Пя́тра, пʼя́тра ’вышкі ў хляве або гумне; ярус’ (Стан., мазыр., З нар. сл.; ПСл), piátro, pʼátro, pʼétro ’тс’ (Маш., Тарн.), пя́тра, пʼятро́ ’курасадня, куратнік’ (Мат. Маг.; мазыр., Шатал.), пя́тры ’столь у асеці з жордак’ (Бяльк.), пйа́тро, пя́тро ’гара ў хаце; старана ў гумне; прасла’ (палес., Нар. сл.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (жытк., ДАБМ, камент., 872), ’пустоты пад вісячым ільдом на вадаёмах’ (ТС), пʼя́тра ’тс’ (парыц., Мат. Янк.), ст.-бел. пятро ’паверх, ярус’. Укр. пʼя́тра ’ярус’, рус. пя́тра ’вышкі; павець’, польск. piętro ’паверх’, чэш. patro ’паверх, вышкі ў хляве’, славен. pétro ’столь з брусоў, пуня’, серб.-харв. пѐтар ’верхні паверх, вышкі’, макед. петар (petar) ’столь, гарышча’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani Dialect of Macedonian Lisse, 1976). Звычайна выводзяць прасл. *pętro ад *pęti (гл. пяцъ 2) з рэдкім суфіксам *‑tro, гл. Фасмер, 3, 426; для паўдневаславянскіх слоў мяркуецца суфікс *‑rь (*pęt‑rь, гл. Заімаў, SlW, 172). Словаўтваральныя цяжкасці Банькоўскі (2, 574) прапануе пераадолець рэканструкцыяй прасл. *prętro, параўн. каш. přątro ’столь, вышкі; паднябенне’, ст.-польск., а таксама дыял. przętro ’паверх, тэраса’, в.-луж. přatr ’мацаванне даху ў адрыне, свіран’, н.-луж. pśětš ’вышкі’, палаб. prǫtrü ’вышкі ў адрыне’, што да*prent‑ ’размяшчаць гарызантальна, насцілаць’ (гл. пратаць, прут, прасла), гл. таксама Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 70 (мяркуецца пра зыходную семантыку ’вышкі з насланых жэрдак’). Пра заходнеславянскія формы падрабязна Шустар-Шэўц, 2, 1168 (супастаўляюцца з літ. sprę́sti ’расцягваць, распіраць’, sprindỹs ’пядзя’); SEK, 4, 121–122 (формы з *prętr‑ з’яўляюцца праславянскім дыялектызмам на фоне формаў з *pętr‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́біцца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.

1. Разм. Выйсці, выбрацца з цяжкасцямі адкуль‑н., куды‑н. Выбіцца з лесу на шлях. □ Пятляючы завулкамі,.. незнаёмы нарэшце выбіўся на вуліцу. Навуменка. // Стаць кім‑н. пасля доўгіх намаганняў. Фёдар.. з простага шафёра выбіўся ў памочнікі галоўнага механіка, жыць яны сталі багацей, часцей траплялася вольная капейка. Кірэенка. // Вызваліцца з чаго‑н., пераадолець што‑н. Выбіцца з галечы.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прабіцца, вылезці з-пад чаго‑н. на паверхню. Выбіўся агонь з-пад страхі. □ Мы пакрочылі па схілу ляснога ўзгорка, збіраючы свежыя пралескі. Іх выбілася тут вельмі шмат. Кірэенка. З-пад хусткі на маршчыны ілба і твару выбіліся пасмы сівых валасоў. Брыль.

3. Разм. Разбіцца (пра шкло). Шыба выбілася.

•••

Выбіцца з графіка — парушыць устаноўлены расклад, графік.

Выбіцца з каляіны (каляі) — перастаць весці звычайнае, прывычнае жыццё.

Выбіцца з сіл — вельмі стаміцца, аслабець, знемагчы.

Выбіцца на дарогу — тое, што і выйсці на дарогу (гл. выйсці).

Выбіцца са сну — доўга не засынаць, часта прачынацца ноччу.

Выбіцца ў людзі — тое, што і выйсці ў людзі (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праплы́сці і праплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. праплыў, ‑плыла, ‑плыло; заг. праплыві; зак.

1. Перамясціцца ўперад плывучы. Праплысці да сярэдзіны ракі. □ Усё разлічана ў .. [плыўцу], каб праплысці як мага далей. Паслядовіч. // што. Плывучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Праплысці пяцьсот метраў. □ Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. Маўр.

2. што і без дап. Плывучы, мінуць што‑н. Праплысці буёк.

