Ла́йба1 ’барліна, баржа, вялікая лодка з дзвюма будкамі грузападымальнасцю ў 5–10 т’ (Гарэц., Касп., Дэмб. 1, Яруш., Рам. 8, Нар. сл., КЭС, лаг.), ’вялікая парусная лодка з двума парусамі’ (ТСБМ). Укр. ла́йба, рус. лайб, ла́йба ’баржа, лодка’, ст.-рус. лоива ’судна ў наўгародцаў, немцаў, карэлаў’, польск. łajba ’баржа на Заходняй Дзвіне’, літ. laĩvas, laĩvė ’карабель’, laivà, лат. laĩva ’лодка’ — усе з фін. laiva ’лодка, судна’ (Фасмер, 2, 450–451; Бернекер, 686; Фрэнкель, 335; Слаўскі, 4, 434). Лаўчутэ (Балтизмы, 145), Блесэ (SB, 4, 1935–1936, 14) лічаць, што ў слав. мовах — гэта балтызм. З балт. моў слова было запазычана ў фінскія (Буга, Rinkt, 1, 309–311). Сюды ж лайбоўшчык ’шкіпер на лайбе’ (дзвін., Нар. сл.).

Ла́йба2 ’вялікі воз для перавозкі сена’ (Сл. паўн.-зах.) — паводле Грынавецкене, запазычана з літ. láiva ’воз з кузавам’ (Сл. паўн.-зах. 2, 612). Сюды ж пераносныя: ла́йба ’карова з вялікім жыватом’, ла́йба, ла́йбіна ’вельмі тоўстая, здаровая жанчына’ (З нар. сл.), ’тоўсты чалавек’ (Сл. паўн.-зах.).

