не́хта, некага, некаму, некага, некім, аб некім, займ. неазначальны.

1. Нейкі чалавек, нейкая істота; невядома хто. Вось ледзь пачуўся асцярожны працяглы свіст. Чалавек сеў і насцеражыўся. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Крапіва. Было на.. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках. Колас. У Веры Засуліч дзверы былі не завалены — нехта яшчэ быў у яе. Зарэцкі. // Адзін, з прысутных (без удакладнення, хто іменна). І ўсе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь.. — Пэўна, нашы хлопцы нешта прыдумалі, сігналы падаюць, — выгукнуў нехта з вучняў. Скрыпка.

2. Якісьці мала каму вядомы чалавек (у спалучэнні з прозвішчам, імем). Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч.

3. Які‑н. чалавек, усё роўна хто; хто‑н. [Комлік:] — Пагражае [Кашын] яшчэ, нібы нехта баіцца яго... Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка разбіць, зламаць, парваць і пад.; нетрывалы. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. — Га... нямоцная, — сказаў Пошта. Крапіва.

2. перан. Які лёгка парушаецца; няўстойлівы, ненадзейны. Нямоцны шлюб. □ Нават у пагодныя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся.. [на востраў] у паляшуцкай торбе нялёгка,.. але і гэтая нямоцная сувязь з зямлёю пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Мележ.

3. Які мае невялікую фізічную сілу; слабы здароўем (пра чалавека). Нямоцны чалавек.

4. Які не вызначаецца вялікай сілай; даволі слабы. Нямоцны мароз. // Які дрэнна чуваць; ціхі. Голас, [пастуха] пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася. Мележ. Свіст быў тоненькі, нямоцны, быццам высвіствала нейкая маленькая птушачка. Даніленка.

5. Слабай канцэнтрацыі, ненасычаны. Нямоцны чай. // Які слаба дзейнічае. Нямоцны тытунь.

6. Неглыбокі. Лена спала нямоцным хваравітым сном і не прачнулася ад лёгкага стуку, а блізкае ўздыханне гаспадыні адразу разбудзіла яе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Піск ’тонкі, высокі гук’ (ТСБМ, Яруш.), піскатня́ ’працяглы многагалосы піск’, піскнуць, піснуць — аднакратнае ад пішча́ць (ТСБМ), пі́скыць ’пішчаць раз-пораз’ (Юрч. СНЛ), піскаце́ць ’пішчаць’ (гродз., З нар. сл.), ’вішчаць (пра свіней)’ (гродз., ЛА, 1), ’шчабятаць (пра ластаўку)’ (Скарбы), піска́ты ’пісклявы’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. пи́скати, писк, рус. писк ’тс’, ц.-слав. пискати; польск. piskać ’пішчаць’, ’шыпець’, в.-луж. piskać ’пішчаць, вішчаць’, ’скрыпець’, ’свісцець’, ’іграць на музычным інструменце (дудцы)’, чэш. pískati ’свісцець’, ’дудзець (на дудзе)’, славац. pískať ’тс’, pisk, piskot ’піск’, славен. pískсвіст’, pískati ’свісцець’, серб.-харв. пи̏ска ’піск, віскат’, пи̏скав ’пісклявы, рэзкі’, ’свісцячы гук’, макед. пискот ’піск. віскат’, писка ’пішчаць’, ’свісцець’, ’шыпець’, балг. пискам ’пішчаць’, ’плакаць’, ’шчыкаць, цвыркаць’, ст.-слав. пискати ’іграць на жалейцы’. Прасл. *piskъ, *piskati, утвораныя ад гукапераймальнай асновы *pi‑, параўн. літ. pyškė́ti ’ляскаць (пугай), ’трашчаць (аб лёдзе), лат. pį̃kstet ’пішчаць’, лац. pipāre, pipiāre, pīpilāre ’пішчаць’, ст.-грэч. πίπος ’птушанё’, πιππίξω ’пішчу’, ст.-інд. picchōrā, picchōlā ’дудка, флейта’, ісл. píska ’шаптаць, шалясцець’ (Праабражэнскі, 2, 62; Фасмер, 3, 271; Бязлай, 3, 41; Брукнер, 415 ). Махэк₂ (451) дапускае далучэнне ‑sk-інтэнсіва да асновы *pi‑ (> *pi‑sk‑ati), першасным значэннем якой было ’свісцець’, як і ў ням. pfeifen. Суф. ‑sk‑, як у трэск, плеск, нырск, ляск(ат) і інш. Сюды ж піску́лька ’вадаплаўная птушка атрада гусепадобных’ (ТСБМ), пі́кот ’цісканне (пра ўюноў у лавушцы)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ледзь, прысл. і злучн.

