Пы́згры ’мыса, пярэдняя частка галавы ў коней, кароў і інш.’ (глыб., Жыв. св.). Ад пу́здра ’ноздры, храпа’ (гл. пуздро); у абедзвюх формах, магчыма, знайшло адлюстраванне чаргаванне асноў прасл. *pug‑(z): *pyž‑, гл. Куркіна, Этимология–1971, 70–72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыхо́жая, ‑ай, ж.

Першы нежылы пакой пры ўваходзе ў кватэру, дзе звычайна знімаюць верхняе адзенне; пярэдняя. Невялікая двухкапеечная царкоўная свечачка цьмяна асвятляла прыхожую. Колас. Пакрысе прадавец білетаў улез у калідор, потым апынуўся ў прыхожай і, урэшце, — у бакоўцы механіка. Быкаў. Серафіма стрымана смяялася, кідаючы вачамі на вешалку ў прыхожай. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Му́са, муса́, му́со, му́сіна ’хара’, ’морда жывёлы’ (Янк. 1, Нікан., ТС; лельч., Мат. Гом., Нар. лекс.; жытк., мазыр., Жыв. сл.), ’не пакрытая поўсцю пярэдняя частка галавы каня’ (гом., ЛАПП). Да мы́са (гл.). ‑у‑ — характэрная замена фанемы [ы] ва ўсх.-палес. гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перадо́к, ‑дка, м.

1. Тое, што і перад ​1 (у 1 знач.).

2. Пярэдняя палавіна калёс, саней і пад. [Стараста] стаяў на каленях у перадку рысоркі і дзвюма лейчынамі люта сцябаў і без таго ўзмыленых коней. М. Ткачоў. Стукаюць камякі снегу аб перадок, вішчаць і спяваюць палазы. Хомчанка. // Пярэдняя развадная частка калёс, машын і пад. Каваль.. з ранку да вечара рамантаваў са сваімі памочнікамі плугі, бароны, перацягваў колы, акоўваў перадкі. Курто. Перад.. [Святланаю] ляжаў коламі ўверх перадок газіка. Кулакоўскі.

3. Двухколка са снараднай скрыняй, прызначаная для перавозкі гармат. «Саракапятчыкі» — маладыя загарэлыя хлопцы з голенымі галовамі — адчапілі сваю гармату ад перадка і пакацілі. Карпюк.

4. звычайна мн. (перадкі́, ‑оў). Тое, што і перад (у 3 знач.). Бот з хромавымі перадкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́ла, -а, мн. -ы, рыл, н.

1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл.

Свіное р.

2. Тое, што і твар (разм., лаянк.).

У яго не твар, а сапраўднае р.

3. Верхняя выцягнутая частка чаго-н.

Р. бутэлькі.

Ні вуха ні рыла (не ведае, не разумее; разм., неадабр.) — зусім нічога не ведае.

|| памянш. ры́льца, -а, мн. -ы, -аў, н.

Р. ў пуху ў каго-н. (перан.: хто-н. ублытаны ў нячыстую справу; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гру́дзі, ‑ей; адз. няма.

1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. Зашпіліць вопратку на грудзях. □ І тут Марына не ўтрымала — Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат! На грудзі брату тварам пала. — Ігнатка! брацік мой Ігнат... Колас. // Частка тулава, у якой змяшчаюцца сэрца, лёгкія і інш. органы грудной клеткі. Дыхаць на поўныя грудзі. □ І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў.

2. Малочныя залозы ў жанчыны. Малая адрывалася ад пустых грудзей і крычала, ёй хацелася есці. Шамякін.

3. Разм. Верхняя пярэдняя частка адзення. Кашуля з вышыванымі грудзьмі.

•••

Біць (сябе) у грудзі гл. біць.

Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.

Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.

Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Лабаво́з, лыбавдз ’працавіты чалавек’ (Яўс.). Да лобі, з (гл.), ’пярэдняя частка чаго-небудзь’ і везці (гл.), ’быць спераду’, ’дзякуючы добрай, стараннай працы быць наперадзе’. Адсюль дзеясловы лыбавозіцца, лыбавозіць ’шчыра працаваць, завіхацца на працы’ (Яўс.). Параўн. яшчэ рус. лобовой ’у першай чарзе, у першым радзе сярод рэкрутаў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мо́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пярэдняя частка галавы ў жывёлы. Падабраў [Марцін] з-пад конскай морды ў абярэмак сена і, паклаўшы на калёсы, стаў запрагаць каня. Мележ. Цялушка .. трасе галавою і выцягвае морду. Колас.

2. Груб. Твар чалавека. [Дзед:] — Па мордзе, голубе, відаць — шкадлівы ты чалавек. Бажко. // Ужываецца як лаянка. — Пашавельвайся хутчэй, бандыцкая морда! — крыкнуў .. [чырвонаармеец], нарэшце. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

1. Памянш.-ласк. да галава (у 1, 6 знач.). Дзіцячая галоўка. Галоўка сыру.

2. Шарападобны плод, шарападобнае або прадаўгаватае суквецце некаторых раслін. Галоўка маку. Галоўка дзьмухаўца. □ Красаваліся буйныя малінавыя галоўкі канюшыны. Мележ. // Пра клубень цыбулі, качан капусты. Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць. Колас. // звычайна мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Плады, каробачкі лёну. Лянок, паслушны лёгкаму ветру з усходу, кланяецца сваёй гаспадыні, пашумліваючы спелымі галоўкамі. Кулакоўскі.

3. Патоўшчаная канцавая частка чаго‑н. Галоўка бедранай косці. Галоўка запалкі. Галоўка цвіка.

4. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка саней. Пакласці сена ў галоўкі. □ Бацька хутка ўлажыў дровы — крыху вышэй за галоўкі — перавязаў вяроўкаю за развалкі. Мыслівец.

5. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і верхнюю частку ступні. Паставіць у ботах новыя галоўкі. □ Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі з траскучай карабацістай скуры. Навуменка.

•••

Баявая галоўка — тое, што і боегалоўка.

Гладзіць па галоўцы каго гл. гладзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́згалавак ’плашка, у якой замацоўваюцца ручкі ў возе’ слонім., ваўк., маст., бераст., свісл., шчуч. (Сцяц., Словаўтв.), ву́зголовок ’тс’ (палес., Маслен.), ву́згалаўка ’тс’ (Янк. II), узгалавак ’тс’ (Сержп., Грам.). Народны тэрмін хутчэй за ўсё ўзнік шляхам метафарычнага пераносу з бытавой сферы, пра што могуць сведчыць адпаведныя словы ў іншых слав. мовах; параўн. польск. wezgłówek ’падушка’, серб.-харв. у́зглавак ’тс’, балг. възгла́вка ’тс’, а таксама іншую назву той жа дэталі паду́шка, аднак адсутнасць нетэрміналагічнага ўжывання слова ў беларускай мове дазваляе бачыць у ім самастойнае ўтварэнне тыпу узмежак, згодна Карскаму (2–3, 91), з прыназоўнікавага спалучэння уз галавы́ ’каля галавы’, дзе галава́пярэдняя частка воза ці адна з дэталей у ім; параўн. гало́ўкі ’загнутыя канцы палазоў’ і ву́згалавакпярэдняя частка саней’ (Сцяц.); сувязь тэрміналагічнай і бытавой сферы ўжывання дэманструюць узгалава́шка ’дэталь у возе’ (Пятк., 1) і маг. гылыва́шкі ’галовы, узгалоўе, месца ў пасцелі, дзе ляжыць галава’ (Бяльк.). Параўн. таксама рус. головя́шка ’пярэдні загнуты канец саннага полаза’. Сцяцко (Словаўтв., 179) разглядае ву́згалавак як прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад галава́. Параўн. ву́згалаўе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)