Лайба́ ’лаянка’ (Нас.). Да ла́яць. Утворана пры дапамозе суф. -ба, як і клятба, бажба, барацьба і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мень, мянёк, менёк, мінёк, менюх ’мянтуз, Lota lota’ (ТСБМ, Жук., Бір. Дзярж., Янк. 3., Шат., Бяльк., ТС, Дразд., Яруш., Касп., Дэмб. 1, Нас., Мат. Гом., Ян.; бых., Рам. 8), ’тоўсты, непаваротлівы маўклівы чалавек’ (Растарг.). Укр. мень, мнюх, рус. мень, мен, мёнух, ментю́к, польск. mień, mieniek, н.-луж. méńk, в.-луж. mjenk, чэш. meň, mník, mík, славац. mień, славен. menȅk, mének, menjek. Прасл. mьnь (Фасмер, 2, 599; Бязлай, 2, 177). Апошні падае яшчэ форму menь, а Махэк₂ (370) — толькі meńь. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. ménkė ’траска, лат. menca, англ. minnow ’дробная рыба’, с.-н.-ням. möne, галан. meun, ст.-в.-ням. muniwa, ст.-грэч. μαίνη, μαινίς, μαινίδιον ’акунь’ (Сольмсен, KZ, 37, 585; Фрэнкель, 436; Фасмер, там жа). Аб адпаведнасці ст.-грэч. μαίνη і ст.-інд. mináḥ гл. Шарпанцье, KZ, 47, 181; Майргофер, 2, 643. Махэк₂ (370) дапускае, што прасл. слова паходзіць з угра-фінскіх моў, параўн. чараміск. men, венг. meny‑hal, фін. monni ’мянтуз’. Голуб-Копечны звязваюць лексему мень з ме́ншы (Трубачоў, Дополн.). Аб пашырэнні мень у рус. гаворках гл. УЗЛІЛІ, 825, 1968, 145–155. Параўн. таксама мянту́з.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талакно́ ’мука з ачышчанага пражанага аўса; страва з такой мукі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Серб. Вічын, Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ’страва з аўса’ (Жд. 3), ’кісель з аўсянай мукі’ (полац., ЛА, 4), ’зацірка з цёртага канаплянага семені’ (Мат. Гом.), ’страва, прыгатавала з грэцкай мукі і кіслага малака’ (лях., Сл. ПЗБ), талакно́, толокно́ ’страва з аўсянай мукі або патоўчанага канаплянага семені’ (Лекс. Бел. Палесся), толокно́ ’страва з аўсянай мукі’ (ТС). Параўн. укр. толокно́ ’мука з падсушанага аўса, тоўчаных сухароў’, рус. толокно́ ’тоўчаная аўсяная мука, каша з гэтай мукі’, польск. tłokno ’ежа з аўсянай мукі, гарачай вады і малака’. Паводле Сноя (гл. Бязлай, 4, 187), сюды ж славен. *tlakno ’нейкая мучная ежа’, рэканструяванае на падставе запазычання ў ням. бавар. Talken ’аўсяныя крупы’, што да *tolkъno, з якога праз усходнеславянскія мовы было запазычана фін. talkkuna ’аўсяная каша’ (Фасмер, 4, 73). Звязана з таўчы (гл.), паколькі рэдкая словаўтваральная мадэль з суф. ‑ъno (параўн. сукно, валакно і пад.) характэрна для старых назваў вынікаў дзеяння, выражаных зыходным дзеясловам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяля́ва ’рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская’ (ТСБМ), ’рапушка, Coregonus albula L.’ (Касп., Жук., Сцяшк.), селя́ва, сяля́ўка ’тс’, ’сібель’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), сіля́ўка ’тс’ (лід., шальч., лудз., Сл. ПЗБ), сіля́ва ’рыба накшталт селядцоў, што водзіцца ў вялікіх азёрах’, сіля́ўка ’ўклейка, дробная рыба’ (Нас.), сіля́ўка, селя́вка ’рыба верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (ТСБМ, Дэмб. 2, Жукаў). Укр. селя́ва ’шэмая дняпроўска-азоўская, Chalcalburnus’, рус. пск. села́ва ’верхаводка’, прыпары., кубан. селя́ва ’шэмая; від верхаводкі’, польск. sielawa ’сіг еўрапейскі, Coregonus albula L., верхаводка’. Слова без задавальняючай этымалогіі. Насовіч формы з пачатковым сі‑ выводзіў ад сіляць ’вудзіць’: силявочку силяець (Нас., 579), што з улікам фанетыкі і геаграфіі слоў успрымаецца як народная этымалогія. Дапускалі запазычанне з літ. seliavà ’сіг еўрапейскі’, salavà, sel(i)ovà, sélava, sèlava ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 19, 249), збліжэнне з фін. salakka ’верхаводка’ (Праабражэнскі, 2, 271; Карскі, Белорусы, 108). Супраць Фасмер (3, 594), які ўказвае на распаўсюджанне назвы на поўдні; да таго ж літоўскія формы па фанетычных прычынах не спрадвечныя (Буга, Rinkt., 1, 552), лічацца запазычаннямі са славянскіх моў (Фрэнкель, 774), або, прынамсі, іх балцкае паходжанне недастаткова аргументавана (Лаўчутэ, Балтизмы, 148), гл. падрабязней Анікін, Опыт, 275; ЕСУМ, 5, 210 з аглядам версій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́йна1 ’апускай уніз! (у мове грузчыкаў, будаўнікоў)’ (ТСБМ), рус. чарнаморск. ма́йна ’паднімай ветразі!’, лат. maina ’апускай!’ (у мове грузчыкаў), тур. mayna ’апускай ветразі!’ < італ. (am)mainare ’тс’. Недастатковасць матэрыялу не дазваляе вызначыць шлях запазычання ў бел. мову.

Ма́йна2 ’палонка, шырокая расколіна ў лёдзе’ (ТСБМ), лельч. майна́ ’луг, затоплены вадой’ (Мат. Гом.). Рус. арханг., алан., вяцк., ленінгр. ма́йна ’палонка’. Паводле Кілімы (160) — уграфінізм, параўн. фін. mainas, водск. maina ’вялікая палонка’. Параўн. таксама рус. майда ’тс’ (Фасмер, 2, 559).