3. Плаўна, павольна праляцець. Над узбярэжжам паволі праплыў у паветры дзяжурны дырыжабль. Лынькоў. // Разм. Плаўна прайсці, праехаць. Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад. Шамякін.

4. перан. Прайсці, пранесціся ў свядомасці, ідучы адно за другім (пра думкі, успаміны і пад.). І перад лордам усталі далёкія гады, адна за другой праплылі ў памяці незабыўныя падзеі. Лынькоў. «Учора недалёка адсюль партызаны вялі бой», — праплыла думка. Новікаў.

5. перан. Мінуць, прайсці (пра час). І так дні за днямі жыццё праплыло. Танк.

6. перан. Пранесціся, распаўсюдзіцца. Крылом баявым партызанская слава Над краем радзімым маім праплыла. Астрэйка.

7. Плысці некаторы час. Праплысці паўгадзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Бегучы, перамясціцца з месца на месца. Варта нават асцярожнаму касому бокам прабегчы, як табе ў цемры можа здацца, нібыта зусім побач з табой мядзведзь прайшоў. Ігнаценка. // што і без дап. Пераадолець пэўную адлегласць. [Юнак] лёгка прабег паўтары тысячы метраў, заняўшы першае месца. Шыцік.

2. Хутка праехаць, перасунуцца з месца на месца. З шумам прабегла машына. // Хутка пранесціся (пра вецер, хмары, святло і пад.). // Пранесціся, пракаціцца (пра шум, крыкі і пад.). Па нястройных радах змучаных боем партызан прабег ўстрывожаны шэпт. Асіпенка. // Паказацца і хутка знікнуць. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.

3. Хутка мінуць (пра час). — А, як скора прабег час! Здаецца, толькі яшчэ была раніца. Гартны. Не заўважыў Грыша, як прабеглі тры гады ў працы ды вучобе. Пальчэўскі.

4. перан.; што. Уявіць у думках. У думках прабегчы сваё жыццё.

5. перан.; што. Разм. Бегла прачытаць што‑н. Люба прабегла вачыма ліст раз, другі, трэці — і нічога не зразумела. Васілевіч.

6. чым. Разм. Правесці па чым‑н. Баяніст Косця Бульбешка нахіліў да баяна галаву, спрытна прабег пальцамі па ладах знізу ўгору. Шамякін.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прабег гл. мароз.

(Чорная) кошка прабегла паміж кім гл. кошка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аго́нь, агню́, мн. агні́ і агнёў, м.

1. Гаручыя святлівыя газы высокай тэмпературы; полымя.

Згарэць у агні.

2. Святло ад асвятляльных прыбораў.

Запаліць а.

Агні горада.

3. Стральба (ружэйная, артылерыйская).

Адкрыць а.

Шквальны а.

Агонь! (каманда страляць).

4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым.

З агнём у сэрцы.

○

Антонаў агонь — гангрэна, заражэнне крыві (уст.).

◊

Баяцца як агню — вельмі баяцца.

Днём з агнём не знойдзеш — нідзе не знойдзеш (разм.).

З агню ды ў полымя — з адной непрыемнасці ў другую, яшчэ большую (разм.).

Паміж двух агнёў — пра небяспеку з двух бакоў.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

У агонь і ў ваду пойдзе за каго-н. — гатовы на ўсё дзеля каго-н.

Гарэць (пячы) агнём — вельмі моцна балець.

Увесь у агні — у гарачцы.

Не жартаваць (не гуляць) з агнём — не рабіць таго, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.

Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю.

Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

На агеньчык зайсці да каго-н. — зайсці выпадкова, мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.

Працаваць з аганьком — з запалам, з захапленнем, праяўляючы ініцыятыву, выдумку.

|| памянш. аге́ньчык, -а і -у, мн. -і, -аў, м. і аганёк, -нька́, м. Гарыць а.

|| прым. агнявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.), агнёвы, -ая, -ае (да 1 знач.), агні́сты, -ая, -ае (да 1 знач.) і во́гненны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Агнявая сушка (на агні). Агнявы пункт (артылерыйскі, кулямётны). Агнявыя сродкі (снарады). Агнёвыя прамяні сонца.

Агністая чырвань на ўсходзе.

Вогненныя языкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перавалі́ць ​1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што. Перамясціць, пералажыць, звальваючы; перагрузіць. Пераваліць грузы з баржы на бераг. Пераваліць сена з воза на воз.

