саскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. саскроб, ‑скрэбла; зак., што.
1. Скрабучы, зняць, счысціць што‑н. з паверхні чаго‑н. Саскрэбці фарбу са шкла. □ Адам Блецька.. саскроб рыдлёўкай закарэлую гразь з ганк[а], з-за якой не магла на ўсю шырыню адчыняцца фортка дзвярэй. Чорны. Смагул падышоў да.. [Паўліка], саскроб з пляча раструшчаную кузурку. Беразняк. // Зняць верхні слой чаго‑н. Саскрэбці кару з дрэва. □ Там, дзе прайшоў палазок плуга, сапраўды глыбіня будзе дваццаць сантыметраў, а са знешняга боку — парог ледзь саскроб зямлю. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Саскрэбці каросту мінулага.
2. перан. Разм. З вялікімі цяжкасцямі сабраць (якую‑н. суму грошай). Саскрэблі апошнія грошы .. і адправілі ў Віцебск Ермалая Кавалёва купляць [рыдлёўкі]. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)