укла́сціся, -ладу́ся, -ладзе́шся, -ладзе́цца; -ладзёмся, -ладзяце́ся, -ладу́цца: -ла́ўся, -ла́лася; -ладзі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ў што-н.

Усе рэчы ўклаліся ў чамадан.

2. перан., у што. Падысці пад якую-н. катэгорыю, класіфікацыю (кніжн.).

У. ў інструкцыю.

3. перан. Паспець зрабіць што-н. у пэўны тэрмін.

У. ў рэгламент.

4. Легчы (спаць), улегчыся (разм.).

У. на канапе.

Укласціся ў галаве або у свядомасці (разм.) — дайсці да свядомасці, стаць зразумелым.

|| незак. уклада́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца і укла́двацца, -аюся, -аешся, -аецца.

У галаве (у свядомасці) не ўкладваецца што-н. (немагчыма дапусціць, паверыць у што-н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разарва́цца, -ву́ся, -ве́шся, -ве́цца; -вёмся, -вяце́ся, -ву́цца; -ві́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяліцца на часткі ад рэзкага руху або ад старасці; парвацца.

Вяроўка разарвалася.

Кашуля разарвалася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узарвацца знутры, распасціся на часткі.

Снарад разарваўся.

3. перан. Пра неабходнасць адразу выканаць многа спраў, паспець усюды (разм.).

Я на ўсё не разарвуся.

|| незак. разрыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца (да 2 і 3 знач.).

Душа (сэрца) разрываецца — пра пачуццё вострай жаласці, шкадавання.

Хоць разарвіся!ужыв. пры ўказанні на незвычайна вялікую занятасць, неабходнасць быць адразу ў некалькіх месцах.

|| наз. разры́ў, -ры́ву, м. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

схапі́ць, схаплю́, схо́піш, схо́піць; схо́плены; зак.

1. гл. хапа́ць.

2. што. Набыць, атрымаць, падчапіць якую-н. хваробу (разм.).

С. прастуду.

3. каго-што. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго-н. (пра прыступ хваробы, болю; разм.).

Раптоўна схапіла мяне галава.

Жывот схапіла (безас.).

4. перан., што. Хутка засвоіць, успрыняць (разм.).

С. думку выкладчыка.

С. вокам (улавіць).

5. што. Перавязаць, абвязаць чым-н.

С. талію поясам.

6. што. Змацаваць, злучыць (спец.).

С. сцяну клямарам.

7. (звычайна з адмоўем), што і чаго. Паспець, справіцца зрабіць што-н. (разм.).

Адразу ўсё не схопіш.

|| незак. схо́пліваць, -аю, -аеш, -ае (да 4—6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

По́спех1, паспе́х ’удача ў дасягненні чаго-небудзь’, поспехі ’добрыя вынікі ў рабоце, вучобе’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., ТС), укр. поспіх ’поспех’, ст.-рус. поспѣхъ ’дапамога’, ’стараннасць, руплівасць, подзвіг’, польск. pośpiech ’хуткасць, спешнасць’. Звязана з паспяшацьпаспець ’(з)рабіць хутка, на час, удала’. Адсюль поспех у першасным значэнні ’справа, зробленая хутка, спрытна, на час, удала’ > ’добры вынік’ > ’подзвіг’, ’поспех’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння.

По́спех2, паспяшо́к ’грузік на верацяне, каб яно даўжэй круцілася пры прадзенні; круглае, звычайна металічнае колца, якое надзяваецца ў пачатку прадзіва на верацяно, каб яно стала цяжэйшым і лепш (даўжэй) круцілася’ (Бір.; слуц., Нар. словатв.; З нар. сл.). Назва прыстасавання, звязаная з паспяшаць ’паскараць’, гл. паспе́х.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ша́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж.

1. Галаўны ўбор, звычайна цёплы, мяккі.

Зімовая ш.

2. перан. Тое, што мае форму купала.

Шапкі хвой.

Снегавыя шапкі дрэў.

3. Тое, што і шапачка (у 2 знач.).

Ш. баравіка.

4. Загаловак буйным шрыфтам, агульны для некалькіх артыкулаў у газеце, а таксама назва ўстановы-выдаўца, серыі і пад., якая змяшчаецца на тытульным лісце кнігі над загалоўкам (спец.).