Ма́йна3 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.)’ (маг., Кіс.) — з манна, у выніку распадабнення нн > йн; укр. манна ’тс’, рус. манник ’тс’. Да ма́нна (гл.). Матывацыя: гэта расліна для славян была вельмі важнай — у перыяд нястачы яны збіралі яе насенне і ўжывалі ў ежу (Махэк, Jména, 280).

Майна́1 ’трызненне’, майна́чыць ’трызніць’, ’гаварыць абы-што, выдумляць’ (гродз., паст., Сл. ПЗБ), стаўбц. майна́чыць ’гаварыць абы-што, без толку’ (З нар. сл., Жыв. сл.), ’адмаўляцца ад абяцання, ашукваць’ (Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Беларускае. Дзеяслоў з’яўляецца паўкалькай (майна‑чыць, як дзіва‑чыць), першая частка якой — балтызм, параўн. літ. mainaĩ ’абмен, мена’, лат. maiņa ’тс’, ’перамена’, ’змена’, ’змяненне’. Ад літ. mainýti выводзяць: Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 177, 182) і Лаўчутэ (Сл. Балт., 69).

Майна́2 ’водарасці (у вадзе або высахлыя)’ (жытк., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, да ма́йна3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́нда1 ’неахайная, гультаяватая асоба’ (брэсц., Нар. лекс.), ’пасялуха’, ’дарослая, але не сур’ёзная дзяўчына’ (касцюк., Мат. Маг.), ’гультай’ (смарг. Сцяшк. Сл.), ’валацуга, абібок’ (пін., Нар. лекс.; ігн., шчуч., Сл. ПЗБ), лынду́ля, лынду́лька, лынду́ліна, лынду́лішча ’гультай’ (Юрч. Вытв.), а таксама лы́нда ’дзяўчына-падлетак на высокіх нагах’ (КЭС, лаг.), лы́нды, в.-дзв. лы́нты, шальч. ’лыткі’, шальч., воран., даўг. ’калені’ (Сл. ПЗБ), навагр., слонім., брасл. ’ногі’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’тоўстыя ногі’ (гродз., Мат. АС) у выразе: лынды біць ’гультаяваць, бадзяцца без справы, займацца непатрэбнай работай’ (Некр., Янк. БП і БФ, ТСБМ, Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; бялын., Янк. Мат.), лынды збіваць ’тс’ (Гарэц., Дразд., Сл. ПЗБ) — да лы́ндаць (гл.).

Лы́нда2 ’страва з бульбы і льнянога семя’ (петрык., Мат. Гом.). Рус. белам., арханг., кольск. ли́нда ’мучная поліўка з рыбы або аленіны’, алан. ли́ндушка ’вадкая каша з проса і грэчкі’. З карэльск. linda ’поліўка’, фін. linta ’тс’ (Каліма, 152; Фасмер, 2, 498).