2. што або цераз што. Перайсці, пераехаць, пераправіцца на другі бок (гары, узвышша і пад.). [Партызаны] перавалілі ўзгорак і зніклі ў невялікай лагчыне. М. Ткачоў. Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на гару, каб пераваліць цераз грэбень і схавацца ў лесе. Шамякін. Санкі перавалілі цераз нейкі пагорачак. Пад імі перастаў шаргацець снег. Жычка. // цераз што, за што. Пераадолець, перасекчы якую‑н. прастору. Тысячы трактароў «Беларусь» перавалілі праз паўднёвыя порты і цяпер будзілі сваім рокатам ціхія правінцыі. Б. Стральцоў. Поле ішло на пагорак, .. [партызанам] трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі. Быкаў.

3. Разм. Перайсці які‑н. колькасны ці часавы рубеж. Прабег машын пераваліў за сотню тысяч. Гады перавалілі на пяты дзесятак. / у безас. ужыв. Даўно пераваліла на другую палову дня. Гурскі. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла за сотню. С. Александровіч.

4. перан.; што. Зваліць, перакласці на каго‑н. (работу, віну, адказнасць і пад.). На бацькоў, на школу, вядома, лягчэй за ўсё пераваліць віну. Мыслівец.

перавалі́ць ​2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Сапсаваць празмерным валеннем (сукно, лямец і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. задаў, ‑дала, ‑ло; заг. задай; зак.

1. што. Прапанаваць, даручыць выканаць што‑н. Задаць урок. Задаць пытанне. □ — Я, Васіль Андрэевіч, мінулы раз не быў на ўроку і не ведаў, што нам гадалі. Чарнышэвіч.

2. што. Вызначыць, указаць. Задаць курс караблю.

3. што. Зрабіць, арганізаваць. Задаць баль. // таксама чаго. Учыніць, нарабіць (чаго‑н. непрыемнага). Задаць клопату. Задаць страху.

4. Разм. Набіць, адлупцаваць. Недалёка плакаў хлапец, відаць, той Федзя, якому маці добра задала, што доўга не ішоў дахаты. Шамякін.

•••

Задаць дзёру (драла, драпака) — тое, што і даць дзёру (драла, драпака) (гл. даць).

Задаць дыхту — тое, што і даць дыхту (гл. даць).

Задаць жару — тое, што і даць жару (гл. даць).

Задаць задачу каму — паставіць у цяжкае становішча, стварыць для каго‑н. цяжкасці, якія неабходна пераадолець. — Ну, браце, і задала твая Вараноўская нашым бабам задачу... Сон страцім. Васілевіч.

Задаць лазню — тое, што і даць лазню (гл. даць).

Задаць лататы — тое, што і даць лататы (гл. даць).

Задаць перцу — тое, што і даць перцу (гл. даць).

Задаць пытлю — тое, што і даць пытлю (гл. даць).

Задаць тон — а) указаць хору танальнасць перад спяваннем; б) паказаць прыклад у чым‑н., стаць узорам для іншых. Тон у рабоце задалі перадавікі.

Задаць храпака — тое, што і даць храпака (гл. даць).

Задаць чосу — тое, што і даць чосу (гл. даць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́расць, ‑і, ж.

1. Ступень хуткасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Скорасць палёту. Скорасць бегу. Скорасць святла. □ Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей, набіраючы скорасць і пакідаючы за сабою густыя клубкі дыму. Колас.

2. Ступень хуткасці, з якой адбываецца які‑н. працэс, дзеянне і пад. Скорасць рэзання. Скорасць вярчэння дыскаў.

3. Спец. Ступень хуткасці ластаўкі грузаў. Пасажырская скорасць. Адпраўка грузаў малой скорасцю.

4. Ступень хуткасці руху або вярчэння некаторых машын (аўтамабіля, матацыкла, станка і пад.), якая залежыць ад спосабу счаплення шасцярон. Уключыць скорасць. Весці машыну на трэцяй скорасці. □ У счапленні, значыць, нічога не можа быць — скорасці пераключаюцца нармальна. Мыслівец.

5. У фізіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Адзінка скорасці. Сярэдняя скорасць. Вылічэнне скорасцей.

•••

Вялікая скорасць (спец.) — павышаная скорасць перамяшчэння грузаў (проціл. малая скорасць).

Каробка скорасцей гл. каробка.

Касмічныя скорасці — мінімальныя пачатковыя скорасці, пры якіх касмічны апарат, што запускаецца з Зямлі, можа стаць штучным спадарожнікам яе (першая касмічная скорасць), або пераадолець зямное прыцяжэнне і выйсці к іншым планетам Сонечнай сістэмы (другая касмічная скорасць), або пакінуць Сонечную сістэму, пераадолеўшы прыцяжэнне Зямлі і Сонца і пайсці ў міжзорную прастору (трэцяя касмічная скорасць).

Крэйсерская скорасць — нармальная скорасць карабля або самалёта ў адрозненне ад максімальнай.

