праме́нь, ‑я; мн. прамені, ‑яў і прамяні, ‑ёў; м.
1. Вузкая паласа святла, якая ідзе ад якой‑н. крыніцы святла або прадмета, які свеціцца. Тонкаю ніткаю прашыўся з неба прамень сонца. Арабей. У левай руцэ Фёдар Цімафеевіч трымаў ліхтар, які кідаў уперад нядоўгі, але шырокі прамень святла. Васілёнак. // перан.; чаго. Хуткае, нечаканае праяўленне чаго‑н., пробліск. [Лютынскі:] Ніводзін прамень славы іх [бальшавікоў] не ўпадзе на тваю галаву. Крапіва.
2. звычайна мн. (прамяні́, ‑ёў). Спец. Лініі распаўсюджання энергіі хваль (электрамагнітных, светлавых і пад.). Рэнтгенаўскія прамяні. Прамяні радыя.
•••
Інфрачырвоныя прамяні — нябачныя прамяні, якія складаюць частку спектра, што працягваецца далей бачнай часткі ад чырвонага яго канца.
Касмічныя прамяні — асобыя прамяні, якія пранікаюць у атмасферу з космасу і нясуць у сабе вялікую энергію.
Катодныя прамяні — паток электронаў, які наглядаецца пры электрычным разрадзе ў трубцы з разрэджаным газам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
настро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
1. Надаць музычнаму інструменту пэўную вышыню гуку. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Тым часам Віктар настроіў гітару і прыемным барытонам пачаў спяваць. Ваданосаў.
2. Падрыхтаваць да работы, наладзіць, адрэгуляваць (пра механізмы). Настроіць станкі. // Прыстасаваць для прыёму хваль (радыё, магнітных і пад.). [Сенатар] настроіў тэлевізар на другую хвалю. Гамолка.
3. Выклікаць які‑н. настрой. Простая, знаёмая з.. маленства, работа дала [Сіротку] асалоду, дзіўна хораша настроіла, зрабіла добрым, лагодным, вясёлым. Шамякін. Багатая кватэра настроіла Дземідзецкага на вясёлы лад. Новікаў. На філасофскі часам лад Настроіш думкі ты ў самоце. Колас.
4. Выклікаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі (у адносінах да каго‑, чаго‑н.). Настроіць усіх супроць сябе. □ Бацька навучыў мяне чытаць буквар і разам з маці так настроіў на вучобу, што я з радасцю пераступіў школьны парог. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пыл, ‑у, м.
1. Найдрабнейшыя цвёрдыя часцінкі, часцей паднятыя з паверхні зямлі, якія лятаюць у паветры або аселі на паверхню рэчаў. Дарожны пыл. Мучны пыл. □ Клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй. Лынькоў. Па дарогах днём і ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны. Грахоўскі. Ля сцяны стаялі тры куфры, акаваныя жалезам. На ўсім гэтым тоўстым пластом ляжаў пыл. Чарнышэвіч. // Найдрабнейшыя часцінкі вады, снегу і пад. Снежны пыл, падхоплены ветрам, узнімаўся над зямлёй. Мікуліч. Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль. Лынькоў.
2. Тое, што і пылок (у 2 знач.). У пчалы на ножках Дзьмухаўцовы пыл. Узнялася з ношкай, Ледзь хапіла сіл. Калачынскі.
•••
Касмічны пыл — дробныя цвёрдыя часцінкі міжпланетнай і міжзоркавай прасторы.
Аж (толькі) пыл курыць (закурэў) — вельмі хутка (пайсці, пабегчы, паехаць і пад.).
Пусціць пыл у вочы гл. пусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вал, ‑а; мн. валы, ‑оў; м.
1. Доўгі, высокі земляны насып. Замест агароджы вакол могілак былі калісь выведзены акопы з даволі высокім валам. Колас. [Шорнер:] — Не ў страх такім салдатам ні крэпасці валы, ні сцены казематаў. Бачыла. // Доўгая і высокая града чаго‑н. Па-над парканам пышным валам Стаяў вішняк густы, прыўдалы. Колас. Нізкія валы хмар.. праплывалі над лесам. Асіпенка.
2. Высокая хваля. І, як заўсёды, безупынна праз возера каціўся вал. Дубоўка. Сыходзяцца тут, на стыку двух мацерыкоў — Азіі і Амерыкі, — стрэчныя вятры і разганяюць цяжкія валы свінцовых хваль. Б. Стральцоў.
