пераме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. перамёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. перамяці; зак., што.

1. Падмесці нанава, яшчэ раз. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль.

2. Падмесці ўсё, многае. Перамесці ўсе пакоі.

3. Падмятаючы, перамясціць куды‑н., цераз што‑н. Перамесці смецце цераз парог.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замесці, засыпаць снегам упоперак (дарогу, шлях і пад.). Мяцеліца перамяла дарогу. / у безас. ужыв. Заняткі скончыліся раней, каб слухачы з іншых вёсак маглі дайсці дадому, покуль не перамяло дарог. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’ю́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’юшыць.

2. у знач. прым. Які ашалеў ад злосці, раз’ятраны, разлютаваны. Раз’юшаны звер. □ Злы, раз’юшаны, са сцятымі зубамі, з ссунутымі брывамі пераступіў .. [войт] парог свае хаты. Колас. Раз’юшаная, ашалелая ад рэўнасці жанчына стукае з усяе сілы ў дзверы. «Полымя». Раз’юшаны .. бугай .. прыпёр хлопчыка да дуба, узняў высока на рогі і кінуў вобзем. Краўчанка. // Які адлюстроўвае крайняе ўзбуджэнне, шаленства. Прычыніўшы за сабою дзверы, .. [Понтус] шукаў раз’юшанымі вачыма жонкі. Карпаў. // перан. Шалёны, неўтаймаваны. Як толькі мы выйшлі за браму, раз’юшаны вецер наляцеў на нас, закідваючы калючай снежнай трухой. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпі́страфа, ‑ы, ж.

Стылістычная фігура, якая заключаецца ў паўтарэнні аднаго і таго ж слова або выразу на пачатку і ў канцы ці толькі ў канцы строф, напрыклад: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла». Багдановіч. «У тым сяле, дзе я не быў ніколі, І нават дзе яго шукаць — не знаю, Ёсць хата ў яблынях, парог якое Я толькі ў сне парой пераступаю. І зноў і зноў там, ледзь сцямнее ў полі, Хаджу, як прывід, з вечара да ранку — Ўсё запаветную шукаю брамку У тым сяле, дзе я не быў ніколі». Гілевіч.

[Ад грэч. epistrophe — вярчэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прытво́р1, прытвуо́рок ’пярэдняя частка царквы непасрэдна за паперцю’ (ТСБМ; гарад., беласт., Сл. ПЗБ), ’сенцы, ганак’ (малар., пін., Нар. сл.), ’шула, да якога прычыняюцца вароты’ (ТС), ст.-бел. притворъ ’пярэдняя частка царквы, бабінец’. Укр. притво́р ’прытвор у царкве’; ’пярэдняя частка памяшкання’, ’вокны, дзверы’, рус. притво́р ’заходняя паперць царквы, дзе кормяць жабракоў’, дыял. ’прастора паміж адчыненымі дзвярамі і вушаком’, ’аканіца’, ’ніжняя частка дзвярных вушакоў; парог’; ст.-рус. притворъ ’порцік, каланада’, польск. przytwor, н.-луж. pśitwaŕ, славац. pitwor*pritvorМахэк₂, 662), балг. при́твор, серб.-харв. при́твор ’невялікая загарадка для авечак’, ст.-слав. притворъ ’аркада’. Праслав. *pritvorъ, першапачаткова ’прыбудова’. Ад *pritvoriti, якое да прасл. *tvoriti, у ліку першасных значэнняў якога было ’будаваць’, гл. Фасмер, 3, 367; Скок, 3, 627; БЕР, 5, 736; ЕСУМ, 4; 580 (адрознівае аманімічныя ’частка царквы’ і ’дзверы, вокны’). Гл. таксама ESJSt, 12, 719.

Прытво́р2 ’прыманка для пчол у пустым вуллі’ (ТС). Да твары́ць ’пырскаць, крапіць вулей’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, ‘этап у развіцці’, ‘мера якасці, дзеяння’, ‘вучонае званне’ (ТСБМ), ‘ступня; крок’ (Нас.), ‘ступня; крок; мера якасці, градус’ (Байк. і Некр.), ‘ступня’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Ян.), ‘крок’ (Шымк. Собр., ТС), ‘ступак; ступня’ (ЛА, 3), ‘мера, роўная чалавечай ступні’ (Пятк. 2), ступі́нь ‘ступня’ (Дразд.), сту́пынь ‘тс’ (кам., КЭС), параўн. ст.-бел. степеньпарог, лесвіца’ (Ст.-бел. лексікон), стопень ‘ступень, этап’ (там жа). Укр. ступі́нь ‘крок’, рус. ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, в.-луж. stupjeń ‘чаравік’, ‘мера праяўлення якой-небудзь якасці; працэнт’, н.-луж. stupjeń ‘лямцавы чаравік’, чэш. stupeň, славац. stupeň ‘ступень’, серб.-харв. сту́пањ, славен. stọ̑pənj, балг. стъ́пен. Прасл. *stǫpenъ. Дэвербатыў да *stǫpiti (гл. ступіць) з суф. ‑enь; гл. Фасмер, 3, 788; Шустар-Шэўц, 1371; Махэк₂, 590; Бязлай, 3, 321. Борысь (578) праславянскім лічыць *stepenь (параўн. рус. степень, серб.-харв. сте̏пен, балг. сте́пен, макед. степен, ст.-слав. степень) ад незахаванага *stepti ‘ступіць, стаць’, на якое пазней паўплываў дзеяслоў *stǫpiti. Сюды ж ступе́ніць ‘ісці’ (навагр., Шн.). Параўн. стапа, стопень, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насу́страч і насустрэ́чу, прысл. і прыназ.