Лінейная скорасць (спец.) — скорасць руху пункта, якая вызначаецца па даўжыні шляху, пройдзенага за адзінку часу.

Малая скорасць (спец.) — звычайная скорасць руху таварных паяздоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.

1. Лецячы, перамясціцца. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка. Міма нас са звонам праляцела пчала. Пестрак. // што. Лецячы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Самалёт праляцеў тысячу кіламетраў. □ Птушка з часу кальцавання да таго моманту, калі яе злавілі на судне.. праляцела звыш 16000 кіламетраў. Матрунёнак. // Пранесціся ў паветры (аб прадметах). Над галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі. Калі ж яго кульба часам з посвістам праляціць каля маіх вушэй, не пацэліўшы, тады гаспадар давяршае справу папружкай. Бажко. // перан. Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, чуткі і пад.). Шум праляцеў ад сцяны да сцяны, і клас затоена прыціх. Гамолка. І ўсе ў вёсцы жахнуліся і насцярожыліся, калі маланкаю праляцела чутка, што цётка Хрысціна адмовілася карміць немцаў. Шамякін. // Лецячы, прайсці, пранікнуць куды‑н. Камень праляцеў у акно. □ І бачу між платоў закутак, Дзе нават чмель не праляціць. Пысін.

2. Хутка праехаць, прайсці, прамчацца. Па шашы праляцела адна за адной некалькі легкавых машын. Хомчанка. Як віхор, праляцела па двары Алеся. Васілевіч.

3. перан. Мільгануць, пранесціся (пра думкі, меркаванні і пад.). За гэтае імгненне ў галаве Андрэя праляцела столькі думак і здагадак. «Беларусь». Усе гэтыя меркаванні праляцелі ў Сымонавай галаве за адну хвіліну. Чарнышэвіч.

4. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). У клопатах і працы шпарка праляцелі пяць дзён. Маўр. Час, які аставаўся да заканчэння школы, праляцеў як у сне. Вітка. У размове, у чаканні Мішэля мы і не заўважылі, як прамільгнула, праляцела не такая ўжо і кароткая маёвая ноч. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саўлада́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Перамагчы, узяць верх у бойцы, сутычцы, бітве і пад. [Лёнька да Сцёпы:] — Калі ты сказаў, што незнаёмы мае пісталет, я адразу зразумеў, што нам нават са стрэльбай утраіх з ім не саўладаць. Гамолка. — Ціха, дзядзька, ціха! — сказаў.. [Алёша] спакойна, вырываючы ў Вавілы колік, і Вавіла зразумеў, што з двума яму не саўладаць, аслаб, абмяк. Кудравец. // Адолець, асіліць каго‑, што‑н. Казімір хоча выцягнуць рыбіну на сухое, але не можа саўладаць з ёю, цягне з усяе моцы і раптам падае. Савіцкі. Сонца ўжо мела сілу, мароз не мог саўладаць з ім. Чорны. // Прымусіць слухацца, падпарадкаваць сабе каго‑н., справіцца з кім‑, чым‑н. Дарэмна палітработнікі і радавыя камуністы стараліся саўладаць з гэтай анархіяй і навесці парадак для абароны. Машара. Сева адбіўся ад рук, і з ім цяжка было саўладаць. Карпаў. Бунтуюць героі і не слухаюцца аўтара вельмі часта. Так было ў «Развітанні», з якім я доўга не мог саўладаць. Скрыган. І трэба сказаць, што пісьменнік не адразу саўладаў з новым моўным матэрыялам. Адамовіч. // Змагчы выкарыстаць (які‑н. інструмент, прадмет); справіцца з чым‑н. Пальцы пляскатыя і нягнуткія, нібыта сухое сучча, і не ўяўляеш, як яны саўладаюць з далікатным інструментам. Карамазаў. І тут Венька не разлічыў, не саўладаў са сцізорыкам, той сарваўся з панцыра і шарахнуў лязом па руцэ. Шыловіч. // Пераадолець, перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Быкаў. Вэнеў супрацоўнік перасмыкнуў усімі рысамі свайго твару, і заядлая задзірыстасць бліснула ў яго вачах, але адразу ж ён саўладаў з сабою, выклаў на свой твар пячаць далікатнасці. Чорны. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

2. Справіцца з якой‑н. работай і пад.; змагчы ажыццявіць што‑н. — Як не саўладаў з работаю, дык чаго ж пытаць? — Букаты прыкусіў губу, але тут жа неяк пастражэў з твару. — Калі перадаваць брыгаду? Савіцкі.

саўлада́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уладаць чым‑н. сумесна з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)