1. прысл. Чуць, злёгку, нямнога. Ледзь жывы. Ледзь прабіваецца святло. Ледзь чутна. □ Каміны ледзь выглядалі з віхрастай саломы на стрэхах. Чорны. З ледзь улоўным слыху шорахам падала з дрэў пажоўклае лісце. М. Ткачоў.

2. прысл. Разм. Насілу, з вялікімі цяжкасцямі; ледзьве. Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. Лодка ледзь прадзіралася цераз гушчэчу зеляніны. Лобан.

3. прысл. (у спалучэнні з адмоўем). Амаль, чуць не. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Мележ.

4. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу пры імгненнай змене падзей. Ледзь бліснула такая думка, і .. [Лялькевіч] увесь скалануўся, пачырванеў. Шамякін. / У спалучэнні з масавым злучнікам «толькі». Ледзь толькі вадзіцель марудна .. выпаўз з люка, Нолышаў паставіў яго ў струнку, сказаў ад сэрца некалькі сярдзітых слоў. Мележ.

•••

Ледзь вынесці ногі гл. вынесці.

Ледзь дацягнуць ногі гл. дацягнуць.

Ледзь дыхаць гл. дыхаць.

Ледзь ногі носяць гл. нага.

Ледзь ногі цягаць (валачы, перастаўляць) гл. цягаць.

Ледзь трымацца на нагах гл. трымацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падагна́ць, падганю, падгоніш, падгоніць; пр. падагнаў, ‑гнала; заг. падгані; зак., каго-што.

1. Гонячы, наблізіць або прымусіць наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Пасля снедання ля тока паставілі малатарню, падагналі трактар. Асіпенка. Пастушок пачуў умоўны свіст і падагнаў статак бліжэй да лесу. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Падагнала да берага вялікую крыгу. Шамякін.

2. Загнаць пад што‑н. Падагнаць лодку пад мост.

3. Прымусіць хутчэй ісці, бегчы, ехаць. Шумейка імпэтна тузануў лейцы, працяглым покрыкам падагнаў каня: Нно-оо! Савіцкі. // Прымусіць рабіць, выконваць што‑н. хутчэй. — Трэба адзявацца ды выходзіць на месца, — падагнала сама сябе Зося і хутка павярнула ў хату. Гартны. // перан. Прыспешыць надыход чаго‑н. Час не конь: не падгоніш і не прыпыніш. Прыказка.

4. Зрабіць адпаведным па форме адно другому; прыладзіць. Падагнаць дэталі. □ Праз пяць дзён заказ мой быў гатовы — арматуру новенькую адлілі, .. вінцік да вінціка падагналі. Краўчанка. // Зрабіць адпаведным росту, фігуры каго‑н. Я па некалькі разоў вадзіў.. [пакупнікоў] у прымерачную, круціў перад люстэркам, каб хоць як-небудзь падагнаць мешкаваты і доўгі пінжак або шырачэзнае паліто. Нядзведскі.

5. Разм. Гонячы, даставіць. [Вінцук:] — Тут, хлопча, крыху [са статкам] пачакай. Толькі не распускай лішне. Я зараз падганю яшчэ табе ў чараду... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спод, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.

2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.

3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.

4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.

•••

Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́длівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны глыбока пранікаць, упівацца ў што‑н.; едкі. Уедлівы пах. □ Дробны ўедлівы пыл залазіць у горла і нос, і няма ад яго збавення. Асіпенка. Полымя пачало скакаць ад куста к кусту, хапаць .. сухія, зляжалыя галінкі, буралом, і неўзабаве ўсё навокал завалакло горкім, уедлівым дымам. Сачанка. Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка. // Пільны, напружаны, пранізлівы (пра позірк, вочы). Фактычна спрачаліся двое: Халіма і яшчэ адзін заўсёды дагэтуль ціхі, нявідны хлопец .. з поглядам глыбокім, уедлівым, якім ён нібы стараўся працяць усё, што трапляла на вочы. Зарэцкі. // Пранізлівы, рэзкі (пра гукі, голас і пад.). Хутка, імкліва расце ўедлівы свіст. Мележ. І ў духмянай начной цішыні, відаць, далёка чуліся ўсхлёсты пугі і ўедлівае хрыплівае выгукванне. Пестрак. // перан. Які запамінаецца надоўга. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць. Мележ.

