраўднае паходжанне вельмі цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)