Лы́нда3 ’вузкая палоска зямлі, загон’ (шчуч., З нар. сл.; воран. Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, з ле́нта ’стружка’, параўн. рус. валаг. ле́нда, ле́нта ’палоска хваёвага лубу’ — так, як шнур ’адзінка вымярэння даўжыні’ стаў абазначаць плошчу. Пра лыка як мерку гл. Скурат (Меры, 21–22). Аднак не выключана, што лында3 звязана з лында1 ’нага’ — у якасці меры ўжываліся і іншыя назвы цела чалавека: галоўка, лантух, пядзь, лыткай (гл.). Пасля, калі носьбітамі мовы забылася ўнутраная форма слова, мера перайшла на прадмет, паняцце, для вымярэння якога яна служыла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́ца1 ’свішч, нарыў (звычайна ў коней)’ (Гарэц., Арх. Федар., Бяльк.; рэч., Нар. сл.; карэл., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), норыця ’хвароба скуры ў жывёл’ (Клім.), норыца ’хвароба коней; бліжэй неакрэсленая ўнутраная хвароба ў чалавека; пашкоджанне ў бульбе’ (ТС), укр. нориця ’фістула, свішч’, рус. норица ’язва на шыі ў каня ад намульвання; хвароба вымені ў каровы’, польск. norzyca ’свішчы і нарывы на шыі ў жывёл’, славен. погісе ’вятранка, ветраная воспа’. Праслав. *погіса, дэмінутыў ад *пога (гл. нара), што звязана з утварэннем паглыбленняў на скуры (норак) у выніку хваробы (Праабражэнскі, 1, 612; Фасмер, 3, 83; Махэк-2, 296; Бязлай, 2, 227); літ. пагусіа ’нарыў на хрыбце ў жывёлы’ з беларускай, насуперак Міклашычу, які хацеў бачыць крыніцу славянскіх назваў у літ. narys ’пухліна’, гл. таксама Фрэнкель, 484.

Нары́ца2 ’норка’: злавіў карыцу (Некр.), ’Mustella lutreola’ (Некр. і Байк.), укр. норіця ’палёўка, Hypudaeus arvalis’, рус. норица ’норка, мыш’, польск. nornica ’палёўка’. Да *пога (гл. нара); паралелізм паміж назвамі хвароб і жывёл даволі часты, параўн. чэш. krtice ’нарывы на шыі, свішчы’ і krtice ’крот’ (Махэк₂, 296), дзе ў аснове ляжыць усё той жа вобраз нары (норкі), якая ўтвараецца пры хваробе. Адносіны пералічаных слоў да рус. норка, якое Трубачоў (гл. Фасмер, 2, 83) лічыць запазычаннем з фін. nirkka ’ласіца’, эст. nirk ’тс’, застаюцца няяснымі.

Нары́ца3 ’шкоднік’ (Ян.), норыца ’праныра’ (івац., Нар. сл.). Відаць, не звязаны з папярэднімі; корань нор/ныр‑ характэрны для слоў з адмоўным значэннем, параўн. кораць ’ныраць, даваць нырца’ (ТС) і праныра (Шныраць ’тс’, гл. Фасмер, 3, 375), карыць ’бадзяцца’ (Бяльк.) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лата́к1, латок, латачок, лотак, лоток ’жалабок (на страсе) для сцёку вады’ (КЭС, лаг., Некр., Варл., Бяльк., Нас., Сл. паўн.-зах., ТСБМ), ’жолаб, драўляная трубка, па якой цячэ бярозавы ці кляновы сок’ (слуц., Нар. словатв.; в.-дзв., Шатал.; Шат.), ’драўлянае карыта ў хаце’ (Маш., Сержп. Грам., Грыг.), ’прыстасаванне, якое ў жорнах рэгулюе падачу зерня на камень’ (ельск., ЛАПП) ’адтуліна (у жорнах) для выграбання мукі’ (светлаг., Мат. Гом., Мат. Маг., Шатал.), ’жолаб, якім падводзіцца вада да кола млына’ (калінк., рэч., лоеў., ЛАПП), ’посуд накшталт начовак, у якім секлі націну’ (Мат. ЛАБНГ), ’коўш’ (Ян.), петрык., добр. латакі ’пот’ (Мат. Гом.), ’рагі, што цякуць з вакон’ (петрык., акц., КЛАБНГ), латаком ’у выглядзе жалабка’, ’струменем’ (паст., ашм., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. латока ’конаўка, жолаб’ (Скарына). Укр. лотик, лотоки ’канал, па якому цячэ вада ў вадзяным млыне’, чарніг. лоточок ’жолаб у жорнах для мукі’, рус. лоток ’жолаб для сцёку вады’, ’латок’, ’чарпак’, польск. łotok ’жолаб для сцёку вады на кола ў млыне’ — запазычана з бел. (Слаўскі, 5, 219). Прасл. усх.-слав. lotokъ ’карыта, прымітыўная рына, рэчышча ракі’, якому адпавядае літ. latãkas ’жолаб, ручэй’ (Бернекер, 1, 735), letẽkas ’ручай, струмень, карына’, lekẽtas, lèkets ’трубка, па якой цячэ сок з дрэва’ (Буга, Rinkt., 1, 455–458). Аднак Бернекер (1, 735), Фрэнкель (342–343), Мюленбах-Эндзелін (2, 424) без дастатковых падстаў мяркуюць, што балт. лексемы запазычаны з бел. мовы. Агляд недакладных этымалогій гл. Фасмер (2, 523), Слаўскі (5, 319–220). Буга (Rinkt., 1, 455) у якасці крыніцы запазычання ў балт. мовах прапануе фін. lotakko, lätäkkö ’лужа, лужына’. Параўн. таксама эст. latakas ’шырокі, плоскі’. Гл. таксама латока, латочына.