Бюлетэнь выдаецца пад шапкай міністэрства.

5. Верхні брус над дзвярамі, акном для мацавання іх (спец.).

Закідаць шапкаміужыв., калі выхваляюцца чым.-н. у знач.: лёгка адолець, перамагчы.

На разбор шапак (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.; разм.) — к канцу, калі ўсе разыходзяцца, усё скончылася.

На злодзеі і шапка гарыць — пра вінаватага ў чым-н. чалавека, які сам сябе выдае чым-н.

Па Сеньку і шапка — пра таго, хто не заслугоўвае лепшага.

Па шапцы даць каму (разм.) — выгнаць, зняць з работы.

Шапка валіцца (разм.) — пра што-н. надта высокае.

Шапка расце на галаве (разм.) — пра вялікі страх.

|| памянш. ша́пачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).

|| зневаж. шапчы́на, -ы, мн. -ы, -чы́н, ж. (да 1 знач.; разм.).

|| прым. ша́пачны, -ая, -ае (да 1 знач.) і ша́пкавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

На шапачны разбор прыйсці, паспець і пад. (тое, што і на разбор шапак). Шапачнае знаёмства (выпадковае; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разбо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).

2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.

3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.

•••

На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спець ‘рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спі́ти, рус. спеть, стараж.-рус. спѣти ‘спяшацца, імкнуцца, садзейнічаць’, польск. śpiać ‘спяшацца, наганяць’, в.-луж. spěć ‘удавацца’, чэш. spěti ‘спяшацца’, славац. spieť ‘тс’, серб.-харв. до́спијети ‘даспець, паспець’, славен. spéti ‘спяшацца, спець’, балг. спе́я ‘спець’, ст.-слав. спѣти, спѣѭ. Прасл. *spěti, *spějǫ ‘спець; спяшацца; дасягаць’ роднаснае літ. spė́ti ‘паспяваць; мець час, мець вольны час’, лат. spẽt ‘пераадольваць, магчы’, ст.-інд. sphāyāte ‘ён працвітае, сыцее’, ст.-в.-ням. sputen ‘спяшацца’, лац. spatium ‘прастора, працягласць’, да і.-е. *spe‑ ‘удавацца, добра расці’. Гл. Покарны, 983; Траўтман, 274; Фасмер, 3, 734 з іншай літ-рай; Шустар-Шэўц, 1338; Бязлай, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 375–376. Уваходзіць у гняздо прасл. *spěxъ (гл. спех), *spěšiti (гл. спяшацца), *sporъ (гл. спор1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.

2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; -джаны; зак.

1. што. Давесці да жаданага канца, да згоды.

У. справу.

У. спрэчнае пытанне.

У. канфлікт.

2. каго (што). Змясціць, прыстроіць куды-н.; дапамагчы паступіць на работу, вучобу.

У. хворага ў шпіталь.

У. на кватэру.

У. юнака на працу.

3. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць.

У. калодачны вулей на дрэве.

4. каму. Унаравіць, дагадзіць (разм.).

Гэтаму чалавеку цяжка ў.

5. што. Прывесці ў належны парадак; зрабіць прыгодным для карыстання (разм.).

У. усё ў хаце.

У. станок.

6. Паспець прыбыць куды-н. у пэўны час (разм.).

Уладзіў пад самы абед.

|| незак. ула́джваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—6 знач.).

|| наз. ула́джванне, -я, н. (да 1—3 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.

Разм.

1. да чаго. З прагнасцю накінуцца на што‑н. жаданае; дарвацца. Дапасці да вады. □ Пакуль гаспадыня завіхалася каля стала, рыхтуючы полудзень, Рачкоўскі і Карызна сноўдаліся па пакоі, абодва працятыя нецярплівасцю: Рачкоўскі — каб хутчэй дапасці да яды, а Карызна — каб хутчэй зачаць сваю шчырую споведзь. Зарэцкі.

2. Настойліва імкнучыся, дабрацца куды‑н., да якога‑н. месца. Дзяўчына перайшла Біць і першая дапала ў Муціжанскі лес да броду, перадала партызанам, што іх чакае і што трэба рабіць. Сачанка. // Паспець пабыць. Андрэй усё зробіць, усюды дападзе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)