3. Суцэльная лінія ваенных умацаванняў. Хвалёныя непрыступныя валы нямецкай абароны пратараньваліся з ходу магутнымі танкавымі злучэннямі. Васілевіч. // Самкнуты, шчыльны строй людзей. Рад за радам чоткім крокам Вал праходзіць малайцоў. Колас.
4. Цыліндр, які перадае рух тым ці іншым часткам механізма. Вал млына. Вал турбіны. Грабны вал.
•••
Агнявы вал — паласа артылерыйская абстрэлу, якая перамяшчаецца наперадзе атакуючага войска.
Валам валіць гл. валіць.
Дзевяты вал — а) самая моцная і небяспечная хваля ў часе марской буры (ад міфалагічнага ўяўлення ліку дзевяць як свяшчэннага); б) сімвал грознай небяспекі або найбольшага ўздыму чаго‑н.
Стаць валам гл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свіст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Рэзкі, высокі гук, які ўтвараецца моцным выдыханнем паветра праз сціснутыя губы ці зубы, а таксама пры дапамозе свістка ці іншага прыстасавання. Першым свіснуў самы меншы хлопчык. Ад яго свісту спынілася машына. Няхай. // Такі гук, як выражэнне незадавальнення чым‑н., асуджэнне чаго‑н. Кожнае прозвішча сустракалася то воплескамі, то маўчаннем, а то і свістам з якога-небудзь кутка плошчы. Хадкевіч.
2. Гук такога тэмбру, які ўтвараецца птушкамі, жывёламі. Свіст драздоў. Свіст сусліка. □ Травы, краскі, кожны ліст На бярозе, клёне — Салаўіны ловяць свіст, Скачуць у тым звоне. Бялевіч.
3. Высокі, рэзкі гук, які ўтвараецца парай, паветрам, што вырываецца з сілай праз вузкую адтуліну. Свіст паравоза. □ У кабіну са свістам шуганула паветра. Алешка. // Гукі, якія ўзнікаюць пры хуткім руху хваль паветра ў слаях атмасферы. Такія ўжо вятры... Здаецца, з шумам, свістам Раскладваюць кастры З асыпанага лісту. Астрэйка.
4. Гук, які ўтварае прадмет пры хуткім рассяканні паветра. Свіст куль. □ Вуліцы, па-над якімі, як адвечны праклён, толькі і чулася лаянка людзей, свіст пуг ды натужнае хрыпенне коней — гэтыя вуліцы былі прыўзняты, забрукаваны. М. Ткачоў. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў.
•••
Мастацкі свіст — высвістванне мелодыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмато́к, ‑тка, м.
1. Абрэзак, абрывак (скуры, тканіны і пад.). Да прыходу Тараса.. [Зося і Маша] нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Шамякін. Ляжаў.. [Заранік] у невялікім пакойчыку на ложку, распрануты і накрыты коўдрай, пашытай з рознакаляровых шматкоў. Хадкевіч. // толькі мн. (шматкі́, ‑оў). Лахманы; кавалкі, кускі чаго‑н. Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі нейкія рваныя шматкі — так яго пасеклі кулямі і асколкамі. Карпюк. Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і пачаў таптаць яго нагамі. С. Александровіч.
2. Жмут чаго‑н. Ля лазовага карча ваўкі, напэўна, схапілі соннага зайчыка, бо на снягу былі відаць кропелькі крыві і валяліся шматкі поўсці. Федасеенка.
3. Асобны невялікі кавалак, камяк чаго‑н. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. Ля берага ад невялікіх хваль пагойдваліся шматкі наздраватай рудой пены. Гамолка. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Колас. // Пра невялікую, нязначную частку чаго‑н. Там-сям віднеў травы шматок Сярод пяскоў рудых. Астрэйка. На шэрым полі там-сям шматкі ярка-зялёнай азіміны, у лагчынах — ніцыя, без лістка вербы. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эфі́р, ‑у, м.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — самы верхні, чысты і празрысты слой паветра; месцазнаходжанне багоў.