Лата́к2 ’жэрдка для прыціскання саломы на страсе’ (ельск., Нар., сл.), рус. тамб. латак ’жэрдка для латання страхі’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ак (Сцяцко, Афікс. наз., 202) ад лата2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́к1 ру͡ок, рык, рік ’год’ (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ’тэрмін’ (Стан.) ’тэрмін пасяджэння земскага суда’ (Гарб.). Укр. рік, рус. дыял. рок ’тс’, рус. разан. ’непазбежнае няшчасце, лёс, доля’, стараж.-рус. рокъ ’тэрмін, год, узрост; правіла; лёс’; польск., н.-луж., чэш., славац. rok ’год’, славен. rȍk ’тэрмін’, ’прадвесце’, серб. ро̂к, харв. rȏk, rȍk, ст.-слав. рокъ ’устаноўлены, дамоўлены тэрмін’. Прасл. rokъ ’дамоўлены час, тэрмін’, утворанае ад *rekti ’сказаць’ (гл. рэкнуць), першапачаткова азначала ’нешта дамоўленае’, напрыклад, чэш. валаш. byl na istém roku ’быў, каб пачуць дакладны тэрмін вяселля’, альбо дамоўленасць у прававых адносінах, якая, як правіла, вызначалася тэрмінам на 12 месяцаў — такім парадкам слова *rokъ атрымала значэнне ’год’, параўн. ст.-бел. рокъ замероный ’вызначаны тэрмін для разгляду справы ў судзе’ (Статут 1529 г.), рокъ завитый ’канчатковы тэрмін яўкі ў суд’ (Ст.-бел. лексікон), роки статутовые ’тэрмін грашовай выплаты ад выйгранага працэсу’, роки судовые ’тэрмін судаводства земскага суда’ (Гарб.), зложыць рокъ ’вызначыць тэрмін’ (Стан.). Таму неабавязкова выходзіць з меркавання аб запазычанні ст.-бел. рокъ з польск. rok (гл. Булыка, Лекс. запазыч., 186). Гл. таксама рочкі1. Прасл. *rokъ генетычна звязваецца з ст.-інд. racanam ’распарадак’, гоц. ragin ’думка’, ’розум’, rahnjan ’разлічваць’, тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’, алб. rok ’тэрмін’, ’рашэнне’ (Міклашыч, 247; Фрэнкель, 693; Фасмер, 3, 497; Махэк₂, 515; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 628; БЕР, 6, 312; ESJSt, 13, 761).

Рок2 ’поліўка з цёртага канаплянага семя’, ’расол’ (бярэз., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’лёк, селядзечы расол’ (гарад., ЛА, 4). Уграфінізм. Параўн. фін., карэльск. rokka ’гарохавы суп, поліўка’, эст. rokk ’зацірка’, комі rok ’каша’. Адсюль і рус. пячорск. рок ’поліўка з крупамі’, арханг. рокка ’поліўка з жытняй мукі з рыбай’ (Фасмер, 3, 497).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)