2. Які ўзнікае, умешваецца ва ўсе дробязі, прыдзірлівы. Уедлівы характар. □ З Тамарай стаў праседжваць вечары над кнігамі і бацька,.. учэпісты, уедлівы. Ермаловіч.

3. Разм. З’едлівы. Уедлівы жарт. □ Гаварыў [Мікульскі] ціха, павольна, але злосна, падбіраючы самыя пякучыя, уедлівыя словы. Марціновіч. — А што я нарабіў? — Быццам і не ведаеш? — з уедлівай іроніяй спытаў Мятлюг. Сабаленка.

4. Які вельмі надакучыў; надаедны. На дварэ вісела кіслая пахмурнасць, дзьмуў вецер — сеяў уедлівы дождж. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Вызначаны па ўмове, угавору; загадзя ўмоўлены. Умоўны стук. □ Камандзіры зверылі гадзіннікі, дамовіліся аб умоўных сігналах і пайшлі на бераг да сваіх плытоў. Няхай. На ўмоўны свіст спяшаецца Да дуба камісар. Куляшоў. Уранку сябры Пакідалі сяло, Ля дуба — Умоўнае месца было. Гілевіч.

2. Абмежаваны якімі‑н. умовамі, які мае сілу пры наяўнасці якіх‑н. умоў. Умоўнае асуджэнне.

3. Які вызначаецца чыімі‑н. адносінамі да чаго‑н.; адносны. Якія ўмоўныя, аднак, людскія разуменні: шчасце, няшчасце... Лынькоў. Праўда, «дом» для.. [Дзямковіча] цяпер быў паняццем чыста ўмоўным: дому ў яго не было. Палтаран.

4. Які не існуе на самой справе; які ўяўляецца, дапускаецца ў думках; уяўны. Разам з партызанскімі разведчыкамі [Саша і Жэня] перайшлі шашу — умоўную мяжу партызанскай зоны. Новікаў. Хлопец, што сядзеў за маёй спін[а]й, .. трымаючы ў роце цыгарэту, прасіў у мяне прыпаліць, чыркаючы ўмоўнай запалкай па ўмоўнаму карабку. Радкевіч. // Прадугледжаны ўмовамі, правіламі чаго‑н. Умоўны праціўнік. Умоўная задача. □ Замест умоўных дэкаратыўных скал.. разгарнуліся праўдзівыя пейзажы. «Беларусь». // Які з’яўляецца сімвалічным абазначэннем якога‑н. рэальнага прадмета. Чырвонай пункцірнай лініяй начарціў шлях Пыжыкавай мамы, як ён уяўляўся мне. Адзначыў умоўным тапаграфічным значком дом Наташы. Шыловіч.

5. У мастацтве — заснаваны на адмаўленні ад рэалістычнага паказу рэчаіснасці; сімвалічны. Умоўная дэкарацыя.

6. У граматыцы — які мае значэнне ўмовы. Умоўныя даданыя сказы. Умоўны лад дзеяслова.

7. Спец. Прыняты ў якасці асновы пры вызначэнні сярэдніх велічынь чаго‑н. Умоўнае паліва. Умоўная кармавая адзінка.

•••

Умоўны рэфлекс гл. рэфлекс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераня́ць, перайму, пяроймеш, пяройме; пр. пераняў, ‑няла, ‑ло; заг. пераймі; зак.

1. каго-што. Рухаючыся насустрач, наперарэз, спыніць, затрымаць каго‑, што‑н. Пераняць ганца. Пераняць статак. □ Косцік кінуўся насустрач Ніне, пераняў яе, пасадзіў і прыгразіў пальцам, каб сядзела на месцы. Пальчэўскі. Багдан з сынам пайшлі ў хату, а Нічыпар падаўся да варот, каб пераняць курыцу. Кулакоўскі. Іх [немцаў] машына штабная Выйдзе ў Мінск роўна ў пяць. Трэба тую машыну Нам, Лявон, пераняць. Бялевіч. // Закрыць, спыніць свабодны рух чаго‑н.; перакрыць. Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцуг, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан і яны будуць уцякаць у другое крыло, дарогу, якую ён пераняў сваім войскам. Колас. Калі не дойдзем мы да дня, дык гэты зброд з мяцежнай банды паспее шлях нам пераняць. Дудар. Пераняць плацінамі крутымі Плыні рэк шырокіх на вякі, Пасяліць лясы свае ў пустыні І спавіць каналамі пяскі. Калачынскі. // Нечакана застаць, заспець у час руху. Завея пераняла вазакоў на паўдарозе. Чарнышэвіч. На дарозе пераняла нас страшэнная вестка: у Ярцаве — дэсант. Сабаленка. // перан.; што. Разм. Заўважыць, перахапіць, сустрэць (пра позірк і пад.). Хлопцы з павагай і разам з тым трошкі ўстрывожана зірнулі на дзядзьку Ахрэма. Ён пераняў гэты позірк і папярэдзіў: — Нават каб на кухні не шумелі! Паслядовіч. // Спыніць, перапыніць (размову, гутарку). Мікіта, хоць пытанне ставілася не яму, пераняў матку і сам, як гаспадар у хаце, адказаў. Колас.