1. прысл. У кірунку, процілеглым каму‑, чаму‑н., што рухаецца, набліжаецца. Браты, насустрач ідучы, Ужо хутка рукі пададуць. Броўка. Імклівая, захапляючая ляцела насустрач дарога. Лынькоў. Сінеў далёкі бор, Насустрач падымалася зара. Танк. Калі толькі Пятрусь пераступіў парог хаты, як.. [Зося] кацёлкаю саскочыла з лавы, прыбегла к мыцельніку насустрэчу яму. Гартны.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «насустрач» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці асобу, да якіх спераду ці наперарэз ім хто‑, што‑н. рухаецца. Алёша развітаўся з хлопцамі і, ускінуўшы клунак на плячо, шпарка пайшоў насустрач Раі. Шамякін. Партызаны першай групы кінуліся насустрач танкам. Чорны.

•••

Ісці насустрач гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. саскроб, ‑скрэбла; зак., што.

1. Скрабучы, зняць, счысціць што‑н. з паверхні чаго‑н. Саскрэбці фарбу са шкла. □ Адам Блецька.. саскроб рыдлёўкай закарэлую гразь з ганк[а], з-за якой не магла на ўсю шырыню адчыняцца фортка дзвярэй. Чорны. Смагул падышоў да.. [Паўліка], саскроб з пляча раструшчаную кузурку. Беразняк. // Зняць верхні слой чаго‑н. Саскрэбці кару з дрэва. □ Там, дзе прайшоў палазок плуга, сапраўды глыбіня будзе дваццаць сантыметраў, а са знешняга боку — парог ледзь саскроб зямлю. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Саскрэбці каросту мінулага.

2. перан. Разм. З вялікімі цяжкасцямі сабраць (якую‑н. суму грошай). Саскрэблі апошнія грошы .. і адправілі ў Віцебск Ермалая Кавалёва купляць [рыдлёўкі]. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. упоўз, упаўзла, ‑ло; зак.

1. Паўзучы, узлезці ўнутр чаго‑н. (аб паўзунах, насякомых). Змяя ўпаўзла ў нару. Жук упоўз у шчыліну.

2. Паўзком забрацца куды‑н. А старэйшы сын дык упоўз у хату на каленях, ледзьве цераз парог перабраўся. Чорны. // перан. Разм. З цяжкасцю, павольна ўвайсці куды‑н. У дзверы ўпоўз тоўсценькі, чырвоненькі, нібы пераспелая вішня, віцэ-прэзідэнт сталёвай кампаніі. Мікуліч.

3. перан. Разм. Закрасціся, пранікнуць (пра страх, трывогу, сумненне і пад.). І ва ўсё гэтае буянае свята раптам упаўзла трывога. Караткевіч. / у вобразным ужыв. І прыйшоў такі час, калі на падворак Гарася ўпаўзла цішыня, упаўзла і пасялілася на ім назаўсёды. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спатыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Зачапіўшыся за што‑н. пры хадзе, бегу, страціць раўнавагу. На прыступцы лесвіцы .. [Наташа] спатыкнулася і ледзь не ўпала. Гарбук. Нялоўка пераступіўшы парог, .. [Даніла] спатыкнуўся на ручку плуга і ледзь не ўпаў. Краўчанка.

2. перан. Разм. Сустрэць перашкоду ў чым‑н.; патрапіўшы на цяжкасці, спыніць якое‑н. дзеянне, перастаць рабіць што‑н. А як сеў [Валодзька] за стол, спатыкнуўся на першым жа слове. І заела: ні туды, ні сюды. Гамолка. Абмеркаванне ішло гладка. Толькі на Вараціле сход спатыкнуўся. Карпюк.

3. перан. Разм. Зрабіць якую‑н. памылку ў жыцці, дзейнасці. Каб суд яму [кладаўшчыку] ласкава дараваў, То болей ён ужо не спатыкнецца. Корбан. [Бацька:] — Адзін ты мая надзея. Глядзі, сынку, не спатыкніся. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ісці, робячы частыя крокі. За .. [Сцяпанам], на пэўнай адлегласці, трымаючы перад сабой белы клуначак з харчамі, дробна тэпала старэнькая Сцяпанава маці. Ракітны. // Уходжвацца з якой‑н. работай; тупаць. [Аня] выйгравала ў часе — пакуль тэпала ў калідоры і кухні Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.

2. Ісці, хадзіць наогул. Міця з бацькам выйшлі на парог і доўга стаялі, пазіраючы на чорны шлях, па якім тэпала шэсць няўклюдных фігур. Навуменка. [Незнаёмы:] — Тады давай пайшлі. Бо нам яшчэ тэпаць ды тэпаць. Карпюк.

3. Хадзіць няўпэўнена, пачынаць хадзіць (пра дзяцей). Аднаго разу .. [Галя] паставіла Вадзімку на ножкі, адпусціла рукі, трошкі адышлася, прысела .. і папрасіла: — Вадзічак, хлопчык мой, тэпай да мяне... Сабаленка. Дома пачынаў тэпаць ад крэсла да канапы яшчэ адзін наследнік — Станіслаў. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)