Дыфракцыя хваль 4/100, 336; 11/46

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дысперсія хваль 4/46, 331; 10/527; 11/46

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пераломленых хваль метад 9/467

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Адбітых хваль метад 9/467

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Хваль Б. М. 11/116

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ ХВАЛЬ, рэфракцыя хваль,

змена напрамку распаўсюджвання хвалі ў неаднародным асяроддзі, абумоўленая залежнасцю фазавай скорасці хвалі ад каардынат. Разглядаецца як асобная (незалежная ад дыфракцыі хваль) з’ява толькі ў межах прамянёвага апісання хвалевых працэсаў (гл. Геаметрычная оптыка, Геаметрычная акустыка). Адрозніваюць П.х. на плоскай ці плаўна выгнутай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў і П.х. у плаўна неаднародным асяроддзі.

Пры пераламленні плоскай монахраматычнай хвалі на плоскай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў напрамкі распаўсюджвання падаючай і пераломленай хваль падпарадкоўваюцца закону Снэля (гл. Пераламлення паказчык). На мяжы падзелу анізантропных асяроддзяў, дзе фазавая скорасць хвалі залежыць ад напрамку яе распаўсюджвання, адной падаючай хвалі могуць адпавядаць некалькі пераломленых хваль (гл. Падвойнае праменепераламленне). Пры рэзкіх межах падзелу асяроддзяў П.х. суправаджаецца адбіццём хваль. Суадносіны амплітуд падаючай, адбітай і пераломленай хваль залежаць ад прыроды і палярызацыі хваль і вызначаюцца Фрэнеля формуламі. Рэфракцыяй хваль тлумачацца многія з’явы прыроды: міражы, гукавыя каналы ў атмасферы і ў акіяне, звышдалёкая радыёсувязь і інш. Гл. таксама Пераламленне святла, Сейсмічныя хвалі.

В.​В.​Валяўка.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ХВА́ЛЬ,

з’ява ўзмацнення ў адных і аслаблення ў другіх пунктах прасторы амплітуды выніковай хвалі, атрыманай пры складанні дзвюх (ці больш) хваль. Назіраецца для хваль любой прыроды. Прыводзіць да пераразмеркавання энергіі ваганняў паміж суседнімі ўчасткамі асяроддзя, аднак у сярэднім выніковая энергія роўная суме энергій зыходных хваль.

І.х. адбываецца, калі рознасць іх фаз не мяняецца з цягам часу (гл. Кагерэнтнасць) або змяняецца настолькі павольна, што атрыманая інтэрферэнцыйная карціна за час назірання не паспявае зрушыцца на адметную велічыню; для назірання інтэрферэнцыі папярочных хваль неабходна таксама супадзенне плоскасцей іх ваганняў. Амплітуда выніковага вагання мае найб. значэнне, калі φ = 2πn, дзе п — цэлы лік, і найменшае, калі φ = 2πn+1. Размеркаванне максімумаў і мінімумаў у прасторы залежыць ад даўжыні хвалі, памераў, формы і ўзаемнага размяшчэння крыніц зыходных хваль. Асобны выпадак І.х. — інтэрферэнцыя сустрэчных хваль (напр., прамой і адбітай), што вядзе да ўтварэння стаячай хвалі. І.х. выкарыстоўваецца ў оптыцы (гл. Інтэрферэнцыя святла), астрафізіцы, акустыцы, радыётэхніцы, галаграфіі і інш. Гл. таксама Інтэрферометр.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Інтэрферэнцыя хваль: 1 — інтэрферэнцыя дзвюх хваль на паверхні вады; 2 — утварэнне мінімумаў (а) і максімумаў (б).

т. 7, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФРА́КЦЫЯ ХВАЛЬ,

з’ява адхілення хваль ад прамалінейнага распаўсюджвання ў асяроддзях з рэзка выражанымі неаднароднасцямі (напр., з перашкодамі). Пры гэтым хвалі агінаюць перашкоды і трапляюць у вобласць геам. ценю. Прырода Д.х. тлумачыцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу.

Д.х. найб. выразна праяўляецца ў выпадках, калі памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі λ. Таму дыфракцыя гукавых хваль (λ~1 см), паверхневых хваль на вадзе (λ~1 м) і радыёхваль (λ~100 м і больш) назіраецца ў натуральных умовах, а дыфракцыя святла (λ~10​−6 — 10​−7м) патрабуе спец. умоў (вузкія шчыліны, адтуліны і інш.). Гл. таксама Дыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў, Дыфракцыя часціц.

К.​М.​Грушэцкі.

Да арт. Дыфракцыя хваль. Праходжанне плоскай гукавой хвалі праз адтуліны розных памераў.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЕ ХВАЛЬ,

пераўтварэнне энергіі хвалі ў інш. віды энергіі ў выніку ўзаемадзеяння з інш. хвалямі і асяроддзем, дзе распаўсюджваецца хваля. Вядзе да аслаблення энергіі хвалі паводле экспаненцыяльнага закону (аслабленне хваль выклікаецца і інш. з’явамі, напр., рассеяннем хваль). Механізм П.х. залежыць ад прыроды хвалі і ўласцівасцей асяроддзя (гл. Паглынанне гуку, Паглынанне святла).

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯННЕ ХВАЛЬ,

узбурэнні хвалевых палёў, выкліканыя неаднастайнасцямі асяроддзя, дзе распаўсюджваюцца хвалі, ці на рассейвальных аб’ектах у гэтым асяроддзі. Вынік дыфракцыі хваль на асобных аб’ектах рассеяння вядзе да ўтварэння другасных хваль, якія распаўсюджваюцца ва ўсіх магчымых напрамках, а таксама да аслаблення інтэнсіўнасці зыходнай хвалі. Для Р.х. ад мноствавых аб’ектаў характэрны калектыўныя эфекты, абумоўленыя суперпазіцыяй палёў рассеяння і шматразовым рассеяннем. Так фарміруюцца дыяграмы рассеяння ад перыядычных структур, напр., дыфракцыйнай рашоткі.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)