2. каго-што. Перахапіць, падхапіць у час руху, дзеяння (прадмет, рэч і пад.). У гэты раз .. [Пшанічны] не пярэчыў, пераняў з рук Глечыка лапату. Быкаў. Галіна пераняла на рукі малое і пачала выціраць яму хусцінкай носік. Пташнікаў.

3. што. Запазычыць што‑н. у каго‑н., зрабіць так, як хто‑н.; унаследаваць. Пераняць вопыт. □ Прыклад першай паляводчай брыгады перанялі і астатнія. «Звязда». Арына сачыла за Лейбавай працай. Яна старалася пераняць тое, чаго сама не ведала або рабіла не гэтак. Чарнышэвіч. Ад свайго бацькі Рыгор пераняў яго добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд. Гартны. // Зрабіць сваім, прывычным для сябе што‑н. чужое, пабочнае. Пераняць дурныя звычкі. // Разм. Падрабіцца пад каго‑, што‑н. Пераняць свіст шпакоў.

4. што. Запомніць, засвоіць. Пераняць матыў песні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ўны, ‑ая, ‑ае; повен, поўна.

1. Напоўнены да самага верху, да самых берагоў. — А ты не бядуй, — уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Тады набярэш поўны. Даніленка. Па дарозе .. [Сцяпана Карпавіча] дагнаў грузавік з поўным кузавам залацістай пшаніцы. Капусцін. // Які змясціў у сабе найбольшую магчымую колькасць каго‑, чаго‑н. Назаўтра ў нас была поўная хата людзей. Дамашэвіч. // Які ўмясціў у сябе многа каго‑, чаго‑н. Шумелі сады, поўныя вясёлых птушак. Якімовіч. Цёпла там і там прастор, Небасхіл там повен зор. Чарот.

2. перан.; чаго, чым. Цалкам ахоплены чым‑н., прасякнуты чым‑н. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування. Колас. // Які яскрава выяўляе пачуццё, перажыванне (пра вочы, погляд і пад.). Твары дзявочыя, поўныя ласкі, Ўдаль пазіралі, дзе постаць была. Гурло. [Міхасёвы] круглыя цёмныя вочкі былі поўныя ціхіх думак.. Колас.

3. Які праяўляецца не часткова, а поўнасцю. Разгром матарызаванай нямецкай часці быў поўны. Чорны. // Нічым не абмежаваны. [Таццяна:] — Ты ж цяпер у сваёй хаце, поўная гаспадыня. Зарэцкі.

4. Які дасягнуў адпаведнай нормы. Поўных васемнаццаць год. // Ва ўсім аб’ёме, увесь. Поўны збор твораў. // Завершаны, даведзены да канца. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі. Лынькоў. // Вычарпальны. Поўныя звесткі.

5. Які дасягнуў найвышэйшага развіцця, граніцы. Да наступлення поўнай цемры мы прайшлі возера і дабраліся да крутога лясістага берага. Шамякін. // Найвышэйшы, максімальны (пра хуткасць, сілу і пад.). Шафёр ўключыў поўную скорасць. Якімовіч. // Не прыглушаны, на ўсю сілу (пра голас, гук і пад.). І раптам: і свіст і крыкі. Здаецца, сама ноч загалёкала на ўсё поўнае горла. Баранавых.

6. У меру тоўсты, сыты. З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам, а потым і з той поўнай нізенькай жанчынай. Васілевіч. / Пра часткі цела, твару. Шарсцяны світар шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.

•••

Поўны месяц гл. месяц.

Поўныя прыметнікі гл. прыметнік.

Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.

На поўным газе гл. газ.

На поўны рот гл. рот.

Поўнай жменяй гл. жменя.

Поўнаю мераю (плаціць) гл. мера.

Поўная чаша гл. чаша.

Поўны кораб гл. кораб.

Пры поўнай амуніцыі гл. амуніцыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)