2. Вышыня, паветраная прастора. Я не слыхам — істотаю чую, Як, гайдаючы рэхам эфір, На світанні і ў поўнач глухую Не сціхае магутнае: — Мір! Глебка. // Паветраная прастора вакол зямнога шара, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі. Тройчы перадаваў старшыня ў эфір шыфроўку, тройчы пераходзіў на прыём, але адказу не было. Кухараў. Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі. «Маладосць». У мой пакой прыйшлі яны [песні] з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі.
3. (звычайна ў спалучэнні са словам «сусветны»). Паводле старых тэорый фізікі — своеасаблівае суцэльнае асяроддзе, якое нібыта напаўняе сабой усю сусветную прастору і дае магчымасць растлумачыць распаўсюджванне святла і электрамагнітных хваль. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родаяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў... Гартны.
4. Спец. Арганічнае злучэнне (напрыклад, кіслот са спіртамі), якое з’яўляецца бясколернай лятучай вадкасцю з характэрным рэзкім пахам і выкарыстоўваецца ў медыцыне, тэхніцы, парфумерыі. Этылавы эфір. □ Прывязаўшы каня, веставы ўвайшоў у хату. Салодкі пах эфіру і крыві шыбануў у нос. Асіпенка.
[Грэч. aithēr.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрыбе́т, ‑бта, М ‑бце, м.
1. Пазваночнік чалавека, жывёлы або рыбы. Поўсць на высокім хрыбце непрыгожа ўскудлачаная, брудна-бурая, а пад шыяй вісіць клоччам, як бывае вясной, калі звер ліняе. Шамякін. Абодва бакі жэраха пакрыты бліскучай серабрыстабелай луской, якая на самым хрыбце афарбавана ў шэры і нават цёмны колер. Матрунёнак. [Чабаноўскі] абапёрся на яе плячо. Ядзя абхапіла рукой яго спіну, праз тонкі шынель адчувала востры хрыбет. Асіпенка. // перан. Аснова, апора, касцяк. Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч.
2. Разм. Спіна (у чалавека або жывёлы). Пад зялёным хмызам Церлася хрыбтом, Хмыз бязрогім, лысым Кратала ілбом [ласяня]. Калачынскі. [Андрэй:] — А я нагой у хрыбет [вартавога], а рукой на рэгулятар. Лынькоў.
3. перан. Верхні край чаго‑н. (хвалі, страхі і пад.). На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець. Пестрак. Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імглістых хваль. Бядуля.
4. Рад гор, якія працягнуліся ў адным кірунку; горны ланцуг. Горны хрыбет. □ Раптам шлях засланілі хрыбты Алатау, Ля падножжа — у яблынях Алма-Ата. Панчанка. Унізе зялёная даліна, кветкі, сцюдзёная вада ў шумлівай рачулцы, а ўзнімеш вочы — не верыцца: хоць смаліць сонца, а вунь на хрыбтах снегавыя шапкі. Гроднеў. Над Аюдагам — над Мядзведзь-гарою — Хрыбет увесь імглой завалакло. Караткевіч.
•••
Спінны хрыбет — пазваночнік.
Ламаць хрыбет гл. ламаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпурля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
Разм.
1. і чым. З сілай кідаць што‑н. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. [Федзя:] — Няпраўда! Вы [хлопцы] усе шпурлялі ў звон каменнямі... таму іх так многа тут! Ваданосаў. Зіма снягоў шпурляла жмені, Сумёты белыя мяла, Але крынічныя струмені Скаваць ільдамі не змагла. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад колаў раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў. // Ставіць, класці, кідаць што‑н. неахайна, абы як. Да таго ж прыемна было [Юрку] слухаць, не запісваючы, з незалежным выглядам шпурляць дома падручнікі на падаконнік, рабіць усё, як табе хочацца... Карпаў. // часцей безас. Моцна качаць, трэсці, тузаць і пад., прымушаючы каго‑, што‑н. рабіць рэзкія, бязладныя рухі. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, пад бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна [Прыпяць] няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі. Колас. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ўбакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка.
2. Раскідваць што‑н. у розныя бакі. А Базыль бушаваў. Хадзіў па хаце, шпурляў нагамі табурэткі, зламаў вілачнік ля печы. Курто. / у безас. ужыв. Часам з вогнішчаў сыпала снапы іскраў, шпурляла навокал галавешкі. Мележ.
3. перан. Выдаткоўваць без карысці; марна траціць што‑н. Шпурляць грошы на вецер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)